беларускія культурныя вынікі 2006 г.
Я ня першы, хто ўзяўся падводзіць нейкія вынікі мінулага 2006 г. Размаітасьць поглядаў і разьбежнасьць ацэнак тых ці іншых падзеяў уражвае, хоць па вялікім рахунку Тэзэя беларускага постмадэрнізму
TM цяжка зьдзівіць суб'ектыўнасьцю. Я таксама дазволю сабе раскошу быць скрайне суб'ектыўным, не заўважаючы, ігнаруючы многае зь леташняга культурнага даробку, што можа іншым "бухгальтарам культуры" здалося самым значным, адметным.
КНІГІПяцёрка кнігаў года з майго пункту гледжаньня мае быць наступнай (сьпіс негерархічны):
1. Кісліцына Ганна. Новая літаратурная сітуацыя: зьмена культурнай парадыгмы.Кніга спадарыні Ганны, як той казаў, контравэрсійная. Яе заўважылі ў калялітаратурных колах і ўспрынялі па-рознаму: хтось досыць прыязна, хтось хваравіта, хтось як
"расстрэльны сьпіс". Можна колькі заўгодна наракаць на аўтарку, але яна зрабіла ладны ўнёсак у нашае літаратуразнаўства, бо падобнай абагульняючай працы, прысьвечанай трансфармацыі беларускай літаратуры ў позьнесавецкія часы і пэрыяд незалежнасьці, дагэтуль не было. Можна прыпісваць ёй нейкі
манэрны дыскурс, можна гразіцца
морду набіць, можна ўрэшце
хоць дагары сцыкнуць, але гэтай заслугі Ганны Кісьліцынай не скасуеш. У 1910 г. так тыя-сія кідаліся на працу Вацлава Ластоўскага "Кароткая гісторыя Беларусі".
2. Гісторыя беларускай літаратуры IX-XVIII стагоддзяў. Том 1.
Не зважаючы на мноства пацешных пасажаў, гэта тая кніга, якую б мусіў прачытаць кожны беларускі пісьменьнік. Дзеля чаго? Варыянты адказу: а) каб адчуць традыцыю; б) каб адчуць, што ніякай традыцыі няма. Я ж увогуле маю, як сказаў бы Аляксандар Цьвікевіч,
вялікую зазнобу да таго, што напісана на беларускіх землях да ХІХ ст., і таму кніга мне прыйшлася вельмі а вельмі да спадобы.
3. Ракіцкі Вячаслаў. Беларуская Атлянтыда: рэаліі і міты эўрапейскай нацыі.Кнігу чытаў у pdf-вэрсіі. Многае зь яе слухаў колісь краем вуха ў радыйным трэску або чытаў на сайце
Svaboda.org. Што й казаць, такога папулярнага беларусазнаўства нашай краіне сёньня дужа не стае – з чараўнікамі і капішачамі, з балотамі і лябірынтамі, з народнай кантрацэпцыяй і сэксуальныя паводзінамі ў Сярэднявеччы...
4. Станкевіч Ян. За родную мову і праўдзівы назоў: выбранае.Не набыць новую кнігу выбраных твораў Яна Станкевіча для мяне было б цяжкім філялягічным грахом. Калісь я напісаў:
"Спадар Станкевіч – мой па мове сталкер". І хоць жарсьці па
станкевіцы утаймаваліся, мноства лексэмаў і фразэмаў перавандравалі ў мой слоўнікавы запас акурат з тэкстаў Станкевіча. Усім, хто хоча
падсекчы ў сабе масквіча, але дасюль не падсёк гэтая кніга будзе вельмі карыснай. Адзін "Робінзон Крузо" чагось варты!
"Не стыдаўся я грашыці, але стыдаўся каяціся, дыкжэ стыдаўся таго, за што меў-бы пашану ў разумных людзёў".
5.
Хадановіч Андрэй. Сто лі100ў на tut.by Гэтай кнігі я не чытаў. Але Хадановіч ня можа расчароўваць.
