Беларуская літаратура :: Тэзэй беларускага постмадэрнізму :: сайт творчасці Сяргея Балахонава
 КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ВЕРШЫ: ЛІРЫКА

30 секунд да Снікерса

Сяргей Балахонаў. 30 секунд да Снікерса

Сяргей Балахонаў - 30 секунд да Снікерса, 1,61 Мб Давай з табой, Шаталава, закурым
па тонкай віртуальнай цыгарэце,
пакуль маніякальнай моцы бура
не абудзіла хвалі ў соннай Леце.

Давай з табой, Шаталава, убачым,
як зоркі ападаюць жалудамі
ў асенні змрок, спрабуючы на ўдачу
не перашкодзіць віруснай рэкламе.

Давай з табой, Шаталава, пачуем
дажджоў тэрарыстычных шматгалоссе.
Ты ведаеш, я так даўно крычу ім
з надзеяй, што яны адпусцяць восень.

Давай з табой, Шаталава, не станем
хаваць дурман антонавак салодкіх,
як нехта прыхаваў сваё каханне
на борце атамнай падводнай лодкі.

Давай з табой, Шаталава, закружым
пад тое, што спявае Джарэд Лета,
пакуль не заржавелі ў садзе ружы,
а ў шахтах ціха спяць сабе ракеты.

восень 2010 г.

Аўтар фота: Варвара Карачун

Слухаць оналйн: