Беларуская літаратура :: Тэзэй беларускага постмадэрнізму :: сайт творчасці Сяргея Балахонава
 КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ПРОЗА І ПУБЛІЦЫСТЫКА: МІСТЫФІКАТЫ

Празь дзядоўнік да зор

Сяргей Балахонаў. Празь дзядоўнік да зор

У афіцыйнай гісторыі беларускае касманаўтыкі першымі нашымі касманаўтамі лічацца Пётра Клімук (палёты 1973 і 1977 гг.) ды Ўладзімер Кавалёнак (палёт 1977 г.). Неафіцыйна за свайго, бо нарадзіўся на крывіцкай Смаленшчыне, той-сёй уважае Юр'ю Гагарына (1961 г.). Між тым Беларусь была шчыльна зьнітаваная з асваеньнем касьмічнае прасторы за доўга да названых палётаў. Мы тут ня станем запыняцца на няўдалых валюнтарысцкіх спробах кaта беларускага народа гаўляйтэра Вільгельма Кубэ, які ў 1942 г. хацеў стварыць касмадром на месцы катастрофы іншаплянэтнае касьмічнае судзіны пад Баранавічамі. Зьвернемся ж мы да ведамых і малазнаных крыніцаў ХVІІІ-ХІХ  стст.

У Рэчы Паспалітай, стамлёнай ад унутранага бязладзьдзя і шныпараньня па ейных абшарах чужаземных вайсковых кантынгентаў, з 1769 г. меўся спэцыфічны анкляў. Ля рачулкі Мерачанкі ў маёнтку Паўлаў – за 28 вёрст ад Вільні – існавала буржуазная рэспубліка з аўтарытарнай дыктатурай мягкага (softly) тыпу пана Паўла Ксавер'я Берастоўскага (Бжастоўскага). Адам Кіркор у трэцім томе "Живописной России" (1882 г.) так адлюстраваў ягоную чыннасьць: "Нельзя не упомянуть […] о имении Павлов […], известном под названием Меречанско-Павловской республики. Основателем ея был владелец имения, литовский референдарий, прелат-архидиакон виленского капитула […]. В 1769 г. (10 марта) основал он маленькую республику […], отказавшись от прав вотчинника, но сделавшись гражданином республики наравне с каждым поселянином и наравне со всеми подвергаясь обязанностям, предписываемым статутом республики, учрежденным сеймовым постоновлением 4 апреля 1791 г. […]. Каждый житель был человеком свободным, владел собственною землею, мог быть избран президентом республики, а равно и в другия должности. Граждане, однако, из благодарности избрали пожизненным президентом самого Бржестовского […]. В Павлове существовали училища, больница, ломбард, были даже сеймовые собрания, на которых избирались депутаты, и дела решались по большинству голосов. Многие приезжали из отдаленных мест изучать и удивляться этому небывалому в то время устройству имения, в котором все жители были свободны, просвещенны, зажиточны". Нядзіўна, што рэспубліка ўбралася ў сілачку, пераадольваючы фэўдальныя перажыткі ў палітычным і эканамічным жыцьці, ствараючы спрыяльныя варункі для развою напраўду буржуазнага грамадзтва. Акурат на ўздыме буржуазнае эўфарыі, як паведамляе прыпіска ў "Магілёўскай кроніцы", пан прэзыдэнт пастанавіў "czlowieka na Miesiac otprawic". Падрыхтоўка вялася ў глыбакай сакрэтнасьці, аднак усё ж была заўважаная расейскімі шпіёнамі. "На Виленщине у деревушки Павлушкино отмечается небывалое доселе перемещенье людских и лошадиных сил. Ведется некое, не вполне вразумительное строительство. Из дерев и каменья созидается нечто навроде ступенчатой башни, назначенье коей  наши знатоки утрудняются определить достоверно. Вероятно, что башня оная суть взбалмошное измышленье местнаго панка и представляет собою шкилет для будущего засыпанья солью и творенья подобия снежной горы для катания с нея на санях летом," – увосень 1788 г. даносіў у Санкт-Пецярбург штабс-капітан Міхаіл Лер-Прыклонскі. Між тым вежа была не абы-чым, а ракетнай шахтай. Праект распрацаваў Якуб Яленскі, які доўгі час сушыў мазгі ў Амстэрдаме і спрытна авалодаў (дарма, што ня многім давалася) фундамэнтальнаю працай "Вялікае мастацтва артылерыі" нашага слаўнага земляка Казімера Семяновіча. Ладныя, як з рога дастатку, грашовыя ўліваньні пана Берастоўскага дапамаглі таленавітаму маладому навукоўцу ня толькі удасканаліць тэарэтычныя напрацоўкі Семяновіча па стварэньні шматступеневых ракетаў, дадатковых рухавікоў, стабілізатараў (у т. л. тыпу "дэльта"), але й прыступіць да практычнага ўвасабленьня праектаў. Тры тэчкі чарнавікоў, разьлікаў, красьлюнкаў, рысункаў і схемаў Якуба  Яленскага, калі верыць былому супрацоўніку КГБ Мікіту Грызун-Барклай дэ Толі, захоўваюцца цяперака ў беларускім аддзеле т. зв. "фонда сокрытия" архіва ФСБ Расеі.

