Дзяўчына трымалася годна. Не
палохаючыся прысутных гасьцей, яна натхнёна дэклямавала завучаны
верш:
Як радасьць для сябе вайну я прывітаў
Радкоў маіх
лірычнейшым салютам...
Маладзенькія грудзі рытмічна
ўздымаліся пры кожным слове, прамоўленым з большым надрывам, зь
вялікшаю імпэтнасьцю. Па ўсім здавалася, што Надзейка на самай
гары ўзрушэньня і што ў тую хвілю яе немагчыма было запыніць.
“Агнявая б каханка атрымалася,” – ужо ў каторы раз памысьліў Барыс
Макаравіч і мала не аблізнуўся, пільнуючы, як ружавела яго
найлепшая вучаніца.
Урок доўжыўся далей, і настаўнік,
адагнаўшы юрлівыя подумы, па-майстэрску зводзіў у адно
навучальныя, выхаваўчыя і разьвіцьцёвыя мэты. Не забываўся ён і на
моманты ідэалягічныя. “І сягоньня, калі магутнае нямецкае войска
пад павадырствам вялікага Адольфа Гітлера аслабаніла Беларусь ад
бальшавіцка-жыдоўскага паняволеньня, перад намі расчыніліся новыя
далягляды ў працы і барацьбе,” – акурат перад самым званком падвёў
ён пад урокам рысу ды адпусьціў дзятву на перапынак.
Госьці, а
апрача дырэктара гэта быў сам акруговы камісар з загадчыкам
школьнага аддзела, засталіся ўсьцешанымі. Акруговы камісар, не
зважаючы на падкрэсьленую стродкасьць, дазволіў сабе ўсьміхнуцца.
Па-беларуску, хоць і зь пятае на дзясятае, ён разумеў, бо добра
абазнаўся ў мове славацкай, тры гады меўшы аналягічную па функцыях
пасаду ў “самастойнай” Славаччыне. Яму дапраўды было прыемна, што
сярод тубыльцаў ёсьць такія экзэмпляры, як гэны настаўнік.
Шчырасьці Барыса Макаравіча замераць было немажліва, але ж ён,
прынамсі, агучваў належныя пастуляты ды не зрываў зь сьцяны
партрэт фюрэра, як гэта неаднакроць здаралася ў іншых акругах
Беларусі. Таму камісар даваў настаўніку адно дадатныя
характарыстыкі, што сунімалі страх, каторы ад’ядаю душы сядзеў у
Барысавых каменных начальніках. Сам Барыс Аляксючыц страху за
сабой не прыкмячаў і ад урока чакаў толькі гэткіх выкшталцоных
вынікаў, бо па-іншаму, як лічыў, і быць не магло. Празь якіх
пятнаццаць хвілін гутарка ў клясе закончылася ўсеагульным “Heil
Hitler!”. Настаўнік найвыразна вымавіў гэтыя два словы і зграбна
ўскінуў руку ў гару. І толькі тады, калі госьці зыйшлі, ён сеў за
стол, цяжка ўздыхнуў і, цярэбячы даланёю лоб, зусім ціхенька
прашаптпаў: “Сукі я.аныя”. Фраза прагучэла настолькі ціха, што
сяму-таму звонку падалася б абыклай тарабаршчынай, каторай
настаўнік да і пасьля ўрока разьмінаў вусны. Толькі суворая міна
Гітлера на партрэце нібыта выказвала моманты занепакоенасьці і
неўразуменьня. Насамрэч нават так ціха Барыс Макаравіч ня меў
права выслаўляцца, бо кожнае неасьцярожна народжанае слаўцо
патэнцыйна валакло да правалу. Становішча і так было ня дужа
трывалым, не зважаючы на дачэсныя пахвальбы адміністрацыі.
