
Беларускія пісьменьнікі ў сваіх інтэрвію цьвердзяць, што беларуская літаратура — адна з найлепшых у сьвеце, адно што — малавядомая. Аднак наклады беларускамоўных мастацкіх кніг і літаратурных часопісаў не растуць. У апытаньні на сайце “Нашай Нівы” званьне народнага пісьменьніка чытачы прапануюць даць Алесю Разанаву — паэту “цёмнай”, элітарнай мэтафізыкі. Літаратурная крытыка як жанр проста чэзьне й гібее на вачох: зь сёньняшніх крытычных артыкулаў немагчыма ўявіць сабе карціну беларускай літаратуры альбо якасьць твораў таго ці іншага пісьменьніка.
Паспрабуем зразумець прычыны гэтага. І пачнем бадай з крытыкі.
Крытыка ў сваёй сутнасьці зьява “паразытарная”: яна зараджаецца на целе мастацкага твору. У сёньняшнім сьвеце роля крытыка не паддаецца адназначнай ацэнцы. Ён можа быць піяршчыкам нейкіх твораў, альбо клясыфікатарам — навешвальнікам ярлыкоў, альбо “тэрмінатарам” — абаронцам нейкай адной тэорыі і зьнішчальнікам усіх астатніх... Адно бессумнеўна: яна ня можа існаваць бяз тэксту*. То бок, крытык у кожным разе выступае пасярэднікам паміж пісьменьнікам і чытачом.
Крытык — гэта “адукаваны чытач”. Ён чытае болей за сярэднестатыстычнага грамадзяніна. Ён мае спэцыяльныя веды, дзякуючы якім можа суаднесьці новы твор з папярэдняй творчасьцю пісьменьніка й з літаратурай як у краіне, так і наагул у сьвеце.
У цяперашняй літаратурнай сытуацыі крытыка ў Беларусі апынулася за бортам. Пасярэднік стаў лішнім, незапатрабаваным. Прычына ў тым, што беларускаму пісьменьніку... не цікавы чытач. То бок, вядома, пісьменьнік хоча, каб яго любілі, шанавалі, чыталі й ведалі ягоныя творы. Але сам ён ня робіць для гэтага нічога — толькі расказвае ў інтэрвію, якая ў нас цікавая й магутная літаратура. Пісьменьнік апрыёры лічыць дастатковым таго, што ён творца, і не зьбіраецца дагаджаць чытачу. (На форумах сайту litara.net літаратары раз-пораз заяўлялі, што яны пішуць тое, што цікава ім, а астатняе іх не хвалюе.)
Беларускіх літаратараў, якія за свайго чытача змагаюцца, можна пералічыць па пальцах. І, відаць, для гэтага хопіць пальцаў рук аднаго чалавека: Сяргей Дубавец, Андрэй Хадановіч, Людміла Рублеўская, Сяргей Балахонаў, Уладзімер Сьцяпан з Максімам Клімковічам, Юры Станкевіч. Большая ж частка ўсіх астатніх друкаваных твораў (як у холдынгавых, так і ў незалежных выданьнях) пішацца не для чытача, а для сябе. Для таго, каб у гэтым пераканацца, дастаткова пачытаць штогадовыя “7 апавяданьняў на 7 калядных вечароў” у НН, а потым зазірнуць на Інтэрнэт-форумы газэты: адзіны станоўчы водгук за ўсе гады мне трапіўся на апавяданьне Джэці. Тое ж самае адбываецца ў “Дзеяслове”, “ЛіМе”, “Полымі”...
Але, шаноўныя спадары пісьменьнікі, навошта ў такім разе крычаць, што вас ніхто не чытае? Вы ж пішаце для сябе? То й не наракайце на публіку!
