Беларуская літаратура :: Тэзэй беларускага постмадэрнізму :: сайт творчасці Сяргея Балахонава
 КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 РОЗГАЛАС: АРТЫКУЛЫ, ІНТЭРВІЮ, РЭПАРТАЖЫ, ДОПІСЫ

Аксана Бязлепкіна. Праблемы трансляцыі традыцыі ў беларускай літаратуры

Аксана Бязлепкіна. Праблемы трансляцыі традыцыі ў беларускай літаратуры

У дэфініцыі традыцыі (гэта “тое, што перадаецца папярэднімі пакаленнямі наступным”) ключавым ўяўляецца слова “перадаецца”. Традыцыя мусіць транслявацца рэцыпіентам, гэта адзіна магчымая форма яе існавання. Спыненне трансляцыі выяўляецца смерцю традыцыі, пераходам яе ў пасіўны архіў – спадчыну. Таму натуральна, што ў беларускім літаратурным працэсе пазіцыі традыцыі настолькі моцныя, што ўяўляюцца своеасаблівай панацэяй ад усіх сучасных праблем культуры: маўляў, калі мы зберажэм традыцыю і яе аўтарытэт, то захаваем сваю ідэнтычнасць. Але для падтрымання жыццядзейнасці літаратуры аднаго захавання традыцыі недастаткова: традыцыя павінна быць уключана ў працэсы пераемнасці, яна павінна транслявацца рэцыпіентам не ў ідэальна-кананічным выглядзе, а з варыяцыямі, “памылкамі”. У працэсе трансляцыі традыцыі павінны назапашвацца гэтыя змяненні, якія і дазваляюць традыцыі прыстасоўвацца да змененых умоў жыцця грамадства. Якім чынам гэта адбываецца?

Аксана Бязлепкіна думае пра традыцыю

Расійская даследчыца Т.І. Ігнаценка, вельмі шырока разумеючы пераемнасць (аж да атаясамлення яе з традыцыяй) вызначыла, што ў грамадстве ў дачыненні да пераемнасці (традыцыі) склаліся спецыфічныя трансляцыйныя формы: аб'ектываваная і інтэрсуб'ектываваная сацыяльная памяць [5, с. 9]. Гэта значыць, што традыцыя (літаратурная ў тым ліку) перадаецца двума шляхамі, захоўваецца ў дзвюх формах:

1) традыцыя, увасобленая ў матэрыяльныя прадукты чалавечай дзейнасці. Гэта значыць, пэўная зафіксаваная, “беззаганная” частка традыцыі, так званая спадчына, якая існуе нязменна і незалежна ад наяўнасці рэцыпіентаў.

2) традыцыя, прапісаная ў свядомасці паасобнага чалавека ці ў афіцыйнай, ідэалагічна ўхваленай сістэме каштоўнасцей цэлага грамадства. Яна рухомая, зменлівая, адкрытая для новай інфармацыі.

Такім чынам, існуюць два складнікі традыцыі – статычны (пасіўны, тое, што патэнцыяльна можа перадавацца, фіксаванне інфармацыі на матэрыяльных носьбітах), другі – дынамічны (актыўны), для зручнасці так і будзем іх называць далей. У норме статычны і дынамічны складнікі традыцыі збалансаваны; вялікая перавага ці абсалютнае дамінаванне аднаго з іх сведчыць пра тое, што сістэма знаходзіцца ў крызісе (падрабязней у [5, с. 9]). Небяспечна (бо ненадзейна!), калі ўсе веды народа знаходзяцца толькі ў кнігах і не маюць выйсця да людзей (гэта непрадуктыўная ці, калі дазволіць сабе аксюмаран, “мёртвая традыцыя”). Гэтаксама нетрывалай будзе традыцыя, якая захоўваецца толькі ў памяці людзей, існуе без замацавання на матэрыяльных носьбітах. Паміж ідэальнымі, занатаванымі, нязменнымі ведамі і людзьмі, якія забяспечваюць традыцыю інавацыямі (плённымі ці не – іншае пытанне), павінна быць сувязь. І вось гэты баланс паміж статычным і дынамічным складнікамі традыцыі, узаемасувязь паміж імі забяспечваюцца праз адмысловыя каналы перадачы інфармацыі.