 Ініцыятар разам з распрацоўнікам праекту імкнуліся прадумаць усё да дробязяў. У рэестравых кнігах (запоўненыя польска-беларуска-царкоўнаславянскай "трасянкай") Мерачанска-Паўлаўскай Рэспублікі таго часу неаднакроць прыгадваюцца размаітыя рэчы, што купляліся або ў Рэчы Паспалітай, або ў краінах Эўропы. Сярод рэчаў: "butyki metalowy na abjom pa dwa karcy kaznaja – 500 sztuk" (кіслародныя балёны), "990 tysiec ziercal malych Nalibockich osobliwych", "szklo Ureckie barzo twardo" розных відаў, у т. л.. "naksztalt sfer obsieczonych" (верагодна элемэнты для спушчальнага апарату ды скафандраў). Для тых жа скафандраў былі закупленыя значныя адрэзы ядвабу, лёну, аксаміту, два мядзьвежых і пяцьдзясят сабаліных футраў. Паводле дастаўленых з Італіі "widymusau" (копіяў) эскізаў Леанарда да Вінчы быў пашыты парашут ("cichopad"). Якой выскваркі было варта будаўніцтва ракеты ды мэханізмаў спушчальных апаратаў, сказаць пэўна немагчыма. Але ўскосна мы дазнаемся пра "карточный выигрыш  пана Павла Бржестовскаго у капитана инфантерии Алексия Поклонскаго осьмидесяти пудов литовских пороха месяца июля года 1789". Адкуль у Паўлаў завозіўся мэтал і што за ён – невядома. Шмат туману і з характарам ракетнага паліва, якое без тлумачэньняў у дакумэнтах празываецца "palidlom Krasinskiego". Верагодна, што вядзеца тут пра гомельскага старосту  Мікалая Красінскага, які ў 1730 г., не даехаўшы да Вільні, памёр у Менску. Згодна ізь зьвесткамі знанага архіварыюса Адама Клакоцкага гамельчуку перад сконам заняло мову і ён папрасіў пяро з атрамантам ды паперу, на якой стаў крэмзаць "штосьці сярэдняе між літарамі, лічбамі ды музычнымі знакамі". Баржджэй за ўсё гэта і была формула памянёнага вышэй "palidlа", якую Красінскі імкнуўся перадаць у рукі вышэйшых улад Вялікага княства літоўскага. Зыходзячы з разьлікаў гэтага паліва патрабавалася ўсяго толькі дзьве бочкі віленскія, то бок блізу 815 літраў ці то 1630 сучасных паўлітровых бутэляк.

 Так ці ня так, але ўвесну 1790 г. усё было гатова да палёту. Ніхто, як па шчырасьці, ня мог загарантаваць удаласьці выніку ўсяго задуманага, бо аніякіх выпрабаваньняў не праводзілася. Нядзіва, што добрахвотнікаў між грамадзян Мерачанска-Паўлаўскай Рэспублікі на гэтую небясьпечную справу, бы венікам зьмяло. Акурат з тых часоў паходзіць калярытная прымаўка: "Прабач, пане, Месік поперак горла стане". Якуб Яленскі быў вымушаны ўзяць на сябе гонар адным з касманаўтаў стацца. Другую кандыдатуру прэзыдэнт зьбіраўся адмысловым прывілеем прызначыць зь ліку сваіх падданых. Аднак, як казак з маку, у тых мясьцінах зьявіўся мантач, піток, бабадур, двубойнік, прабеглы зух, каторы ў сваім жыцьці не з аднае печы хлеба паспытаў, паэт-імправізатар Дамінік Валіцкі – колішні сябар праектоўцы. "Мне цяпер лепі ў морах месяцовых паплываці, ніжлі ў Птычы прэз Радзівілла ўтаплёным быці," – заявіў ён пану Берастоўскаму, маючы на ўвеце нейкія свае ростыркі з прадстаўнікамі знакамітай магнацкай фаміліі.

