Беларуская літаратура :: Тэзэй беларускага постмадэрнізму :: сайт творчасці Сяргея Балахонава
 КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 РОЗГАЛАС: АРТЫКУЛЫ, ІНТЭРВІЮ, РЭПАРТАЖЫ, ДОПІСЫ

Наталля Харытанюк. Дыскурс і ўлада: філасафема ліючайся формы ў рамане Сяргея Балахонава "Імя грушы"

Наталля Харытанюк. Дыскурс і ўлада:філасафема ліючайся формы ў рамане Сяргея Балахонава Iмя грушы

The author of the article projects Linda Hutcheon’s theory of deconstructing discourse semantic, ideological and emotional power on the Belarusian culture and, in particular, on the novel by Siarhej Balakhonau “The Name of the Pear”.

As a methodological basis for this she uses the philosophy of the “fleeing form”, developed by Ihnat Abdziralovich in the 1920-s.

Пошук сiтуацыi безуладдзя – топас, якi праходзiць лейтматывам у шэрагу гiстарыяграфiчных метараманаў, бо найлепш увасабляе мэту гэтага жанру. Паводле Лiнды Хатчэан, мэта гiстарыяграфiчнай метапрозы заключаецца ў “вызваленнi дыскурсу ад уладных практыкаванняў”1 [8, 185]. Нам падаецца цікавым спраектаваць тэорыю Лінды Хатчэан пра вызваленне дыскурсаў ад семантычных, iдэалагiчных, эмацыйных уладных практыкаванняў на беларускую культурную прастору. Дзеля гэтага варта прасачыць, якiм чынам у рамане Сяргея Балахонава “Iмя грушы” (2005) прысутныя дыскурсы пазбаўляюцца семантычнай, iдэалагiчнай ды эмацыйнай улады над раней замоўчаным суб’ектам, а гэта дазволiць сфармуляваць некаторыя спецыфiчна беларускiя рысы пошуку сiтуацыi безуладдзя.

Найперш абазначым формульную зададзенасць топасу пошуку сітуацыі безуладдзя.

У кнiзе “Каралеўства Беларусь. Вытлумачэньнi ру[i]наў”2 (2005) Iгар Бабкоў пiша пра сітуацыю безуладдзя як пра вызваленне любой культуры, на прасторы якой сутыкаюцца разнастайныя ўлады, што руйнуюць, перапiсваюць, пакiдаюць сляды сваёй чыннасцi. Патрэба ў гэтай сітуацыі, у вызваленні ад чужога гiстарычнага беспрасвецця дыктуецца, паводле І. Бабкова, страхам замоўчанага суб’екта перад “адсутнасьцю дамiнантаў” [3, 9], без якiх ён можа “ўвайсьцi ў традыцыю на правах рэчаў i ўрэшце канчаткова супасьцi з гэтай прасторай, пераўтварыцца ў чыстую функцыю” [3, 9]. Такiм чынам, топас пошуку безуладдзя, паводле I. Бабкова, вымагае ад раней замоўчанага суб’екта, па-першае, пазбавiць чужыя дыскурсы ўлады, а, па-другое, самому акрэслiць сябе ў рэчаiснасцi. Іншымі словамі, пасля выхаду з чужой формы, суб’ект мусова стварае сваю форму, пры гэтым ён прагне толькі чыстай формы і гатовы адмовіцца ад яе, як толькі яна набывае чужыя значэнні.

Такую iдэю змагання з зацвярдзелымі формамі, уласцівую гiстарыяграфiчнай метапрозе, цудоўна ўвасабляе распрацаваная Ігнатам Абдзіраловічам на пачатку ХХ-га стагоддзя філасафема ліючайся формы. Перш чым выкарыстоўваць яе ў якасці метадалагічнай базы ў дадзеным аналізе, абгрунтуем мэтазгоднасць гэтага, абазначыўшы агульнае ў прынцыпах гістарыяграфічнай метапрозы і філасафеме ліючайся формы.