Чараўніца трансьлюе традыцыю

Праз якія каналы ажыццяўляецца трансляцыя беларускай літаратуры? У першую чаргу гэта адукацыйныя ўстановы (сярэдняя, вышэйшая школа), а таксама СМІ (газеты, часопісы, Сеціва) і кнігі. Лёгка заўважыць, што адукацыя робіць акцэнт на статычным складніку традыцыі, апелюе найперш да кананізаваных тэкстаў (напрамак трансляцыі “кнігі – людзі”), а СМІ дбаюць на карысць складніка дынамічнага, фіксуючы новыя тэксты і падзеі літаратурнага працэсу (напрамак трансляцыі “людзі – кнігі”).

Натуральнаму ходу трансляцыі беларускай літаратуры ў абодвух вышэйзгаданых напрамках замінаюць некалькі фактараў:

1) сучасныя рэцыпіенты не заўсёды валодаюць беларускай мовай на такім узроўні, каб адэкватна ўспрымаць тэксты. У такім кантэксце можна сцвярджаць, што недасканалая (напрыклад, са значнай колькасцю русізмаў) беларуская мова пісьменніка – не заўсёды загана, бо такія тэксты палягчаюць працэс адаптацыі да чытання беларускамоўных тэкстаў. Так, дзецьмі абсалютна натуральна ўспрымаецца тэкст школьнай аповесці Яўгена Хвалея “Прынцэса тусоўкі”, пазбавіць які ад русіфікаваных канструкцый не змаглі нават чатыры рэдактары. Гэта яскравы прыклад адаптаванай, як для замежнікаў, літаратуры.

2) фактычны і інфармацыйны разрыў паміж жыццёвымі рэаліямі, якія “спарадзілі” класіку, і той рэчаіснасцю, якая фарміруе сучасных рэцыпіентаў літаратурных тэкстаў. Гэта значыць, што многія гістарычныя падзеі, факты, падрабязнасці побыту, сістэма каштоўнасцей пэўнага часу альбо малавядомыя сярэднестатыстычнаму чытачу, альбо незразумелыя, альбо аб’ектыўна састарэлі. Можна запярэчыць, што мастацкія вартасці тэксту могуць “пераважваць” у свядомасці чытача паасобныя малазразумелыя моманты. Але малады чытач не заўсёды падрыхтаваны да эстэтычнага ўспрымання твора.

Пры ўсіх спосабах трансляцыі беларуская літаратура мае пэўныя праблемы, выкліканыя не толькі зменай сацыяльна-грамадскай парадыгмы, але і нерацыянальным выкарыстаннем магчымасцей і рэсурсаў, збыткоўнай фіксацыяй на статычным складніку традыцыі і капіяванні яе (маецца на ўвазе, што замест натуральнага развіцця традыцыі і каналаў яе трансляцыі носьбіты традыцыі тыражуюць, паўтараюць вядомае, устойлівае ў рызыкоўна непрапарцыянальных аб’ёмах). Трансляцыю беларускай літаратуры немагчыма пашырыць аднымі заклікамі (гэта праблема ў кампетэнцыі дзяржавы), але можна гаварыць пра пераразмеркаванне спосабаў трансляцыі ў межах наяўных памераў трансляцыі традыцыі.

Што робіцца і што магло б рабіцца для пераадолення тыражавання традыцыі ў трансляцыі беларускай літаратуры? Статычны і дынамічны складнікі традыцыі могуць узбагаціцца новым зместам і формай на ўзроўні адукацыйных устаноў і друкаваных і электронных выданняў.

У праграмы адукацыйных ўстаноў, што падтрымліваюць статычны складнік традыцыі, могуць быць уведзены:

1) Сучасны змест: “Сучасныя творы сучасным чытачам”. Варта прапаноўваць моладзі творы на актуальныя тэмы. Гэта дазволіць разбурыць стэрэатыпы, звязаныя з беларускай літаратурай, і засведчыць яе жыццяздольнасць. Вядома, мастацкі ўзровень актуальных тэкстаў не заўсёды лёгка ацаніць, цяжка вызначыць, што стане класікай. Але гэта і не самае істотнае. Бо функцыя сучаснай літаратуры ў праграме па літаратуры – фатычная, гэта функцыя ўстаноўкі кантакту.