З
новым званком кляса напоўнілася дзецьмі. Настаўнік ізноў ледзь
прыкметна, але бясслоўна, уздыхнуў і пачаў наступны па раскладзе
ўрок. Вывучалі Максіма Багдановіча. Сам Аляксючыц любіў гэтую тэму
і самазабыцьцёва перарываў сваё апавяданьне цытаваньнем
урыўкаў, а то і цэлых вершаў, не зазіраючы ў паабтрапаны зборнік
трыццацігадовае даўніны. Ды як заўсёды мала было сказаць пра
беларускі патрыятызм паэта. Трэ’ было паказаць у ягонай паэзіі
нямецкія матывы, уплывы вялікіх нямецкіх Dichter’аў, адным словам
– усё, што лучыць Багдановіча зь Нямеччынай. І хоць завіхаўся ў
гэтай частцы ўрока, як поп у талацэ, але ж ніхто ня змог бы
сказаць, што ён ігнаруе інтарэсы Reich’а ў культурным выхаваньні
беларусаў. Цудоўна ведаў, чыіх дзетак вучыў і хто зь іх усё чыста
даносіў бацькам пра зьместавае напаўненьне ўрокаў. Старосты,
паліцыянты, гандляры... Тыя, што супрацоўнічаюць.
Звонку ўсё
выглядала на тое, што і спадар Аляксючыц таксама з тых, хто
супрацоўнічае. Прынамсі вакольныя верылі ў гэта. Нездарма
невядомыя зламысьнікі аднойчы ўначы пакінулі на варотах яго дома
надпіс “Фашыстоўскі лёкай”. Добра, што лясныя госьці, баючыся
прысутнасьці ў мястэчку ладнага кантынгента войск SS, не
прыходзілі сюдых. Барыс Макаравіч ня здолеў бы апраўдацца, бо пра
яго заданьне ўкурсаваныя былі тры-чатыры чалавекі. Спадар
настаўнік быў удзельнікам камуністычнага падпольля. Падпольная
мянушка Істрабіцель гаварыла пра істу ягонага заданьня, а
дакладней цэлага бестэрміновага ланцугу заданьняў. Барыс Макаравіч
спэцыялізаваўся на вынішчэньні тых, хто супрацоўнічаў зь немцамі.
“Штаб” даваў яму поўны карт-блянш у дзеяньнях, але найважнейшаю
умоваю было патрабаваньне прастрэліць сабе галаву ці ў іншы спосаб
паквітацца з жыцьцём пры рэальнай пагрозе трапіць у палон. Мабыць
з гэтай прычыны Істрабіцель дзеіў вельмі асьцярожна і рафінавана.
Стараўся па мажлівасьці мець не абы-якое алібі, быць непрыкметным
(перапранаўся), забіваць ціха, бяззбройна. “Штаб” сам вызначаў
квоту сьмяротнікаў. Ніякіх сувязных не прадугледжвалася. Аляксючыц
мусіў уважліва сачыць за тутэйшай газэтай “Нюськавіцкі ходаньнік”
і шукаць матар’ялы за подпісам Зося Шчодрая. Зазвычай то былі
вершы. Менавіта ў іх і зашыфроўваліся чарговыя імёны й
прозьвішчы, асуджаных на сьмерць фашытоўскіх халуёў. Ключом жа для
дэшыфраваньня заўсёды быў адзін і той жа верш Максіма Багдановіча
на старонцы 62 ў першым выданьні зборніка “Вянок”. За паўгадзінкі
Істрабіцель дабіраўся да праўды. А цягам бліжэйшага тыдня
хоцькі-няхоцькі выконваў пастаўленую задачу. Прамаруда ўважалася
“Штабам” за здраду і падлягала найсуворшаму пакараньню.
У
чародным нумары “Нюськавіцкага ходаньніка”, акром ілжывых
паведамленьняў аб “станаўкіх пасьпехах” нямецкіх войскаў на Волзе,
артыкулаў пра беларускае школьніцтва, неабходнасьць адпраўкі
моладзі “на стажыраваньне ў самое сэрца Нямеччыны” ды іншага
ідэалягічнага хлуду, Барыс Макаравіч так і ня здолеў агледзіць
умоўленага подпісу. Новая апэрацыя адтэрміноўвалася. Істрабіцель
адклаў газэту й задуменна асеў на канапу. Сэрца няўцямна шчымела.
