
Гэтым разам я пастанавіў адмовіцца ад падвядзеньня культурных вынікаў году ў звыклым для бальшыні айчынных мэдыяў фармаце. Гэтым разам я вырашыў пераплюнуць нават самога сябе з маёй леташняй скарбніцай суб'ектыўнасьці. Гэтым разам я бяруся падзяліцца з Вамі, мае родненькія, уласным бачаньнем пэўных зьяваў культуры Беларусі 2007 года, якія – круці, не круці – маюць налёт жаўціні, бульварнасьці, скандалёзнасьці. Узяўшыся за гэткі гуж, Ваш пакорлівы а найніжэйшы служка намагаўся зірнуць на культуру ў шматстайнасьці ейных абліччаў. Ацэнкі, хаця і даюцца ў рэчышчы вялікай постмадэрнісцкай гульні, але ўгрунтаваныя на маім уласным разуменьні нацыянальнага ці, калі хочаце, эраса нацыянальнага. Ацэнка мастацкай вартасьці разгляданых твораў ці маральнасьці ўчынкаў прыпамінаных культурных герояў пакідаецца за Вамі, шаноўныя чытачы. Панеслася!
КЛОПАТЫ ЛІТАРАЦКІЯ
Абсяг беларускай літаратуры ў 2007 г. амаль не даваў нагодаў для гучных рэакцыяў з боку чытачоў (як прафэсійных, так і аматараў). Адносная цішыня панавала на папяровых пляцоўках (часопісы). Большая ажыўленасьць праглядалася ў белнэце. Пра радыё і тэлебачаньне, на жаль, нічога сказаць не магу: зь легендаў і казак ведаю, што там ёсьць некалькі праграм, прысьвечаных літаратуры. Выбраць тройку найбольш скандальных/гучных {каля}літаратурных тэкстаў мінулага года дастаткова складана. Але ж паднатужыўшыся, нештачка можна накапаць.
Што б там хто ні казаў, самым гучным {каля}літаратурным тэкстам летась была макаранічная рэп-паэма "Zianon-Hop" ананімнага аўтара, што схаваўся за псэўдонім Ціхановіч пад коксам. Паэма, была апублікавана ў пачатку студзеня 2007 г. ў блогу на Livejournal.com і была зь дзікім захапленьнем (ці ставіць двукосьсі вырашайце самі) сустрэта разнашорснай сеціўнай публікай: пранцава плойма камэнтароў, перапублікацыі на іншых сайтах, пераклады на беларускую мову, насьледваньні, аналітычныя артыкулы, спрэчкі аб аўтарстве. Цэнтральнай фігурай твора стаў небезьвядомы Зянон Пазьняк. Ён паўстае ў вобразе эпічнага супэргероя ("Он построил Вильню, изобрёл мягкий знак"), які вяртаецца на Бацькаўшчыну ("Что с собой? Так, хуйня: два АК 47. // На стволах гравировка: "Радзіма. Свабода"), каб пераможна задаць прачыхвосту ўсім, хто ня ўпісваецца ў яго канцэпцыю дзяржаўна-нацыянальнага будаўніцтва ("Зянон – Президент Великого Княжества", "Жыве Беларусь ад мора да мора!" etc.). Фанатычная цікавасьць да твору даволі хутка згасла, але вобраз супэргероя Зянона рэгулярна нагадваў аб сабе ў ЖЖ цягам усяго года.
Фантазіі на тэму супергерояў у троху аблегчанай, але ня менш гратэскнай, чым у "Zianon-Hop'е", форме прысутнічуюць у кінарамане-фарсе "Янкі, альбо Астатні наезд на Літве" Уладзіслава Ахроменкі і Максіма Клімковіча. Гэты твор, ахрышчаны ў {каля}літаратурнай тусоўцы беларускім буржуазным pulp fiction, выклікаў супярэчлівыя рэакцыі найперш сярод сучасных беларускіх літаратараў: ад адкрытага захапленьня да абвінавачаньняў у гвалтаваньні клясычных тэкстаў. Падзеі рамана разгортваюцца ў Заходняй Беларусі, але паверыць у рэальнасьць адбыванага няпроста цяжка, але і немагчыма. Зрэшты аўтары і не перасьледвалі такой мэты, ствараючы вобразы чатырох Янкаў рознага этнічнага паходжаньня, якія вызнаюць сябе беларускімі буржуазнымі нацыяналістамі і гатовыя зьбіць на горкі яблык любога ворага ("хабла" ці "мудзілу"), што ўточыць носа не ў сваё проса. А вобраз лідэра беларускай мафіёзнай групоўкі "Тутэйшыя" ў Чыкага? Непраўдападобнасьць адбыванага ў рамане гранічна падкрэсьлена. Зрэшты, гэта такая самая непраўдападобнасьць, як у фільмах накшталт "У джазе адны дзяўчаты" ці "Ва-банк". Інтэртэкстуальных гульняў зашмат, і незаўжды яны элегантна прыхаваныя, але пэўна ўжо доля такая ў нас: схаваеш што-кольвек глыбей, дык заўважаць толькі лічаныя адзінкі. Гэты раман не для вечнасьці, але для ламаньня стэрэатыпаў. Засмучае толькі слабая рэклямная кампанія вакол кнігі.
