КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ЧЫРВОНАСЬЦЯЖНАЯ
 ПРОЗА: БАЙКІ, МІСТЫФІКАЦЫІ, САГІ, ЭСЭ, АРТЫКУЛЫ

Калялітаратурныя байкі

Праўда пра эміграцыю Адама Міцкевіча
Аднойчы ў пакой да Адама Міцкевіча ўскочыла ўзрушаная Марыйка Мapтыceвіч. Нічога не кажучы, яна шпарка падляцела да паэта і адмерала яму добрую поўху. Той агаломшана зірнуў на адмысловую госцю і нават не патрапіў нешта сказаць з нагоды інцыдэнту. “Б*дзЬ, Міцкевіч, п*зЬ*ц! Колькі ты будзеш займацца крадзяжом інтэлектуальнай уласнасці? “Свіцязянка” – гэта мая назва! Мая, б*дзЬ, назва! У мяне на яе копірайты”, – шпурляла маланкі Марыйка. Адам адно пацепаў плячыма, сабраў нешматлікія клункі і з’ехаў у Парыж чытаць лекцыі пра мілагучнасць найчысцейшай з усіх славянскіх моваў.

Попыт і прапанова ў літаратурнай сферы
Неяк у Люцінку да Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча завітаў старшыня беларускага пэн-цэнтру Андрэй Хадановіч.
– Якой ласкай прыцягнуў увагу вашаці? – не хаваючы здзіўлення спытаў гаспадар.
– Адна баба сказала, што ў вас можна знайсці зубастую айчынную літаратуру, – змоўніцкім шэптам патлумачыў госць. – Дайце дзве, калі ласка.
– Зубастай літаратуры няма. Але магу прапанаваць някепскую ідылію з харошай сялянкай, – класік таксама перайшоў на шэпт і хітра заўсміхаўся.

Незалік па сучаснай беларускай літаратуры
Аксана Бязлепкіна прымала залік. У аўдыторыю зайшоў чарговы студэнт, павітаўся і сеў за парту перад выкладчыцай. Тая адразу, не задумваючыся ні на секунду, задала пытанне:
– Скажыце, калі ласка, чым адметна творчасць Сяргея Балахонава ў кантэксце сучаснай беларускай гістарычнай прозы?
Дзяцюк насупіўся, але не вымавіў ні слова.
– Што ж? Вы нават ніводнага яго твора не назавяце?
У вачах маўчуна бліснула надзея.
– “Цмокі лятуць да феніксаў”? – выціснуў ён і адразу ж запярэчыў сабе: – Ой, не. Іншае. “Нераст на шыбеніцы”? “Сарока апошняга імператара”?
– Та-а-ак, – выкладчыца адарыла студэнта пранізлівым позіркам і нахмурыла бровы. – Кепска будзе, Ян... Ой, кепска...
– Аксана Пятроўна, я не паспеў гэта вывучыць. Мне тэрмінова трэба было з’ездзіць да дзядзькі на Віцебшчыну. Па сямейных абставінах, – літаральна прарвала хлапца.
– Паслухайце, Баршчэўскі. Сучасную беларускую літаратуру трэба ведаць і любіць. А свае фантастычныя апавяданні пра дзядзьку пакіньце да лепшых часоў, – строга прамовіла спадарыня Бязлепкіна, намякаючы на немінучасць пераздачы.

