
Як яно ў сеціве бывае? У цябе добры настрой, і ты пакідаеш у блогах, форумах і сацыяльных сетках які-небудзь пазытыўны допіс. Табе проста хочацца падзяліцца сваім добрым настроем. Але насуперак чаканьням у камэнтрах цябе пачынаюць
лячыць. "Табе б жаніцца!", "Табе б пасталець!", "Табе б на паветры прайсьціся!", "Табе б бабу паймець!" – пачынаюць раіць неспадзяваныя дактары. А ты ж яшчэ ў сярэдзіне 90-х мінулага веку пагадзіўся з
патарбурцкім салаўём Аляксандрам Васільевым і дагэтуль паўтараеш, як заклён:
"Я умираю от скуки, когда меня кто-то лечит".
Гэта ня значыць, што табе ня хочацца прачытаць з манітора гаючае слова. Хочацца, часам нават вельмі. Але ў такія хвіліны дактары амаль заўсёды сядзяць моўчкі. Дарма, што ты сігналіш і махаеш ім рукамі. Яны робяцца сьляпымі і глухімі. Па вялікім рахунку ты прызвачаіўся да такога становішча рэчаў. Нельга сказаць, што яно цябе цалкам задавальняе. Але прынамсі ты ведаеш, што можна, а што нельга чакаць у пераважнай бальшыні выпадкаў перакрыжыванага агню спліну зь немарасьцю і мэлянхоліі з хандрой.
Нелюбоў да аднабокай
сеціўнай дактаршчыны спыняе цябе ад несанкцыяванага хірургічнага ўмяшальніцтва ў справы віртуальных знаёмцаў. Ты ніколі не даеш ім парадаў, пакуль яны самі не папросяць ці не прасігналяць аб патрэбе ў гэтым. Што праўда, і ў разе просьбы ты пачынаеш дзеля прыліку папярэджваць, дзей можаш нараіць суцэльнай лухты. Многіх гэткае папярэджаньне ані кроплі не бянтэжыць. Чаму? А таму, што ты выяўляешся ці не адзіным, хто ўвогуле зрэагаваў на іх
актуальныя немачы. І ты пачынаеш тэрапію.
Хто ж твае пацыенты? Зазвычай гэта маладыя людзі, якія цябе добра ведалі ў іншых абставінах – паза цянётамі сусьветнай павуты. Магчыма, што тады –
мільярды мэгабайтаў таму – яны мелі на цябе нейкія крыўды ці не лічылі патрэбным слухаць твае
словы пра душу. Цяпер жа шмат чаго зьмянілася, і ім бывае пільна патрэбным тваё меркаваньне. Пра міжасабовыя дачыненьні. Пра сяброўства. Пра каханьне. Пра наш супольны палёт да зор. Ты не адмаўляеш. Ты пішаш. Ты падцягваеш бліжэй да сябе клявіятуру і выстукваеш у
text area свае думкі, каб потым рашуча націснуць на тую ці іншую мадыфікацыю кнопчачкі
submit. Ты робіш так не з мэркантыльных матываў, а адно таму, што ня можаш безуважна прайсьці паўз душэўны боль людзей, якія прагнуць
добрага слова.
Здаровыя людцы ў сеціве почасту абзываюць цябе эгаістам, нарцысам і вычварэнцам. Абзываюць і крычаць
на ўвесь онлайн пра гэта. Ты мусіш усьміхацца ім усёй калекцыяй смайлікаў, што ляжаць у той час пад рукой. Табе зразумела, што гэтая парода
людцаў ніколі ў сваім інтэрнэт-жыцьці ня зьменіць свайго меркаваньня. Яны толькі выдадуць чарговы
пашквіль, калі даведаюцца, што ты можаш некалькі гадзін запар адгаворваць дзяўчыну ад кепскіх задумаў. Яны толькі будуць
сушыць зубы падачас міжсобскіх дыялёгаў у
асьцы, калі дазнаюцца, што ты адказваў хлапцу на пытаньне пра сутнасьць быцьця. Яны перакананыя, што ты ня можаш быць доктарам, а толькі хваравітым эгаістам, нарцысам, вычварэнцам...
Напорыстаць
здаровых людцаў, здараецца, такая магутная, што калі-нікалі даводзіцца сумнявацца ва ўласнай рацыі. Ты спрабуеш прымерыць накінутыя імі іміджы. Крутнешся перад люстэркам так. Крутнешся перад люстэркам сяк. Плюнеш урэшце ды скінеш зь сябе транты чужых аблудаў.
Касьцюмчык, як высьвятляецца, ірвецца ня толькі па швах, але і па жывому. Гнілы бо ад пачатку.
Сядаеш за манітор. Два новыя паведамленьні.
Здаровая дзяўчына маладзейшая за цябе на шэсьць гадоў піша, што ты
dawbayob & pidarass.
Хворая дзяўчына маладзейшая за цябе на дванаццаць гадоў нема крычыць аб дапамозе. Ты ўздыхаеш, робіш глыток астылай гарбаты з цытрынай і
грэшным дзелам намагаешся ўявіць, што будзе, калі абедзьве гэтыя дзяўчыны сустрэнуцца і застануцца сам-на-сам.
26 сьнежня 2008 г.