Беларуская літаратура :: Тэзэй беларускага постмадэрнізму :: сайт творчасці Сяргея Балахонава
 КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ПРОЗА І ПУБЛІЦЫСТЫКА: АРТЫКУЛЫ

Entlarvung адзінокага ў пустэльні

Сяргей Балахонаў. Entlarvung адзінокага ў пустэльні

Я адчыніў вакно, дзень асьвятліў мне шчокі.
Я вызьверваўся, я сядзеў ды плакаў
“Гільгамеш”

Якая ціша тут! Застыла ўсё нібыта.
Ні мітусьні бязглуздай, ні фальшывых крыкаў.
Але дзеля чаго ты, брат, мяне паклікаў?

Францішка Уршуля Радзівіл “Гульня фартуны”

Стралялі ў Маскве, як і зазвычай, з маста...
Віктар Пялевін “Пакаленьне П”

У 2002 г. гарадзенец Даніла Жукоўскі шэрагам сваіх артыкулаў  вызначыў вузел, а лепей – цэлы комплекс вузлоў, у якія зьвязаліся-спляліся размаітыя праблемы сучаснага беларускага літаратурнага жыцьця-быцьця. Чынілася гэта з добрым спадзевам на тое, што шырокае кола пісьменьнікаў, крытыкаў і проста зацікаўленых асобаў далучыцца да дыскусіі. Дыскусія, па задуме шаноўнага спадара Данілы, мусіла ўтварыць на нашай культурнай прасторы своеасаблівы эфэкт рэха, які ўжо самсобку спрычыніўся б да таго, што пра беларускую літаратуру (кепская яна ці добрая) у Беларусі сталі б гаварыць ледзьве не на кожным кроку. А ад перагукваньня носьбітаў розных меркаваньняў чакалася здабыць больш яснае разуменьне далейшых магістральных шляхоў развіцьця беларускае літаратуры. Як на дзіва дзівоснае, амаль ніхто, акром вашага пакорлівага слугі, гэтага выкліка не прыняў. Перабягаючы з “Нашай Нівы” ў “ARCHE” наша з Данілам спрэчка пра родненькі постмадэрнізм (а гэтая праблема мяне закранула больш) зацягнулася на колькі год. І нават мой водгук на артыкул “Штурханьне ў бок” Аляксея Бацюкова, каторы паспрабаваў-такі падлучыцца да нашага двубою, быў больш скіраваны да ўсё таго ж пачэсьлівага крытыка з Гародні. На колькі правакацыйнымі былі артыкулы маіх паважаных апанэнтаў, на гэтулькі правакацыйным даводзілася быць і мне асабіста. Мушу прызнаццца, што ў пераліку дасягненьняў наскага постмадэрнізму там-сям даводзілася выпісваць некаторым літаратарам “аванс” у чаканьні ад іх больш якасных тэкстаў. Чаго нажаль практычна не адбылося. Пэўныя прозьвішчы былі ўлучаны ў сьпіс постмадэрністаў, як той казаў, ад балды. Проста вельмі карцела даведацца, як стануць яны рэагаваць на прыпісаную ім постмадэрнісцкасьць. Рэакцыя – нулявая, прынамсі прылюдных голасных паясьненьняў сваіх пазыцый зарэгістраваць не ўдалося. Які тут эфэкт рэха? Крыкнеш, чутна глуха-глуха! Все странно молчат. І літаратары, і літаратуразнаўцы. Верагодна, кагосьці надта ж страшыць недзяржаўны статус і трывала незалежная пазыцыя часопіса “ARCHE” ўва многіх пытаньнях нашае сучаснасьці й мінуўшчыны. Нехта мабыць лічыць ніжэйшым за свой прафэсійны (ці які там шчэ?!) гонар зьнепадаць да спрэчкі на роўных зь нейкімі там інжынэрам гарадзенскай гуты ды гомельскім настаўнікам гісторыі. Але відавочна большая частка адпаведнай аўдыторыі, што калі-нікалі зазіраюць на старонкі названых выданьняў кіруюцца застарэлым прынцыпам: “Не твая палоса – ня суй носа”. Маўляў, калі палемізуюць аўтары “ARCHE”, дык хай яны міжсобку й высьвятляюцца, хоць задушацца, а мы будзем (ці ня будзем) дыскутаваць толькі на сваіх дзялянках. Назвы дзялянак вядомыя – “Маладосць”, “Полымя”, “Дзеяслоў”...