Я адстаўлю ўбок
З крамбамбуляй фляшу,
Бо надта ж яна
Мне засьціць
Месяц, на які лячу

Старт ракеты "Odnorog Wolnosci", прымеркаваны да 62-га дня народзінаў знанага астранома Марціна Пачобут-Адляніцкага, і адбыўся адпаведна 30 кастрычніка 1790 г. Расейскія шпегі былі шакаваныя, нібы каты на гарачай блясе, і зьбівіста-невыразна дакладалі каранаванай распусьніцы Кацярыне ІІ: "У селения Павликово произошед преогромнейшей силы взрыв, кой в своем основании имает прямую связь с выпаданьем из небеси лохматой звезды малых величин. Оная звезда, вдарившись оземь, породила сей взрыв и союзно с ним полетела вновь во вселенну". Ляцець "во вселенну" беларускім героям давялося тры з паловаю месяцы. Гэта сьведчыць на тое, што таямнічае "palidlo Krasinsiego" запазволіла разьвінуць хуткасьць палёту парадку 150 км / гадзіна. Пытаньне, чым увесь гэты час і зваротную дарогу сілкаваліся нашыя касманаўты, а таксама ў які спосаб здавальнялі свае прыродныя надобы, застаецца адкрытым. Да нас дайшло адно некалькі паасобных аркушоў з успамінаў Дамініка Валіцкага, пісаных па-беларуску польскаю лацінкай (падаем тутака ў кірылічнай транслітэрацыі). Дык жа 17 лютага 1791 г. Якуб і Дамінік ужыцьцявілі пасадку на Месяц у раёне т. зв. Мора Спазнаньня ("мабуць гдзесь пасяродцы месікавай усьмішкі прысталі"). Вось як апісаў першыя ўражаньні Валіцкі: "Я піргнуў асьцеражнейшым абычаем, то й праляцеў толька дзьве сажні. От того мы зьдзецінілі саўсём да ўшчалі скакаці й блазнаваці. Якубок латво ўскочыў на волотоўку, якбы на Пацаў у Вільні палац. Я тэж не забавіўся тэго ўчыніці. А гды ся спотрэбіло піргнуць долу, так мы дужэ гловы зачэсалі: то ж ня хыхі навет і з страхі сялянскай хаты на грудок каменьняў сігануці. Але, надважыўшыся, мы сьмела рынуліся далоўкі а ляцелі барзо плыўно, словом у Нарочы буўтырхаліся". Адолеўшы свае першасныя эмацыйныя рэакцыі ад выйсьця на нязьведаную плянэту, беларускія астранаўты сталі на ўсе вочы разглядаць асаблівасьці месяцовае прыроды. "Натура Сылены была супоўна мёртвай: ні стуку, ні груку, ні побрэху сукі – адно каменныя курганы да ўзвышшы. Ані травіначкі там не было, а так хцялэм васілька якога пабачыць," – распраўляе Валіцкі. Ляндшафты Месяца выклікалі ў зямлян ня самыя лепшыя ўражаньні: "Які ж кеп назмышляў, што на Месіку плёскаюць морскія фалі?! Тамака ў мора камлыжныя фалі, а вадзіцы ні краплінкі нетуці. Барані, Божа, каб ня стало такого ў нас!". Беларускія "зьвездаплаўцы" (наватвор Валіцкага), пабадзяўшыся моўчкі дзьве гадзіны, набралі куфэрак камянёў, а ў адным месцы закапалі і акрылі валуном сьвержаньскую фаянсавую "фляшу" з крамбамбуляй і "сярэбны футэралак" з запіскаю. Запіска называла імёны самых герояў, імя фундатара, адзначала факт высадкі, а месяц абвяшчала складоваю часткай Мерачанска-Паўлаўскай Рэспублікі. Быў час вяртацца. Канструкцыя спушчальнага апарата прадугледжвала магчымасьць яшчэ аднаго старту: "Ніжні члонэк караба наськага быў бытта армата пушчалная, што ў Паўлаве засталася. Тому як Месік за Землю мнейшы, дык і члонэк той мусіў мнейшым быці. Накш мы б рызыкавалі дужэ ў планіду радзімую жахнуцься ". Такім парадкам нашы астранаўты пакінулі на спадарожніку Зямлі яшчэ адзін свой "сувэнір" – гарматападобны васьмігранны слуп, аздоблены выяваю аднарога й шыльдаю з надпісам: "Odnorog. Mknu w niebo – prez dziadownik do zwiezd".

