@@@
Гады ў рады выбраўся ў адну з цэнтральных кнігарняў.
"Беларускамоўнае кніжнае гета", насуперак назіраньням некаторых нашых блогераў, месьціцца ў самым цэнтры крамы. Праўда абыймае яно ўсяго тры шафы і два стэнды, калі не лічыць анкляваў на вітрынах і ў аддзеле навучальна-мэтадычнай літаратуры. Да анкляваў я не сьпяшаюся - спыняюся ўнутры ўмоўнай трапецыі, якую ствараюць памянёныя шафы, і разглядаю кнігі. Даўно хацеў узяць які-небудзь зборнік неадаптаваных народных чарадзейных казак, каб нарэшце высьветліць, чым жа слаўны асілак Івашка Мядзьведжае Вушка. Шукаю марна. Ніякага вушка, адно толькі вочкі маладзенькай прадавачкі, што стаіць недалёк і ў гэтым сэктары кніжнага сьвету кантралюе дзеяньні стракатай бібліяфільскай раці.

Я ўвесь у чорным, і нагадваю хутчэй сталічнага міліцыянэра асаблівага прызначэньня, чым правінцыйнага аматара беларускіх кніжных паліцаў. Пасьмейваюся ў бок і цешуся надзеяй адшукаць у адным з апошніх выпускаў "Гістарычнага слоўніка беларускае мовы" сакральную лексэму на літару "П". "Калі на ноўгарадзкіх берасьцяных граматах яна сутракаецца, дык чаму ж у старабеларускім пісьменстве яе ня можа быць?" — падбадзёрваю сябе крывымі лягічнымі канструкцыямі.

Аднак крыніца ўсеагульнага жыцьця і багацьця, унівэрсальны спараджальны пачатак у слоўніку адсутнічае. Лёгкае расчараваньне і цяжкі ўздых. Пяцьдзесятгадовы дзядзька, што ў гэтым сэктары складае мне канкурэнцыю, пытаецца, ці не настаўнік я беларускае літаратуры. Звычкі размаўляць зь незнаёмцамі ня маю і проста матляю адмоўна галавою. "А што ты тады каля беларускіх кніжак завіхаешся?" - удакладняе стары. "Бо ўсе іншыя — барахло", — выціскаю я зь сябе адказ, ківаю ў бок багатых стэлажоў з Данцовай і яе сястрыцамі, хапаю чырвоны томік з даўно знаёмымі мне творамі старажытнай беларускай літаратуры і выпраўляюся да касы.
Коли хочеш розумети силу книжную, то и двоекроть почитай словеса.
@@@
Да поўначы яшчэ далёка, а калыханкі ўжо скончыліся.

Выконваючы грамадзскую нагрузку, разам з двума міліцыянтамі пасьпеў нарэзаць колькі кругоў вакол кварталаў, заціснутых цэнтральнымі вуліцамі. Халаднавата. З вопраткай не ўгадаў. Спыняемся пад прыпынкавай павецьцю паміж крамай кветак і дыскарняй, каб перавесьці дух. Дэклясаваная парачка — мужык з бабай, добра пакоцаныя жыцьцём і шкляным богам — стаяць у абдымку. Я зьдзіўлены. Мае напарнікі ў захапленьні. Мужык пакідае сваю пасію і кіруецца ў наш бок. "Няўжо па кветкі?" — спрабую здагадацца я. Але ён збочвае ў дыскарню. "Зараз пару ліцэнзійных DVD возьме", — жартуюць міліцыянты. Урэшце яго візыт у музычную краму нічым інтрыгоўным не сканчаецца: пару рэплікаў з прадаўцом і вяртаньне да сваёй дамы. Я ж утаропліваюся на дзьверы дыскарні, дзе вісіць абвестка, выкананая ў моднай сёньня манеры: "Книги уже в продаже!" Скіроўваю позірк на вітрыну і бачу шэраг покет-букаў з чорнай вокладкай, на карэньчыках якіх кэпс-локам напісана "СТАТУТ". Я ў ступары. Спрабую зразумець, якім чынам Статут ВКЛ мог быць выдадзены ў фармаце звычайным для "дзюдзікаў" ці дамскіх раманаў.

Не знаходжу здагадак, чаму менавіта Статут змог стаць такім папулярным, што стаіць за шклом сярод расейскага кніжнага шырспажыву. Дзіўлюся, што не пазначаны год рэдакцыі Статута: 1529, 1566 ці 1588 год? Ступар зьнікае раптоўна, і толькі прысутнасьць міліцыянтаў стрымлівае мяне ад навальнага сьмеху. "СТАУТ" — вычытаў я правільны надпіс на карэньчыку. Напарнікі заўважаюць, што са мной нешта ня так, але сьпісваюць гэта на маю перазябласьць і вырашаюць адпусьціць. Я зьяждажю, паўтарючы ў думках поўнае імя амэрыканскага майстра дэтэктываў: "Рэкс Тодхантэр Стаўт". Баламутна шкада, што ён нічога не пісаў пра Сапегу.
@@@
Вырашыў завітаць на літаратурны кватэрнік. Бываюць у наш парадаксальны час такія кватэры, дзе літаратары больш жаданыя і чаканыя, чым у якіх-небудзь актавых залях ці бібліятэках. Стаю перад сталёвымі дзьвярамі, што вядуць на падворак, і ўрачыста цісну на кнопачку дамафону. Адзін з гаспадароў адчыняе і з галавы да пят скануе мяне позіркам поўным падозраньня. На мне той самы чорны прыкід спэцназаўца ды яшчэ і тэчка ў руках. "Вы по какому вопросу?" — чуецца пытаньне, на якое мне карціць ляпнуць: "По процедурному", але я стрымліваюся і стаю моўчкі. За мной зьяўляецца культавы паэт сучаснасьці, які без мужчынскай і жаночай рыфмаў адрэкамэндоўвае мяне падозрываму гаспадару. Той вінавата выбачаецца.

