Рэцэнзія на кнігу: Katarzyna Bortnowska. Białoruski postmodernizm: Liryka „pokolenia Bum-Bam-Litu”. W-wa: WUW, 2009.-225 str.
…Калісьці на лекцыі па гісторыі крытыкі выкладчык не стрымаў эмоцый: заходні даследчык, аналізуючы беларускую літаратуру, пераблытаў факты і прычынна-выніковыя сувязі ў літпрацэсе, чым выклікаў у спецыялістаў натуральную рэакцыю: “Гэта кніга не пра нас”. Так яшчэ са студэнцкіх гадоў я мела пэўную перадустаноўку да замежнага погляду на беларускую літаратуру. Натрапіўшы на манаграфію Катажыны Бартноўскай і толькі зірнуўшы на назву «Bia?oruski postmodernizm: Liryka „pokolenia Bum-Bam-Litu”», я замацавалася ў сваім меркаванні: постмадэрнізм у беларускай літаратуры з’ява дыскусійная, а некалькі дзесяткаў бумбамлітаўцаў загучна называць пакаленнем.
І хоць аўтар адразу патлумачыла назву: і постмадэрнізм у нас адмысловы, беларускі; і ўмоўны тэрмін “пакаленне Бум-Бам-Літу” ўзяты для зручнасці і ў двукоссі, у гэтую кнігу я “ўваходзіла” з пэўнай насцярогай. Прадмова Яна Козьбяла, цвелячы маю патрыятычную пільнасць, бянтэжыла адкрытай бязлітаснасцю ("Скончыўся працэс еўрапеізацыі беларускай літаратуры, распачаты на мяжы ХІХ і ХХ ст. Максімам Багдановічам". [с. 11] “Дэфіцыт пяці стагоддзяў у літаратуры лёгка заўважаецца” [с. 11] і г.д.).

Першы раздзел кнігі, у якім пакаленне “Бум-Бам-Літу” апісвалася і параўноўвалася з тоеснымі пакаленнямі ў іншых краінах, падаваўся хадой па мінным полі: адна няправільная інтэрпрэтацыя ці некарэктная ацэнка – і чаканая рэакцыя: “Гэта кніга не пра нас”. Але аўтарка не расчаравала. Больш за тое, я як выпускніца філфака БДУ і даследчыца сумежнай навуковай тэмы ў падраздзеле пра беларускія даследаванні “пакалення Бум-Бам-Літу” злавіла сябе на думцы, што ніхто не забыты: згаданы ключавыя тэксты, працытаваны асноўныя даследчыкі тэмы (В. Акудовіч, І. Багдановіч, С. Балахонаў, Л. Баршчэўскі, А. Бязлепкіна, П. Васючэнка, С. Дубавец М. Жбанкоў, Д. Жукоўскі, Г. Кісліцына, І. Кур’ян, А. Макмілін, Л. Сінькова, І. Скарапанава, Г. Тычко, М. Тычына, А. Хадановіч і многія іншыя). Мяркуючы па сабе (а я не маю прэтэнзій да таго, як у манаграфіі зацытаваны аўтарэферат маёй дысертацыі), адзначу, што К. Бартноўска карэктна спасылаецца на беларускіх даследчыкаў і пры патрэбе доказна не пагаджаецца, паралельна адзначаючы “нацыянальную спецыфіку” беларускага літаратуразнаўства: тэрміналагічную неўпарадкаванасць (часта – з прычыны залішняга даверу да тэарэтычных выкладак саміх аўтараў). Зрэшты, аўтарка сама даверліва цытуе тэзіс В. Акудовіча пра тое, што ББЛ – першае згуртаванне аўтараў, сфарміраванае на падставе агульнасці эстэтычных поглядаў. Але “пакаленне Бум-Бам-Літу”, “сфармуляванае” К. Бартноўскай, выглядаючы рэпрэзентатыўнай карцінай маладой беларускай літаратуры, не тоеснае суполцы ББЛ. І відавочна, што Віктар Жыбуль і Зміцер Вішнёў з аднаго боку і, напрыклад, Рагнед Малахоўскі і Аксана Спрынчан з другога задаюць занадта рознародны матэрыял для аналізу, бо з’яўляюцца полюсамі сучаснай беларускай паэзіі.
