Беларуская літаратура :: Тэзэй беларускага постмадэрнізму :: сайт творчасці Сяргея Балахонава
 КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 РОЗГАЛАС: КАЗКІ

Анка Упала. Балахон Балахонавіч і Злая Вавёрыца. Беларуская каворная казка

Анка Упала. Балахон Балахонавіч і Злая Вавёрыца. Беларуская каворная казка

Сярод драмучых лясоў ды багавіньня, дзе і цяпер дротавая тэлефонная сувязь не праведзена, у Чачэрскім павеце на беразе возера стаяла некалі хатка зь бярвеньня. Жыў ды быў у ёй Балахон Балахонавіч з малымі дзеткамі балаханяткамі. Жылі яны не тужылі. Хадзіў Балахон Балахонавіч з ружжом паляваць зайца, вепрука, лісу, ваўка, крота, птушку дзікую… Часам, бывала, і на медзьмядзя хадзіў. Гарод таксама трымаў, дзе вырошчваў розныя прадукты і карняплоды. Усяго было ў іх багата. Увосень салілі яны баклажаны. Узімку катаўся Балахон Балахонавіч зь дзіцятамі па возеры на каньках. Увесну ўжо не катаўся. І ўлетку таксама.

Але вадзілася непадалёк ад хаткі злая вавёрыца. Сьцеражыліся яе малыя балаханяты. Пойдзе Балахон Балахонавіч паляваньне паляваць, а малым балаханяткам накажа дзьверы замыкаць, нікому не адчыняць і сядзець пад лавай ціха, бо прыйдзе вавёрыца і будзе ў хаце лютаваць. Так яны і рабілі.

І вось сабраўся аднойчы Балахон Балахонавіч крота паляваць. Зьняў з паліцы ружжо, абматаўся кулямётнымі лентамі, апрануў лыжы і кажа балаханятам: ня будзе мяне тры дні і тры ночы, у суседні павет іду, крота паляваць. Take care, мае дзетухны, кашу сабе варыце з круп, што ў куце ў меху стаяць, на двор не выходзьце, на каньках пакуль безь мяне не катайцеся. А калі прыйдзе вавёрыца злая, сядзіце ціхютка, як вады ў рот набраўшы, каб яна думала, што нікога няма дома. Паабяцалі балаханяты паводзіць сябе, як бацька кажа.

Мінуў дзень, мінула ноч – сядзяць балаханяты пад лавай. Як есьці захочуць – вылезе хто-небудзь адзін, кашкі наварыць. Мінуў другі дзень, мінула другая ноч – сядзяць балаханяты пад лавай, як бацька сказаў.

Надыйшоў трэці дзень. Думаюць балаханяты, што сумна пад лавай увесь час сядзець – і вылезлі. А ў вакно тым часам вавёрыца зазірнула. Бачыць, што дурненькія балаханяткі адны дома і ўжо грукаецца ў дзьверы:

“Рабятухны-балаханятухны, адчыніцеся-адамкніцеся, гэтая я, добрая вавёрыца прыйшла!”
Спужаліся балаханяты і адказваюць так: "Нам бацька сказаў табе не адчыняць. Ідзі адсюль пакуль жывая!"

А вавёрыца добранькім такім галаском і кажа: ды я ж за канькамі прыйшла, я іх некалі ў вас забыла. Што вы як не людзі?

Думаюць балаханяткі: можа і праўда вавёрыца канькі забыла, усялякае ж бывае… і адамкнулі дзьверы.

Вох! Забегла вавёрыца ў хату, пахапала ўсіх балаханятаў, у мех з-пад крупаў паклала і завязала на чацьвярны марскі вузел. А сама па шуфлядах ды па шафах шукае.
Вынесла яна ўсе рэчы, дарагія сэрцу гаспадароў: футра чорнае, футра краснае, футра заморскае баклажаннае – будзе цяпер ў чым сьвецкім жыцьцём займацца драпежніцы! І зьбегла яна ў лясы.

На чацьвёрты дзень вяртаецца бацька Балахонавіч дадому зь цяжкім кротам за плячыма, бачыць – дзьверы адчыненыя, усе шафы пустыя і балаханятаў нідзе няма. Заплакаў ён горка: “Ах вы дзетачкі мае, балаханятачкі, маленькія-дурненькія. Навошта адчынілі вы дзьверы хітрай вавёрыцы, ці не папярэджваў я вас, што падступства ёй не займаць? Відаць, зьела яна вас...”

А тут мех з крупамі па ногі Балахону Балахонавічу пакаціўся: коціцца і папісквае! Што такое?
Разьвязаў бацька мех – а зь яго сямёра балаханятаў, адзін аднаго прыгажэйшы, усе жывюткія і здаравюткія! Расцалаваў Балахон Балахонавіч балаханяткаў і кажа: вось цяпер дзеткі мае, вы і самі пабачылі, на што вавёрыца здатная! Ніколі больш ёй ня верце! Футра я іншага здабуду, у школьным гардэробе. А цяпер сядаймо крота есьці!

І зладзілі Балахон з балаханятамі ў хатцы пір! А вавёрыца стаілася да пары да часу.

Хто казку слухаў – патыліцу чухаў, хто казку прачытаў – той дзяржаўнага розуму чалавек.

Блог Анкі Упалы, 23 жніўня 2009 г.