Творчыя пагоды
Па дарозе з Мінску да Масквы намеснік рэдактара “Белгазеты” Віктар Марціновіч спыніўся ў Вільні, каб пабачыцца з калегам па літаратурным цэху доктарам Францам Савічам. Яны сустрэліся ў кавярні “Зялёны штраль” за пляшкай абсэнту.
– Няма мне творчага шчасця, Франусь! – па-сяброўску паскардзіўся намрэд.
– Дзе ж тое шчасце падзелася, Віцёк? – не менш па-сяброўску ўдакладніў доктар.
– Яны мне не даюць гэта зрабіць, – прызнаўся мінскі госць.
– Хто яны? І што яны не даюць табе зрабіць? – выказаў прафесійны інтарэс віленскі сябар.
– Я падумаў, што мая кніга можа стаць у Беларусі бестселерам толькі тады, калі я яе спалю. Але тыя, хто праслухоўваюць мае тэлефоны і сочаць за маім прыватным жыццём, не дазваляюць мне гэта здзейсніць, – разглядаючыся на бакі, прашаптаў Марціновіч.
– У-у-у-у, ды ў цябе паранойя, бацечка, – паставіў кароткі дыягназ Савіч, кульнуў чарачку і скочыў у вакно, ратуючыся ад царскіх жандараў, што даўно пераследвалі яго як кіраўніка тайнага “Дэмакратычнага таварыства”.

Журналісцкія планы ў Нясвіжы
Глеб Лабадзенка прыехаў у Нясвіж, каб для “Звязды” узяць інтэрвію ў Францішкі Уршулі Радзівіл. Журналіста і паэта віталі як самага паважанага госця – з аркестрам, ганаровай драгунскай вартай і фаерверкам. Дарожка ад сядзібы да дзвярэй Глебава бібліёбуса была выслана персідскімі дыванамі. Сустракаць яго выйшла сама гаспадыня – крамяная жанчына ў шыкоўнай сукенцы з вельмі глыбокім дэкальтэ. Пасля ўзаемнага прывітання Лабадзенка не прамінуў адразу ж удакладніць:
– А вы не баіцеся сустракаць скандальнага журналіста ў такім выглядзе?
– А чаго мне баяцца твайго выгляду, сыне? Здаецца, зусім нармальна, што ты выглядаеш дзве цытадэлі, што высяцца поруч сярод чыстай белі, – з прамяністай шляхетнасцю ў голасе мовіла яна ў адказ.
– О, дык вы пагодзіцеся пагутарыць са мной не толькі пра сучасную беларускую літаратуру, але і пра гэта? – палкім журналісцкім азартам стаў разгарацца госць, прадчуваючы будучы сенсацыйны допіс.
– Можна, калі асцярожна, – усмешка ледзь кранулася яе вуснаў. – Рыбку толькі пакармлю.
Ад радасці Глеб сціснуў далоні ў кулакі і вырашыў патэлефанаваць у Мінск, каб паведаміць, што затрымаецца ў Нясвіжы на больш працяглы час, чым меркавалася спачатку. Ён выцяг свой мабільнік, і тут выявілася, што той адключаны за нясплату. Журналіст засмучана паглядзеў на Францішку Уршулю і звярнуўся да яе з просьбай аб спагадзе:
– Яснавяльможная пані, я ведаю, што ў вас Velcom, дайце, калі ласка, на МТС пазваніць. Вельмі трэба. Калі не пазваню, то мяне не зразумеюць.
– Каханне – дасканалы майстра, – больш разняволена усміхнулася жанчына, працягнула госцю тэлефон і пачціва адышла наперад, каб не падслухваць чужую размову.
Лабадзенка павярнуўся спінай да сядзібы і, прыкрываючы рот далонню, дужа сцішана тлумачыў у слухаўку асаблівасці абставін: “Так, усё добра. Супэровая жанчынка. Зараз пакорміць рыбку, і пачнем. Упэўнены, што раскручу яе на ню-фотасесію”. Скончыўшы, ён подбегам рушыў да гаспадыні і з удзячным паклонам вярнуў мабільны. Яны разам зайшлі ў дзверы сядзібы.
– Рыбка! Рыбанька! -- звонка загукала спадарыня Радзівіл. – Тут да нас журналіст “Звязды” усё-ткі прыехаў. Хоча пра сучбелліт і сэкс паразмаўляць. Ты не супраць, калі ён з намі разам паабедае? Такі зачотны малады чалавек.
– Рабі, як ведаеш, толькі давай ужо нарэшце сядзем за стол. А то ж такі боршч стыне! – пачуўся голас, які належаў мужу нясвіжскай асветніцы Міхалу Казіміру Радзівілу па мянушцы Рыбанька.