Магчыма, з прычыны неабдымнай усеахопнасці аб’екта даследавання адна з мэт манаграфіі – упарадкаваць тэрміналогію [с. 19] – не дасягаецца, інакш і назва кнігі была б іншай, “упарадкаванай”. Зрэшты, ці магчыма наогул дасягненне гэтай мэты? Сітуацыя паскоранага развіцця літаратуры зрабіла сваю справу –
і эстэтычная эклектыка стала нашай літаратурнай штодзённасцю. Нашмат важнейшым і цікавейшым клопатам апынулася стварэнне партрэту лірычнага суб’екта пакалення, калі шараговыя, непрыкметныя, нават слабыя вершы раптам, пры трапным ракурсе разгляду, узбуйняюцца і становяцца неабходным фрагментам вялікай мазаікі, і тады відавочна, як лірычны герой “пакалення Бум-Бам-Літу” вагаецца ад закамплексаванасці да нарцысізму (“комплекс Бога”): ад акудовічаўскага “мяне няма” ў Вікі Трэнас, “мяне няма і я паўсюль” Віктара Жыбуля, “я не існую” Змітра Вішнёва, “я не ведаю, хто я і што” Міхася Башуры, “я не памятаю свайго імя” Змітра Пляна, “я тоненькая як твае вейкі” Вальжыны Морт, “я маленькая кропелька вады” Вольгі Гапеевай да “я - звышманументальны і больш такіх няма”, “я сяду за Пульт Кіравання Галактыкай” і “я хачу быць пупом неба” Віктара Жыбуля і “я ўжо не чалавек – сучасны міт” Андрэя Хадановіча [c. 69-86].
Лірычны герой маладой беларускай паэзіі мае праблемы з самаўпрыманнем, адзначае К. Бартноўска. Малапрыемная аўтарэфлексія, цяжкасці з самаўпрыманнем (то літота, то гіпербала), жаданне шакаваць рэцыпіента твора, псіхічныя праблемы і нават вар’яцтва лірычнага героя, фіксацыя ўласнай слабасці і бяссілля, жаданне ўцячы з гэтага свету, інфантыльнасць (“афрыканізацыя беларускай літаратуры”) і падкрэсленая наіўнасць, паэтычная інтравертнасць – усё гэта ёсць вынікам спецыфічнага светаадчування “пакалення ББЛ”: там эстэтызуецца бессэнсоўнасць жыцця і бескаштоўнасць любых дзеянняў.
Натуральна, некаторыя з’явы “маскіруюцца” ў кнізе тэрміналогіяй (“новая літаратурная камунікацыя”, “іншае разуменне ролі творцы” – гэта ўсё па існасці фіксацыя шоўцэнтрычнасці і павярхоўнасці паэзіі гэтага пакалення). Пры гэтым аўтарка разумее сваіх паддоследных: гэтае пакаленне не вучыць сваіх чытачоў і гледачоў, яно толькі забаўляе іх. Але гэта вынік не асабістай неглыбокасці, а хутчэй – вялікай разгубленасці перад жыццём. Яны самі не ведаюць, як жыць, і таму не могуць навучыць іншых. Гэта пакаленне творцаў, якія пішуць не для чытача-беларуса, а для чытача-чалавека.