“Ніхто нават не пакрыўдуе публічна”, – наракае Даніла Жукоўскі  і трошку памыляецца. Крыўдуюць і публічна, але нейкай дзіўнаю крыўдай. Во, напрыклад, Зьміцер Вішнёў прагаласіў сваю бязьмежную крыўду на “разумнікаў”  апалягетаў “НН” і “ARCHE”, а заразом і на “былых функцыянэраў СБП” за тое, што не заўважаюць яго ды іншых “непаслухмяных літаратараў” . Прозьвішчы ўсіх гэных злых дзядзяк і цётак не называюцца. Але ёсьць зусім новая трохпавярховая лаяначка: “шараговы беларускі псэўдадзеяч”. Хто ня помніць, нагадаю – спадара Вішнёва з усёй экс-бумбамлітаўскай грамадою ў нас прынята аўтаматычна залічваць да постмадэрністаў. Паўтары гады таму гэта было нават сьцьверджана на шматтысячную аўдыторыю беларускага друкаванага афіцыёзу – газэты “Советская Белоруссия” , а ў далейшым неаднакроць паўтаралася. Адкуль жа такія непостмадэрнісцкія выказваньні? Віка Трэнас у аглядзе маладой літаратуры Меншчыны ўжывае для азначэньня характару іхнай творчасьці іншае паймо – “постдэкаданс”. Робіцца гэта, мабыць ня бяз згоды саміх аўтараў. Так і вынікае, што ўчорашнія грымоткія (грымелі ж тазікамі!) постмадэрністы ацэньваюць свой папярэдні этап творчасьці як пэрыяд дэкадансу (то бок заняпадніцтва), але ніяк не постмадэрнізму! Гэта нагадвае прыкрую показку, пра пацыента, які ў сваёй картцы да “дыягназу” насмарк сьціпленька дапісаў францускі. Шаноўная Віка ад спрэчкі пра існаваньне постмадэрнізму ў Беларусі пасьпешліва адхрышчваецца, заўважаючы толькі, што ў яго зараз “Хадановіч гуляецца” .

