
Гэты люты для мяне ня быў асабліва багаты на значныя творчыя падзеі ці нейкі грамадзкі розгалас. Тым ня меней, ёсьць пэўныя моманты, якія не зашкодзіла б згадаць.
Зусім раптоўна маё прозьвішча апынулася ў сьпісе скандальна вядомага блогера літаратара Міхася Южыка. У допісе пад назвай
"Хто самы круты літаратар?" ён памясьціў мяне на шостай прыступцы ў намінацыі "Крытыка". Давялося зьвяртацца па тлумачэньні. Літаратар іх даў, як у камэнтары, так і ў новым допісе з назваю
"Расшыфроўка Южыкавага рэйтынг-ліста" Дык жа за што мне выпала такое шчасьце? Дамо слова аўтару рэйтынга:
Сяргей Балахонаў. Адзін з найдасціпных і экспрэсіўных літаратурных прамоўцаў-спрачальнікаў.
Коратка і ясна. Калі б яшчэ я насамрэч умеў спрачацца ня толькі на паперы ці ў сеціве.
Амаль адначасова з гэтым у газэце "Беларусь сегодня" была апублікавана гутарка
"Литература на уроке и в блоге". У ёй бралі ўдзел пісьменьніцы
Людміла Рублеўская,
Аксана Бязьлепкіна і
Тацяна Заміроўская. Тэма гутаркі можна зразумець з назвы вынесенай у загаловак. У развагах пра лёс літаратуры у эпоху інтэрнэту дарагая фрэндэса мая Аксана настала замацавала за сабой званьне
маркшэйдэра маёй самазакаханасьці:
А это потому, что можно сравнить сообщества ЖЖ с литературным салоном, куда эти писатели не ходят. Блог — спасение для нестоличного писателя, чем умело воспользовался гомельчанин Сергей Балахонов. Как ни цинично это звучит, но если творческого человека нет в ЖЖ, то его как бы и нет в живом литературном процессе.
Дарма, што мая правінцыя Беларускай Імпэрыі не знаходзіцца ля ўскрайку цёплага мора, тут мне больш утульна, чым на арэнах сталічных калялітаратурных цыркаў.
У лютым я вярнуўся да практыкі падкастэрства. Запісаныя ў хатніх умовах аўдыёфайлы залучаюць у сабе аўтадэклямацыіі лірыкі. Пайменна гэты былі вершы
"Ты, я і аўтар" (1,03 Мб),
"Канструктар «Тытанік»" (761 Кб),
"Спакушэньне Трышчана" (1,08 Мб). А аматары хатніх сьпеваў могуць паслухаць песеньку
"Сноў нястомны разьбег" (2,08 Мб), якую я выконваю на музыку Акіры Ямаокі.
4.03.2009 г.