Узьнікалае пры тым пачуцьцё вельмі нагадвала зьлючную няпэўнасьць,
з каторай у сярэдзіне 30-х даводзілася штовечар паспрабаваць
заснуць.
У вакно ціхутка пастукалі. Аляксючыц наструніўся –
пісталет быў прыхаваны ў трысьцене пад масьнічынай. Але на палёгку
за вакном мільгатнула постаць Надзейкі Шуло. Настаўнік упусьціў яе
ў хату і ветліва папытаўся на прычыну раптоўных адгостак. Тая
загадкава маўчала, з-пад лоба пазіраючы на Барыса Макаравіча.
Плечы яе дрыжэлі, рукі ўлегцы калаціліся.
– Дык што такое? –
паспрабаваў яшчэ разок высьветліць ён.
– Мяне ніхто ня бачыў, –
неўпрыцям прамовіла вучаніца й надзіва хуткім, бліскавічным рухам
скінула зь сябе спадніцу. – Я ваша. Цалуйце. Усю без
астачы...
На раніцу спадара настаўніка адолелі згрызоты.
Ноч увачавідкі выдалася незвычайнай. Але ці варта было патураць
хоцькам сьпеленькай юначкі? Ці ня лепш было й самому паўстрымацца
ад быдлячых поцягаў? Барыс Макаравіч задуменна трымаў у руцэ
конаўку з гарачым мятавым узварам. Надзейка пахла мятай. І
рамонкамі. І зьверабоем. З кожным глытком у нутрыне ўзрастала
трывога. Трывога незьясьніма колкая і пранізьлівая. А раптам
дзяўчыну заўважылі па дарозе да ці ад яго? Любое гучнае
разьбіральніцтва, кожны няціхі скандал для Аляксючыца рабіліся
роўнымі правалу. Нясьведама ён пацёр правую скронь. У галаве
жудасна зазьвінела. Успомнілася першая гадавіна сталінскае
канстытуцыі.
У засьнежаным Менску аб тую пару было холадна.
Людзі маўчалі, міжволі мераючы тэмпэратуру не па Цэльсію, а
паводле НКВД. Барыса Макаравіча арыштавалі тады а дзясятай вечара.
Надзвычайная тройка адразу ж навешала гурму абвінавачаньняў,
пачынаючы нацдэмаўшчынай і сканчаючы шпіянажам на карысьць
Антарктыды. Хлапца нават і слухаць ня сталі. “Прыгавор прывясьці в
іспалненіе безатлагацельна,” – мовіў хтосьці бяз твару. Засуджаны
спрабаваў апраўдвацца: крычаў, спасылаўся на саюзную і беларускую
канстытуцыі. У адказ даставаў мацюкоў і высьпеткаў, ад якіх сінела
ўваччу. Ён амаль разьвітаўся із спадзевамі выжыць. Але нечакана на
выхадзе з турмы ягоных канваіраў зарыштавалі таямнічыя людзі ў
цывільным. Канкурэнтны аддзел НКВД вырашыў падняць паказьнікі за
кошт арышту сваіх калег. Барыс адно лыпаў вачыма, назіраючы
адбываны перад ім спэктакль і нічога ў ім не разумеў. “Давай валі
на х.й адсюда,” – ласкава параіў яму адзін з прыбышоў. Гэтая
гісторыя з Антарктыдай неаднакроць сьнілася Аляксючыцу апасьля за
чаканьнем імавернага працягу.
Працяг няўцейкам праявіўся на
дзявятым месяцы нямецка-савецкай вайны: той самы ласкавы
вызвольнік аб’явіўся перад Барысом Макаравічам із словамі: “Ты
мусіш нам памагаць. Як камуніст, як верны сталінец ты вінен
бароцца супраць той сволачы, што шалудзіла нашай дзяржаве да вайны
і што зараз прадаўжае свой паскудны чын. Гэта яны прычынныя ў
сьмерцях бязьвінных – сваімі подлымі паклёпамі яны накінулі кляйно
ворагаў народа на чэсных савецкіх грамадзян, такіх вось, як ты.