Адчувальны розгалас у белнэце выклікала зьяўленьне беларускага перакладу кнігі А.А. Мілна "Віня-Пых", які зрабіў "актывіст з Пазнані" Віталь Воранаў. Вялізныя спрэчкі пачаліся яшчэ да таго, як хто-небудзь змог гэтую кнігу прачытаць, і круціліся 1) вакол нязвычанага беларускага варыянту імя галоўнага пэрсанажу і 2) недасканаласьці перакладу. Між тым перакладчык вельмі паклапаціўся пра тое, каб інфармацыя пра факт зьяўленьня беларускага "Дабрадушнага някемлівага Медзьвядка" стала вядома, як мага больш шырокаму колу патэнцыйных чытачоў. Такой настойлівасьці мне даўно не даводзілася назіраць. Брава!
КАЛОМЕНСКІЯ КАЛЮМНІСТЫ
А вы ведаеце, што ў некаторых айчынных выданьнях ёсьць аўтары, якія вядуць адмысловыя {каля}літаратурныя калёнкі? Вядуць па-рознаму і зьдзіўляюць таксама па-рознаму. Вольга Тарасевіч (Ольга Тарасевич) практычна штотыдзень аглядае кніжныя навінкі ў газэце "Обозреватель": па тры-чатыры за адзін раз. Зьдзівіла ня толькі сукупнай колькасьцю агляданых кніг (у блогу патлумачыла, што чытае хутка), а тым, што за ўвесь час не спрамаглася ўзгадаць хаця б адной беларускай беларускамоўнай кнігі (у блогу сказала, што папулярнай беларускай літаратуры на беларускай мове няма).
Але больш за ўсё зьдзівіў мяне Андрэй Жвалеўскі (Андрей Жвалевский), які вядзе рубрыку "Колонка литератора" ў беларускім дадатку да газэты "Аргументы и Факты". У адным з леташніх нумароў (на жаль, зараз не магу адшукаць) той плакаўся, як цяжка яму – белорусскому литератору – працаваць на расейскім кніжным рынку і колькі грошай ён мае ўрэшце пасьля рэалізацыі накладу аднаго рамана. Каб я быў зусім легкаверным, дык пабег бы на пошту рабіць грашовы пераказ бядотніку. Але чамусьці не магу даць веры яго трэнасам. Ліецца бярозай, ды ліповыя сьлёзы. А вакол Расія, родзіна твая.
ПЕСЬНІ, ХОЦЬ ТРЭСЬНІ
Калі б я слухаў тутэйшыя FM-станцыі, то няўцямных песьняў набралася ці не на цэлы тузін. Аднак жа, прабачце, не злоўжываю. Таму глянем на некаторыя кампазыцыі, што дайшлі да мяне рознымі шляхамі і выклікалі пэўнага кшталту зьдзіўленьне.
Ёсьць такі гурт як Sky NET. І ёсьць у гэтага гурту песьня, што завецца "Каханне". Хто ведае, можа яна і старая, але ўпершыню мне давялося пачуць гэты цуд некранутай прыроды летась на канцэрце, што праводзіўся ў рамках рэклямнай акцыі Velcom'а. Выявілася, што песьня расейскамоўная, а слова "каханьне" (пэўна ж безь мяккага знаку) паўтараецца пры канцы куплету. Можна было б падумаць: тэкст такі мудрагелісты, што поўнай беларусізацыі падлягаць ня можа. Але паслухаўшы, цяжка скеміць, чаму ўсё так стала:
Я оставляю тебе своё сердце
Я оставляю тебе свою душу
Я оставляю тебе… э-э… своё… каханне
Я оставляю тебе свои звёзды
Я оставляю тебе свои песни
Я оставляю тебе… э-э… своё… каханне
Якія тут складанасьці перакладу? Гэта ж ня "Новую зямлю" на якуцкую пераствараць. Адным словам, зьдзівілі хлопцы, дый годзе.