Зваротны шлях, што хутчэй, быў для Дамініка зь Якубам  зусім няпростым: кісларод і ежу яны ашчаджалі, як маглі. Нездарма Валіцкі аб павяртаньні напісаў: "Ойчыны поветрам мы аддыхнулі зь няўсьцерпнай ахвотай. Хлеб-соль, гуркі маласольныя, сала з гарэлкай et cetera на стале пана Ксавэр'я дужа дарэчы былі й смакавалі нам, як ніколі да тэга". Ніякіх наўпростых зьвестак аб іх прызямленьні не захавалася. Зусім магчыма, што пасадка адбылася дзесь між стэпаў Украіны. У паперах украінскага філёзафа Грыгор'я Скаварады, датаваных 1791 годам, знаходзім досыць цьмяную намінку на гэта: "Коли у степ падає зірка та відтуль ступують литвины, так що ж буде істиной в цьому випадку?".

Круці не круці, але далейшыя шляхі беларускіх герояў назаўжды разьмінуліся. Якуб Яленскі, паводле некаторых зьвестак, быў тайным дарадцам Андрэя Касьцюшкі і рыхтаваў для паўстаньня сакрэтную "зброю ачышчэньня". Імаверна гэта мусіла быць нешта кшталту ракетнага комплексу. Аднак праект ня быў уцялёсьнены, а сам праектоўца зь зямлёю ажаніўся, відаць, на самым пачатку паўстаньня 4 красавіка 1794 г. у час бітвы ля Рацлавічаў. Дамінік Валіцкі ж яшчэ да паўстаньня адправіўся шукаць прыгодаў у "далёкую Чыпангу" (то бок Японію), адкуль ужо ніколі не вярнуўся. Што да Мерачанска-Паўлаўскай Рэспублікі, то яна па адных зьвестках была ліквідавана ў  1794 г., а па іншых праіснавала ажно да 1824 г. і нават біла собскія манэты. Прынамсі, адна з такіх манэтаў захоўвалася сярод збораў Беларускага музэю Івана Луцкевіча ў Вільні. Месяцовыя камяні, дастаўленыя беларусамі на Зямлю вельмі хутка разбрыліся па прыватных калекцыях (Чартарыйскіх, Радзівілаў, Тышкевічаў, Румянцавых ды інш.), хаця ўжо тады многія скептычна балакалі пра іхнае паходжаньне.

Зусім нядзіўна, што ва ўмовах "расійскага колёніяльнага панаваньня", як пісаў Янка Станкевіч, вычын беларускіх шляхціцаў канца XVIII ст. быў цалкавіта забыты. Таму высадка ў 1969 г. на Месяц амэрыканцаў сталася сапраўднай міжнароднай сэнсацыяй. Між тым, не зважаючы на сваю дэманстратыўную публічнасьць, гэтая падзея мае свае засакрэчаныя бакі. Сярод сакрэтных матэрыялаў другой амэрыканскай месяцовай экспэдыцыі (лістапад 1969 г.) ёсьць справаздачы аб знаходцы на паверхні Месяца "аплаўленай і пабітай мэтэарытамі васьміграннай мэталічнай стэлы з рэшткамі відарысу й ерагліфічных надпісаў на паверхні". Падчас збору пробаў грунту Ч. Конрад і А. Бін выявілі "артэфакты колішняе месяцовае цывілізацыі – рэшты пасудзіны тыпу старажытнаэгіпецкіх гаршчкоў зь піраміды Хэопса і срэбная мадэль саркафага фараонаў" (гл.: Moon without secrets. Greensboro, 2000. P. 44). Адсутнасьць у амэрыканцаў зьвестак пра беларускі палёт 1790-1791 гг. штурхае іх на калясальную аблуду.

Гомель, 2002 г.