Цяпер у іх сатрудніцтва з фашыстамі. Не дамо ім пачувацца
вальготна”. Гаврыў прысланец складна і амаль па-беларуску, а як
толькі Аляксючыц заікнуўся пра “трэба падумаць”, адцяў: “Можаш не
пасьпець”. Намінку было дужа проста зразумець. Пагатоў па Менску
распаўзлося тады цімала чутак пра загадкавыя забойствы паспалітых
гараджан. Ад тых забойстваў нават немцы іншым разам жахаліся.
Давялося пагадзіцца і пасьля трохгадзіннага інструктажа выправіцца
ў Нюськавічы, дзе пільна патрабаваўся настаўнік беларускае мовы і
літаратуры...
Галава балела ўвесь дзень. Надзейка паводзілася
стрымана і ніяк не выдавала тое, што іх дачыненьні з настаўнікам
надоечы рэзка зьмянілі свой характар. Барыс Макаравіч, ходаючыся з
брыдкім самапачуваньнем, не забыўся аднак паглянуць у сьвежы
“Нюськавіцкі ходаньнік”. Чыста парнаграфічная рыфмаванка Зосі
Шчодрай красавала на чацьвертай старонцы.
Вясна заве мяне
кахаць.
Ёсьць недзе прынц – адзіны, любы.
Не супынюсь яго
чакаць,
Агнём палаць, гарэць да згубы.
Найлепшы дбайца пра
мяне,
Шаноўны рыцар, носьбіт чуда.
Любоў да йго не
праміне,
Ён бо такі, такі, як Кубэ.
Настаўнік уздыхнуў
і сплюнуў. Вершы пра каханьне, хай сабе й такія брыдкія, азначалі,
што зьніштажаць трэба ўсю сям’ю зашыфраванага дзеяча. У ягонай
практыцы быў толькі адзін такі выпадак, і паўтарэньня гэнага
Аляксючыц не хацеў жадаць. Адганяючы прэч сваё нежаданьне,
Істрабіцель дастаў Багдановічаў “Вянок” і ўзяўся за расшыфроўку.
Пачатныя літары кожнай Зосінай страфы неабходна было перавесьці ў
лічбы паводле парадку іх разьмяшчэньня ў альфабэце. Зрабіўшы гэта,
Барыс Макаравіч разгарнуў “Краю мой родны! Як выкляты Богам...” і
пачаў зводзіць рахубы: супастаўляць атрыманыя лічбы зь літарамі
клясычных радкоў.
| В |
Ё |
Н |
А |
Н |
Ш |
Л |
Ё |
| 3 |
7 |
15 |
1 |
15 |
27 |
13 |
3 |
| А |
Д |
А |
М |
Ш |
У |
Л |
О |
Вынік скалануў.