Ня меншая зьдзіўленасьць апанавала пасьля ўслухваньня ў песьню "Підарасы" вядомага гурту Neuro Dubel.
У пад'ездах, у парках, руiнах
Выпiваюць партвэйн ды iншае
Грамадзяне маёй краiны
Пiдарасы – браты па вынiку
Падспудна я разумею, што на ўвазе маюцца не сэксуальныя мяншыні, а нехта іншы. Аднак тэкст такі – кхе-кхе – гермэтычны ("непразрыстая сумная песьня"), што розумам і не асягнеш яго глыбіннага сэнсу. Асаблівае зьбянтэжаньне выклікаюць тыя радкі, калі адчуваеш, што дзядзя Саша Кульлінковіч, сьпявае беспасярэдне пра цябе. Хто раней усiх на працы?..
Але названае вышэй было толькі пачынкай, а будзе й цэлая аўчынка. Праўда, тхне ад той аўчынкі нейкай чмутой за вярсту. Саша Немо зь мяшчанскіх вулак і з эстрад запяяў нам песьню з сумнавядомай назвай "Бульбаш".
Эй, давай запевай, страна родная
Песня нашей любви в сердцах пылает
Ты – бульбаш, я – бульбаш. Мы это знаем.
Так давай запевай, страна родная.
Безумоўна, стан нацыянальнай сьвядомасьці мноства маіх суайчыньнікаў ніжэй за плінтус. І шмат хто з гонарам сам сябе называе бульбашом. Гэта кепска, але цалкам зразумела. А вось тое, што нехта перад усёй краінай прапагандуе пазытыўны вобраз гэтай мянушкі ("Я же бульбаш и я этим горжусь"), выклікае неўразуменьне, шал і крэатыўную думку набыць для Саши Немо квіток на бліжэйшую падводную лодку. А каб Саша ня быў на той субмарыне зусім адзінокім, туды ж варта скіраваць і невядомых выканаўцаў песьні "Моя Белараша", да якой спрычыніўся "Comedy Club Minsk Style":
Ты пройдешь по ней не спеша
Ты поймешь как она хороша
Это всё страна бульбаша
Моя Белараша...
Пясьнюля напісана для бэнкарцкага праекту "Наша Belarussia", але, як кажуць відавочцы, выконвалася ў якасьці фінальнай падчас заключнага канцэрта "Песня года" на ОНТ. Такое ўражаньне, што гэтыя публічныя бульбашы ня проста любяць сваю Беларашу, але яшчэ і кахаюць яе. Рэгулярна.
АДЛЮСТРУЙ МНЕ ШКАНДЛЬ, ДЗЕТКА
Я ня ведаю, ці ёсьць у Беларусі сапраўдныя папарацы. Але скандальных здымкаў дзеячоў культуры трохі маецца.
Спачатку варта назваць фатаграфію эстраднай сьпявачкі Ірыны Дарафеевай, у якой падчас выступу каля нацыянальнай бібліятэкі вецер паспрабаваў адабраць сукенку. У выніку шырокая сеціўная грамадзкасьць змагла разгледзіць зваротны бок месяца крумянок "Лица Беларуси".
Як ухітрыўся пікантна патрапіць у аб'ектыў папулярны беларускі паэт Андрэй Хадановіч, дагэтуль невядома. Украінскі партал Proza.com.ua апублікаваў шэраг здымкаў з адной досыць спэцыфічнай авангардысцкай акцыі. Сярод фатаграфіяў беларускія карыстальнікі з жахам і захапленьнем (пэўна ж дзікім!) знайшлі выяву аўтара "Лістоў з-пад коўдры " і "Сто лі100ў на tut.by" ў касьцюме натхнёнага Апалёна, які пасьля купаньня ў нявысьвятленым вадаёме выкручваў майткі.
Эстафэту перахапіла страдная сьпявачка, адна з колішніх удзельніц "Эўравізіі" Паліна Смолава сьмела красавалася перад фотакмэрамі, трымаючы ў рукох фаляімітатар – тую самую штучку, якая ў народзе дасьціпна завецца саматыкам.
