
Напачатку лета (2005 г.), не шкадуючы напалму сэнсацыйнасьці,
інфармацыйныя агенцыі затрубілі пра адкрыцьцё ў Эўропе артэфактаў самай
старажытнай цывілізацыі. Інфармацыя пранеслася бліскавічна, а найбольш
ласыя на сэнсацыі выданьні пасьпяшаліся заявіць, што старажытным
шумерам ды эгіпцянам варта пасунуцца на задні плян перад загадкавай
безназоўнай цэнтральнаэўрапейскай цывілізацыяй. Што ж насамрэч адбылося?
Гарацыю ня сьнілася
Інтэрнацыянальная група археолягаў, дзе рэй вялі немцы на чале з прафэсарам Гаральдам Штойбле (Harald Stäuble), цягам
апошніх некалькіх гадоў праводзілі раскопкі ў нямецкай Саксоніі, а
таскама ў Чэхіі, Аўстрыі і Славаччыне.

Падчас раскопак былі выяўлены
сьляды 150 аднатыпных храмаў і паселішчаў, якія датуюцца пэрыядам з
4800 па 4600 г. да н.э. Гэта сапраўды на 2000 гадоў старэй за эгіпецкія
піраміды, як з захапленьнем цьвердзяць непераборлівыя журналісты. Што
праўда, цывілізацыя ў Эгіпце ўзьнікла ў 4 тысячагодзьдзі. Дый Гарацыю ў
свой час давялося апяваць менавіта піраміды: пра цэнтральнаэўрапейскія
храмы каменнага веку ён хутчэй за ўсё ня ведаў. А каб і ведаў, дык
наўрадці б яны ўразілі рымскага паэта.
Самы буйны храм, рэшткі якога знойдзены пад Дрэзданам, меў у дыямэтры
паўтары сотні мэтраў. Яго атачалі чатыры равы, тры гліняныя насыпы і
нешта накшталт двайнога палісаду даўжынёй да 800 мэтраў. Для
будаўніцтва выкарыстоўваліся зямля і дрэва. Таму няцяжка здагадацца,
што ад храмаў сёньня амаль нічагуткі не засталося. “Тыповая для
Сярэдняй Эўропы сытуацыя”, – адзначаюць археолягі. Гэтым яны вельмі
нагадваюць аднаго з герояў “Лябірынтаў” Вацлава Ластоўскага, які
задаваўся збольшага рытарычным пытаньнем: “Скажыце, каб у Эгіпце,
Індыі, Бабілёне была драўляная культура, то ці ведалі б мы сягоння
што-колечы аб ёй? Не...”

Зрэшты дасьледнікі да канца няпэўныя ў чыста рэлігійным прызначэньні
гэтых збудаваньняў. Той жа Г.Штойбле мяркуе, што там маглі праводзіць
сьвяты і зьбіраць рынак (гандаль у каменным веку!). Тым ня менш
вялізная роля рэлігіі ў жыцьці прадстаўнікоў гэтай культуры не
аспрэчваецца. Прафэсар схільны бачыць у іхняй рэлігіі элемэнты
шматбожжа, але галоўным ён лічыць культ Маці Зямлі як вярхоўнага
божышча, прамаці ўсяго існага. Доказам існаваньня ў іх культу
плоднасьці сталася знаходка фрагмэнтаў гліняных статуэтак мужчыны і
жанчыны, адлюстраваных старажытным скульптарам у паставе сусполеньня
(ажыцьцяўленьня полавага акту). Мяркуецца, што прадстаўнікі гэтай
“цывілізацыі” верылі ў жыцьцё пасьля сьмерці. У магілы памерлым клалі
ўсё неабходнае для тагасьветнага існаваньня: ежу, сякеры, крэсіва.
Аселыя пацыфісты
Да храмаў прылягалі паселішчы, якія складаліся зь вялікіх даўгаватых
дамоў. Зноў жа ніякага каменю ў іх будаўніцтве не выкарыстоўвалася.
Асноўнымі матар'яламі, акром кагадзе згаданых драўніны і зямлі, былі
вербалоз, пянька, гліна. Пабудовы размалёўваліся чырвонай, жоўтай,
блакітнай фарбай.