Вынік выцяў па твары. Вынік надарваў дыханьне. Загадчык
нюськавіцкай вадакачкі Адам Шуло быў бацькам Надзейкі – лепшай
вучаніцы і раптоўнай палюбоўніцы Аляксючыца. Загад выракаў зрабіць
сьмерць і ёй. “Да якой халеры ім гэтая вадакачка? – высьвятляў сам
у сябе Істрабіцель. – Завошта зьніштажаць загадчыка? Нягож ён такі
вялікі вораг? Мацёры здраднік? І дзеркачу ясна, што ён вымушана
супрацоўнічае зь немцамі. Што яму закідваюць? Нацыяналізм? Удзел у
карных апэрацыях? Частаваньне былых савецкіх грамадзян бруднаю
вадою? Брэдні. Біліндрасы на трыногу! Завошта? Ці то яны мяне
выпрабоўваюць? Так ня можа быць. Калі і шлындаюць дзесь тутака
іхныя агенты, якія ўпільнавалі маю з Надзейкай (Надзейка!) ночку,
то ў кожным разе яны б ня здолелі так хутка разьмясьціць у газэце
гэтае курвенства. Супадзеньне? Супадзеньне, але прыкрае, але
страшнае. Хоць біся галавою аб сьцяну. Як? Што рабіць далей? Дзе
ўзяць адказ? Я не хачу іх забіваць... Заб’юць мяне. Даб’юць. Тады
пашанцавала. Цяпер – солі ў вочы, а не шанцавньня. Накрыюць. Не
пабачыць залацістага й яснага. Ні халеры не агледзіць. Нават самай
наймаленечкай. Што рабіць? Як рэагаваць? Як?”. Нібыта чорная хмара
павісла над ім. Нічога не атрымоўвалася надумаць. Адпраўка
Надзейкі ў Нямеччыну падавалася шчэ больш небясьпечнай, чым
далейшае перабываньне тут. Зрэшты й перамяшчэньне ў іншую частку
Беларусі нічога не вырашала – паўсюдна партызаны ды іх людзі. Між
партызанскімі атрадамі, як меркавалася, былі добрыя сувязі:
хто-небудзь дый знойдзе. Знойдзе ды прыгвозьдзіць. Самім жа
ўцякаць у лес было зусімнаю бязглузьдзіцай. Тупік. Аляксючыц наліў
у конаўку самагонкі і быццам халодную ананасную ваду выпіў адным
цугам. Іначай было б не заснуць. Час ішоў. Пераначуем болей
пачуем.
Расплюшчыўшы вочы, Барыс Макаравіч ужо дакладна
ведаў, што будзе рабіць далей. Ён узяў сабе набіты пісталет, у
кішэні напхаў колькі жменяў патронаў, у газэціну заматаў пару
пачкаў грошай. Падаўся да Адама Шуло. Той з усьмешкаю павітаў
нечаканага госьця:
– Пан настаўнік, рады паздароўкацца. Дачушка
ўсе вушы пра вас адзваніла. Любіць вашы заняткі – няма спасу! А
хіба ё якіясьці турботы зь ёю?
– Турботы, спадару Адаме, у нас
усіх першага верасьня трыццаць дзявятага пачаліся, – без
віхляньняў нацянькі прамовіў чыстую крамолу Аляксючыц.
– Чаго?
– спужаўся Шуло. – Што за сьмешкі?! Хіба вы мяне правяраеце? Дык я
сёньня ж данясу пра інцэдэнт у паліцыю.
– Не каляхуйце,
шаноўны, праблема больш спаважная, ніжлі ваш цяперашні страшок.
Страшнейшая.
– Я вас зараз выжаню з хаты, калі ня скончыце
гэтую гнюсную правакацыю! – разыйшоўся Надзейкін татусь і неяк
няўклюдна махнуў рукою. Настаўнік адразу ж схапіўся за яе ды
скруціў за сьпіну.
– Ты, дзядзьку, будзеш мяне слухаць? – мала
не вызьверваўся ён. – Цябе пасьвяць бальшавікі. Цябе й тваю
радзіну. Разумееш? Надзейку таксама хочуць забіць.
Загадчык
вадакачкі абмяк і сьцішана працягваў слухаць. Істрабіцель
аслабаніў яго руку, паклаў на стол пакунак з райхсмаркамі і
няголасна, але безапэляцыйна загаварыў:
– Сягоньня ж любым
магчымым спосабам пакіньце з дачкою Нюськавічы, а за тым і
Беларусь. Эстонія, Чэхія, Францыя. Куды хочаце. Хоць за чатыры
мора. Толькі не Беларусь. Яна гэтым часам, як пекла. Тут ёсьць
колькі тысячаў. Сапраўдныя... Ня будзьце дурнём і проста па маім
зыходзе ўцякайце. Забірайце Надзейку із школы і бяжэце.
Шуло
ўсёй сваёй істою быў прыгаломшаны, але згодна хітнуў галавою.
Настаўнік шморгнуў носам і выйшаў вон.
Ён не зьбіраўся
сёньня йсьці на працу, а мерна крочыў да павятовае ўправы. На
вуліцы Гітлера яго нагнаў дырэктар школы.
