КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ЧЫРВОНАСЬЦЯЖНАЯ
 ПРОЗА: АПАВЯДАНЬНІ, САГІ, ЭСЭ, АРТЫКУЛЫ

Галацічаская кроніка

ЭРАГЕННЫЯ ЗОНЫ ГОРАДА Г. 
«Победи Ярополк Всеслава у Голотичьска»
Галацічаск – прывідны горад, лякалізаваны толькі на старонках летапісу і ў фантазмах навукоўцаў. Апошнім часам, ня могучы адкаснуцца ад насланьня ірацыянальнасьці, ты ўсё больш а больш схільны бачыць у летапісным Галацічаску родны Гомель. Так і ўяўляецца глухаваты кіеўскі манах, які трохі не дачуў і занатаваў абы што, каб нядбалы перпішчык перакруціў тую абыштоську яшчэ мацней. Першая згадка пра Менск распавядае пра яго разбурэньне. Першая згадка пра Гомель прыхавала Гомель у непанятках. Гэтыя непаняткі перасьледуюць гамельчукоў дасюль, і тыя проста вымушаныя ўсюдых мудрагеліць, набіваючы сабе ўяўны кошт.

Вальтэр рэклямуе
Рэклямнікі часьцяком перабіраюць меру. То ў плюгкасьці, то ў арыгінальнасьці. У гомельскіх рэклямных блёках міжволі спатыкаешся аб спасылку на Вальтэра, які нібыта раіў прыхільнікам белага і чырвонага піць, але не запівацца. Гэта францускі мысьляр эпохі Асьветніцтва сказаў пра францускае віно. А наш такі свойскі і міленькі ролік рэклямуе напоі тутэйшага вінзавода. Калі б цытавалі Някляева, яшчэ можна было б зразумець: кожнаму сваё лёсу вастрыё. Ну а Вальтэр... Дзіва што за Эклезіяста не ўзяліся. Канчаткова сваімі мудрошчамі вінзавод дабіў паза тэлеэтэрам. Ён у нас мала не ў сярэдзіне горада месьціцца і ў пэўнай сваёй частцы плотам неабстаўлены. Ад ходніка да завадзкое сьцяны ўсяго адзін скок любога выдатніка па фізкультуры. І вось ля ходніка зьявілася колькі невысокіх – цялю па прычыннае месца – слупкоў з шыльдамі. Здалёк нагадвае папярэджаньне пра падземны электрычны кабэль. Ды зьблізу ты ўбачыў няхітрую прыпіску: “ОХРАННАЯ ЗОНА. 2 м.” і незнарок крутнуў галавой па бакох, ці нямашака паблізу якіх-небудзь людзей з аўтаматамі Калашнікава, што пільнуюць твой крок. Пашанцавала. Пашанцавала і другі раз, калі ўбачыў надпіс адрэдагаваны чорным маркерам нязнанага жартаўніка: “ЭРОГЕННАЯ ЗОНА. 2 м.”. Прывітаньне Вітаўту Чаропку.

Брунэтка зь цёмным
Псэўдазімовы real-панядзелак. Мярзенае раньне. Дзыбаеш на працу. Паперад цябе – імклівая жаночая постаць. Пад смоль фарбаваная брунэтка ў прыталеным палітоне з дарэмна высокім разрэзам сьпехам расьсякае ранішні этэр, трымаючы між указальным і вялікім пальцамі правае рукі 0,5 цёмнага піва. Ідзеш на абмін, абы толькі зірнуць на ейны твар. Зірнуў. Пладова-ягадная незнаёмка з палотнішча Хруцкага, якая ночку бавіла на нейкай карціне Босха. Не спатрэбілася быць ані Шэрлак Холмзам, ані Вілгельмам Баскервільскім, каб зразумець, што жанчынка бязьмерна ігнаруе і чырвонае, і белае, на карысьць гаркавай беленькай. “Умыла ся водкою цудною ліцэ і рукі”, – як пісаў далёкі продак.