К. Бартноўска заўважыла, што касмапалітычны падыход у творчасці паэтаў, малая ўвага да гістарычнай тэмы прывялі да адсутнасці цэласнага вобразу краіны, і мне чамусьці здаецца, што заўважыць гэта можна толькі пры поглядзе звонку, бо кожны беларускі чытач, маючы ўласны вобраз краіны, распаўсюджвае яго і на тэксты, дзе гэты вобраз выяўлены слаба, а таму не адчувае гэтага недахопу. Нечаканымі падаліся развагі пра стаўленне паэтаў да палітычных і рэлігійных пытанняў. Аўтарка не проста зафіксавала з’яву, экстрапаляваную на цэлае пакаленне, яна досыць пераканаўча паспрабавала вытлумачаць прычыны з’явы: чаму менавіта такі лірычны герой, чаму менавіта такі чытач, чаму менавіта так успрымаецца свет, якое стаўленне ў паэтаў да Бога, кахання і мастацтва і чаму менавіта такое. І гэтае вытлумачэнне, лаканічнае і дакладнае, грунтуецца не толькі на мастацкіх творах, але і на беларускіх грамадска-палітычных і культурных рэаліях.
Пад час працы над дысертацыяй, якая і склала аснову манаграфіі, К. Бартноўска прапанавала паэтам, чыю творчасць аналізавала, анкеты. Але мяркую, што свядомая адмова ці выпадковая неахайнасць маладых літаратараў, якія так і не адказалі на пытанні анкеты, пайшла на карысць рабоце (зрэшты, а як адказаць на пытанне пра прысутнасць уласнай творчасці ў сучасным літаратурным працэсе? [c. 20]. Адзначу, што ў аўтаркі не было “інфармацыйнага голаду”: гэтае пакаленне, у адрозненне, напрыклад, ад пакалення “Тутэйшых”, пакінула па сабе шмат слядоў у друку і Сеціве, якія патрабуюць большых намаганняў па інтэрпрэтацыі, чым адказы на анкету, але, магчыма, менш суб’ектыўныя.
Погляд збоку вельмі важны тым, што заўважаюцца тыя моманты, якія нам самім падаюцца зразумелымі, звыклымі і натуральнымі (так, я, адпаведная па ўзросце “пакаленню Бум-Бам-Літу”, у паасобных сацыялагічных фрагментах лавіла сябе на думцы, што гэта кніга не толькі пра сучасную лірыку і літаратурны працэс, але і кніга пра мяне і маё пакаленне), але назіральнік/даследчык збоку рызыкуе не заўважыць існаснае ці няправільна ацаніць маштабы з’яў, уплываў і роляў. Кніга Катажыны Бартноўскай мае ўсе вартасці і ніводнага значнага хібу погляду звонку. Верагодна, на “прабеларускасць” даследчыцы паўплывала наяўнасць кансультантаў з беларускага боку – прафесара Мікалая Хаўстовіча і прафесара Сяргея Кавалёва, а таксама шэрагу старэйшых калег з Польшчы, заангажаваных у беларускае літаратаразнаўства, падзякі якім выказваюцца аўтаркай у прадмове. Але для прафесійнага чытача важны сам тэкст. І манаграфія Катажыны Бартноўскай Bia?oruski postmodernizm: Liryka „pokolenia Bum-Bam-Litu” – гэта выданне, якое цяпер нельга абмінуць пры даследаванні сучаснага беларускага літаратурнага працэсу і пры выкладанні сучаснай літаратуры ў вышэйшых навучальных установах.
Такая кніга магла (і павінна была) быць створанай у Беларусі (шэраг нявыдадзеных дысертацый не лічыцца). І зразумела, чаму прадстаўнікі “пакалення Бум-Бам-Літу” ўхапіліся за магчымасць перакласці і выдаць манаграфію ў Беларусі. “Гэта кніга пра нас”. Толькі я спадзяюся, што з перакладу не знікне апошні сказ манаграфіі: “З’яўляючыся аднак толькі творамі генерацыйнымі, яны не маюць універсальнага, агульначалавечага значэння, і напэўна таму прадстаўнікі гэтага пакалення у многіх краінах Еўропы дагэтуль застаюцца ў ценю сваіх старэйшых калег”.
"Мая аранЖЖарэя. Блог Аксаны Бязлепкінай", 26 сакавіка 2010 г., 20:16 Верхняе фота:
steffanie-musings.blogspot.com