З аднаго боку, iдэя лiючайся формы – гэта метафiзiчная iдэя. У ёй Iгнат Абдзiраловiч шукаў “iдэал iндывiдуальнага i сацыяльнага жыцця для Беларусi” [1, 25], распрацоўваючы яе ў час, калi трэба было “ствараць новыя падставы чалавечага жыцьця” [1, 9], у час пратэсту супраць усталяванай чужой уладай мёртвай, цвёрдай формы, у той час, калi “свая форма была яшчэ не акрэсленай” [1, 8], але ўжо надыходзiла прадчуванне “вяртаньня да чыстага i сьветлага” [1, 7]. Такая надзея i звернутасць да нацыянальнага як выратавання надае мадэлi лiючайся формы рысы аднаго з метанаратываў, пра якiя пiша Ф. Лiятар у сваёй кнiзе “Сiтуацыя постмадэрну” (1979) [6]. Але разам з тым, фiласафема лiючайся формы не можа быць цалкам упiсаная ў метафiзiчную парадыгму мыслення, бо валодае i супярэчлiвымi ёй характарыстыкамi. Так, гэтая фiласафема прадугледжвае не адмаўленне формы, а найперш яе стварэнне, а пасля зняпраўджанне. А гэта цалкам адпавядае прынцыпу постмадэрнiзму, пра якi пiша Лiнда Хатчэан, фармулюючы яго як прынцып “use and abuse”3 [8]. Пры стварэннi новай формы старыя формы не кiруюць намi, яны iранiчна пераасэнсоўваюцца, бо “як толькi iдэя афармляецца ў форму, яна трухлявее, знiкае” [1, 23].

Такiм чынам, фiласафема лiючайся формы тоiць у сабе рысы вялiкага выратавальнага, ці метанаратыву, але адначасова валодае рысамi постмадэрновага змагання з любой цэнтрычнасцю i iмкненнем да такой мадэлi, якая здольная мяняцца, не фiксуючы адзiна правiльную форму. Такая зняверанасць у любым вялiкiм праекце i ў той жа час пошук выйсця з рэлятэвiзму i роспачы, спадзеў знайсцi сваю, не засмечаную чужымi сэнсамi форму – рысы, уласцівыя і філасафеме ліючайся формы і гістарыяграфічнай метапрозе. А таму нам падаецца мэтазгодным, прасочваючы рух да сiтуацыi безуладдзя ў рамане “Iмя грушы” праз абодва этапы (зняцце семантычнай, эмацыйнай і ідэалагічнай улады з дыскурсаў як першы этап і набыццё замоўчаным суб’ектам сваёй формы як другі этап), выкарыстоўваць як метадалагічную базу менавіта фiласафему лiючайся формы.

У дадзеным артыкуле мы спынемся толькі на адным з аспектаў руху да сітуацыі безуладдзя – на дэканструкцыі семантычнай улады дыскурсаў. Менавіта зняцце семантычнай улады з дыскурсу становіцца дамінуючым матывам у рамане Умбэрта Эка “Імя ружы” (1980), да якога ад самага пачатку нас адсылае назва рамана “Імя грушы”. Так, ужо ў выбары назвы, як піша Умбэрта Эка ў “Нататках да “Імя ружы”, ён кіраваўся жаданнем пазбавіцца ад аднаго навязанага і абмежаванага аўтарам значэння: слова “ружа” было найбольш прыдатным для гэтага, бо яно несла ў сабе самыя разнастайныя канатацыі, сімвальныя значэнні, было семантычна перапоўненым, а таму і не дазваляла вылучаць адзінае значэнне [7]. У гэтым святле назва рамана “Імя грушы” паказвае не толькі на пераемнасць дамінуючага матыву ад “Імя ружы”, на дыялог з раманам У. Эка, але і на іранічнае пераасэнсаванне яго ідэі постмадэрновага рэлятэвізму. Так, “груша” – гэта дрэва, а не высакародная кветка, яе частае выкарыстанне ў жартаўлівых беларускіх прыказках і прымаўках, а таксама стварэнне эфекту шуму ў рамане праз перанасычанасць вобразам грушы (“нават грушы з вербаў паападалі” [4, 114], “…набыла колькі грушак. Менавіта грушак, бо яблыкі выклікалі непрыемныя асацыяцыі ды ўяўленьне, што імі абавязкова трэба кагосьці частаваць..” [4, 14], “абы вялося пра родныя мясціны, журчаньне ручаёў ды шолах грушаў” [4, 103]) заніжае пафас семантычнага наваколля, у якое трапляе слова “груша”.

Такім чынам, і сам пошук сітуацыі безуладдзя ў беларускім рамане набудзе іншую семантычную афарбоўку, хаця і будзе адштурхоўвацца ад формулы пошуку сітуацыі безуладдзя рамана У. Эка. І таму дзеля далейшага аналізу дэканструкцыі семантычнай улады ў рамане С. Балахонава “Імя грушы” неабходна вызначыць, з чаго складаецца барацьба з чужой семантычнай уладай у рамане У. Эка “Імя ружы”, і параўнаць іх.