– Спадар Аляксючыц,
хіба вас ужо папярэдзілі? – без прывітаньня запытаўся ён.
–
Гледзячы пра што, – ухіліста адказаў Істрабіцель, неўпрыкмет
варушачы ў кішэні рукою.
– Ідзем з вамі ва ўправу на сэмінарыю
па праблемах ідэалёгіі Трэцяга Райху на высвабаджаных ад
бальшавізму абшарах. Будзе нехта высокі зь Менску. Мы ж зможам з
вамі станоўча адрапарціраваць?
Настаўнік, быццам на згоду,
ленна хітнуў галавою.
Ва ўправе было шматлюдна. Неяк
адразу зразумелася, што з усёй акругі сюды панапрыехала
настаўнікаў. Неўзабаве ўсіх запрасілі ў вялікую залю. На сцэне
стаяў доўгі шэраг сталоў і трыбуна. Да сініх кулісаў белымі
ніткамі былі прышытыя сьцягі Нямеччыны і Беларусі. Паверху вісеў
транспарант: “Табе вызваліцель, падзяка і самая шчырая праца!”.
Сабралася чалавек семдзясят улучна з колькімі Hilfspolizei’ямі і
арыйцамі з SS, што ахоўвалі сваіх шышак. Зь Менску прыехаў
дарадчык гаўляйтэра па ідэалягічным забесьпячэньні
беларуска-нямецкай еднасьці гер Шульц Мортэнваль у суправодзе
собскага даручэнца спадара Генрыка Галінкоўскага. “Ня кепска ты
лучыў, дзядзя”, – зласьліва ўсьміхнуўся Аляксючыц. Пыса
Галінкоўскага надта ж яму кагосьці нагадвала. Гэны спадар ад імя
сайго шэфа ўзяўся чытаць спавешчаньне, перапоўненая добрым наборам
слушных для фашыстаў фразаў: “Гітлер-асвабадзіцель”, “нашы
супольныя ідэалы, выяўленьнем каторых ёсьць Новая Эўропа пад
нямецкім кіраваньнем і шчасная Беларусь у ёй”, “выразаць ракавую
пухліну камунізму”, “рушыць у будучыню у зьзяньні пабеднай
нямецкай свастыкі”. Выступоўцу, як і належыла, усе адаравалі
воплескамі. Сакратарка папрасіла прысутных задаваць пытаньні.
Бальшыня апатычна сапела й тупіла вочы, хто ў падлогу, хто на
сакратарчыну блюзку. Барыс Макаравіч узьняў руку:
– Скажэце, а
як стасуецца нашая супольная будучыня зь перадаванымі брытанскім
радыё зьвесткамі, што Нямеччына мае сакрэтныя пляны, згодна зь
якімі да 90 % беларусаў мусяць быць вынішчаныя?
Па залі
прабегся шумок. Галінкоўскі – той самы вярбоўшчык Аляксючыца –
вылупіў вочы. Мортэнваль, якому пераклалі пытаньне, урабіўся
агаломшаным і не патрапіў адразу зрэагаваць. За тое Істрабіцель
рэагаваў адэкватна, шасьцю стрэламі асадзіўшы на той сьвет
паліцаяў ды эсэсаўцаў. Руля адразу ж перакіравалася на
Мортэнваля:
– Auf Wiedersehen, mein lieber Herr!
Стрэл.
Пырскнулі кроў і мазгі. Льга было агледзіць, што ў крывянку
перапэцкаўся твар нядаўнага прамоўцы. Ён зьбіраўся ацерціся, але
Істрабіцель не дазволіў:
– Стой спакойна, Нкус, а то бабэхну і
трыбухі павылятаюць.
Прысутныя, ачмурэлыя яшчэ ад першых
стрэлаў, адхінуліся, як маглі, ад узбраенца. Узбраенец папрасіў
сакратарку сабраць аўтаматы забітых і перадаць яму.