Пасьля прагляду гэтай фоткі пачынаеш па-іншаму ўспрымаць сэнс песьні "Сайт одиночества", якую выконвае Паліна:
Буду с тобою
Чтобы любить тебя долго
Чтобы любить тебя нежно
Чтобы не таяли снегом,
Мысли мои и надежды.
Між іншым гэты здымак быў зроблены падчас нібыта "частного девичника" ў сталічным клюбе "ИZЮМ", дзе аджыгалі розныя айчынныя поп-зьнічкі. Савы смаленай ня бачылі...
Своеасаблівым бонусам хочацца назваць здымак Шакіры і ейнага бой-фрэнда, які ў сваім блогу разьмясьціла журналістка Аўгіня Манцэвіч. Вы можаце спытаць: да якой халеры тут Шакіра? Рэч у тым, што ейны бой-фрэнд у зафіксаваным на здымку ракурсе вельмі нагадвае баксэра беллітавангарда паэта Зьмітра Вішнёва. Усе, хто быў хаця б збольшага ў тэме, добра ацаніў гумар Аўгіні, якая назвала свой пост "Шакіра і Вішнёў – палюбоўнікі?"
Сам жа Зьміцер адрэагаваў крыху дзіўна:
я ўдзячны за гэты танны піяр – але прашу гэткага больш не рабіць... мне не прыемна быць блазнам... вы мяне, даражэнькая, зблыталі... я не клоун... мне танны піяр не патрэбны! прашу не рабіце гэтых ідыёцкіх фотамантажоў...) дзякую.
Чые б цяляты соль не лізалі...
ТУМАН ПІЯРАМ, ТУМАН ДАЛІНОЮ...
Безумоўным скандалістам года варта прызнаць Зьмітра Вішнёва з прычыны яго выхадкі на прэзэнтацыі аўдыёхрэстаматыі "Начная чытанка" (27.06.2007). Ён ці не наўмысна зацягнуў свой выступ, а на заўвагі вядоўцаў зрэагаваў вельмі рэзка – паслаў на хуй, чым папросту зацьміў усіх выступоўцаў.
Даволі вялікі розгалас мела піяр-акцыя паэта Алеся Разанава і мастака Віктара Маркаўца, якія з-за яец судзіліся з МТС. Справа, яечнага шкарлупіньня нявартая, палягала ў тым, што шаноўныя творцы як аўтары мастацкага праекту "Яйкакавдраты", створанага ажно ў 1992 годзе, падалі ў суд на апэратара мабільнай сувязі, бо той, нібыта, прыўласьціў іх творчы даробак у выяве свайго таварнга знака. Верагодна, што спадзеў быў не на перамогу, а на тое, што навіна паляціць па шырокім сьвеце. Так яно і было.
Насьмяшыў юбілейны канцэрт Анатоля Ярмоленкі у той сваёй частцы, калі іншаземныя госьці, накшталт Дэміса Русаса, называліся добрымі сябрамі юбіляра.
Отличный парень! И главное, – джентльмен! Я с ним на днях познакомился. В Европе не слышал о нем, но голос у него отличный!
Так вось
казаў Дэміс Русас пра Анатоля Ярмоленку паза канцэртам, пацьвярджаючы, што мой сьмех быў недарэмным.
ГОЛАЯ ПРАЎДА
У 2007 г. творчыя беларусы публічна прапаноўвалі творчым беларускам публічна распрануцца. У студзені ўсіх агаломшыў Алесь Аркуш, выдаўшы ідэю сфатаграфаваць для часопіса "Калосьсе" аголеных беларускіх паэтак:
Такую лёгкую эротыку. Ясная справа, Раісу Баравікову фатаграфаваць ня трэба. Маладзейшых. Бо мусім неяк шукаць новыя шляхі папулярызацыі беларускай паэзіі... Справа сьвятая – дзеля айчыннай літаратуры. Ясна, што паэткі-мадэрністкі тут адразу пралятаюць. Ня здолеюць яны канкураваць з традацыяналісткамі.
Бурлівае абмеркаваньне тут і там нічым дадатным для гэтай прапановы ня скончылася. Трэ' было мадэрністак не адмятаць.