Увогуле ж адкат ад постмадэрніцкіх пазыцыяў назіраецца і ў іншых аўтараў. Ігар Бабкоў кажа, што ПМ ня вырашыў тых праблем, якія стаялі перад культурай і грамадзтвам. Сам сябе бацька Адама Клакоцкага цяпер называе “постпостмадэрністам”. Гучыць неяк какетліва і сьмешна, выклікаючы алюзіі на рэклямнае “яшчэ больш арэхаў, нугі і шакалада” або армейскае “двойчы яфрэйтар унутраных войскаў”. Між іншым школьны падручнік па курсу “Чалавек. Грамадзства. Дзяржава” для 11 клясы проста з моста абрынае на ПМ бязьлітасны танкавы агонь, нават не спрабуючы дазволіць вучням адчуць неадназначнасьць праблемы і шматлікасьць поглядаў на яе: “Назидательные произведения, конечно, скучны, однако эстетические достоинства так называемого «чистого искусства» или «искусства для искусства», представители которого заявляют о своей будто бы полной свободе от запросов общества, тоже вызывают сомнения. В XX в. такая установка свободы творца от красоты и морали стала свойственна многим произведениям литературы без сюжета и идеи [...] Постмодернизм считает любое самовыражение человека предметом, порождающим бесчисленное количество толкований. Отсюда утверждается, что, чем непонятнее произведение, тем более продуктивно работает воображение зрителя. [...] Однако такое равнодушие к ценностной направленности своей деятельности рано или поздно, но приводит художника к эстетизации безобразного. Поскольку тот, кто творит по принципу «что получится», часто выплескивает далеко не лучшее содержание своего сознания. Это же происходит и в отражении искусством реалий жизни. Оно все чаще начинает выбирать не идеальные, а худшие ее стороны” . Няўжо ж практычны інтарэс да постмадэрнізму зыйшоў упоглум? Як паглянеш на гэта, дык і марным здаецца апошні па часе высілак Данілы Жукоўскага справакаваць-такі вялікую палеміку празь цьверджаньне, што ў Беларусі толькі два постмадэрністы “ў поўным сэнсе гэтага слова” – апалягетык Валянцін Акудовіч і пісьменьнік Сяргей Балахонаў. “Два, дык два”, – прамармульчаць нашыя “постдэкдэнты” і “выключныя беларускія супэрдзеячы”. Але ні я, ні Даніла, ні бальшыня з вас, шаноўныя чытачы, гэтага не пачуем. Не пачулі ж мы покуль хоць якога голасу пра сапраўды лепшы беларускі ПМ-твор 2003 г. – раман Людмілы Шчэрбы “Уладар рыбаў” (Маладосць.2003. №11-12.), каторы асабіста мяне прыемна ўразіў летась ня менш, чым беларускі пераклад “Выхаваньне дзяўчат у Чэхіі” Міхала Вівэга (ARCHE. 2003. №4-5). Чаму пра яго не гавораць ані на кожным кроку, ані на бачынах салідных нашых выданьняў? “Українська література як література постколоніальна не має поки що ані повноцінного механізму суспільного функціонування, ані, зрештою, повноцінного читача, яким є (власне, мав би бути) передусім читач столичний, великоміський, освічений, приналежний до опінієтворчих середовищ інтелігенції. "Діаспорний" статус української літератури в Україні є, під цім оглядом, лише метафорою її колоніальної марґіналізованості, суспільної дисфункціональності. За цих обставин навіть найгеніальніші тексти не можуть мати вирішального впливу на вихід цієї літератури за межі україномовного ґетто”, – адзначыў добра знаны чытачам ARCHE ўкраінскі інтэлектуал Мікола Рабчук . З пэўнымі агаворкамі мы можам агледзіць тутака і нашу беларускаую сытуацыю. Да той пары покуль беларушчына існуе толькі ў гета, а не ў межах усёй Беларускай Дзяржавы, няма шанцаў гаварыць пра масавага чытача беларускай літаратурнай прадукцыі. Дзеля таго заўсягды даводзіцца ўнікаць пайма шараговы чытач беларускай літаратуры. За сёньнешняй русіфікачнай сытуацыяй шараговы чытач у пераважнай сваёй бальшыні ня будзе чытаць па-беларуску, бо ня ведае ні мовы, ні імёнаў. Куды прасьцей яму ўзяць “панятнаязычных” і раскручаных Пялевіна з Акуніным. Спарадычная цікавасьць дзяржаўных і прадзяржаўных мас-мэдыяў да літаратараў, што пішуць па-беларуску, праблему не вырашае. Яны глядзяць на белмоўных, нібыта на індзейцаў, і гэткі погляд навязваюць сваім спажыўцам. Менавіта таму ў артыкуле “Ізноў пра кляты постмадэрнізм” (2001), я падкрэсьліў пільную патрэбу “заваёвы” літаратарамі (а шырэй – нацыянальна арыентаванымі дзеячамі культуры) тэлебачаньня. І кагосьці сапраўды даводзілася бачыць на экране. І што ж? Ня мала зьдзівіўся, як супэрская выступоўка Джэці (Вера Бурлак), якая абсалютна распрыгонена пачуваецца на публіцы, перад камэрай не магла нармальна два словы зьвязаці. Гэта абсалютова не папіканьне з майго боку, а канстатацыя факта: ёсьць жаданьне быць на TV, але няма досьведу таго, што там рабіць, а галоўнае – што сказаць шараговаму тэлегледачу. А сказаць жа трэба, каб сапраўды вылучацца на агульным шэрым тле разумнасьцю і таленавітасьцю, каб той самы глядач чакаў ад “арыстакратаў духа” штосьці важнае  для яго, а няпроста “Хаў, бледналіцыя!”. І калі нашыя музыкі, у тым ліку беларускамоўныя, да тэлекамэр прызвычаіліся і нават у караценькіх інтэрвію могуць сфармуляваць патрэбны message, то літаратары па вялікім рахунку застаюцца паза ўвагай тэлебачаньня.

