
Расейскамяўная літаратура Беларусі – гэта пачварна. Пішу цалкам сур’ёзна, без баламуцтва і кроплі хлусьвы. Я проста зь неймавернай цяжкасьцю спрабую прыгадаць, ці даводзілася мне вывучаць у школе творы падобнага кшталту літаратуры. Здаецца і сачкаваў заняткаў вельмі мала. Але ж не магу прыпомніць, каб мае настаўніцы беларускай ці расейскай літаратуры расказвалі нам пра пісьменьнікаў Беларусі, якія пішуць свае творы на расейскай мове. Вы можаце сказаць, што асобная літаратурная школа існавала яшчэ тады. Выбачайце, калі ласка, але я не хачу называць літаратурнай школай уменьне сядзець адной сракай адразу на двух зэдліках. Расейскамяўныя пісьменьнікі Беларусі – пісьменьнікі ні беларускія, ні расейскія. Вось гэта трэба зразумець. У пасьляшкольныя гады мне патрапляліся ў рукі кнігі такіх неакрэсьленых аўтараў. Мяне хапала толькі на тое, каб прагартаць пару-тройку старонак і смачна пазяхнуць у зьдзіўленьні, што нейкія гаротныя дзівакі без памяці тыражуюць макулятуру. Я хацеў бы зараз назваць іх прозьвішчы, але, на жаль, ніводнае не замацавалася ў галаве. Яно і нядзіўна. Навошта запамінаць стваральнікаў літаратурнае недарэчнасьці?!
Расейскамяўная літаратура Беларусі дала сьвету толькі аднаго празаіка. Але зараз яго ўжо ніхто не памятае, акрамя Аляксандра Фядуты і мяне. Гаворка пра Фадзея Булгарына. За асобныя фрагмэнты ягонага “Івана Выжыгіна” сёньняшнія расейскамяўныя літаратары Беларусі змаглі б выкупіць у мяне індульгенцыі і талёны, па прад’яўленьню якіх я б трохі зацугляў уласную гіпэртрафаваную зьедлівасьць у іх адрас. Фадзей Венядзіктавіч сурочыў сваіх ненаўмысных спадкаемцаў, налажыўшы таўро: “Сіротка з падворку пана Галагардоўскага”. Кожны зь іх цяпер ня здольны падняць плянку ўласнае самаацэнкі іншым спосабам, акрамя выскокваньня за межы Беларусі і традыцыйным пачаткам парожняга гону на ўсё, што зьнітавана зь беларускім.
З расейскамяўнымі паэтамі Беларусі яшчэ большая бяда. 99% расейскамяўнай паэзіі Беларусі – графаманія чыстае красы. Чамусьці тутэйшы чалавек, які гаворыць па расейску, мяркуе, што для таго, каб быць паэтам, дастаткова пісаць толькі на дзьве тэмы “Любовь” і “морковь”. І дуды вобзем! А дзе ж іншая тэматыка? Дзе, прыкладам, “ненависть” і “морковный сок”? Няма. Абмежаванасьць мысьленьня падзеленая на разгул фантазіі і памножаная на ноль нацыянальных каштоўнасьцяў дае ў выніку ноль. А на гэты ноль можна множыць усё што-заўгодна – хоць агульначалавечыя каштоўнасьці, хоць маскультурны расейскі глямур. Пасьля ўсіх калькуляцый усё адно атрымаецца ноль. Ноль на тле што беларускай, што расейскай літаратуры. Ня верце таму, хто будзе лескатаць адваротнае.
Зрэшты, мушу прызнацца, што, прынамсі, адзін добры расейскамяўны паэт у Беларусі ўсё-ткі ёсьць. Гэта Барыс Штэрн. Пад яго “Вислоухую принцессу” можна сьмела ісьці ў бой за сапраўдную мультыкультуральнасьць без мэнтальных зьбяёдкаў, якія прымроілі сябе культуртрэгерамі, а насамрэч нясуць толькі таўро собскага нацыянальнага сіроцтва.
