Беларуская літаратура :: Тэзэй беларускага постмадэрнізму :: сайт творчасці Сяргея Балахонава
 КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ПРОЗА І ПУБЛІЦЫСТЫКА: АРТЫКУЛЫ

Усвядомленая закінутасць. Быццёвыя падставы краёвага патрыятызму беларускае шляхты

Сяргей Балахонаў. Усвядомленая закінутасць. Быццёвыя падставы краёвага патрыятызму беларускае шляхты

Зацікавіўшыся праблемаю генезісу беларускай нацыянальнай ідэі, я мусіў звярнуцца да ейных вытокаў. Так volens nolens я апынуўся у цянётах ХVIII ст., калі беларушчына ў шляхецкіх колах (усё магнацтва і значная частка сярэдняй шляхты) займала сваё непачэснае маргінальнае месца, не іграючы якой-небудзь важнае ролі ў акрэсленні патрыятычных настрояў.

Па словах сучаснага беларускага гісторыка Генадзя Сагановіча патрыятызм шляхты ВКЛ быў палітычным і падбіваў парасткі патрыятызму нацыянальнага. Сапраўды, маючы палітычны патрыятызм, шляхта бачыла ягоным аб'ектам дзяржаву і прамінала собскую нацыянальную тоеснасць. Дзяржава для шляхты была гарантам размаітых прывілеяў І залатых вольнасцяў. Фактычным увасабленнем гэтага гаранта сталася Польшча. Менавіта Польшча заняла дамінантнае становішча ў Рэчы Паспалітай (асабліва пасля жудаснага дэмаграфічнага крызісу ў ВКЛ сярэдзіны ХVІІ ст.).

Як можна памеркаваць, патрыятызм ладнай масткі шляхты ВКЛ быў угрунтаваны на матэрыяльных, нярэдка сваекарыслівых падставах. Заўсёды там, дзе адчувалася пагроза матэрыяльным інтарэсам, пачынаўся разлад з дзяржавай. Шляхта жыла сённяшнім днём, забываючы пра будучыню. Апошняя тэза міжволі перакідвае плынь думак у абсягі філасофіі.

Паводле выдатнага нямецкага філосафа XX ст. Марціна Гайдэгера арыентацыя чалавека вылучна на цяпершчыну ёсць непраўдзівым быццём, у якім "свет рэчаў" захінае ад чалавека ягоную сконнасць. Вось жа, для шляхты пастойныя балі і баляванні, частая паталагічная жорсткасць да падданых, міжсобныя спатычкі і г.д. і да т.п. былі акурат тым "светам рэчаў", за якім яна (шляхта) не бачыла лі собскае будучыні, ні будучыні дзяржавы, патрыётамі якой яна лічылася.

Тут можна гаварыць нават аб спецыфічнай свядомасці, што паўстала на грунце арыентацыі на цяпершчыну. Відочна, што нават хрысціянства не ўздатнілася пераадолець гэтай свядомасці. Хаця зусім магчыма, што хрысціянства, вызнаючы сконнасць кожнага чалавека, спачатна выклікала ў шляхты экзістэнцыйны страх (страх усведамлення непазбежнасці смерці), ад якога яна паспяшала схавацца ў прасцягу непраўдзівага быцця.

Марцін Гайдэгер. Geworfenkeit

Пярэдадзень першага разбору Рэчы Паспалітай і сам разбор у 1772 г. вымусілі шляхту "ўспомніць будучыню" – задумацца аб лёсе дзяржавы і аб сваім лёсе таксама, усвядоміць сваю сконнасць. Такім парадкам акрэслілася арыентацыя на будучыню, што азначала пераход да іншага кшталту быццёвай свядомасці. Паўстала разуменне ТУТ-БЫЦЦЯ (паводле М.Гайдэгера – "Dasein") – быцця ў свеце, у канкрэтным месцы; тут, куды закінуў лёс. Зямля лад нагамі шляхты перастала быць толькі маёмасцю. Яна стала малой Радзімай.

Менавіта ў другой палове ХVІІІ ст. з усё большай выразнасцю акрэсліваецца так званы "краёвы патрыятызм" шляхты ВКЛ. Не парываючы з пальшчызнай, ён, па словах Адама Мальдзіса, супрацьстаўляўся патрыятызму "кароннаму", "польскаму". У сваім чыстым выглядзе краёвы патрыятызм, як сукупнасць эмацыянальных повязяў з роднай ("радзіннай") зямлёй быў схільны да ўспрыняцця беларушчыны.

Здавалася, што ліквідацыя Рэчы Паспалітай павінна б была ўзмацніць падобныя працэсы. Але ўмяшанне ў праблему расейскага фактару спарадзіла феномен ліцьвінска-польскай салідарнасці, якая трывала аж да задушэння паўстання 1863-1864 гг. Салідарнасць шляхты былога ВКЛ з этнічна польскай шляхтай на доўгі час замарудзіла працэс генезісу беларускай нацыянальнай ідэі, але ўсё ж не здолела занядбаць краёвы патрыятызм.

Акурат у рэчышчы краёвага патрыятызму адбывалася (часта несвядома) генераванне беларускай нацыянальнай ідэі ці, прынамсі, паасобных ейных элементаў. Прыклады краёвага патрыятызму мы можам знайсці ў тэкставай спадчыне такіх нашых землякоў, як Я.Аношка, Ю.Марлёўскі, А.Міцкевіч, Я.Чачот, Т.Зан, Я.Баршчэўскі, І.Ходзька, Р.Падбярэскі, Ул.Сыракомля ды інш. Усвядомленная закінутасць лёсам іх менавіта ў гэты край – Літву-Беларусь – дасконна не пакідала іхняй свядомасці, адрознівала ад карэнных палякаў.

Паводле: Наша слова. 1999. 2 чэрвеня. С.3.

Верхняе фота: arkushy.narod.ru