Сымон-дакука
На пытаньне, хто твой самы нелюбімы беларускі музыка, ты ня змог бы адказаць проста. І не з прычыны баламуцтва ці пазэрства. А адно таму, што ня ведаеш, як завуць таго пеюна й гітарыста, які дае канцэрты ў падземным пераходзе ля ўнівэрмага-цёзкі нашага ардэнаноснага горада. Кожны твой спуск пад зямлю, як пах дусту ці дымавое шашкі, сустракае ягоны “ціпа рокавы” вакал. Нярэдка побач мітусяцца памочнікі (пасэсійныя музыканты?) з шапкамі заміж інструмэнтаў у рукох. Усе маладыя. Усе пяюць нешта расейскае, як сама Масква, і філязафічнае, як пракіслае ў пакунку малако. Але ж каму кісьліня, а каму самы цымус мядовы – спыняюцца месьцічы, кладуць у шапкі свае малакроўныя грошы, просячы: “Давай нашу, вот эту”. І ліецца хваляй песьня пра піцерскі дождж. Ось вона, діти, слов’янська психоделічна душа! Музыка, музыка... Сымон-дакука табе імя.

Мапы, рысі ды крыжы
У падручніку “Мая Радзіма Беларусь”, якую на пачатку навучальнага года ўручалі перашаклясьнікам ад імя пана прэзыдэнта, ё мапа нашай краіны з гербамі абласных цэнтраў. А мамкі мае родныя! Ці ня час гомельскім уладам дэмантаваць усіх геральдычных і манумэнтальных рысяў, якія цягам апошніх гадоў атабарыліся ў горадзе? Рэч у тым, што на памянёнай першакляснай мапе Гомель аздоблены чырвоным шчытом зь белым крыжам. Гэта адна з рэканструкцыяў гарадзкога герба 1560 г., які быў падараваны Гомелю адмысловым прывілеем Жыгімонта Аўгуста і ад якога тутэйшы магістрат адхрысьціўся на карысьць дзікіх котак часоў Кацярыны №2.

Абялечваньне маладзенцаў
У аўтобусе кандуктарка бярэ аплату зь дзяўчынкі. Тая падае ёй грошы на ільготны квіток. Кабета зь недаверам рэагуе: “Студзенчаскі прад’явіця”. У дзяўчынкі пакруглелі, як пяць талераў вялікалітоўскіх, вочы і яна ўшчэнт зьбянтэжаная вымавіла: “Я ж у пяты клас хажу”. Малая сапраўды з росту была немалой, але ж ня ўбачыць зусім дзіцячага твару трэ’ было вельмі прымудрыцца. “Па вам нявідна”, – кепска апраўдваючыся, кандуктарка пайшла “абялечваць” іншых.

Міністравы мэрыдыяны
У спадзеве на цуд спрабуеш выглядзець у шапіках новы нумар ARCHE. Яго нідзе няма. Аднак абычас, як падлючая назола, на вочы патрапляецца нешта сіняе, падобных да ўлюбёнага часопісу памераў. Першая думка пра тое, што перад табой “Беларуская думка”, адлятае ў якуцкі вырай. На вокладцы красуе: “Сибирские меридианы. Гиблое место”. Вобразы краявідаў, мілых беларускаму міністру праўды. Зрэшты гэта ўжо мудрошчы ўсебеларускага маштабу.
зіма 2005 г.

ЭПІЛЯТАРЫ НАСТАСЬСІ СЛУЦКАЙ
Dziwny jest ten świat
Цьвердзіць сёньня пра дзіўнасьць гэтага сьвету ўсё адно, што прыкоўваць сябе кайданамі да слупа банальнасьці. Але нават тады, калі ты старанна ўнікаеш такой рызыкі, міжволі зь немалым здумленьнем даводзіцца фіксаваць дзіўноты насельнікаў сьвету. Людзі падкрэсьліваюць досыць простую ісьціну – мы па рознаму глядзім і па рознаму бачым сьвет. Адны і тыя ж зьявы рознымі людзьмі ўспрымаюцца неаднолькава. Ад усьведамленьня гэнага факту траціцца ўсялякая вера ў гісторыю, рэканструяваную на грунце толькі аднаго летапісу. Летапісу, узьведзенага ў абсалют.