– Шаноўныя
настаўнікі, усе вы, як я падазраю, на кагосьці працуеце. Сёньня ў
вашым жыцьці сьветлы дзень, бо памрэце. І я з вамі. Гэта будзе
наша вызваленьне. Ад Гітлера. Ад Сталіна. Ад усёй вакольнай
бярэдлівасьці, што завецца вайной. Не вайна, а пабіваньне
маладзенцаў. Ня бітва гэта, але мясакамбінат. Мы – беларусы? Хто
мы на гэтым камбінаце? Нашыя кішкі крыпаюць нашым мясам. Кілбаса
“Беларуская”, чужынскім пальцам пханая. Адкуль тут быць жыцьцю,
радасьці, каханьню? Мы ўсе вінаватыя. Ад таго ўсе і памром.
Сьмерць – гэта люстэрка, якое ўбірае ў сябе кожнага з нас.
Ён
зрабіў рэзкі рух і стрэліў у кучаравага вусача, які ўвачавідкі
хацеў дастаць з кішэні свой важкі аргумэнт. Аляксючыц наўмысьля
гучна пракашляўся і працягнуў маналёг:
– Сьцеражэцеся ўласных
бязглузьдзіц. Ня будзьце быдлам хоць тут – перад вечным парогам.
Найвышэйшая моц асягне хутка нас. Што скажаце там? Мяркуеце і ў
пекле прыцярпецца? А ці дазволяць нам гэта зрабіць душы жыўцом
спаленых дзетак і мацярок з Хомску, Княжаводцаў? Ці дадуць нам
спакою душы застрэленых і зарэзаных людцаў з прыпартызанскіх
вёсак? Гэта мы іх забілі. Сваімі рукамі і сваёю бязрукасьцю. Мы не
навучылі сябе ўнікаць рабскіх думак і паставаў. Мы ходаемся за
чужыя прывіды й здані, а сваё жывое ператвараем у попел ці гніль.
Простымі рухамі ператвараем.
– Але, – наважыўся бялявы румяны
дзяцюк з касаватым правым вокам, – нашай віны тут толькі частка.
Ня мы – дваццацёх гадовыя хлапцы – прасралі Беларусь каншахтамі зь
немцамі ў 1918-м, вычэклівымі пераміргваньнямі з палякамі ў
1919-м, садомскімі муськаі-буськамі з бальшавікамі да і пасьля...
Нам давялося адно падабраць, узяць гатовае й казаць, што йдзе
барацьба за ідэалы. Як глыбей схавацца.
– Ты сьмелы, дзядзька,
– усьміхнуўся Барыс, – бо ня кожны здатны так годна прызнаць свой
страх. Праўда, Нкус?
Ён зірнуў на свайго настаўбурчанага
вярбоўшчыка. Той, нібы кіслай капусты пад’еўшы, крывіў морды ды
дзьмуў раз-пораз сабе ў нос.
– Праўда, Нкус? – настойліва
перапытаў Аляксючыц.
– Да чаго ты хочаш вабшчэ? – знэрвавана
аскіразнуўся Галінкоўскі. – Зачэм быць такімі дуракамі? Пайміця,
пустагаловыя (я ня ймею ў віду прысутствуюшчых тут савецкіх
падпольшчыкаў і парцізан), сюда вярнёцца наша страна Расія.
І ваздаст усем па заслугам. Бойся, ня бойся, а атвячаць за ізьмену
усё раўно прыдзёцца. Пятлей на шэі. Таварышчы парцізаны, ну
застрэліця жэ ў канцэ канцоў этага у.бка.
– Цішэй, – уладна
грымнуў голас Аляксючыца. – Сьцеражэцеся бязглузьдзіц. У мяне пад
сьпінжаком два паясы выбухоўкі й гранатаў. Хто ня хоча пражыць
яшчэ пятнаццаць лішніх хвілін, хай страляе.
Усе маўчалі.
Па-ранейшаму маўчалі. За вокнамі гулі машыны й матацыклеты. Дзьве
роты войскаў SS вярталіся з супрацьпартызанскай апэрацыі. За
апошняй машынай, прывязанае вяроўкай, валаклося ў дарожным пыле
мёртвае дзявочае цела.
Гомель, 2003 г.