Барацьба з семантычнай уладай чужых дыскурсаў зводзіцца ў “Імі ружы” да пошуку арыгіналу кнігі, якую ўсе ведалі толькі праз чужыя каментары, але ніхто так і не чытаў. Напрыканцы рамана герой-апавядальнік Адсан прызнаецца, што загадкавай кнігай была “Камедыя” Арыстоцеля, якая не была вядомай сярэднявечнай Еўропе і існавала з 9-га стагоддзя толькі ў перакладзе на арабскую мову. На еўрапейскія мовы яе пачалі перакладаць на пачатку 16-га стагоддзя, а таму героі “Імя ружы”, натуральна, не маглі яе ведаць. Галоўныя героі, Адсан і Вільгельм, набліжаюцца да гэтай кнігі, нават трымаюць яе ў руках, калі шукаюць забойцу (і гэтак яны бліжэй за іншых падыходзяць да зняцця чужых сэнсаў, чужой семантычнай улады з аб’екту іх пошуку), але кніга знікае, не трапляе ў “чыстым” выглядзе нікому. Яна гарыць у бібліятэцы манастыра, гэтак “баронячыся ад бруду бесцырымонных чужых каментароў” [7].

Такім чынам, У. Эка звязвае барацьбу за празрыстую форму са знікненнем самога аб’екта, гэтак адлюстроўваючы такі прынцып постмадэрновай пачуццёвасці, як пераўтварэнне рэальнага свету ў яго сімулякр, калі копіі ўжо не маюць сваіх рэальных рэферэнтаў. У той жа час у рамане С. Балахонава дэканструкцыя чужой семантычнай улады адлюстроўвае зусім іншую (не постмадэрновую) парадыгму мыслення: у рамане “Імя грушы” барацьба з чужой семантычнай уладай таксама звязаная са знікненнем аб’екта, але на гэтым яна не заканчваецца: паводле філасафемы ліючайся формы, аб’ект мусіць яшчэ сам стаць суб’ектам, набыўшы сваю форму.

Так, у рамане С. Балахонава прысутнічае постмадэрновая ідэя канца гісторыі, адсутнасці самога свету, існавання толькі ў яго ілюзіі (а гэта значыць, татальная семантычная дэканструкцыя – без пакідання семантычнай восі, семантычнага цэнтру), увасобленая ў вобразе адсутнага героя, Войслава Баўта, і нібыта ўроўненай пазіцыі трох наратарак, з чыйго гледзішча гісторыя атрымлівае тры розныя развязкі, у роўнай ступені слушныя і верагодныя. Але пры гэтым, як зазначае Юнэля Крупенька ў прадмове да рамана, “вiдочна выяўляецца прыферэнцыя пiсьменнiка: расейка з Гомелю Натальля Клыкоўская апынаецца пустапарожняй гiстэрычкай, фанабэрыстая палячка Камiла Сьвентажэцкая – занадта безапеляцыйным аналiтыкам, а вось беларуская Iрэна зьяўляецца непасрэдным чыньнiкам падзей” [4, 6]. Iрэна насамрэч ведае болей за астатнiх, манiпулюе падзеямi. Акрамя таго, лiючаяся формы як увасабленне семантычнага безуладдзя праяўляецца ў рамане “Імя грушы” ў сутыкненні трох уладных дыскурсаў міжсобку, праз што іх семантычныя супярэчанні ўзаемна дэканструююцца. Ні адна з трох формаў не можа канчаткова завалодаць адсутным героем. Ён не руйнуецца, не знікае – што здараецца з аб’ектам пошуку ў рамане У. Эка, – а нібыта выцякае шторазу з насаджанай на яго абалонкі. Так, мы не чуем яго версіі падзей, яго толькі каментуюць тры наратаркі, кожная скажаючы і імя (ад Ваяслава да Вайніслава, Войслава і Баяслава), і род заняткаў (працоўны ў Менскай кансісторыі, судовы канцылярыст, пісар апякунскае рады), і нават паходжанне (насампраўду крывіч, natione Polonus, gente Ruthenius Albus, іншапланецянін) героя. Такі напраўду адсутны герой, які меўся б увасабляць беларускую форму, вызваленую ад чужых уладаў, не знаходзіць свайго месца і параўноваецца са словам, якое блукае і ўсё яшчэ не можа знайсці сваёй кнігі.

