Што б хто ні казаў, але беларуская медыйная прастора глядзіцца дзіўна. Возьмем хаця б той яе сегмент, што нейкім бокам тычыцца культурнага жыцця. Калі адразу адкінуць паразітаванні на інфармацыйных плынях, што ідуць з Расіі, то ўласна беларуская карціна выглядае досыць мізэрна, дарма што з прэтэнзіяй на пэўную стракатасць. Што ж канкрэтна здзіўляе?
Здзіўляе тое, што журналісты смяюцца з надуманых прэс-рэлізаў айчынных поп-знічак, але ў тысячу першы раз гатовы паведаміць спажыўцам інфармацыі пра глісты, якія не дазволілі салісту групы «Тямтя-лямтя» своечасова запісаць чарговы шэдэўральны альбом і фанаты ўсяе Беларусі мусяць рэзаць сабе вены ад жахлівай нясцерпнасці.
Здзіўляе тое, што журналісты, часцяком ігнаруючы сапраўдныя скандалы ў культурнай сферы, з шалёнаю ахвотай гатовыя іх высмактаць з пальцаў абедзвюх рук, не забыўшы падстрыгчы пазногці, каб не падрапаць збольшага падвешаны язык. Нагодай для высмоктвання скандалу можа быць усё, што заўгодна, абы толькі завабіць імавернага спажыўца.
Можна напісаць гучны водгук на музычны альбом, які сам ніколі не слухаў, і звінаваціць музыкаў у генацыдзе ізумрудных мух, здрадзе Радзіме і торганні аднакласніц за касічкі ў 1985 годзе да н.э. Можна выйсці з рэдакцыі і пашпацыраваць да бліжэйшага кіёску, каб купіўшы там газетак культурніцкага кшталту, знайсці ў адной з іх старажытны анекдот пра
мама, я хачу пісі і выдаць у адказ артыкул на 30 тысяч знакаў з вогненнымі стрэламі ў адрас канкурэнтаў, якія нібыта займаюцца распальваннем у грамадстве міжполавай варожасці, чым падрываюць духоўныя асновы жыцця беларускае нацыі на няпростым шляху да станаўлення інфармацыйнага грамадства і інтэграцыі ў еўрапейскую супольнасць.
А яшчэ можна адшукаць хлопчыка, які на пленэры «Нюськавіцкія дударыкі-2009», не падзяліўшы з іншымі хлопчыкамі харошую дзяўчынку, атрымаў па твары, і прэзентаваць яго спажыўцам інфармацыі ў якасці ахвяры жорсткага палітычнага супрацьстаяння тых, хто разбівае яйка з вострага канца, і тых, хто разбівае яго з тупога. Можна ўвогуле нічога не шукаць, а маўкліва сачыць за абнаўленнямі ў беларускім сектары «Жывога Журнала», каб у адным з апублікаваных там навуковых артыкулаў убачыць знаёмыя прозвішчы беларускіх пісьменнікаў і тэрмінова нарабіць гармідару, патрабуючы ад аўтара тлумачэння: «Што вы мелі на ўвазе, калі назвалі літаратара Вітаўта Снядэцкага апошнім з першых прадстаўнікоў вычварэнска-парадыйнага модусу ў постмадэрнісцкім метанаратыве актуальнага літаратурнага працэсу беларускага ўскрайку глабальнае вёскі?»
Адным словам, глебы для жарцікаў і кепікаў хапае з добрым лішкам. Магчыма, што для пераважнай масы спажыўцоў медыйных страваў гэта не так і прыкметна. Але многае змяняецца, калі сам прычыняешся да інфармацыйнай нагоды, якую заўважаюць і над якой рэфлексуюць журналісты,
упарта не называючы тваё імя. Прыкра пачувацца
аб’ектам замоўчвання на тле публікацый пустых прэс-рэлізаў і тыражавання вымудраных скандалаў. У наш час гэта бадай самае страшнае выпрабаванне для творчага чалавека. Ні крытыка, ні перамыванне костак не закранаюць яго так, як замоўчванне ў медыях.
Вы ўрэшце спытаеце, да чаго тут Таццяна Заміроўская? Адказ ляжыць проста на паверхні: яна ёсць адным з найяскравых прыкладаў
журналістыкі замоўчвання. Згадайце (ці паглядзіце), колькі разоў пані Таццяна ў допісах на Naviny.by абыгрывала тэму сваёй
нянавісці да групы J:МОРС або падкрэслівала бессэнсоўнасць перастварэння па-беларуску расійскамоўных песняў. З тых допісаў можна было дазнацца пра многае, але толькі не пра тое, хто стаў для журналісткі
крыніцай прафесійнага натхнення. Атрымлівалася вельмі цікавая сітуацыя, бо звонку выглядала, што Таццяна Заміроўская вяла дыскусію не з канкрэтным чалавекам, а з нейкім ценем. Якія з ценяў дыскутанты, не мне вам казаць. Тут нават «Этыс! Атыс! Аніматыс!» не дапаможа.
Праблема выглядае больш шырокай, чым логава легендарнага
чароўнага трусіка. У звязку з ёй узнікае шэраг невырашальных пытанняў. Чаму
сіндром Заміроўскай стаў даволі распаўсюджанай з’явай? Чаму нярэдка журналісты гатовы палемізаваць з тымі, хто ў рытме паланеза наступіў ім на любімыя мазалі, але захоўваюць ананімнасць саміх аматараў
палемічных паланезаў? Які кайф і колькі літраў малака за шкоднасць павінен атрымліваць чалавек, што вымушаны назіраць, як у артыкуле за артыкулам адбываецца баявы журналісцкі пінг-понг з ягоным ценем? Якую карысць журналісцкія дзівосы падобнага кшталту прыносяць беларускаму інфармацыйнаму полю і камбайнерам, што працуюць на ім? Пакуль мне нідзе не бачыцца адказаў. Можа, нехта ведае, дзе яны ляжаць? Дык не маўчыце. Першаму, хто адкажа, я гатовы прысвяціць мой новы гарадскі раманс. А то тут кажуць, што арыгінальных тэкстаў не стае.
15.08.2009 г.
Тэкст напісаны адмыслова для сайта "Белорусские новости".