Амурныя клопаты перад паўстаннем Каліноўскага
Яшчэ да паўстання Вінцэнт Канстанцін Каліноўскі заляцаўся да Югасі Каляды. Дарыў ёй кветкі, шакаладныя наборы і аўтографы на “Мужыцкай праўдзе”. Царскія шпікі бачылі іх у глямурных рэстарацыях і модных начных клубах. Справа паціху набліжалася да вяселля. Будучы паўстанцкі кіраўнік прыехаў у Гомель да пісьменніцы з заручальным пярсцёнкам і прапановай выйсці за яго замуж. Паненка, нібыта ад нечаканасці, збянтэжылася і памылкова назвала свайго бойфрэнда Афанасіем. Той не ў жарты ўсхадзіўся і ледзьве не выкінуў пярсцёнак у фантан каля цырка. Югася яго стрымала і сказала:
– Паслухай, Кастусь, на халеру табе браць за жонку беларускую пісьменніцу на плоце з багажом скандальнага і контраверсійнага творчага даробку? Табе патрэбна клапатлівая жанчына, якая б варыла табе боршч, цыравала шкарпэткі, трымала ў алеі зброю для барацьбы з маскоўскім рондам.
– Але, Югаська чарнабрэва, галубка мая, ты ж умееш усё гэта рабіць. І да таго ж вельмі добра, – зацеміў Каліноўскі.
– Так, умею. Ды ці хопіць у мяне часу на ўсё гэта! – Каляда патэтычна падняла рукі ў неба. – Я ж у пастаянных экзістэнцыйных пошуках. У мяне творчы тандэм з украінскім паэтам. У мяне трактарны бізнэс у Польшчы. Я ў пастаянных раз’ездах. Вось і сёння неўзабаве я мушу з’яжджаць на сур’ёзную імпрэзу. І так будзе заўсёды. Разумееш, Кастусёк? Заў-сё-ды!
– І што ж мне рабіць? – яшчэ болей спахмурнеў Вінцэнт Канстанцін.
– Аддаць пярсцёнак той, хто гэтага сапраўды заслугоўвае, – была бескампраміснай пісьменніца. – А зараз чыста па-сяброўску правядзі мяне да вакзалу. Мне будзе прыемна памахаць праз вагоннае вакно аўтару геніяльнага радка: “як бы гэта не ўсё роўна браць у сраку чы з судом, чы без суда”.
Будучы “чырвоны дыктатар” пачырванеў і адказаў горкай усмешкай. Яны моўчкі ішлі да чыгуначнага вакзалу. На пероне стрымана развіталіся. Югася, як і абяцала, памахала сябру рукой. Цягнік крануўся з месца і рушыў у належным напрамку. Кастусь з суворым выразам твару пашыбаваў на аўтавакзал у спадзеве вычапіць маршрутку на Гродна. З-за сваёй задуменнасці ён зусім не звярнуў увагу на тое, што яго неадбытая нявеста паехала на “важную імпрэзу” цягніком “Гомель-Гомель”.

