Беларуская літаратура :: Тэзэй беларускага постмадэрнізму :: сайт творчасці Сяргея Балахонава
 КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ПРОЗА І ПУБЛІЦЫСТЫКА: МІСТЫФІКАТЫ

Шкандальны шлейф «Еўрапісання»

Сяргей Балахонаў. Шкандальны шлейф «Еўрапісання»

Кожны шчаслівы ўладальнік чароўнай талерачкі з наліўным яблычкам па ўсім хрысціянскім свеце, называным Еўропай, вось ужо трэці дзень чакае вынікаў творчага турніру «Еўрапісанне 1524». Вялікі еўрапейскі літаратурны форум праходзіў у адным з зацных гарадоў Святарнай Рымскай імперыі – Вене. Пазаўчора там спаборнічалі рыцары пяра з васьмі дзяржаў Старога Свету. Ужо на падрыхтоўчым этапе сёлетняе «Еўрапісанне» выявілася ці не самым шкандальным за ўсю гісторыю свайго існавання. Так, шведская ўдзельніца заяўлалася як пісьменніца Біргіта Біргісдотэр. Але насамрэч Біргіта Біргісдотэр памерла яшчэ ў XIV ст., а пад яе імем сёлета шведы хацелі прасунуць нікому невядомую постаць, спадзеючыся, што абы бландзінка, а Еўропа праглыне. За гэта Швецыя была дыскваліфікавана.

У той жа час арганізатары турніру не прадэманстравалі сваёй прынцыповасці, калі падобнае парушэнне рэгламенту было заўважана за прадстаўніком Маскоўскага княства. Нехта Афанасій Нікіцін выступіў з «Хаджэннем за тры моры». Не зважаючы на тое, што еўрапейскай грамадскасці стала вядома пра смерць сапраўднага Афанасія Нікіціна ў 70-ыя гады мінулага стагоддзя, Масковія не была дыскваліфікавана. Самазванец адно дадаў да свайго імя прыдомак «Малодшы» і ўдзельнічаў у турніры, як роўня іншым. Палітыка падвойных стандартаў арганізатараў «Еўрапісання» даўно стала прытчай ва языцэх. Залежнасць Еўропы ад маскоўскіх куніц ды іншага футра, на жаль, перанеслася і ў сферу культуры.


Сцяг сёлетніх гаспадароў «Еўрапісання»

Яшчэ адным шкандальным момантам селетняга «Еўрапісання» сталася заяўка на ўдзел ад Зямлі Саннікава, пра якую не чулі нават самыя лепшыя картографы. Тым не менш заяўка гэтая ледзь не была прынятая, пакуль па «National Geographic» не паказалі выкрывальніцкі фільм-расследванне, дзе было даведзена, што ні Зямлі Саннікава, ні самога Саннікава пакуль не існуе. Кароткі верш, нібыта дасланы адтуль, быў прызананы д’ябальскімі падкопамі і спалены ў адным з альпійскіх паселішчаў. Журналісты Reuter здолелі даведацца адзіны фргамент з «саннікаўскага» верша: «Мы маем толькі адно вокамгненне паміж мінуласцю і прышласцю. Яно і называецца жыццём». Не зразумела, што ў гэтым фрагменце ў наш век звіцяжэння Рэнесансу, гуманізму і Рэфармацыі можа падацца д’ябальшчынай.

Адступімся трохі ад шкандалёзнасці і падамо сухастою статысткі. Хто ж удзельнічаў у фінале «Еўрапісання 1524»? Вось яны даражэнькія:


Эразм Ротэрдамскі «Пахвала Дурноты» (Святарная Рымская імперыя)


Лудавіка Арэоста «Шалёны Роланд» (Італія, хаця мы ведаем, што ніякай Італіі зараз няма)


Франсуа Рабле «Гарганцюа і Пантагруэль» (Францыя)


Мікола Гусоўскі «Песня пра зубра» (Вялікае княства Літоўскае)


Томас Уайет «Санеты» (Англія)


Гарсіласа дэ ла Вега «Эклогі» (Гішпанія)


Анджэй Кжыцкі «Encomita Luteri» (Польшча)


Афанасій Нікіцін Малодшы «Хаджэнне за тры моры» (Масковія).