Аксана Бязлепкіна і яе студэнты

На іспыце па беларускай літаратуры ІІ паловы ХХ ст. я правяла эксперымент: прапанавала студэнтам 3 курса факультэта журналістыкі БДУ карткі з вершамі сучасных аўтараў, адзін з двух вершаў на картцы быў выразна графаманскі, яго і трэба было вызначыць. Аднак многія са студэнтаў спрабавалі кіравацца стэрэатыпамі: беларуская літаратура – гэта вёска, вайна, прырода, любоў да Радзімы і шэраг падобных каштоўнасцей і тэм. Таму высокія ацэнкі незалежна ад якасці атрымлівалі вершы пра беларушчыну альбо пра маму.

Пры гэтым верш Н. Кучмель “Ліпень. Здымкі начныя...” пераважная большасць студэнтаў запісвала ў графаманскія. На пытанне “Чаму?” цытавалі радкі:

У кустах вербалозу захліпаецца соладка конік,
І расою паволі набракаюць красоўкі твае”. [7, с. 25].

Таму што “красоўкі”! Атрымліваецца зачараванае кола. Маладыя чытачы прывучаныя школай да таго, што беларуская літаратура несучасная, што ў ёй не можа быць актуальных рэалій, бо яна выконвае дэкаратыўныя функцыі. А што можа быць? Вёска, прырода і далей па спісе... А яны, напрыклад, гараджане ў трэцім пакаленні і касмапаліты-урбаністы па светапоглядзе. Высвятляецца, што іх зацікаўленні і каштоўнасці не стасуюцца з выказанымі ў тэксце: паміж чытачом і творам няма агульнага поля. А вось твор на сучасную тэму лёгка пераадольвае гэтую мяжу (напрыклад, творы А. Федарэнкі, А. Наварыча, Ю. Станкевіча, А. Брава, А. Бахарэвіча, Л. Рублеўскай, Ю. Каляды, А. Паўлухіна і іншыя).

Можа ўзнікнуць пытанне, навошта наогул пераадольваць наяўную сітуацыю? Ёсць як мінімум дзве прычыны.

Па-першае, змест літаратурнай традыцыі не кананічны. Іерархія твораў паступова пераструктуроўваецца: частка твораў вытрымлівае выпрабаванне часам, частка – не; новыя творы выцясняюць напісаныя раней. Творы мусяць праходзіць апрабацыю выкладаннем, успрыманнем маладым чытачом. Гэта ідзе на карысць класіцы як “залатому фонду” літаратуры.

Па-дугое, непрыманне новага ў нечым тоеснае падтрыманню стэрэатыпаў, датычных беларускай літаратуры, а гэта непрадуктыўны шлях, які замыкае традыцыю саму на сябе. А каб мець будучыню, літаратура павінна мець выйсце да небеззаганных носьбітаў традыцыі, якія і забяспечаць ёй жыццё. Хоць самы ўдалы момант для такіх змен быў прапушчаны: пакаленню дзяцей, якія атрымалі пачатковую беларускамоўную адукацыю (цяпер ім крыху за 20), не прапанавалі тэксты, якія закраналі б моладзевыя праблемы.

Таксама можна адзначыць пэўную стэрэатыпнасць ва ўяўленні пра многіх беларускіх класікаў. На пытанне пра любімага пісьменніка студэнты адказваюць зладжана – У. Караткевіч. Але наступнае пытанне высвятляе, што насамрэч з твораў Караткевіча студэнт нічога не чытаў. Проста з цікавай беларускай літаратурай найперш асацыюецца У. Караткевіч. У пісьмовай рабоце студэнтка 3 курса напісала, што найлепшы твор пра вайну, які яна чытала, – гэта “Вазьму твой боль” В. Быкава. І я разумею, чаму твор І. Шамякіна прыпісваецца В. Быкаву. Бо менавіта так працуе асацыяцыя “ўсе творы пра вайну напісаў Быкаў”!

