У гэтых соснах заблукаць складана.
Але ж блукаем, колькі сілаў ёсць.
Магчыма, мы з табою партызаны.
Ну, а каханне наш нязваны госць.
Так цяжка ў гэтых рэбусах згубіцца.
Але ж губляемся міжволі зноў.
Ты сёння, як Сааўская царыца,
а я твой блазен родам з літвіноў.
Між гэтых сцен заблытацца няпроста.
Ды мы даўно ў палоне блытанін.
Магчыма, мы з табой ахвяры помсты
багоў шумерскіх за недаўспамін.
На гэтым мосце памыліцца смешна.
І ў нашых сэрцах суму каламуць,
хаця і памыляеся. Нам вечна
здаецца - мост абавязкова развядуць.
Стратэгія і тактыка кахання -
фантастыка, прызначаная нам,
каб перашкоды зруйнаваць дазвання,
каб збудаваць упэўненасці храм.
12.07.2009 г.