ПІСЬМЕНЬНІКІПісьменьнікам года за творчасьць і грамадзянскую мужнасьць, а таксама за тое, што ня зьехаў за кардон ад нас – сваіх адданых прыхільнікаў ды пераймальнікаў – трэба назваць
Андрэя Хадановіча, а творам года адпаведна прызнаць ягоны
"Верш на Свабоду-ІІ":
Калі ад тэленавінаў сьнег выпадае ў асадак,
хоць мала хто сумняваўся ў прагнозах на гэты конт;
калі мэтрапалітэн працуе безь перасадак,
а нехта па тэлевізары ратуе ўласны азадак
з экрана ля дому з надпісам ГАРЫЗОНТ;
калі шмат тысяч мабільнікаў разам лічаць гадзіны,
тым болей ад іх на плошчы ніякай іншай карысьці —
стаяць і чакаць свабоды, бо выбар цяпер адзіны,
у велькім і бардза пажондным — хто б там ні трындзеў! — таварыстве;
абуць на тры пары шкарпэтак цяплейшыя боты,
на злосьць халоднай вайне й атмасфэрнаму фронту,
бо выбар цяпер адзіны — стаяць і чакаць свабоды —
ад лесьвіцы ў стылі ампір да самага ГАРЫЗОНТУ.
КАЛЮМНІСТЫКалюмніст года –
Людміла Рублеўская з рубрыкамі
"Кніжны навігатар", "Бінакуляр" і дыскусійным праектам
"Трыялет" на старонках газэты
"Беларусь Сегодня".
Цешыць тое, што спадарыня Людміла працягвае папулярызацыю сучаснай і традыцыйнай беларускай культуры са старонак афіцыйнага выданьня, сярод заснавальнікаў якога фігуруе адміністрацыя прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі.
БЛОГАСФЭРАУладзімер Каткоўскі і
Аляксандар Фядута відавочныя
блогеры года.
Дзьвюхмоўны (беларуская і ангельская часткі) блог
Уладзімера Каткоўскага ўяўляе сабой унікальны прыватны праект, дзе абсалютова рознамаштабныя падзеі разглядаюцца з гледзіча беларускага кантэксту. Нагадаю, што ў свой час (лета 2005 г.) гэта спрычыніла жорсткую канфліктную сытуацыю: шавіністычна настроеныя расейскія і прарасейскія карыстальнікі сеціва зладзілі масіраванае цкаваньне блогера, што вымусіла яго прычыніць дзёньнік на
Livejournal'е і перайсьці на цалкам асабісты блог
"Два бакi аднаго блогера". Гэты блог атрымаў Гран-пры
4-га конкурсу беларускіх кантэнт-праектаў. Аднак вядзеньне блогу прыпынілася ў сярэдзіне чэрвеня 2006 г.: спадар Уладзімер і яго жонка сталіся ахвярай жудаснага транспартанага здарэньня ў чэскай Празе. Блогер дагэтуль знаходзіцца ў стане комы. Пажадаем яму хуткага выздараўленьня!

Вядомы беларускі палітык, пісьменьнік, публіцыст
Аляксандар Фядута завёў інтэрнэт-дзёньнік у жніўні 2006 г. і адразу займеў шалёную папулярнасьць праз свае дасьціпныя допісы. Вельмі цікавымі здаюцца яго
мэмуарныя пасты, якія даюць магчымасьць зірнуць у зусім недалёкае мінулае і ўбачыць тыя ці іншыя моманты ў нечаканым ракурсе або, прынамсі, нагадаць самому сабе тое, што падзабылася за хлудам сучасных клопатаў. Так, прыкладам, з
паста "Лінг і інвэстыцыі" цікава было даведацца, як колішні беларускі прэм'ер міністар талкаваў патэнцыйным японскім інвэстарам пра надоі і сілас.
ТВОРЧЫЯ АСЯРОДКІТворчымі асяродкамі года сталіся
Галерэя Б. (куратар Ігар Бабкоў) з шэрагам літаратурна-музычных прэзэнтацыяў (у т.л. і
векапомная "Матэрыялізацыя Балахонава ў Менску" зь мядзьведзікамі, цэнтралікамі, неадбытымі скандалікамі)

і
кола аўтараў праекту CD MAG з мультымэдыйнай рэінкарнацыяй часопіса "Студэнцкая думка".

