Беларуская літаратура :: Тэзэй беларускага постмадэрнізму :: сайт творчасці Сяргея Балахонава
 КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ВЕРШЫ: ВЕРЛІБРЫ

Белыя плямы «Кнігі памерлых»

Сяргей Балахонаў. Белыя плямы «Кнігі памерлых»

Лірычныя адступленні баксёраў з Дому Жыцця, што ў Абджу,
лічацца дапушчальнымі, пакуль стаяць піраміды.
Святарная птушка ібіс з Нубіі жджэ дажджу
і новае плыні з жывых забітых.

А мудрымі пісцамі лічбаў быць цяжка нат Гору і Сэту,
не кажучы ўжо пра хлопчыкаў, што робяць пірсінг кракадзілам.
Ім трэба кахання вольных абшчынніц не менш, чым гэты
чарназём, падараваны Нілам.

Ды дзе ж узяць на рынгу ад дэльты і да пятага парогу
столькі кахання, каб задаволіць адкладзены ў войнах з гіксосамі попыт!
Дый нешта Асірыс глядзіць на баксёраў занадта строга,
што чутны на сэрцах іх боскае коткі скрогат.

26.09.2009 г.