Sample image

Францішак Багушэвіч. Хмаркі

Хмаркі цёмныя, мае братанькі!
Вецер гоне вас без дарожанькі,
I нігдзе ж для вас няма хатанькі...
Адпачынеце аж у Божанькі!

Гдзе радзіліся, гдзе ж вы, хмарачкі,
Гдзе «т у т э й ш ы м і» называліся!
Леціцё усё, так як ярачкі*...
Хоць бы трошкі гдзе затрымаліся!

Зямлі родненькай, знаць, няма у вас,
Ні вуголчыка, ні прытулачку.
А тут вецер дзьме горшы раз у раз,
Леціце жа вы без ратуначку!..

Летучы, слязой зямлю росіце,
Аж шумяць лісткі, зелянее лес;
Уміраючы, жыццё носіце,
Усяму жыццё, сабе толькі крэс*!

[1894]

Сяргей Балахонаў чытае верш Францішка Багушэвіча

Слоўнік

Ярачкі — авечкі.
Крэс — край, мяжа, смерць, скон.

Даведка

Францішак Багушэвіч (1840—1900) — беларускі грамадскі дзеяч, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, яе класік.