У рукі мне патрапіў толькі адзін леташні паўнафарматны (зь відэа- і аўдыёматэрыяламі) дыск
CD MAG "Летнія скандалы", але і аднаго яго дастаткова, каб засьведчыць, што ў
БТ ці
ОНТ пры нармалёвым разьвіцьці мэдыйнага рынку маглі б зьявіцца
сур'ёзныя канкурэнты.
ВЫДАНЬНІВыданьне года – найцудоўным чынам уваскрослы альманах
"Фрагмэнты" (рэдактар
Ігар Бабкоў). Адной з тэмаў нумару стаўся
постмадэрнізм, фэномэн якога разглядаецца аўтарамі супрацьлеглых філязофскіх канцэпцыяў. Пэрсанальная рэфлексія аўтраў выяўляецца настолькі гермэтычнай, што паспалітаму постмадэрністу з-пад вёскі Рудня-Гулева даводзіцца біцца галавой аб сьценку, каб супакоіць свой шал з нагоды таго, што
ні храна непанятна. Апошняе ў прынцыпе не здымае віны з самога
непанятніка.
"Абсалютны "грэх" мусіць быць актам чыстай спантаннасці і "волі да ўлады". І "антыэдыпава" рашэнне Дэлёза – не "забойства бацькі" (нізрынанне платанізму), а садамічная сувязь з ім (вычварэнне латанізму), "Платон" у постаці падпарадкавання". Дакрануўшыся да сакруму тэксту спадара
Сяргея Санько, чамусьці так хочацца цытаваць новы раман
Віктара Пялевіна "Empire V":
"В предельном случае секс может быть выведен за скобки гламурного уравнения... Деньги, выраженные через секс, можно представить как деньги, выраженные через секс, выраженный через деньги, то есть деньги, выраженные через деньги. То же самое относится и к дискурсу, только с поправкой на мнимость".
МУЗЫКАДля беларускай музыкі год быў, як здаецца, ня самым плённым. Мы па-ранейшаму ня здолеем сабраць на адзін дыск 20 якасных беларускамоўных песьняў. Назаву тры
Песьні года, якія адносяцца да розных стыляў і кірункаў: лепшая рэпавая чытанка
"Адзiнае Пытаньне" (праект
"Cumariors"), лепшы поп-рокавы твор
"Жыві" (група
"J:МОРС"), лепшая рок-альтэрнатыва
"Беларусь будзе вольнай" (гурт
"Tav.Mauzer").
Названы рэп ад
"Cumariors" прыцягвае сваёй апакаліпсычнасьцю. Быццам стаіш над прорваю і зазіраеш у ейныя вочы:
Стой! Мы спаткаемся з усьмешкамі на тым сьвеце.
Бо зло наш спакусьнік. Справа не ўва мне, а кожным трэцім.
Хто разумее, што гэта голас зышэдшых з курсу?
Кроў недабеларусаў зноў льецца з нашых вуснаў.
Калі я мог даваць нейкія ўзнагароды ці якія-небудзь
рэп-кароны, дык я аддаў бы іх
кумарыёрсам нават за адзін толькі радок пра
кроў недабеларусаў, бо трапна падкрэсьлены рэаліі масавай айчыннай паўсядзённасьці.
Абмінуўшы дзяржаўнасьць, служы іржаваму рэжыму дынастыі псоў.
Прывід надзеі ў лепшае павешаны зноў...
Міжволі станеш аптымістам. Асобны
дзякуй хай прымае
Krou, бо безь ягонага імпульсу гэтай чытанкі магло б і нябыць.
