Беларуская літаратура :: Тэзэй беларускага постмадэрнізму :: сайт творчасці Сяргея Балахонава
 КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ВЕРШЫ: ЛІРЫКА

Дэльфіны

Сяргей Балахонаў. Дэльфіны

Твае халодныя дэльфіны
пад лёдам выдуманых слоў,
зімы спазнаўшы сэнс глыбінны,
шукаюць зніклае цяпло.
А ты ідзеш насустрач святу
па калідоры без святла.
Паветра смак халаднаваты.
Разваг батлейкавы бедлам.
Між віртуальным і сапраўдным
даволі тонкая мяжа,
па ёй да шчасця раўнд за раўндам
ідзеш, не хочучы спяшаць.
Але на гэтым калідоры
чужыя правілы гульні:
то ў бой ідуць канкістадоры,
то “тыгры” стануць, то ні-ні
кактэйлю Молатава ў хаце,
бо зачынілі д’юці-фры,
то ты не думаеш аб браце,
які не думаў аб сястры.
Ты забываеш пра падзякі
ў падманным ззянні ўзнагарод
і спадзяешся, што ніякі
цябе не ўхопіць донкіхот.
На канфеці ірвеш паштоўкі,
на серпанцін – пірацкі сцяг.
Твой кожны рух, вядома ж, лоўкі,
як наш падпалены рэйхстаг.
У сотнях тысяч недамовак,
у двух ці трох спляценнях рук
адзін газетны загаловак
спыняе раптам сэрца стук.
І вось халодныя дэльфіны
пад лёдам выдуманых слоў,
зімы спазнаўшы сэнс глыбінны,
шукаюць зніклае цяпло.

31 снежня 2010 г. – 2 студзеня 2011 г.

Фота: albaruthenicae.info