Што адбываецца, калі аўтары праграм па літаратуры адмаўляюцца ад уключэння ў іх сучасных тэкстаў? Так, напрыклад, сёння у праграме па літаратуры на філалагічным факультэце БДУ манаграфічнае выкладанне творчасці беларускіх пісьменнікаў заканчваецца на творчасці Я. Янішчыц (1948-1988 гг., нагадваю, што цяперашнія студэнты нарадзіліся пасля яе смерці), то бок з навучання выкінутыя апошнія 20 гадоў літаратурнага працэсу (варта адзначыць, што шэсць гадоў таму, калі я была студэнткай філфака БДУ, сучасная літаратура нам выкладалася). У кантэксце праблемы трансляцыі рашэнне абмежавацца ў выкладанні канцом 80-х гг. ХХ ст. выяўляецца свядомым перапыненнем традыцыі, т. зв. разрывам.

Па-першае, студэнты замацоўваюцца ў стэрэатыпных уяўленнях пра несучаснасць беларускай літаратуры. Па-другое, разрыў у працэсах пераемнасці вызваляе “законнае месца” беларускай літаратуры для іншай, чужой традыцыі. (Так, “падзея разрыву можа апынуцца ўключанай у шэраг зусім іншай пераемнасці, чым тая <...>, “разрывам” якой яна апынулася”. Гл. падрабязней у [9, с. 32]).

Можа з'явіцца меркаванне, што такое “адукацыйнае спыненне” традыцыі дае магчымасць класіцы ўзбуйніцца (напрыклад, выдаткаваць на яе вывучэнне болей часу, разгледзець манаграфічна большую колькасць аўтараў). Але гэта памылковая пазіцыя, бо ў перспектыве разрыў спрыяе адчужэнню рэцыпіентаў ад беларускай класічнай літаратуры наогул, а вызваленае ў структуры традыцыі месца апануе іншая літаратура: ці беларуская рускамоўная, ці расійская. Гэта выкліча перавагу статычнай традыцыі над дынамічнай і будзе спрыяць сістэмнаму крызісу ў беларускай літаратуры.

2) Сучасная форма: “Каментаваць класіку”. Вышэй ужо гаварылася пра тое, што ўтварылася натуральная адлегласць паміж сучаснымі чытачамі беларускай класічнай літаратуры, сучасным ладам жыцця і ўласна класічнымі тэкстамі. Вясковае жыццё для многіх – чужое, каштоўнасці вясковага, патрыярхальнага жыцця – істотна аддаленыя, недасведчанасць у гісторыі краіны ўскладняе разуменне твораў. Сучасны школьнік ці студэнт часта не можа зразумець класіку належным чынам без пасрэднікаў нават на ўзроўні сюжэта і побытавых дэталяў, не кажучы ўжо пра ідэйны змест. Тое, што 20 гадоў таму было само сабой зразумелым, цяпер не здаецца такім відавочным: з кожным годам, з кожным новым пакаленнем чытачоў класічныя тэксты будуць патрабаваць усё болей каментароў і тлумачэнняў. Без гэтых дапаможных тэкстаў мастацкія творы становяцца “рэччу ў сабе” і кансервуюцца ў статычнай традыцыі, дамінаванне якой зноў жа выклікае сістэмны крызіс.

У друкаваных і электронных выданнях рэалізуецца:

1) Сучасны змест: “Гульня з класікай”. Пра жыццяздольнасць (прадуктыўнасць) класікі сведчаць факты яе ўключанасці ў працэсы пераемнасці. Несумненна, важна, каб мастацкі твор быў прачытаны і зразуметы, але пра яго актуальнасць будзе сведчыць найперш пазнавальнасць, індэкс цытавання, расчытанне ў класічным тэксце новых сэнсаў і г.д. З аб’ектыўных прычын працэсы пераемнасці ў беларускім літаратурным працэсе адбываюцца не толькі ў адэкватных, але і ў парадаксальных формах (гл. падрабязней у [3; 4]), што можна запісаць такой формулай: Т1 – (Тn-2 – Тn-1) – Тn,, дзе Т – гэта тэкст, лічба ці n – месца ў ланцужку пераемнасці, а сімвалы ў дужках – тыя прыступкі, якія патрабуюць прымусовага аднаўлення, бо натуральным чынам яно не адбылося.
Прывяду ў прыклад ланцужок пераемнасці, пунктам адліку якога стаў твор пісьменніка ХІХ ст. Яна Баршчэўскага “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” (гэта Т1). Тэкст, як вядома, напісаны па-польску, што замінае ўключэнню яго ў сучасны беларускі літаратурны працэс. Наступны крок – пераклад з польскае Міколы Хаўстовіча.