Як бы хто не пляваўся пры слове
"J:МОРС", мне гэты гурт падабаецца, у тым ліку нават і за расейскамоўныя песьні. А ў новым альбоме
"Босиком по мостовой" песьняў па-беларуску тры. Ня так многа, як хацелася
братам Луцкевічам у 1918 годзе, але ж гэта нешта ў параўнаньні з суседнімі музычнымі сэктарамі. Песьня
"Жыві" проста, як бальзам, легла на маё сэрца, парванае калючым зьзяньнем сузор'я Ганчакоў:
Жывi i ня ведай
Мне так будзе лягчэй трываць
Крывi не пазбеглi
Я не здолеў далей кахаць
Калі б ейны рэліз адбыўся колькімі месяцамі раней, то магчыма ўлетку я ня слухаў бы так часта
"Останусь пеплом на губах" у выкананьні усходніх суседзяў з гурту
"Город-312".
"Tav.Mauzer" гурт дзіўны. Першыя іх песьні, што давялося зь цікавасьці ад газэтна-нэтаўскай пагалоскі адкапаць у абшарах сусьветнага павуціньня, мне спадабаліся не адразу. Неяк паступова. Паціху-патроху. І, калі холад вясны 2006 года дасягнуў сваёй максімальнай гарачыні, галасы
Яна Маўзэра і
Сьветы Сугакі зьелі мой
моск:
Па нашых вуліцах ходзяць камуфляжныя людзі з сабакамі,
На нашых вуліцах стаяць БТРы,
На вуліцах чорныя вятры тлумачаць знакамі:
Лепей не пакідаць межы кватэры.
Пра гэта маўчаць злыя людзі ў чэргах,
Ня ведаюць прахожых шчокі няголеныя,
І гэта страшна, бо трэба выйсьці з шэрагу.
Беларусь будзе вольнай!
Што праўда, зьесьці яго было вельмі проста, бо сушыла мяне толькі адна думка – думка пра каханьне. Маё каханьне. Вось і сьніліся мне адразу пасьля першага праслухоўваньня названай
маўзэраўскай песьні, БТРы, людзі ў камуфляжах і я, які шукае ў гарадзкіх скразьняках адзіную каханую.
Белорусскую качэственную папсу я амаль ня слухаў. Але, падаецца, што поп-выканаўцы заставаліся адданымі свайму ўлюбёнаму амплюа – малпаваньню расейскай папсяцінкі. Ніякіх зрухаў на карысьць беларушчыны тут амаль не прыкмячаецца. А калі раптам кагось прарывае, то беларускае, зазвычай, зводзіцца да нейкага этнаграфізму, музэйнага дэкору, знаеце.
Журавы-журавушкі, не курлычце мілыя! Абурае і той факт, што перапевы (кавэр-вэрсіі) многіх сусьветных поп-гітоў робяцца выключна па-расейску. Здавлася, вось яно поле для нацыянальнай рэабілітацыі – бяры, перакладай на беларускую, сьпявай. Ды дзе там!
Сок смакталі камбайнёры!Я па вялікім рахунку
за мультыкультуралізм. Але тое, што адбываецца, назваць мультыкультуралізмам магчыма толькі з глыбокага саўковага бадуна, радуючыся шматстайнасьці
чарнільнага асартымэту. Каб нешта зьмянілася, павінна ажыцьцявіцца
каштоўнасная рэвалюцыя ў многіх сотнях і тысячах галовах.
ФЭСТЫВАЛІ
Музычным фэстам года прызнаю канцэрт
Estrella Star Show з удзелам
The Cardigans,
J:МОРС,
beZ bileta,
Город 312,
Ума2рман. Не за анансаваную маштабнасьць і аграмадныя кіляваты гуку, а за тое, што салістка
кардыганаў Ніна Пэрсан скончыла канцэрт мілай усьмешкай і словамі:
"Жыве Беларусь!"

Насьмяшыла журналістка
"Беларуси Сегодня" Віка Папова, якая заўважыла, што салістка
312-х гараджанаў Ая, ледзьве не аблізваючыся, глядзела на саліста
морсаў Уладзімера Пугача, а той, маўляў, адказваў ёй адпаведнымі флюідамі:
"Владимир посмотрел на Аю, она — на него. Вполне возможно, что их первая встреча на белорусской сцене выльется в плодотворный дуэт". Але ж як добра, што сэр
Элтан Джон не прыехаў!