Зь іншага боку параўнаньне з музыкамі дае магчымасьць зразумець дзяржаўную палітыку і ў галіне літаратуры. Усе мы ведаем, што нашы  т.зв. нацыянальныя гіт-парады складаюцца пераважна з расейскамоўных песень. У этэр радыёстанцыяў стаўляюць таксама айчынных выканаўцаў на неайчыннай мове, і дзяржава ніяк сытуацыю выпраўляць не зьбіраецца, дарма што сама заварыла ўсю гэтую куцьцю ды ў прынцыпе мусіла б абараняць беларушчыну. Не абараняе. І пісьменьнікі, што пішуць па-беларуску гэта толькі лішняе раздражненьне для дзяржавы, якая загрузла ў папушчэнстве стыхійнай саўковай дэбіларусізацыі. Шукаецца расейскамоўная літаратура сучаснае Беларусі. А як толькі нейкі літаратар знаходзіцца, то адразу ж абвяшчаецца народналюбімым і модным. Адзін з аўтараў рубрыкі “Культура” ў “Советской Белоруссии” Валянцін Пепяляеў рассыпаецца ў падобных камплімэнтах да Натальлі Батраковай, аўтаркі рамана “Территория души”. Мілая жанчына не прэтэндуе называцца пісьменьнікам. Але сп.Пепяляеў ператварыў інтэрвію зь ёю практычна ў маналёг прарока-унівэрсала ад літаратуры. Закранутыя тэмы: цэнтар і пэрыфэрыя, сяброўства і зайздрасьць, комплексы і любоў да іх, мужчин я «убиваю» редко, новая беларуская літаратура. “Белорусскую литературу надо развивать и защищать”, – цьвердзіць спн.Батракова, не тлумачачы сэнсу першых дзьвюх словаў і не даючы рэцэптаў разьвіцьця ды абароны . Пра беларускую мову – nihil. Толькі ўскосна праблема мовы закраналася ў дыскусіі рэдактароў голдынгавых выданьняў “Без літаратуры няма народа, няма дзяржавы”. Во які лябірынт з найноўшым лёдавым пакрыцьцём.
2004 г.

У артыкуле згадваліся тэксты й выданьні:
1. Жукоўскі Д. Пасткі на хайвэі постмадэрнізму // ARCHE. 2001. №4.
2. Жукоўскі Д. У лабірынце з постмадэрністам // ARCHE. 2004. №1. С. 90.
3. Маладосць. 2003. №6. С. 140.
4. Рублевская Л. Под серым солнцем тазика, или Постмодернизм по-белорусски // Советская Белоруссия. 2002. 4 октября. Між іншым давялося там бачыць і свае словы з артыкула “Ізноў пра кляты постмадэрнізм”, адно што бяз прозьвішча. Два разы плакаў.
5. Маладосць. 2003. №9. С. 147-148. Сам  Андрэй Хадановіч публічна прызнаць сваю постмадэрніскасьць адмаўляецца.
6. Человек. Общество. Государство. Менск, 2002. С.89-90.
7. Рябчук М. У пошуках “українського Маркеса” // Критика. 1998. Січень. №1.
8. Пепеляев В. Деловые женщины плачут на больших кроватях // Советская Белоруссия. 2004. 23 марта.
9. “Без літаратуры няма народа, няма дзяржавы” // Звязда. 2004. 22, 25-27 мая.

Фота: fbw-filmbewertung.com