Месяцаў празь дзевяць пасьля згаданай прапановы прадуцэнт MTV-Мінск Валік Грышко прапанаваў беларускім фарматным сьпявачкам паказаць сіські агаліць бюст на сцэне падчас імпрэзы PRE-PARTY Russian Music Awards 2007 (выблюдзкая назва, ага) і атрымаць шчыльную ратацыю свайго кліпа на тэлеканале. У адрозьненьні ад Алеся Аркуша Валік пасьля прапановы стаў прыдумваць адмазкі: маўляў, пажартаваў, дый ніхто не насьмеліцца. Адным словам – усюдых выйшла адна балбатня. І толькі юная мінчанка Дакота (Маргарыта Герасімовіч), удзельніца нейкай там "Фабрыкі зорак" адным махам пагадзілася на эратычную фотасэсію для часопіса "Maxim".
Зрэшты агаліла дзевачка толькі рэбры.
ДЭФАРМАЦЫЯ ПРЫГАЖОСЬЦІ
Ці то ў мяне вока такое, ці то тэндэнцыя навідавоку: у конкурсах прыгажосьці перамагаюць дзяўчыны дзіўнага ўзору прыгажосьці. Зьдзівіла сваімі костачкамі "Міс Мінск–2007" Васіліса Рымжа.
Уразіла сваёй падлеткавай вуглаватасьцю пераможца адборачнага туру "Форд Супэрмадэль сьвету–2007" Дар'я Аніськова
Дабіла сваімі арыйскімі каранямі мінчанка Сімона Шакірзада, якая стала "Мисс МК-Европа–2007".
Прыгажуні жывуць побач...
ГЛУЗДАДУРСТВА
А яшчэ ў 2007 г. зьявай масавай культуры сталася вера ў магчымасьць хутка разбагацець, выйграўшы ў адной з "национальных лоторей". Магчыма самы разгар лятарэйнага псыхозу яшчэ наперадзе. Толькі найбольш крытычна настроеныя людзі пасьмеваюцца:
Чуючы фразу "Розыгрыш лотореи состоится..." большасьць народу зьвяртае ўвагу на слова "лоторея", а не на папярэджаньне "розыгрыш".
Не пераставалі летась
цёмных дарог махляры дурыць беларускаму народу галаву
тэлевіктарынамі з пытаньнямі дня накшталт:
Как называется столица Беларуси? Если Минск – звоните по номеру @#%*#$#$. Если Пуховичи – звоните по номеру %*%%^%".
Каштуе адна хвіліна такога тэлефанаваньня, ясна, фантастычны, бо тарыф "Лахоўскі". Цікава, колькі суайчыньнікаў працягвае купляцца на гэта? І ці адзін "
профессиональный астролог" або "
специалист по гаданию на картах таро", рэклямаваны "национальным телевидением", напахаў у сваю каліту грашэй даверлівых грамадзян?! Няма статыстыкі.
Зрэшты крыўдна, калі цябе дураць ня толькі чувакі з сэртыфікатам, што дазваляе падман. Крыўдна, калі ў людзей, якія прэтэндуюць на аб'ектыўнасьць і нібыта вызнаюць "эўрапейскія каштоўнасьці" элемэнтарна не даходзяць рукі (ці што там яшчэ ім замінае?) стрымаць сваё слова.
Маецца на ўвазе "Эўрапейскае радыё для Беларусі", у адным са шматлікіх леташніх конкурсаў якога я перамог і павінен быў атрымаць сьціплы, але харошы прыз – дыск з альбомам NRM "06". Пачыналася ўсё дужа бадзёра:
Шаноўныя Stanislau, Малайчынка, t@t, Сяргей Балахонаў, Zmicier і Alan Dunk, віншуем вас!!! Чакайце лісту на вашую скрыню і заслужаных узнагародаў! Усім астатнім – не расслабляйцеся і кіруйце творчую энэргію на наступныя конкурсы ЭРБ!
У лісьце мяне запрашалі на прэзэнтацыю альбома (гл.
скрынштот №1). Я адказаў, што быць там не магу, а дыск прасіў пераслаць па пошце, нават выдаткі за перасылку прапанаваў кампэнсаваць. На перасылку пагадзіліся і спыталі пра мой адрас (гл.
скрынштот №2). Я паведаміў. І ўсё. На мае напаміны рэакцыяў не было. Адна журналістка, зь ліку
маіх фрэндоў, была зазьбіралася вырашыць гэтую праблему, але безвынікова. Дык жа, дарагое радыё, скажу Табе на разьвітаньне адно: ад хлусьні ня мруць, толькі веры болей не даюць.
На гэтым, уласна, і даводзіцца заканчваць. Патуль а ўсём пісана.
сьнежань, 2007 г.