Яшчэ да надыходу цеплыні, табе даводзіцца назіраць цікавую карціну. На прыпынку, дзе стаіць й мерзьне колькі чалавек, зьяўляецца новая чакальніца: паненка з распушчанымі валасамі, апранутая ў доўгае чорнае футра, абутая ў боты на ценькіх абцасіках-“шпільках”. Яна спыняецца ля слупа з шыльдаю раскладу руху аўтобусаў. Паджылы дзядзька вельмі маленькага росту ўпарта цікуе за ёй. Яго вочы поўняцца незразумелай адчайнай захопленасьцю відовішча. Здаецца, яму вельмі карціць зь некім сваёй захопленасьцю падзяліцца. Урэшце падыходзіць ягоны прыяцель такога самага веку, але на чатыры галавы вышэйшы. Дзядзькі вітаюцца, і малы, хітае галавою ў бок паненкі. Высокі ня ўражваецца і гучным голасам задае рытарычнае пытаньне, якое чорным ледзяшом павісае ў паветры: “Што? Сучка-сігналка?”. У думках ты заганяеш абодвух старцаў у сярэднявечча, садзіш за дубовы стол манастырскага скрыпторыя, даеш у рукі атупелае гусінае пёрка і кажаш: “Ня лепа лі ны бяшэць крэнту-мэнту па пэргамэнце пра оную дзявіцу?”. Абодва чухаюць патыліцу і пачынаюць пісаць. Малы занатоўвае: “Видел у слупа девочку барзо мерную а обычайную, и цудную, праве боскую”. “Детина, недостаточен сердцем, проходить подле столпа. А сеж напортиву его поставлена бляд, и таиным сердцем гукаеть”, – занатоўвае высокі. Цікава назіраць за назіральнікамі, як казалі старажытныя эгіпцяне.

Шумахер на вярблюдзе
Сэнс штука такая, што безь ягамосьці кантэксту нікуды. Соткі гадоў, якія аддзяляюць нас ад нашых продкаў, павадуюць бясконцую чараду кантэкстуальных разрываў. Зьмянялася рэчаіснасьць, зыначвалася моўная практыка. Чытаючы даўнія тэксты рызыкуеш прытуліцца да спадарыні аблуды. “Или Немечьскый гость дасть холопу княжю или боярьску, а кто его задницю возьметь, того Немчичю товар взяти”, – выдае смаленская грамата ХІІІ стагодзьдзя. Але гамафобы не павінны моршчыць насы, а гамасэкам зарана пускацца ў скокі. “Задніца” – усяго толькі тагачасны юрыдычны тэрмін, што азначае запазычанасьць ці спадчыну. Зрэшты і цяперака з сэнсам надараюцца загваздкі. “Шумахер на вярблюдзе”, – чуеш ты чужыя словы і спрабуеш зьлёту дапяць, пра што галёкаюць. Калі й былі калісьці ў Гомелі Шумахеры, дык даўно перамянілі берагі Сажа на ўзьбярэжжа Мёртвага мора. Вярблюдаў, дарма што наведваюць горад рэгулярна, нельга назваць аўтахтонамі тутэйшае фаўны і заўсёднікамі вуліц. Недаўменна азірнуўшыся, ты пасьпяваеш угледзіць аўтамабіль млынкамбінату, які з шалёнай хуткасьцю зьнікае за павароткай ля Лядовага. Эўрыка! Кіроўцу-шаляніцу паспаліты гамяльчук абазваў прозьвішчам знанага гоншчыка формулы-1. Самаход жа нараклі вярблюдам за адмысловы выгляд цыстэрны з мукою: два акруглых, злучаных міжсобку бакі акурат выдаюць на два гарбы. “Адказ быў немагчымым без спасылкі на адпаведны гістарычны кантэкст”, – гэткай монай Лізай Валатаўской усьміхнуўся Дэн Браўн.