Выказваюцца
здагадкі, што плямёны “безназоўна цывілізацыі” прыйшлі зь нізоўяў Дунаю
і былі спачатна качэўнікакмі. Але неўзабаве і давялося зьмяняць качавы
лад жыцьця на аселы. Яны мусілі вынаходзіць новыя прылады працы.
Сякеры, сьвярдзёлкі, напілкі – усё выраблялася з каменю, дрэва, костак
жывёл. Кола яны ня ведалі. Плуга таксама. Ворыва апрацоўвалася
аленевымі рагамі. Вырошчваліся ячмень, гарох, бабы і мак. Былі
прыручаны гавяда, сьвіньні, авечкі. Вопратку ткалі льняную. З гліны
ляпілі посуд і фігуркі, а потым абпальвалі ў агні. Дасьледнікі
перакананы, што плямёны гэныя былі праз лад міралюбівымі: маўляў, нідзе
не адшукана нават намёку на наяўнасьць у іх зброі. Зь міралюбівасьцю
зьвязваецца і раптоўнае зьнікненьне “цывілізацыі” блізу 4600 г. да
н.э., верагодна пад націскам ваяўнічых суседзяў.
Развод па панятках
Ці трэба у гэтым выпадку верыць археолягам ды іхным мэдыйным
інтэрпрэтатарам? Бадай што, не. Сама заява пра адкрыцьцё невядомай
дасюль цывілізацыі, нават у сьвятле прыведзеных зьвестак, не
вытрымлівае крытыкі. Адбываецца відавочная спэкуляцыя паняцьцем.
Пералічаных дасягеньняў старажытных жыхароў названага рэгіёна
недастаткова, каб гаварыць аб існаваньні тут цывілізацыі. Не стае ўсяго
некалькіх, але вельмі істотных рэчаў: гарадоў, дзяржавы і пісьма. Гэта
самае ўразьлівае месца канцэпцыі “няведамай цывілізацыі”. Рэшткі
гарадоў ня выяўлены. Самае буйное паселішча адкрытае дасюль магло
зьмяшчаць парадку 300 чалавек. Гэта больш, чым на паселішчах тагачаснай
Беларусі, але ўсё ж супастаўна. Наўпростых (дый ускосных таксама)
прыкмет існаваньня дзяржаўных інстытутаў нямашака. Пра хоць бы
прымітыўныя формы пісьма не вядзецца. Пшык дый годзе. Ах прабачце яшчэ
ж храмы! Гэта безумоўна сьведчаньне дастаткова высокага ўзроўню
разьвіцьця культуры ў рэгіёне, і выдае на зачаткі
цывілізацыйнага агмяня.
Хаця насамрэч няма ніякай гарантыі, што цэнтральная частка храмавых
комплексаў уяўляла сабой будынак, а не абгароджаную пляцоўку.
Пасаж пра міралюбівасьць выглядае анэкдатычна. Такое адчуваньне, што,
гаворачы пра адсутнасьць зброі, археоляг мае на ўвазе сама мала
вінтоўку Мосіна ці аўтамат Калашнікава. Пры тым зь вялікай пэўнасьцю
немагчыма сказаць, што, прыкладам, каменная сякера выкарыстоўвалася
вылучна ў мірных мэтах.
Навука ваша і наша
Акром таго высьвятляецца, што плямёны дутай цывілізацыі даўно вядомы
навукоўцам як частка археалягічнай культуры лінейна-стужкавай керамікі.
Навошта ж Штойбле ўзьняў такую сумнеўную гамарню? Магчыма было жаданьне
прыцягнуць увагу грамадзтва да археалягічнай навукі. Можа не давалі
спакою ляўры Генрыха Шлімана, які ў ХІХ ст. раскапаў Трою, у існаваньне
каторай ніхто ня верыў. А мо' і залішні гістарычны рамантызм, падобны
да рамантызму Ластоўскага.
Зрэшты Гаральду Штойбле і яго калегам не выпадае скарадзіцца на
няўвагу. Колькігадовыя раскопкі яўна абыйшліся ў добрую дзяржаўную
капейчыну. Падчас дасьледзін, напрыклад, выкарыстоўвалася
аэрафотаздыманьне. Сучасным беларускім археолягам пра такую ўвагу
застаецца толькі марыць. Яшчэ невядома, якія адкрыцьці маглі б зрабіць
нашы навукоўцы, каб дзяржава выдаткоўвала грошы ня толькі на
папулісцкія акцыі. Ня можа спрыяць навуцы і паляваньне на
“нядобранадзейных”, якое ўсё больш актыўна практыкуецца апошнім часам
(згадайма лёс Генадзя Сагановіча). Дзяржава, якая ідэалягічна прыкіпела
да ХХ стагодзьдзя, баіцца тысячагадовай гісторыі.
2005 г.
Здымкі: asia.ru,
spiegel.de,
bz.berlin1.de