Далей тэкст Я. Баршчэўскага актуалізуецца не толькі праз уключэнне паасобных яго частак у школьную праграму, але і праз выкарыстанне яго для драматургічнага тэксту С. Кавалёва (п’еса-містыфікацыя “Звар’яцелы Альберт” [6]). Тут вельмі важна адзначыць, што драматург свядома падкрэсліў сувязь з класічным тэкстам. На пэўным этапе гэта неабходны фармальны крок, бо твор Баршчэўскага яшчэ “чужы”, незнаёмы. Але мінае час, Баршчэўскі – у школьнай праграме, і з’яўляецца верш М. Мартысевіч “А яшчэ – нельга зьвезьці з сабой краіну (азёры, рэкі)” [8, с. 110], дзе ідзе адсылка да твора Я. Баршчэўскага, разлічаная ўжо на падрыхтаванага чытача. (Нядаўна Д. Вінаходавым быў падрыхтаваны пераклад “Шляхціца Завальні...” на рускую мову [2], што можа паспрыяць уключэнню твора ў працэсы пераемнасці на расійскай глебе).

Уключанасць у працэсы пераемнасці ідзе на карысць усім: класічны тэкст “абрастае” новымі сэнсамі і ў чарговы раз замацоўвае сваю пазіцыю ў іерархіі літаратурных твораў, сучасны ж тэкст мае ў гэтым выпадку грунтоўнае “заплечча”, што пазбаўляе аўтара ад дадатковых шматслоўных тлумачэнняў. У падобныя ланцугі пераемнасці ўключаецца і т. зв. “эстрадная паэзія” Андрэя Хадановіча з яе спасылкамі на айчынную і замежную класіку. Несумненна, што на сённяшнім этапе развіцця беларускай літаратуры такая творчая стратэгія вельмі актуальная, але было б недальнабачна лічыць гэты напрамак мэйнстрымам у нашай традыцыі (ён выклікаў бы перавагу дынамічнай традыцыі над статычнай, а гэта значыць – сістэмны крызіс).

2) Сучасная форма: “Пісьменнік on-line”. Мінулі часы, калі людзі “шукалі” літаратуру, цяпер для падтрымання цікавасці да літаратуры патрабуюцца людзі, якія “прасоўваюць”, рэкламуюць літаратуру (з мінімальнымі выдаткамі гэта можна зрабіць у Сеціве). Любы карыстальнік Байнэта (беларускага сегменту інтэрнета) можа натрапіць на старонкі, звязаныя з беларускай культурай, выпадкова. Гэта важны нюанс: факультатыўнасць інтэрнет-прасторы выглядае выйгрышней за абавязковасць адукацыі.

Найбольш відавочна стратэгія “культурнай кантрабанды” рэпрэзентуецца ў блогах, праз якія вялікая колькасць беларускіх літаратараў стала дасяжней для шараговага чытача-блогера, які цяпер можа не толькі аператыўна знаёміцца з новымі творамі, але і разлічваць на зваротную сувязь з аўтарам (напрыклад, дзённікі маюць А. Глобус, В. Бурлак, А. Хадановіч, М. Мартысевіч, С. Балахонаў, Г. Кісліцына, А. Бахарэвіч і многія іншыя літаратары).

Парадаксальным у гэтым кантэксце стала рэгістрацыя блога пісьменніка В. Адамчыка [1]. Яго сын М. Адамчык змяшчаў у блогу запісы памерлага бацькі, ствараючы імітацыю дзённіка, які вядзецца ў рэжыме рэальнага часу.

