 |
|
|
|
|
|
|
|
БАЛАХОНІСТАЯ ПРОЗА — КАЗКІ АНТЫСЬМЕРЦІ: ЭСЭ, НАТАТКІ, ЗАМАЛЁЎКІ |
|
|
Беларусь праз 100 гадоў
НА ЧАЛЕ ЗЬ ЮНЭЛЯЙ
АБУХОВІЧ Беларусь, год 2101. Яшчэ моцна адчуваюцца
нэгатыўныя наступствы саратаўска-беларускае вайны 2081—2084 г. за
смаленскае дыямэнтавае радовішча. Многія экспэрты вялікія людзкія
страты беларусаў стануць зьвязваць з удзелам на баку саратаў
дзьвюх брыгадаў іншаплянэтнікаў клясы мэгацэфалы ілжэвідушчыя. На
такія меркаваньні ў міжнародных колах будуць глядзець скэптычна:
ізноў гэтыя беларусы сабе новыя болькі прыдумляюць. Тым часам
міністэрства жыцьця паведаміць аб адтварэньні 50% загінулых у той
вайне абываталяў БНР (блізу 3 млн. чал.). Блізу 500 тыс. чалавек
адтвораныя ня будуць з прычыны адсутнасьці іхных парэштак, а яшчэ
200 тыс. — зыходзячы з тэстамэнтаў, укладзеных на пачатку
вайны. Канцлерка БНР Юнэля Абуховіч разводзіцца із сваім мужам
Юр’ем, дасьледнікам марсіянскага наскальнага жывапісу. Гэта
выклікае істотнае ваганьне курсу беларускае капы на найбуйнейшых
біржах Зямлі, Месяца і Марсу. У сталіцы Беларусі, месьце
Галацічаску, рыхтуецца масавая дэманстрацыя, удзельнікі якой
будуць патрабаваць тлумачэньня прычынаў разводу. Тым часам
Віртуальны Вальны сойм абмяркоўвае 31-ю папраўку да Ўнівэрсальнага
дзяржаўнага Статуту БНР 2015 г., згодна зь якой пабрацца шлюбам у
краіне можна будзе толькі чатыры разы на год. Вызначанымі шлюбнымі
днямі стануцца Купальле, Жаніцьба Коміна, Аўсень і Дзень
Волі. Інстытут гісторыі АН Беларусі імя Генадзя Сагановіча
рыхтуе калектыўную працу “Беларуская гісторыя ХХ ст.: людзі і
адлюдкі”, якая, апроч звыклага электроннага варыянту, выйдзе й
кнігаю — як сувэнірнае выданьне. Увогуле, сярод найбагацейшых
людзей краіны прэстыжнай сталася завядзёнка чытаць папяровыя
выданьні, “як даўней”. Самымі папулярнымі газэтамі й часопісамі
будуць “Голас Вёскі”, “Гомельская Капейка”, “Наша Ніва”,
“Незабудка”, “Беларуская Думка”, “Новы Пачатак”. У тагачаснай
літаратуры ходаюцца два галоўныя кірункі: позьні постмадэрнізм і
шызарамантызм. Спаміж беларускіх пісьменьнікаў найбольш вядомымі
стануцца паэт Жыгімонт Рымша, празаік Сяржук Тызэнгаўз і гусьляр
Бутрым Адамовіч. Міжнародную Быкаўскую прэмію ў галіне літаратуры
нарэшце атрымае маскаль Шаміль Улугбек за гістарычны раман
“Лукашэнка і траляля”. Краявіды Беларусі выглядаюць інакш, чым
100 гадоў таму, бо яшчэ за часы т.зв. трохканцлерства (70-я гады
ХХІ ст.) зьнікла бальшыня адрозьненьняў між горадам і вёскай.
Абсягі ранейшых гарадоў захавалі свае традыцыйныя назвы. Слова ж
“горад” ужывацца перастала, яго канчаткова замяніла лексэма
“места”. І для месцкіх, і для вясковых забудоваў будзе ўласьцівая
сьціплая чароўнасьць. Усе месты і вёскі возьмуцца спаборнічаць
міжсобку ў непадабенстве. У рамках праекту “Вяртаньне да Вялікай
Літвы” паўстануць з руінаў 25 замкаў, палацаў ды іншых спарудаў,
што стаялі да 1772 г. Зьмяняць назву краіны ніхто, праўда, не
памкнецца, генэтычна звыкшыся са спаконвечным “Жыве
Беларусь!”. 2001 г.