Зразумела, што ў такім становішчы расейскамяўная літаратура Беларусі ня можа спадзявацца нават на мінімальныя сур’ёзныя міжнародныя дасягненьні. На гранты магчыма. Але не на “нобелеўку” ці якога “букера”. Бяда расейскамяўных пісьменьнікаў Беларусі палягае яшчэ і ў тым, што яны ўшчэнт адхрышчваюцца ад эраса нацыянальнага, хаваючыся за касмпалітызм. Аднак праклямаваная імі касмапалітычнасьць насамрэч выяўляеца ўсяго толькі разнавідам расейскай імпэрскай культурнай тоеснасьці. Пра гэта забывацца ня варта нават тады, калі зь пенай у роце расейскамяўныя літаратары Беларусі будуць крычаць: “Роса божья!”.
Што рабіць сучаснаму расейскамяўнаму пісьменьніку Беларусі?
Найперш – не выёбвацца. Беларуская мова літаратуры – гэта традыцыя нашай маладой нацыі. Лезьці насуперак ёй можна адно дзеля спартыўнага інтарэса. Што б ні ціліўкаў
писательчик, ён заўжды будзе маляваным блазнам, калі пачне выдзыгацца супраць беларускае мовы нашай літаратуры. І ня трэба спасылацца натое, што
все вокруг говорят по-русски.
Мне здаецца цалкам лягічным, што на беларускай зямлі практычна няма выданьняў, якія маглі б стаць трыбунай расейскамяўных пісьменьнікаў Беларусі. Гэта лішні раз даказвае дзьве рэчы: 1) іх непатрэбнасьць тут, 2) іх нежаданьне быць тут. Таму яны з задавальненьнем далучаюцца да стракатай расейскай пісьменьніцкай грамады, каб распусьціцца ў ёй і мроіць, што добры алігарх дасьць пару капеек на публікацыю чарговага геніяльнага рамана.
Застаецца незразумелым: калі гэта іх сьвядомы выбар, дык навошта тачыць свае насы ў беларускі кантэкст і раздаваць бязглуздыя парады тым, хто па-ранейшаму піша на беларускай мове? Інакш, як водгульлем нейкіх псыхалягічных траўмаў, творчых і жыцьцёвых паразаў гэта, бадай, і не патлумачыш.
Магчыма, што некаторым расейскамяўным літаратарам Беларусі гэта прычыніць боль, выкліча кагнітыўны дысананс, справакуе крывавую дрыстачку на цэлы тыдзень, але я зноў-такі скажу адну ясную і выразную рэч: рабіць ім у Беларусі няма чаго. Яны могуць тысячу і адзін раз фанабэрыцца і перачытваць з заміраньнем сэрца і дрыжыкамі пад пупком уласныя раманчыкі і вершыкі. Але іх творчасьць у Беларусі нікому не патрэбная. Нават сябрам і крэўным. Калі ў кнігаў беларускіх пісьменьнікаў ёсьць, хай сабе і завужанае, але досыць стабільнае кола спажыўцыў, то расейскамяўныя пісьменьнікі Беларусі гэтым пахваліцца ня могуць. Ня могуць, бо тады прыйдзецца прызнацца, што бітву за чытача на раз прайграюць ня толькі сучасным расейскім пісьменьнікам, але і беларускім. Гэтая праўда для кагосьці настолькі горкая, што ейнае горыч разьядае нутро.
Акром таго, вельмі сьмешна бывае чытаць развагі расейскамяўных літаратурных бежанцаў пра беларускія пісьменьніцкія саюзы. Папраўдзе, яны ня кажуць чагосьці радыкальна новага. Яны агучваюць старыя праблемы, пра якія ведаюць усе зацікаўленыя асобы тут. Магчыма, палкая соль мэсіянства на вуснах і ў гэтым разе не дазваляе
писательчикам маўчаць. Ім цяжка дапяць, што ў мігценьні сусальнага золата купалоў Масквы, іх аблічча выглядае ў мільён раз правінцыйнейшым, чым твар любой беларускай бабулі з глухой палескай вёсачкі.
Што яшчэ сказаць расейскамяўным пісьменьнікам Беларусі? Тым, хто зьехаў у Расею: бывайце назаўсёды, пішэце і друкуйце ўсё, што хочаце, толькі ня лезьце ў справы беларускай літаратуры. Тым, хто застаўся ў Беларусі: пішэце сабе і паціху выкідвайце са сваіх галоваў усялякі псэўдакасмапалітычны хлуд. Мая вам парада – пішэце па-беларуску. Ці пастарайцеся перакласьці нейкі ваш твор на беларускую мову. Толькі ў беларускім кантэксьце ваша кніга, калі яна і сапраўды чагосьці вартая, можа стаць падзеяй.
15.03.2009 г.