Прадстаўнікі, паняволеных туркамі Сербіі і Балагрыі, з’явіцца на турніры не змаглі. Паза конкурсам дэманстраваліся відэаролікі , якія сербы і балгары здолелі выкласці на YouTube.com. Гэта дэкламаванні ўрыкаў з «Міліцы» і расказ «Габраўскіх показак» адпаведна.

Букмекерскія канторы прагназуюць перамогу Эразма Ротэрдамскага, Франсуа Рабле і Томаса Уайета. Але канчатковыя вынікі яшчэ не падведзеныя. Загваздка звязана з тым, што паштовыя галубы, якія павінны былі даставіць у Вену вынікі галасаванняў у асобных дзяржавах, прыляцелі не ўсе. Паказальна, што маскоўскі галубочак даляцеў вельмі спраўна. Тады, як голуб ад Вялікага княства Літоўскага, згубіўся недзе над абшарамі Польшчы.

761px-Pigeon_Messengers_(Harper's_Engraving)
Паштовыя галубы

Дарма, што ўладар у Вялікай Літве і ў Кароне Польскай адзін і той самы, літвінская эліта ўжо выказала рашучы пратэст супраць «ляшскай правакацыі». Магнаты з ліку праціўнікаў еўраінтэграцыі параўноўваюць гэты інцыдэнт з выкраданнем палякамі кароны вялікага князя літоўскага Вітаўта, якую ў першай трэці XV стагоддзя везлі з Рыму на каранацыю гэтага слаўнага ўладара. Польская ж эліта ў адказ адхрышчваецца ад сваёй прычыннасці да здарэння і ў чарговы раз выстаўляе контрпатрабаванне: выключыць са спісу ўдзельнікаў турніру Міколу Гусоўскага як нібыта паляка.

Арганізатары «Еўрапісання» стаяць на баку Міколы. Яго ж самога для інтэрвію ніхто не можа знайсці. Вялікалітоўскія таблоіды паведамляюць, што Гусоўскі так расчуліўся сербскім і балгарскім відэаролікамі, што з’ехаў на сваю малую радзіму і засеў за новы літаратурны хіт «Новая і знакамітая перамога на туркамі».

Наша выданне папрасіла даць каментары здарэння з літоўскім паштовым голубам у названых вышэй фаварытаў «Еўрапісання». Эразм Ротэрдамскі сказаў: «Інцыдэнт абсалютна дурны. І па літоўцах, і па паляках горка плача гераіня майго твору спадарыня Дурнота». Франсуа Рабле іранічна заўважыў: «Я не ведаю, хто там вінаваты. Але гатовы даслаць і палякам, і літоўцам па статку гусянят. Як не сракі, дык хоць мазгі сабе падцяруць». Томас Уайет прызнаўся: «Я вельмі паважаю літвінаў. Наш першадрукар Джон Летаў быў родам з іх краёў. Але ў тым, што зараз адбываецца вакол літоўскай галубінай пошты, хутчэй за ўсё, вінаватыя самі літвіны. Зашмат у іх бязладдзя. Няхутка яны навучацца пісаць санеты на сваёй мове».

Як можна зразумець з падтэксту выказванняў гэтых пісьменнікаў, у сваёй зорнасці ніводны з іх анічуць не сумняецца.

Арганізатары творчага турніру «Еўрапісанне 1524» афіцыйна заявілі, што ў праблеме галубінай пошты Вялікага княства Літоўскага яны ідуць насустрач літоўцам і гатовыя пачакаць другога літоўскага голуба з вынікамі галасавання. Што ж? Вельмі, талерантнае і ўзважанае рашэнне, чаго не заўсёды даводзіцца бачыць у дзеяннях слаўных мужоў «Еўрапісання».

P.S. Калі матэрыял быў звярстаны, з Вены паведамілі, што туды прыляцілі абодва літоўскія паштовыя галубы з вынікамі галасавання па «Еўрапісанню 1524». Пры чым вынікі, якія прынёс адзін голуб, істотна розняцца ад тых, што прынёс другі. Як бачым, у творчага літаратурнага турніру працгяваецца чарада шкандаляў. Якім чынам на гэты раз адрэагуюць арганізатары, прадбачыць няпроста. Абвяшчэнне канчатковых вынікаў сёлетняга турніру пераносіцца на няпэўны тэрмін.

Паводле: Baselblatt. MDXXIV.

Публікацыя 31.05.2010 г.