МАМА ДАРУЙ, што зьвязваюся не
асабіста, а выпраўляю сваю карцінку. Сорамна глядзець табе ў вочы,
хай бы нават на экране відэаперамаўляча. Зразумей, я не магла
больш сядзець у нашай праклятай Навабеліцы і, як дура, корпацца ў
Сеціве. У свае 16 гадкоў я нават на руінах Гомелю была ўсяго
тройчы. Зь яго й пачала сваю вандроўку. Гэта няпраўда, што на
Сяльмашы вядуцца агромністыя яшчаркі, а ў Волатаве кракадзілы.
Паўсюль толькі бруд і пыл стагодзьдзяў ды нешматлікія
мніхі-пустэльнікі з ацалелымі кнігамі. Вельмі зьдзівілася, не
знайшоўшы ў Буда-Кашалёве аніводнага будысцкага храму. А вось у
Жлобіне напаткала я помнік нейкаму дзядзечку лысаму з добрым такім
носам, а на пастамэнце рэшта надпісу: “До рай аніц жлобская ацыя!”
Мінакі нічога ўцямнага не сказалі. Зьвярнулася з запытам да свайго
партатыўніка, дык ён, паскуднік гэткі, заглючыў. Засмуцілася і,
сьцершы з грош-карты пару дукатаў, набыла бляшаначку чысьцюткае
вады. Беларуская Водавытворня якраз ладзіла для моладзі сьвята.
Панапрывозілі кучу ўкраінскіх музыкаў зь Львова, Кіева й Бранську.
З нашых быў адно гурт “Яснавокі стрыптызэр” ды сьпявунька з
харошымі губкамі Ярына Гіб-Гібкоўская, што пяяла свой
супэр-мэгагіт “Я раскрыю сваю таямніцу”. Шкада, што багата моладзі
набралася ўсялякае дрэні, накшталт галюцынагенных мікрачыпаў
сталінградзкага картэлю Necrosoft, ды паводзіла сябе брыдка. У
самым цэнтры Бабруйску месьціцца вялізная сажалка з сапраўднымі
бабрынымі хаткамі. А так горад уразіў ня надта, бо замала там
помнікаў даўніны. Хіба пару дамкоў сярэдзіны ХХ ст., вайсковыя
казармы ды музэй Дануты Чыгір. У Асіповічах было вельмі халодна
(блізу +20 градусаў па Цэльсію), і я нават не рызыкнула выходзіць
зь летака. У сталіцы ж мяне чакала добрае надвор’е і вясёлы
настрой. Ты не ўяўляеш, колькі тут навюткіх самаходаў, асабліва на
праспэктах Быкава, Бязьвінна Забітых ды бульвары Гераінь
Прастытутак. Усе самаходы на адмысловай падушцы, ня тое, што
дапатопныя развалюхі ў нашай Навабеліцы. Завітала ў Парк
Рэспублікі, паглядзела на алею Прэзыдэнтаў. Даўнейшыя помнікі з
каменю й бронзы мне спадабаліся болей, чым мадыфікацыі галяграмаў
апошніх пяцёх кіраўнікоў. Пазнаёмілася з хлопцам, што робіць
газэту “Наша Мліва”. Мама, ён мне такое паказаў! Добра, хутка,
па-беларуску. Файная ўсё-такі ў нас сталіца, найлепшая ў сьвеце
Мар’іна Горка! Менскае мора пакінула мяне абсалютна абыякавай.
Толькі швэды, фіны ці якія-небудзь мурманцы могуць плёскацца ў
такую халадэчу. Абысьці ж усе музэі на астравох, напэўна, і цэлага
жыцьця ня хопіць. Помнік Мянеску на востраве Няміга ачмурэнных
памераў, яшчэ большы, чым манумэнт Яну Радзівілу ў нас дома. Цяпер
я трымаю шлях на вёску Глёбусава, за ёй — у Нясьвіскае княства,
потым — Баранкі, а стуль — на Ваўкавыйск па сьлядох аўтара майго
любімага раману “Імя грушы”. 2001 г.
 |
|
© Сяргей Балахонаў Разьмяшчэньне любых матар'ялаў на іншых вэб-праектах дазваляецца з пазнакай аўтарства і спасылкай на гэты сайт. Іншыя формы публікацыі дапускаюцца па ўзгадненьні з аўтарам. E-mail: balachon@tut.by |
|
|
| |