У доме вялікая плойма людзей, якія спрагнена чакаюць
новага беларускага літаратурнага слова. І яны яго атрымліваюць напоўніцу. З рыфмамі і бяз оных, з музыкай і акапэльна. Варта выступам скончыцца, як людзі жвава імкнуцца да сталоў з кнігамі. Каб набыць тое, чаго няма ні побач з Данцовай, ні ў "беларускамоўным кніжным гета". Набываю кніжкі з творамі наймаладзейшых выступоўцаў. Шукаю іх, каб узяць аўтографы. Яны сядзяць на аўтамабільным седзіве, якое хтось з гаспадароў паставіў у вузенькім калідорчыку пры самым выйсьці. Як толькі я паказаў прыдбаныя зборнікі, маладыя пісьменьнікі дружна выгукваюць: "Yes!" і тлумачаць, што я другі чалавек за вечар, які спакусіўся на іх творы. "Мяркую, што я на сёньня не апошні такі", — вырываецца з маіх вуснаў. Усе усьцешана хіхікаюць. Калі твае кнігі купляюць, гэта заўжды прыемна.
@@@
На перапынку заўважаю ў кабінэце незразумелае ажыўленьне.

Вучні абступілі сваю аднаклясьніцу і пра нешта захоплена спрачаюцца. Да мяне далятаюць толькі абрыўкі фраз:
"на каком это языке?",
"тут "і" белорусское",
"заклинания реально действуют?". Я бяз спасу заінтрыгаваны і спрабую лабавым пытаньнем высьветліць крыніцу шкалярскай
дзьвіжухі. Вучаніца загадкава ўсьміхаецца і паказвае брашуру "Магія" — факсімільнае выданьне расейскай кніжыцы пачатку ХХ ст. Настала мая чарга для ўсьмешкі: "О, ты вырашыла заняцца практычнай магіяй?!" Дзесяціклясьніца зьбянтэжана плюскае вачыма і няпэўным жэстам абвяргае маю здагадку. А вось яе таварышкі пачынаюць удаваць зь сябе
какетлівых ведзьмачак і абяцаюць неўзабаве выпрабаваць на мне які-кольвек заклён. Ня скідваючы з вуснаў усьмешку коціка Варгіна, я папярэджваю юных чарнакніжніц, што іх брашурка кволая падробка супраць таміны аўтэнтычных замоваў з сэрыі "Беларуская народная творчасць". Дзяўчыны ахвотна вераць мне на слова.
Анёлы пры мне: што ім, тое й мне.
@@@
Пасьля столькіх гадоў практыкі натрапіць нарэшце на падручнік па постмадэрнізме выглядае сама мала забаўна. Я ўбачыў яго выпадкова, безмэтна блукаючы ў шасьцёх сьценах "Букініста".

Сьмешны кошт, сьмешная вокладка, сьмешная адсутнасьць сьвятарнага трымценьня перад зводам правілаў таго, што даўно стала таўром на шчарбатым мечы маёй творчасьці. Не вагаючыся, я бяру падручнік пад паху, як Бураціна браў "Першае чытаньне для дзетак беларусаў", і лянотна брыду ў касу. Маскоўскія турысты разглядаюць календры-постэры і зьдзіўляюцца, што няма ніводнага на беларускай мове, які можна было б набыць як сувэнір. З майго твару не сыходзіць пахмылка. Мае вочы не пакідаюць дзяўчыны, якая стаіць паперад і прабівае на касе "Сто тестов по русскому языку". На ёй бязбожна кароткая спадніца, каб не хаваць боскай прыгажосьці ног. Гляджу і мне чамусьці здаецца, што зборнік тэстаў, дзяўчына набывае абсалютна дарэмна, бо ўсё адно заваліць ЦТ, увосень выйдзе замуж, а праз год будзе люляць дзіцёнка. Яна азіраецца, заўважае ў маіх руках падручнік па постмадэрнізму і міжволі моршчыць носік. Я ўяўляю, што ейным пакоі над ложкам вісіць араматызаваны постэр з Жанам Батыстам Грэнуем, і адводжу вочы, каб постмадэрнізм паміж намі застаўся адно мысьленчым актам.
зіма-лета 2008 г.
Верхняе фота:
gdefon.ru