Існуюць у Сеціве і менш актыўныя формы рэпрэзентацыі літаратуры, такія як сайты пісьменнікаў. Найлепшым на сённяшні момант можна прызнаць сайт У. Караткевіча: пры падрыхтоўцы да заняткаў тут можна знайсці ўсе неабходныя мастацкія тэксты, крытычныя артыкулы і нават фотаматэрыялы. Значыць, інфармацыя пра пісьменніка, яго тэксты могуць захоўвацца ў Сеціве ў выглядзе пасіўнага архіва альбо як (актыўная) частка блогасферы.

Такім чынам, для ажыццяўлення сувязі паміж статычным і дынамічным складнікамі традыцыі могуць выкарыстоўвацца адмысловыя каналы трансляцыі: адукацыйныя ўстановы і электронныя і друкаваныя выданні. Корпус класічных твораў, які прапаноўваецца ўвазе навучэнцаў адукацыйных устаноў, павінен актыўна ўзбагачацца сучаснымі тэкстамі, якія спрыяюць пераструктураванню іерархіі мастацкіх твораў. Класіка павінна дадаткова каментавацца (без разліку на “прыроджанае разуменне”). Другое жыццё класічныя тэксты набываюць пры ўключанасці ў працэсы пераемнасці, пры ўключэнні ў ланцужкі тэкстаў, звязаных між сабой узаемнымі спасылкамі і цытатамі. Боязь спрошчанага разумення класікі павінна адступаць перад неабходнасцю актуалізацыі гэтых тэкстаў. Для трансляцыі традыцыі выкарыстоўваюцца інтэрнет-рэсурсы, дзе літаратура можа знаходзіцца ў выглядзе актыўнага альбо пасіўнага архіва.

1. Адамчык, В. Вячаслаў Адамчык [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://adamtchik.livejournal.com. – Дата доступу: 26.07.2008.
2. Барщевский, Я. Шляхтич Завальня, или Беларусь в фантастических повествованиях / Я. Барщевский, пер. с поль. Д. Виноходов; препринт. – СПб.: Амфора, 2008. – 275 с.
3. Бязлепкіна, А. Парадоксы пераемнасці / А. Бязлепкіна // ЛіМ. – 2006. – 16 чэрвеня. – С. 12.
4. Бязлепкіна, А. Праблема пераемнасці ў сучаснай беларускай літаратуры / А. Бязлепкіна // Studia bia?orutenistyczne / red. R. Radzik, M. Sajewicz. – 2008. –№2. – Lublin: Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Sk?odowskiej, 2008. – Str. 221–230.
5. Игнатенко, Т.И. Социокультурная преемственность как фактор развития социальных систем: автореф. дис. … канд. филос. наук: 09.00.00 / Т.И. Игнатенко; ВГТУ. – Волгоград, 1998. – 19 с.
6. Кавалёў, С. Звар'яцелы Альберт / С. Кавалёў // Стомлены д'ябал / С. Кавалёў. – Мн.: Логвінаў, 2004. – С. 101-144.
7. Кучмель, Н. Ліпень. Здымкі начныя... / Н. Кучмель // Імгненні / Н. Кучмель. – Мн.: Мастацкая літаратура, 2005. – С. 25.
8. Мартысевіч, М. А яшчэ – нельга зьвезьці з сабой краіну (азёры, рэкі)... / М. Мартысевіч // Цмокі лятуць на нераст: эсэ ў вершах і прозе / М. Мартысевіч. – Мн.: Логвінаў, 2008. – 112 с.
9. Смолина, А.Н. Преемственность и разрыв как основная модель истории / А.Н. Смолина // Преемственность и разрыв в интеллектуальной истории, Москва, 20-22 ноября 2000 г. / Институт всеобщей истории РАН; отв. ред. Л.П. Репина, М.С. Бобкова. – М., 2000. – С. 30-33.

"Мая аранЖЖарэя. Блог Аксаны Бязлепкінай", 14 чэрвеня 2009 г., 11:10

Фота: antonkorablev.com, euga.livejournal.com, Deviantart.com, Ілья Лапато