Набліжэнне герояў да забароненых ведаў заканчваецца пажарам у У. Эка (падобная сітуацыя складваецца і ў “Лабірынтах” В. Ластоўскага, дзе эзатэрычнае таксама хаваецца назаўжды ў агні). Але ў С. Балахонава агонь/спаленне прысутнічае толькі ў адной з трох развязак, дзве другія (уцёкі героя, яго самагубства) пярэчаць ёй і не дазваляюць верыць да канца ні адной з версій, а таму пакідаюць надзею знайсці сваю кнігу, сваю форму, свайго героя. Семантычнае безуладдзе не прыводзіць да роспачы ў рамане С. Балахонава, а набывае рысы ліючайся формы: замоўчаны герой не знікае, як у рамане У. Эка, а трансфармуецца, мяняе форму i змест, залежна ад таго, у чый дыскурс ён трапляе, і гэтак ён застаецца свабодным ад семантычнай улады аднаго пэўнага чужога дыскурса, пакідаючы сабе надзею і магчымасць спраўдзіцца (а што можа быць лепей за магчымасць у сітуацыі, калі не было яшчэ сваёй уласнай семантычнай напоўненасці).

Такім чынам, можна меркаваць, што адной з адметных рысаў беларускага пошуку сітуацыі безуладдзя будзе сумяшчэнне постмадэрновага вызвалення ад любых цвёрдых формаў і мадэрновага праекта акрэслівання сябе ў рэчаіснасці. А таму, калі мы разам з усім светам, паводле І. Бабкова, дэцэнтруем уладны дыскурс, адкiдаючы iлюзiю цэнтру, мы знаходзімся яшчэ і ў пошуках “цэнтру iлюзii” [3, 10]. Такую адметнасць беларускага змагання з уладнымі практыкаваннямі дыскурсаў, а менавіта імкненне да сітуацыі безуладдзя не дзеля разумення тэрмінальнасці гісторыі, а дзеля стварэння сваёй уласнай формы (паўтарэнне рысаў ліючайся формы), можна лічыць спрычыненай вераю ў магчымасць існавання “героя вайны за празрыстасць” [2]. Гэткая вера ў магчымасць найлепш сфармуляваная самім жа С. Балахонавым ў яго эсэ пра фенікса: “…хочацца верыць, што яна (птушка-бацян) й да сёньня жыве ў гушчарах Палесься, дзе не ступае нага чалавека. Жыве й гоіць свае раны, каб урэшце зноў зьявіцца ў нашым небе, даводзячы сьвету сваю й нашу неўміручасьць” [5].

А гэта робiць беларускi праект пошуку сiтуацыі безуладдзя – апошнiм “партызанам мадэрнасьцi падчас сiтуацыi постмадэрну” [3, 10]. Зрэшты, cумяшчэнне мадэрновага і постмадэрновага не дзiўнае для жанру гiстарыяграфiчнай метапрозы, бо, паводле Лiнды Хатчэан, метапроза – шырэйшая за постмадэрнiзм, мадэрнізм цi тэстаментальную лiтаратуру [8], і ў гэтым яна набліжаецца да філасафемы ліючайся формы.

Літаратура:

1. Абдзіраловіч, І. Адвечным шляхам: Дасьледзіны беларускага светагляду / І. Абдзіраловіч. – Мінск: Навука і тэхніка, 1993. – 44 с.
2. Бабкоў, І. Герой вайны за празрыстасьць / І. Бабкоў. – Менск: БГАКЦ (па замове ЭўроФоруму), 1998. – 92 с.
3. Бабкоў, І. Каралеўства Беларусь. Вытлумачэньні ру[і]наў / І. Бабкоў. – Мінск: Логвінаў, 2005. – 142 с.
4. Балахонаў, С. А. Імя грушы: раман, апавяданьні / С. Балахонаў. – Мінск: Логвінаў, 2005. – 226 с.
5. Балахонаў, С. Фэнікс / С. Балахонаў - [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://balachonau.puls.by/feniks.html. – Дата доступу: 8.02.2007.
6. Лиотар, Ф. Состояние постмодерна / Ф. Лиотар. – Москва: Ин-т эксперим. Социологии; Спб.: Алетейа, 1998. – 159 с.
7. Eco, U. Notes on the Name of the Rose / U. Eco – [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://cs.fit.edu/~ryan/rose/html. - Дата доступу: 8.02.2007.
8. Hutcheon, Linda. A Poetics of Postmodernism: History, Theory, Fiction. – London and New York: Routledge. – 2004. – 268 p.

Артыкул апублікаваны: Беларускае літаратуразнаўства. Мн., 2007. Вып. 5. С.148-153. На сайце зьмяшчаецца з ласкавай згоды аўтаркі.

Фота: generation.by