Літспатканні ў Жэневе
Аднойчы ў Жэневе сустрэліся два Альгерды – Альгерд Абуховіч і Альгерд Бахарэвіч.
– Ты файна з гэтай Веранікай прыдумаў. Праўда, я не дачытаў, але не магу не даць веры сваім фрэндам, – сказаў пан Абуховіч.
– А трэба было дачытаць. Кніга, між іншым, не такая і тоўстая ў параўнанні з “Улісам” Джойса, – заўважыў на тое спадар Бахарэвіч. – І новую таксама не забудзь прачытаць. Там цікавыя замуты ў канцы.
– Абавязкова. Мне ўжо Гаўф пра вашу творчую супрацу ў прыватным лісце паведамляў. Я заінтрыгаваны. Усё ж ты са сваімі героямі вельмі жорстка абыходзішся. З Валянцінай Г. так бязлітасна... Навошта? Я так плакаў, што нават тры тэксты напісаў для групы L'a^me Immortelle...
– А ты не плакаў, калі пісаў пра экзекуцыю Магдалены і “сакрэты”, якія яна тым часам дэманстравала сваім экзекутарам?
– Сэрца крывёю аблівалася. Але я павінен быў гэта напісаць. Юрась Пацюпа вельмі прасіў. Патрэбен быў для яго геніяльнага санета не менш геніяльны эпіграф...
Пісьменніцкую гутарку нечакана перапыніў чалавек у рыцарскіх даспехах:
– Перапрашаю, гаспадарове, што перашкаджаю. Але ці не падкажаце, як праехаць да Масквы? Тэрмінова трэба кап’ё прыкланіць, а тут няма дзе.
Пісьменнікі анямелі і разам моўчкі кіўнулі ўбок дарожнага ўказальніка з надпісам “Nach Moskau”.
– Дзякуй, Бацькаўшчына вас не забудзе, – з прыязнай усмешкай прамовіў рыцар, у абрысах твару якога выразна пазнаваўся вялікі князь літоўскі Альгерд Гедзімінавіч з класічнай фатаграфіі на вокладцы аднаго з легендарных нумароў часопіса “ARCHE”.

Выпадак са слэмерамі ў Магілёве
У магілёўскім клубе “Метро” перастрэліся даўнія сябры па паэтычным слэме Віталь Рыжкоў і Ян Чачот. Узяўшы па самбуцы, паэты пачалі гутарку.
– Якім лёсам у Магілёве? – спытаўся Рыжкоў.
– Да мілых мужычкоў прыехаў, – усміхнуўся Чачот.
– Я даўно сумняваўся ў тваёй арыентацыі. Натурал не можа пісаць у сваіх вершах “Гэй, сябры, у гурт вясёлы” або “Гэй, малойцы!”. Ды што там казаць! Натурал ніколі не напіша “Едзе міленькі Адам... Ды ён харашэнькі сам”, калі, канечне, гаворка не пра Адама Глобуса. Здаецца, што з табой усё ясна.
– Бач ты, здаецца яму. А зялёныя чалавечкі табе ад самбукі не мярэсцяцца?! – абурыўся Ян. – У арыентацыі ён маёй засумняваўся. Глобуса прыплёў. Скажы дзякуй, што маё прозвішча не Панкавец...
– А то што? – стаў заводзіцца Віталь.
– А то б адразу лао-кік зрабіў. І віся вераценца...
– Можа выйдзем?
– І табе хопіць нахабства узняць руку на чалавека, які прыдумаў “у” нескладовае?
– “У” нескладовае прыдумаў Хадановіч у сне Уладзіміра Арлова. А ўсё іншае – улонне Евангелля. Усёк?
На секунду павісла трывожнае маўчанне.
– Супер! – усцешана выгукнуў Чачот і запляскаў у ладкі. – Чувак, ты быў непараўнальным у гэтым слэме. Хадзем ужо якую-небудзь Зосю счэпім.
– Вечна ты нахвальваеш, – сціпла прамовіў Рыжкоў і яго шчокі ўспыхнулі яркім сарамлівым румянцам.

лістапад 2009 г.

Выказацца з нагоды прачытанага (прэмадэрацыя)

Імя

Паведамленьне








Puls.by - в ритме жизни! Rating All.BY Каталог EXE.BY Каталог+поисковая система Каталог TUT.BY Белорусский рейтинг MyMinsk.com Яндекс цитирования
Асноўны зьмест © Сяргей Балахонаў | Дызайн © Ad Minataurus
Разьмяшчэньне любых матар'ялаў на іншых вэб-праектах дазваляецца з пазнакай аўтарства і спасылкай на гэты сайт.
Іншыя формы публікацыі дапускаюцца па ўзгадненьні з аўтарам.