Беларуская літаратура :: Тэзэй беларускага постмадэрнізму :: сайт творчасці Сяргея Балахонава
 КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ПРОЗА І ПУБЛІЦЫСТЫКА: СЛОЎНІКІ

Вайсковы слоўнік

Сяргей Балахонаў. Вайсковы слоўнік

БАНДА (рас. "банда")
Група вайскоўцаў (аддзяленьне, зьвяз [узвод], батальён).
Напрыклад: Скажы Баханку, каб сваю банду да мяне зьбіраў.

БЕРЦЫ
Вайсковыя паўботы на шнуроўцы. Рэальная альтэрнатыва кірзачам. Выкарыстоўваюцца ва ўнутраных войсках, аднак не паўсюдна. Найперш у ротах Патрульна-паставой службы. Жаўнеры ўнутраных войскаў іншых спэцыялізацыяў імкнуцца прынамсі на дэмбель абуцца ў берцы. У асобных падразьдзяленьнях стараслужнікі падбіваюць абцасы берцаў мэталічнымі пласьцінамі, каб цокалі. Ці змагаюцца камандзіры з гэтай завядзёнкай, высьветліць не ўдалося.

БІГУС (рас. "бигус")
Вайсковая пародыя на старадаўнюю літоўскую (ліцьвінскую страву), што традыцыйна гатавалася з капусты, гострых прыправаў, мяса, кілбасы. У войску бігус – гэта тушаная, звычайна квашаная, капуста. Іншы раз з дадаткам бульбы і некаторых іншых складнікаў. Мяса сярод апошніх прыкмячаецца не заўжды (інфармацыцыя па стане на 2000 г.).
Бігус адзін з прадметаў салдацкіх нараканьняў, бо зазвычай спараджае пякотку ды іншыя фізыялягічныя непрыемнасьці (ныцьцё ў жываце, хваравітыя адчуваньні пры дэфэкацыі).

БУЛЬБУЛЯТАР (рас. "бульбулятор")
Кіпятоўнік, кіпяцільнік. Рэч нелегальная, але часьцяком ужываная салдатамі для гатаваньня чыфіру. Выкарыстоўваюцца, як прамысловы мадэлі, гэтак і саматужныя.

БУТЭРБРОДЗІК
Лусьцік упадабаны мною ў войску. Між дзьвюх скібак батону размазваецца шайбачка масла і раструшчаны яечны жаўток. Соль па смаку. З гарбатай файная штука. На халеру нам тая чорная ікра!

БЫТОЎКА (рас. "бытовка")
У вайсковым разьмяшчэньні пакойчык для выкананьня такіх-сякіх побытавых справаў, як прасаваньне адзежы, пастрыжкі салдат, галеньня электрабрытвай, калі апошняе адпавядае статусу палаген паводле звычаёвага армейскага права. Акром таго, бытоўка выкарыстоўваецца прадстаўнікамі старэйшых прызываў як месца правядзеньня "выхаваўчых работ" з прадстаўнікамі прызываў малодшых. Напрыклад, для раздачы ласёў.

БЯЛУГА (рас. "белуга")
Жаўнерская сподняя апратка белага колеру. Складаецца з сарочкі і падштанікаў. У час маёй службы адбываўся пераход ад бялугі да чарнухі. Даводзілася насіць і тое, і тое. Добрым шыкам сярод стараслужнікаў лічылася нашэньне майкі паверх сарочкі.

2000 і 2006 г.

Фота з прыватнага архіва Сяргея Балахонава