Чытача трэба любіць. Чытача трэба заахвочваць. Між тым, пераважная бальшыня пісьменьнікаў нават ня лічыць патрэбным задумвацца пра гэта. Яны ўважаюць, што гэта чытач АБАВЯЗАНЫ іх чытаць. Яны абсалютна не гатовыя спаборнічаць на рынку альбо заняць у новых умовах сваю нішу. Пісьменьнік хоча быць аўтарытэтам, не прыклаўшы для гэтага ніякіх намаганьняў. Ён патрабуе паважаць сябе толькі дзеля свайго статусу. Асабліва сьмешна такія прэтэнзіі выглядаюць пасьля колішняй заявы Ніла Гілевіча, што ён у Саюз пісьменьнікаў прыняў бы ўсіх, хто хаця б нешта піша па-беларуску. Усе яны, маўляў, абаронцы роднага слова.
Пісьменьнікі самі спрыяюць дэвальвацыі свайго статусу. І ня толькі падобнымі прызнаньнямі, але й нежаданьнем браць на сябе адказнасьць. У тым ліку — браць на сябе адказнасьць за чытача. Вядома, прасьцей жыць так, як за савецкімі часамі: здаць рукапіс у дзяржаўнае выдавецтва — і ня дбаць пра яго далейшы поспех.
Наагул кажучы, пісьменьнік савецкага часу існаваў у “цяплічных” умовах: яму ня трэ’ было дбаць ані пра наклады, ані пра чытача. Адзіным ягоным клопатам была пазалітаратурная сфэра: адпавядай лініі партыі — і ня будзеш мець ніякіх клопатаў у літаратуры. Своеасаблівая вежа са слановай косьці, якая дазваляла займацца чыстай літаратурай, ня дбаючы пра чытача**. Савецкая сыстэма гэта напоўніцу скарыстоўвала, заганяючы пісьменьніка яшчэ больш надзейна ў такую вежу: беларускі пісьменьнік паводле вызначэньня (як даюць гэты тэрмін у сучасных кампутарных тэрмінах — “па змоўчаньні”) быў слабейшы за расейскамоўнага, яму (як і мове, на якой ён ствараў) адводзілася заведама другасная роля. Ён існаваў для калярыту, для аздобы. Ува ўмовах савецкай жалезнай заслоны нацыянальнай літаратура, мова, культура апрыёры апыналіся на маргінэсе. Яны не маглі паўнавартасна спаборнічаць з расейскай культурай, бо ёй першае месца надавалася ў тым ліку й адміністрацыйным шляхам.
Беларускія літаратары занадта доўга жылі ў Савецкім Саюзе: яны прывыклі да таго, што вядомасьць можа прыйсьці толькі з Масквы — праз пераклады ў расейскую мову. Тым часам новая літаратурная сытуацыя дае зусім іншыя шанцы: вершы Алеся Разанава перакладаюць на нямецкую адразу зь беларускай, тое самае — з украінскімі перакладамі Андрэя Хадановіча і Ўладзімера Арлова. Нашых творцаў з мовы арыгіналу перакладаюць чэхі й палякі***.
Ва ўмовах адкрытага сусьветнага рынку беларуская літаратура атрымала ўнікальны шанец разьвіцьця: яна пастаўленая ў такія ж умовы канкурэнцыі, як расейская, польская, украінская, ангельская, амэрыканская, нямецкая, француская літаратуры. Усе яны існуюць у рынкавых умовах і мусяць змагацца за “спажыўца” — чытача. Тым ня менш, беларускія літаратары ня хочуць (ці ня могуць?) гэтага зразумець.
У рынкавых умовах існаваньня змаганьне за Дом літаратара ці пісьменьніцкую паліклініку — губляюць сэнс: гэта падачка для бедных, хто ня здольны выжыць. У гэтым сэнсе стварэньне праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі папросту сумленна расстаўляе кропкі над “і”. Той, хто хоча вяртаньня ў Савецкі Саюз, мусіць плаціць за такое вяртаньне сваім сумленьнем: уступаць у афіцыйную арганізацыю й ганіць учорашніх паплечнікаў.