Нагадаю, што
Estrella Star Show рэклямавалася і на маім сайце, з чаго выйшаў
канфуз: тэлефанавала цёця з рэклямнае агенцыі і прасіла тэрмінова зьняць банэр, а потым перадумала і прыслала
лепшы іншы. Як і водзіцца ў
беларускім капіталістычным выраі, ніякіх падзякаў за, няхай сабе сьціплую, рэкляму Ваш найніжэйшы а пакорлівы служка не атрымаў.
ПЛЕНЭРЫПра пленэры ў 2006 г. даводзілася найбольш чытаць у
Livejournal'e, а само слова "пленэр" стала асацыявацца чамусьці з
Марыйкай Мартысевіч. Але гаворка не пра яе.
Пленэрам года я абвяшчаю праект скульптара
Гэніка Лойкі "Легенда зь пяску" у яго гомельскай рэдакцыі.
Скульптары і дабрахвотнікі, між якіх былі проста адпачывальнікі, што прыйшлі паваляцца на пляжы, за некалькі ліпеньскіх дзён наваялі на беразе Сожа пясочную фігуру
цмока. Гомельскі куратар праекту
Яўген Малікаў (а пясчаны цмок – ягоная даўняя мара) граматна падыйшоў да інфармацыйнага забесьпячэньня пленэру, што ўрэшце аб ім (пленэры, а іншым разам і аб Малікаве) гаварылі і пісалі ледзьве ня ўсе гомельскія мэдыі. Хоць яшчэ адно беларускае слова вывучыла наша 480-тысячнае мястэчка. Рэспэкт дзядзьку!

Фігура цмока ўзята найперш з сучаснага беларускага культурнага кантэксту: у другой палове 90-х гг. ХХ ст. у асяродку гомельскіх вольных мастакоў (
Андрусь Скідан і аўтары газэткі
"Аксамітны Жах") паўстала своеасаблівая цмачыная міталёгія. Адпачатку гэта была постмадэрнісцкая гульня. Аднак паступовая яна напаўнялася рэальнымі зьвесткамі гістарычна-этнаграфічнага пляну, ствараючы адметны гомельскі кантэкст, якому прысьпеў час выплеснуцца з вольнамастакоўскіх чарадзейных катлоў на галовы местачкоўцаў...
ЖЫВАПІСМастак года па маёй вэрсіі –
Андрэй Пакроўскі, творы якога аздобілі польскае выданьне вершаў Андрэя Хадановіча. Мне асабіста падабаецца яго праца пад назвай
"Zваўчэньне". Магчыма таму, што адлюстраваная
zвоўчаная істота мне вельмі нагадала традыцыйна нявіннага гомельскага цмока.

А букет палявых кветачак з ваўчанай пашчы – гэта проста цуд нейкі! Маўляў, гэтая яшчэ толькі цьвяточкі, а ягадкі (воўчыя) яшчэ ўперадзе. А каму
zвоўчаная істота робіць такі выкшталцоны падарунак? Я ня ведаю. Але ж які прастор, якая афшорная зона для вольных фантазій! Можа там
Віславухая Прынцэса... Ці
Замерзлы Мілінкевіч... Ці
Паліна Смолава на худой канец...
Фатаграфіі сваіх чарговых работ спадар Андрэй рэгулярна выкладае ў Сеціва і публікуе ў блогу
"Wake up and draw!"
ФАТАГРАФІЯ Беларускі фатограф года –
Юлія Дарашкевіч, якая цягам усіх дванаццаці месяцаў 2006 г. была
на лініі агню.

Ну, а тое, што Юлечка ўпарта адмаўляецца мяне
фрэндзіць у
Liveournal'е, мушу сьпісаць на ейную прафэсійную занятасьць і ніяк не на затоеную крыўду на адзін мой колішні тэкст пра лета...
Фотапраектам года назаву
сэрыю сатырычных фотаработаў "Тайна дзясятай плянэты" (аўтары Андрэй Логінаў і Валер Савульчык), прэзэнтаваную на Фэстывалі беларускай культуры
GOOD-BY у Бэрліне.

