Беларуская літаратура :: Тэзэй беларускага постмадэрнізму :: сайт творчасці Сяргея Балахонава
 КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ПРОЗА І ПУБЛІЦЫСТЫКА: ЭСЭ, НАТАТКІ, ЗАМАЛЁЎКІ, КАЗКІ

Боскія рэбусы

Сяргей Балахонаў. Боскія рэбусы

На пачатку нулявых гадоў Лявон Вольскі напісаў эсэ з уражаньнямі ад выпадкова сустрэтых людзей. Тады легендарны беларускі рокер прыйшоў да высновы, што ніякага голаса народа не існуе ў прыродзе. Гэтым самым ён агаліў сваю матэрыялістычную істу. Я ж, будучы ідэалістам, бачыў і працягваю бачыць у выпадкова сустрэтых людзях шыфраграмы лёсу ці, калі хочаце, боскія рэбусы. Што праўда, стаўлюся я да іх без залішняга фанатызму. Мне далёка да шызы героя пялевінскіх "Лічбаў". Постмадэрнісцкая звычка ўсьміхацца і склейваць сьвет уласнай крывёю – добрая мікстура ад навязьлівых станаў. Аднак умяшальніцтва вышэйшых сілаў праз выпадковых людзей бывае такім відавочным, што зачысьціць уражаньні нельга ни водкой, ни мылом, як сьпявалі старыя расейскія аматары ачышчальнага агня.

Еду ў камандзіроўку ў Кёнігсбэргавічы. У дызэлі плойма незнаёмых выпадковых людзей. На седзіва перада мной апускаюцца дзьве жанчыны гадоў пад пяцьдзесят і спрабуюць завязаць размову. Яны нагадваюць мне тарбэшніц на выходных. Я адказваю на іх пытаньні бойка, але з інтанацыяй пана Раўнадуша Абыякавіча Ўсёадноўскага. Жанчыны мяняюць тактыку і пачынаюць катаваць адзін з сваіх мабільных тэлефонаў, гучна абмяркоўваючы ўсё тое, што "не палучаецца настроіць". У мяне стае трываньня і ўнутраных ружовых сланоў, каб ня вырваць мабілку зь іх рук і не зрабіць усе тыя элемэнтарныя наладкі, зь якімі цёткі мучаюцца. Але пакуль я ўсё яшчэ толькі бяздоказна падазраю, што з жанкамі нешта ня тое, і пачынаю імітаваць дрымоту. Адна зь іх дастае навушнікі і падключае да мабільніка. Другая пытае, навошта. Адказ просты: "Хачу музыку паслушаць". А вось удкладненьне змушае адкінуць імітаваньне дрымотаў і сьпяваць "Show must go on" на мове афрыканскага племені авімбунду: "А музыка харошая? Хрысьціанская?" Цёткі раптоўна скідваюць маскі і ўсё дарогу да Рэчыцы вядуць багаслоўскія дыспуты. Я слухаю іх рэплікі і намагаюся зразумець, ці няма ў іх пасланьня асабіста для мяне. Але ж я цудоўна ведаю, што мой бог не вымагае ад мяне і сотай долі апантанасьці гэтых жанчын. Ён гуляе са мной у футбол тады, калі я зьбіраюся гуляць зь ім у шахматы. Мой бог – такі ж жартаўнік, як і я.

Апошняй тэзы яўна ня ведае крышнаіт у цывільным, які стаіць каля цэнтральнага рынку і спрабуе навярнуць мінакоў у сваю веру. Я вось думаю, як гэта гераічна агітаваць паверыць у Крышну, мужыка ці жанчыну, што цягне з рынку дзьве торбы мяса і кілбасных вырабаў, затарыўшыся перад няпэўнасьцямі новага года! Іду паўз рынак, ня думаючы ні пра мяса, ні пра бога. Мне трэба забегчы ў дыскарню, каб спраўдзіць наяўнасьць новых альбомаў народных майстроў айчыннага рэпа. А гэты крышнаіт заступае мне дарогу, круцячы перад вачыма чырвоным фаліянтам са срэбнымі літарамі. Гэта "Бхагавад-гіта", якая адразу ж нагадвае мне аналягічную па памерах таміну гістарычных твораў Ян Станкевіча. – Маладой человек, возьмите книгу, – кажа мне крышнаіт. – У мяне ўжо ё, – чыста па рэпэрску адказваю я. – Что у вас ё? Постойте. Ну такой у вас точно нет, – намагаецца той справіцца са збоем праграмы. Я нават не даю мазгам клопату думаць, што гэтая выпадковая сустрэча азначае. Что ж ты такое, родное, страшное?

