Беларуская літаратура :: Тэзэй беларускага постмадэрнізму :: сайт творчасці Сяргея Балахонава
 КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ВЕРШЫ: ЧЫМСІКІ

Чымсікі. Сем смяротных грахоў

Сяргей Балахонаў. Чымсікі. Сем смяротных грахоў

Слова ў дарожку
Аднойчы пэўная дзяўчына падзялілася са мною народным двухрадкоўем парадаксальнага зместу:

Чем в подъезде водку пить,
Лучше зайчика купить.

Зместам я быў вельмі уражаны і вырашыў паспрабаваць сябе ў гэтым жанры. А што? Яшчэ Максім Багдановіч прапаноўваў зяртацца да вуснай народнай творчасці і пераймаць яе ўзоры. Тут, безумоўна, сучасны фальклор, да таго ж не чыста беларускі, а ўсё ж постсавецкі. Аднак мне як даўняму аматару і адпататару сучасных сагаў гэта аклічнасць не стала перашкодай. Я напісаў нізку такіх двухрадкоўеў, узяўшы за тэматычную аснову ўяўленні пра сем смяротных грахоў, якія складаюць фанабэрыя, зайздрасць, ненажэрнасць, распуста, гнеў, сквапнасць, роспач.

Ніжэй пададзены 49 двухрадкоўеў, аб'яднаных адным са смяротных грахоў. Дарэчы, гэтыя двухрадкоўі я пастанавіў называць чымсікамі. Зацятых праціўнікаў дзеяслоўнай рыфмы прашу або не чытаць, або проста памаўчаць. Такія рыфмы ў чымсіках ёсць толькі мастацкім прыёмам, які набліжае іх да народных твораў.

Luxuria

***
Чым за дзеўкамі ўпадаць,
Лепей снег пафарбаваць.

***
Чым агонь ва ўлонні мець,
Прадаваць лепш мірна медзь.

***
Чым на баб чужых касіць,
Лепш кампоціку папіць.

***
Чым з чужою жонкай спаць,
Лепш пайсці каня купаць.

***
Чым юрыцца цэлы дзень,
Лепш скарчуй у полі пень.

***
Чым цягнуць жанку ў кусты,
Лепш будуй тэлемасты.

***
Чым ускокваць на жанок,
Лепш іграць няцяжкі рок.

Gula

***
Чым каўбасы паглынаць,
Атлантыду лепш шукаць.

***
Чым катлетаў рондаль сніць,
Лепш перфоманс учыніць.

***
Чым пра ладны марыць стэйк,
Лепш любіць Радзіму нейк.

***
Чым з блінамі жэрці тлушч,
Лепш цаніць прыгожасць пушч.

***
Чым з таранкай піва дуць,
Лепш акварыум набудзь.

***
Чым крывянкай пхаць трыбух,
Дзеткам лепш прыдбай гросбух.

***
Чым абжэрству гімн спяваць,
Заплаці падаткі, мляць.

Acedia

***
Чым паныла пазяхаць,
Бураціну лепш стругаць.

***
Чым стагнаць: "Аёй-аёй",
Лепш адрамантуй геймбой.

***
Чым праз роспач слёзы ліць,
Лепш катку скажы "кыць-кыць".

***
Чым зусім павесіць нос,
Лепей здай партыйны ўзнос.

***
Чым рыдаць ісці ў садок,
Лепей здзейсніць марш-кідок.

***
Чымся соплі распукаць,
Лепш заквась капусты кадзь.

***
Чымся румзаць ад няўдач,
Лепш вазьмі ў бразільца мяч.

Avaritia

***
Чым ад сквапнасці мадзець,
Лепш раўці, як той мядзведзь.

***
Чым над рублікам дрыжаць,
Лепш пайсці на сенажаць.

***
Чым душыцца за траяк,
Лепей станчыць кракавяк.

***
Чым людзей за шэлег драць,
Лепш сабраць на бітву раць.

***
Чым хлеб з братам не дзяліць,
Лепш на млын павідла ліць.

***
Чым вітаць гасцей вадой,
Лепш быць Пецькам Пустатой.

***
Чым быць Плюшкіным ва ўсім,
Лепш прайсці і Рым, і Крым.

Ira

***
Чым ад гневу закіпаць,
Лепш пра жабу пачытаць.

***
Чым злавацца на кагось,
Лепш скакаць, як зграбны лось.

***
Чым трымаць у сэрцы люць,
Жонцы лепш "Arche" набудзь.

***
Чым гняўліва вусны дзьмуць,
Адфільтруй лепш каламуць.

***
Чым зласліва шчэрыць зуб,
Лепш купі атлету куб.

***
Чым тачыць зацята нож,
Лепш ідзі тхара стрынож.

***
Чым слыць ярасцю сляпой,
Дай лепш лялькам сырадой.

Invidia

***
Чым ад зайздрасці палаць,
Лепш рачкоў дрэсіраваць.

***
Чым жадаць чужы кавал,
Лепш стварыць Жывы Журнал.

***
Чым зайздросціць мінаку,
Лепш рукой спыніць раку.

***
Чым хацець суседскі джып,
Пацалуй лепш ружы шып.

***
Чым з удач калегаў ныць,
Мікі Маўса лепш прысніць.

***
Чым мець зайздрасць да хлусоў,
Дай лепш трусіку расол.

***
Чым чужы прымерваць шык,
Лепш вазьмі ў арэнду пшык.


Superbia

***
Чым да неба нос узняць,
Лепей кветачкі збіраць.

***
Чым павесіць німб сабе,
Лепш аддацца ў барацьбе.

***
Чым ад пыхі адурэць,
Лепш згаліць масквічцы шчэць.

***
Чым за марнай славай мкнуць,
Лепш з падлодкаю на Вуць.

***
Чым сябе скрозь усхваляць,
Вершы лепш пішы праз "яць".

***
Чым з нарцысам быць ліхім,
Лепш ОСОАВИАХИМ.

***
Чым пагардліва пыхцець,
Лепш схаваць мабілу ў клець.

Гомель, чэрвень 2010 г.

Фота: nycgraphicnovelists.com