Пад снегам зніклі гарады і руні.
Сядзіць дзяўчо на троне ледзяным,
чакаючы з-за мора Джорджа Клуні,
каб трохі пазапальваць ночы з ім.
Ад ветру гнуцца сотавыя вежы,
трымцяць кантынентальныя масты.
Зіма кранула кожны кут мядзвежы,
прынесла Вавілону змрок густы.
Дзяўчо сядзіць, нібыта каралева,
і мружыць вочы, каб схаваць іх сум.
Навокал снег. Снег справа і снег злева.
З-за далягляду нарастае шум.
На суперрэактыўным самалёце
ляціць герой дзявочых мрой і мар,
ляціць канец заснежанай самоце,
ляціць ключоў чароўных уладар.
Я вылезу з пад снегу колкай кветкай,
сусветным дрэвам рушу да нябёс,
прамоўлю сцішана: «Не цешся, дзетка,
бо гэты шум ніколькі не ўсур'ёз,
бо гэта ўсё аблудны хіжы вецер,
бо гэта ўсё са снегу палатно,
бо ўжо даўно няма нічога ў свеце,
апроч кахання, што лягло на дно».
Фінал у эпасу зусім не прадказальны.
Працяг у эпасу няўпэўнены ў сабе.
Дзяўчо і снег знарочыста сусальны.
Дзяўчо і Джордж, якога ўразіў бес.
снежань 2009 - люты 2010 г.Аўтар фота:
Люся Перліна