Неадназначна выглядае і рашэньне ўладаў выкінуць са школьных падручнікаў імёны й творы “няправільных” пісьменьнікаў. З аднаго боку, гэта чарговая праява адміністрацыйнага ўмяшаньня ў “літаратурны рынак”. З другога боку, у беларускіх пісьменьнікаў зьяўляецца рэальны шанец для таго, каб іх ведалі чытачы. Шанец стаць рэальна запатрабаванымі “вытворцамі”.
Ужо ня раз згаданыя савецкія часы мелі толькі трох шырока вядомых пісьменьнікаў — Караткевіча, Быкава й Шамякіна. Усе трое пісалі літаратуру, якая мела попыт сярод чытачоў****. Пры гэтым самы папулярны — Караткевіч — нават ня быў уведзены ў школьную праграму (пазашкольнае чытаньне "Каласоў" ня лічыцца). Тым ня менш, яго творы ведалі, іх чыталі, па іх здымалі кінафільмы. “Увядзеньне ў канон”, відавочна, мала паўплывала на ступень любові да караткевіцкіх твораў і чытацкую ўвагу да іх. То бок, праблема ў тым, каб пісаць для чытачоў.
За апошняе дзесяцігодзьдзе беларускія літаратары заўважылі, што зьнік Савецкі Саюз, аднак не заўважылі, што зьмянілася літаратурная сытуацыя вакол іх. Яны ўсё яшчэ жывуць савецкімі ўяўленьнямі й змагаюцца за Дом літаратара ды паліклініку. А чытач для іх па-ранейшаму зьява непатрэбная. А тым часам увагу беларускага чытача, “спажыўца літаратуры” займаюць зусім іншыя “вытворцы”. Штучная жалезная заслона абрынулася, і ў новай сытуацыі беларуская літаратура апынулася адкрытай усім вятрам. Цяпер беларускаму творцу даводзіцца змагацца за ўвагу чытача. Змагацца не з Астаф’евым, Бітавым, Маканіным, а з Пэрэсам Рывэртэ, Уэльбэкам, Акуніным, Стывэнам Кінгам, урэшце — з Данцовай і Марынінай.
І ў гэтым сэнсе спаборніцтва з Марынінай і Данцовай выглядае значна больш пагрозьлівым, чым канкурэнцыя з Уэльбэкам і Акуніным. Беларуская культура ўпершыню за апошнія дзесяцігодзьдзі выйшла з гета, у якім ёй адводзілася існаваць. Гэта значыць, што яна перастала быць адно асяродзьдзем вузкага пласту інтэлігентаў і інтэлектуалаў-гуманітароў. Яна становіцца культурай шырокіх слаёў — у тым ліку і тэхнароў, і пэтэвэшнікаў... Яна павінная задаволіць іхныя патрэбы, іначай ёй так і наканаваная роля эстэцкага культурніцкага сховішча ад праблемаў сёньняшняга дня.
* Вядома, можна стварыць крытычны артыкул — містыфікацыю на няісную кнігу, як гэта зрабіў, напрыклад, Станіслаў Лем. Але ў гэтым разе мы, пэўна, усё ж маем справу з асобным МАСТАЦКІМ творам, а не з крытычным артыкулам.
** Іншая гаворка пра якасьць падобнай літаратуры, аднак гэтую тэму пакінем убаку.
*** Асобнай згадкі варты пераклад твораў Рыгора Барадуліна ў ангельскую мову ў рамках вылучэньня паэта на Нобэлеўскую прэмію. У адрозьненьне ад усіх пералічаных вышэй выпадкаў творы Барадуліна на ангельскую перакладалі не аўтэнтычныя носьбіты мовы, а перакладчыкі зь Беларусі.
**** Не адзін зь “нячэсных” літаратараў выказваўся наконт патэнцыйнай здольнасьці Івана Шамякіна ўпісацца ў рынкавыя ўмовы: ягоныя творы маглі стаць асновай для пасьпяховых (у тым ліку й эканамічна) мэлядрамаў — як у кіно, так і ў тэлесэрыялах.
Зьміцер Дзядзенка. Допіс у блогу: 2007-09-25 17:07:00