Шампунь ад Неўскага
Гісторыя даўно стала служкаю дзяржаўных ідэалёгій. Не адстае і рэклямны бізнэс. Покуль мы спрачаемся пра бляск і марнасьць містыфікацый, рэклямнікі скідваюць замок з клямкі весьнічак сваёй фантазіі. І натхнёна блытаюць спажыўца. На адных гомельскіх «гандлёвых радох» ты з упоением і пісьменьніцкай зайздрасьцю прачытаў этыкетку расейскага лопухавага шампуню з сэрыі «Русское поле». Ананімны аўтар паведаміў, што лекавыя ўласьцівасьці лопухавага алею былі знаныя спакон вякоў, што асабісты лекар «русского князя» Аляксандра Неўскага таксама карыстаўся гэтым зельлем. Насамрэч пра гэнага князя так мала інфармацыі захавалася, што нават гады жыцьця яго дакладна не вядомыя.

Пацешыў майстар сучаснага расейскага дэтэктыву Аляксандар Бушкоў. У сваёй «гістарыёіднай» кнізе «Расея, якой не было» ён досыць сьмела атаясамлівае князя Аляксандра Неўскага (чамусьці разам з бацькам Яраславам) і хана Батыя. Што да рэклямы, дык для беларускіх мэнэджараў плойма магчымасьцяў, якія варта выкарыстоўваць. Можна кінуць на рынак якую-кольвек туалетную ваду, вырабленую па традыцыйных старабеларускіх рэцэптах часоў Усяслава Чарадзея. І слоган быў бы канкрэтны: «Нават у кіеўскім порубе ён пах як трэба!» Ня лішнім было б пакарыстацца вобразам збольшага раскручанай княгіні Слуцкай Настасьсі. «Нашы эпілятары вострыя, як ейны меч», — мусіла б красаваць на бігбордзе. Як ня верыш вачам, то памацай сам.

Салата з Гордзіевага вузла
За царскім часам у Гомелі былі свае Амэрыка і Каўказ. У савецкім Гомелі зьявілася ўласная Кітайская сьцяна. Горад у палоне чужых міталягем, ахвочы да запазычаньняў. Нездарма ж некалі зьявілася выслоўе: «Ёсьць Бадэн-Бадэн, а ёсьць Гомель-Гомель». Спробы вярнуць (прыдумаць?) Гомелю беларускі кантэкст пакуль не займелі дзейсных вынікаў. На шалях гарадзкое сьвядомасьці пераважваюць палац і парк расейскіх князёў у суполцы зь любымі артэфактамі нетутэйшасьці… Як ільга назваць рэстаран, які месьціцца на цокальным паверсе стандартнага, хіба толькі доўгага, шматпад’езднага хмаранедачосіка? «Акропаль» — вырашыў незнаёмы табе хазяін гэнага спажыўнага месьцейка. І дрэўнягрэчаскі крэмль успомнены, і будыніна атрымала вобразнае нязьдзешняенайменьне. Над уваходам — лацінскі надпіс «Veni». Намякаюць на Юлія Цэзара, які, калі верыць прадаўняй прымаўцы, «veni, vidi, vici». А ад Цэзара да Македонскага адзін крок. Гэткай калейкай тамтэйшая кухня мусіць прапаноўваць адбіўныя зь мяса баявых сланоў, палеглых у бітве ля Гаўгамэлаў… Зрэшты, спраўджваць тое няма ніякай ахвоты — ні гастранамічнай, ні ідэалягічнай. «Якось так воно все у глибокій дірі», — цэдзіш праз зубы словы зь вершу Юр’я Андруховіча. Рэстарану «Майдан» у Гомелі ўжо некалькі год не існуе.

вясна, 2005 г.

Выказацца з нагоды прачытанага (прэмадэрацыя)

Імя

Паведамленьне








Puls.by - в ритме жизни! Rating All.BY Каталог EXE.BY Каталог+поисковая система Каталог TUT.BY Белорусский рейтинг MyMinsk.com Яндекс цитирования
Асноўны зьмест © Сяргей Балахонаў | Дызайн © Ad Minataurus
Разьмяшчэньне любых матар'ялаў на іншых вэб-праектах дазваляецца з пазнакай аўтарства і спасылкай на гэты сайт.
Іншыя формы публікацыі дапускаюцца па ўзгадненьні з аўтарам.