Вечар. Жоўтыя ліхтары. Сьнег пад нагамі. Сьнег на ялінках і іншых дрэвах "піянэрскага сквэрыку". Засьнежаны бюст савецкага міністра засьнежамежных справаў Андрэя Грамыкі aka mister NO. Я шыбую пасьля працы на прыпынак, смакчу прафіляктычную пігулку на журавінах, і курняўкаю пад нос песьню свайго юнацтва: "In your head, in your head, they are crying..." Насустрач ідуць дзьве маладыя румянашчокія мамы. Яны яўна вельмі добра пашпацыравалі з сваімі малымі дзецьмі, што бегаюць па сьнегу вакол іх. Абедзьве дзяўчыны апранутыя цалкам прыстойна. Здаецца, ад іх цяжка чакаць нейкіх падкопаў. Але пакуль мы не пасьпелі разьмінуцца, адна зь іх зьвяртаецца да мяне: "Мужчина, можно у вас кое-что спросить?" Агаломшаны, здумлены, заінтрыгованы я паддаюся ейным чарам і згодна ківаю галавой. "У вас не найдется чуть-чуть мелочи", – разачароўвае маладая матуля мяне. Я доўжу свой шлях, не разумеючы сэнсу адбытага. Магчыма я на хвілю патрапіў у зімовую галівудзкую казку і адмовіў у дабрачыннасьці добрым феям? А можа гэта былі Панна Марыя і Марыя Магдалена зь дзецьмі, і я не ахвяраваў трошкі дробязі для самога Езуса? Мой дыялёг з Псыхеяй спыняе вібрацыя мабільнага тэлефона. Брытанскія місыянэры новай хвалі даўно сказалі пра яго: "Your own personal Jesus". І я міжволі паверыў...

Боскія рэбусы... Яны паўсюль. Цяжка адмовіцца ад думкі, што кніжка "От экстрасенсов до иных" у руках паджылай жанчыны, якая едзе з табой у аўтобусе, усяго толькі выпадковасьць. Азіраюся навокал у пошуках Антона Гарадзецкага ці іншых крывапійцаў. Нікога падазронага ў салёне няма. Доктар Айбаліт з рэклямнай абвесткі паглядае то на мяне, то на жанчыну. Сядаю ў вызваленае ля вакна крэсла і пачынаю балянсаваць між думкамі пра тайпінскае паўстаньне Хун Сюцюаня і ўражаньнямі ад сьвежага сьнегу, які пасьпеў вярнуцца з ласкі Зімавея Зюзі. Я ведаю, што сёньня мне давядзецца ў тысячна які раз перасякаць дзіўную кропку на целе горада, дзе выпадковае сутыкненьне са знаёмымі людзьмі, сканчаецца непазнаваньнем зь іх боку. Залюляны пагойдваньнем аўтобуса і трымценьнем дзяўчыны, якая побач перачтывае канспэкт творчай біяграфіі Кузьмы Чорнага, я ўпадаю ў часовы транспартны транс. Мне сьніцца Ума Турман з малочным кактэйлем за пяць даляраў на вуснах. Я гляджу на яе, як на старую знаёмую, і ледзьве чутна моўлю: "Божа, напішы за мяне мае раманы". Ума маўчыць, ня зводзячы зь мяне сваіх боскіх вачэй.

15-16 сьнежня 2008 г.

Фота: redbubble.com