Саркастычны паказ стэрэатыпных вобразаў беларусаў і выразнае пакепліваньне зь сябе ёсьць безумоўнай перамогай над беларускай традыцыяй пампезнага самаўсхваленьня. Адзінае, што бянтэжыць, дык напэўна думка пра немцаў: што яны ўбачылі ў гэтым сарказьме і ці ня ўзьнік у іх галовах пасьля прагляду фотаработаў яшчэ адзін стэрэатыпны шэраг?
КІНОПасьля "Акупацыя. Містэрыі" Андрэя Кудзіненкі айчынны кінэматограф ня можа нічым парадаваць. Застой. Спадзеваў на тое, што "Беларусьфільм" пад кіраўніцтвам
новапрызначанага Уладзімера Замяталіна дасьць нам нешта шэдэўральнае, нямашака. Казаць пра
трэшавы відэакомікс "Гудбай, бацька!" (творчая група "Навінкі") як пра значнае дасягеньне беларускага кіно таксама не выпадае.
АНІМАЦЫЯБеларусам не была прапанавана маштабная альтэрнатыва замежнай анімацыйнай плыні ці хаця б асобным знакавым анімацыйным праектам апошніх гадоў накшталт
"Шрэка" ці
"Алёша Паповіч і Тугарын-Зьмей".
Лепшай айчыннай анімацыйнай задумай года варта прызнаць
праект флэшавага мультсэрыялу "Васілёк" інфармацыйнага студэнцкага рэсурсу
Studenty.by.

Застаецца спадзявацца, што праект не заглохне, толкам не распачаўшыся, як гэта дастаткова часта, на жаль, бывае ў беларускіх варунках.
Прэтэнзіяй года, зьнітаванай з анімацыяй, стаўся
дубляж на беларускую мову мультфільма "Шрэк-2", выкананы суполкай
"Беларускі Гальфстрым" пры ўдзеле Аляксандра Памідорава, Русі, Юр'я Жагамонта, Макса Івашына і інш. культавых постацяў беларускага андэгараўнду і шоў-бізу.

Спрэчным момантам гэтай працы сталася прыўнесеньне ў дубляваны варыянт пэўных беларускіх рэаліяў: хакей, кантрактная сыстэма, кавярні "Хутка-смачна", фабрыка "Камунарка", тэлеперадача "Панарама". Да таго ж добрае пачынаньне азмрочваецца фактам
пірацтва, бо наклад дыскаў зь беларускім перакладам мультфільма не зьяўляецца ліцэнзійным.
МУЛЬТЫМЭДЫЯЗваньня
Мультымэдыйны праект года заслужыў
дыск добра вядомых ананімных аўтараў "Open Air Revolution", прысьвечаны фэномэну Плошчы і Сакавіка-2006.
Сьцісласьць кампэнсуецца апэратыўнасьцю.
ПРЫГАЖОСЬЦЬКультура, як ведама, гэта тое, што створана чалавекам у адрозьненьні ад твораў прыроды. А што тады чалавек ці, дакладней, чалавечая прыгажосьць: прадукт прыроды ці культуры? Адказы могуць быць супрацьлеглымі. І я ўсё ж рызыкую казаць пра
чалавечую прыгажосьць у культурных выніках 2006 г.
Беларускі-прыгажуні года:
супэрмадэль сьвету паводле вэрсіі агенцтва "Форд Модэлз" Кацярына Даманькова –
і гомельская
студэнтка Вольга Вашчылава –
Можа кагосьці забыў. Выбачайце, калі ласка. Starасьць ня радасьць.
30 сьнежня, 2006 г. – 4 студзеня 2007 г.
Выказваньні чытачоў
Цімохаў грут 5.01.2007. 8:54Сярэдні густ і паверхнявы інтэлект + яўны нарцысізм
Балахонаў 14.01.2007. 14:44
2Цімохаў грут:
Якія адкрываюцца глыбіні! :-D
ЗЫ. А што Вы пра Сэргія Жадана думаеце?