Выйшаў з друку чарговы, адзінаццаты нумар літаратурнага альманаху “Калосьсе”. Пра цікавосткі нумару зь яго выдаўцом і галоўным рэдактарам Алесем Аркушам гаворыць Валянціна Аксак.
Валянціна Аксак: “Спадар Алесь, апошнім часам вы любіце прысьвячаць нумары свайго часопісу нейкай адной тэме. Ці ня стаў выключэньнем гэты нумар “Калосься”?
Алесь Аркуш: “Ня стаў. Ён прысьвечаны прыгодніцкай літаратуры. Гэта ня значыць, што ўвесь нумар запоўнены дэтэктывамі ці нейкімі прыгодніцкімі апавяданьнямі. Але ёсьць тут усё. Ёсьць нават гістарычны артыкул пра Рагвалода, які таксама ўспрымаецца як прыгодніцкі. Ёсьць крытычныя і літаратуразнаўчыя артыкулы пра прыгодніцкую літаратуру. І я залічыў маленькія эсэ Вінцэся Мудрова, якія гучалі на Радыё Свабода, таксама да прыгодніцкага жанру. Гэта прыгоды за савецкім часам, і частку іх мы надрукавалі ў гэтым нумары”.
Аксак: “Гэткім чынам чарговы нумар вашага часопісу спрабуе аспрэчыць даволі распаўсюджаную думку пра тое, што беларуская проза – нуднаватае чытво?”
Аркуш: “У нашай літаратуры ёсьць усё. Іншая справа, што прыгодніцкая літаратура апрыёры пішацца на камэрцыйным пачатку. Аўтар прыгодніцкага раману адразу разьлічвае, што напісанае ім будзе надрукавана вялікім накладам, што ён атрымае за гэта сур’ёзны ганарар. Таму мой альманах, які не выплaчвае ганарары, надрукаваць такі прыгодніцкі раман ня можа. А малых прыгодніцкіх жанраў у гэтым нумары дастаткова. Я дзіўлюся, калі закідаюць, што ў беларускай літаратуры няма таго, няма гэтага. Гэта гаворыцца тымі, хто слаба ведае беларускую літаратуру. Беларуская літаратура згубіла інфармацыйную прастору, і таму пра яе мала вядома”.
Аксак: “Дык каго ж вы адкрываеце для беларускіх чытачоў як цікавых аўтараў прыгодніцкіх жанраў?”
Аркуш: “Я лічу, што сёньня адным з клясыкаў прыгодніцкага жанру ў нас зьяўляецца
Сяргей Балахонаў. Ягоная кніжка
“Імя Грушы” доказ таму. І мы надрукавалі ягоны “Сьнег капітана Мантгомэры”. Гэта ці то малая прыгодніцкая аповесьць, ці то вялікае апавяданьне з такім вельмі дынамічным сюжэтам. У ім таксама гістарычны час. Я думаю, што зь Сяргея Балахонава атрымаецца клясык прыгодніцкага жанру. І мы ня столькі адкрываем яго, колькі маркіруем у гэтую нішу. Дарэчы, у гэтым нумары гомельскі крытык Юнэля Сальнікава разважае над прыгодніцкімі творамі Сяргея Балахонава”.
Аксак: “Сярод імёнаў гэтага нумару я са зьдзіўленьнем знайшла імя вядомага беларускага гісторыка зь Беласточчыны Алега Латышонка. Вы што, яго таксама да аўтараў прыгодніцкіх жанраў залічаеце?”
Аркуш: “Я думаю, хто яго ведае асабіста, то ня зьдзівіцца. Бо тое, што ён часам апавядае, то гэта гістарычны, прыгодніцкі аповед. А тое, што мы надрукавалі, то гэты тэкст пару гадоў таму друкаваўся па-ангельску ў часопісе “Альба Рутэніка”. Тэкст той мала вядомы нашаму чытачу. Надрукаваны ў нас беларускі варыянт пашыраны аўтарам, і я ведаю, што яго прасілі ў Латышонка іншыя беларускія выданьні, але ён абяцаў надрукаваць яго ўпершыню ў нашым часопісе, што і выканаў. Гэты тэкст прысьвечаны радаводу легендарнага князя полацкага Рагвалода. У ім гісторык ставіць практычна кропку ў спрэчцы, ці быў Рагвалод варагам, ці славянскім князем. Латышок адназначна сьцьвярджае, што гэта быў вараскі князь і выводзіць некалькі вэрсіяў, зь якога роду гэты князь”.
Аксак: “Я ведаю, што вы знайшлі сучасных спадкаемцаў Рагвалода і дзесьці, здаецца, створаны нават клюб нашчадкаў Рагвалода...”
Аркуш: “Справа ў тым, што гісторык Катлярчук, які жыве ў Швэцыі, надрукаваў артыкул, зь якога стала вядома, што ў манархічнай сям’і Даніі ёсьць кроў Рагвалодавічаў. Княжна Соф’я Валадараўна з роду Рагвалодавічаў была мужам аднаго з каралёў Даніі, і два ейныя сыны былі потым каралямі Даніі. А гэты каралеўскі род непарыўны з тых часоў. Аднойчы я напісаў у інтэрнэце, што тэарэтычна мы можам запрасіць прадстаўніка манархічнага двара Даніі стаць каралём Беларусі, і гэта абсалютна легітымна будзе. Шмат каму гэтая думка спадабалася, і была створаная суполка “Беларускія манархісты”, у якой мяне прызначылі старшынёй. Я, канечне, успрымаю гэта як культуртрэгерскі праект”.
Аксак: “Як завуць гэтага патэнцыйнага караля Беларусі?”
Аркуш: “Яго імя, калі я не памыляюся, Яўхім. І яно абсалютна для нас падыходзіць, і я бачыў ягоны фотаздымак, то і абліччам ён для нас падыходзіць, і ўзросту ён маладога. Гэта малодшы сын дацкае каралевы, і ён не прэтэндуе на трон Даніі”.
Аксак: “А ці ведае ён пра тое, што зьяўляецца нашчадкам манархічнага трону Беларусі?”
Аркуш: “На адной з канфэрэнцыяў, якая адбывалася ў Познані, я сказаў пра гэта ў сваім дакладзе, і ён быў надрукаваны потым у сур’ёзнай кнізе. Так што ў Эўропе, я думаю, той-сёй пра гэта ведае”.
Аксак: “Маем сюжэт для новага прыгодніцкага гістарычнага раману...”
Аркуш: “Гістарычна-прыгодніцка-футурыстычнага раману...”
Гутарыла Валянціна Аксак, Радыё Свабода, панядзелак, 16 красавіка 2007, 13:31.