КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ЧЫРВОНАСЬЦЯЖНАЯ
 ПРОЗА: АПАВЯДАНЬНІ, САГІ, ЭСЭ, АРТЫКУЛЫ

Стагодзьдзе №19

СЬЦЕЖКІ ФАРТУНЫ
Імя Фадзея Булгарына ў спэцыяліста выкліча натужлівую ўсьмешку. Неадмысловец папнецца згадаць нештачка такое — і не згадае. Булгарыну наканаваная няпомнасьць. Калі гісторыя насамрэч мае звычку помсьціцца за беспрынцыповасьць і здраду, дык у дачыненьні да яго гэта глядзіцца на голую праўду. Ён не адразу зрабіўся Фадзеем Венядзіктавічам: нарадзіўшыся тут, быў Тадыкам, Тадэйкам, сынам Бенядзікта — беларускага шляхціца з Ігуменшчыны.

Ад самых народзінаў паміж першым і другім разборамі Рэчы Паспалітай (1789 г.) ён доўга сіліўся ўцяміць, дзе жыве, але ніяк ня мог даступіцца той праўды. Здаецца, Беларусь, але ўвадначас і Літва, і Польшча, і Расейская імпэрыя ажно. Інтанацыі ў размовах старэйшых аб адных і тых самых асобах зьмяняліся разам з ацэнкамі вакольнай рэчаіснасьці хутчэй, чым гаршчок пад азадкам Тадэйкі. Штось кіравала ягонай дзіцячай сьвядомасьцю, вучыла прыстасоўвацца да палітычнае каньюнктуры. І няхай на першых часох гэтай каньюнктурай быў бацькаў настрой і ягоны зусім ня слуцкі пояс...

Калі ж падрос вышэй бацькавых калёс і пагроз, дык сьпярша за лепшае падалася туга за Рэччу Паспалітай і непрыязнасьць да Расеі. Расейскія цары нібы ня ведалі, чаго хацелі: во як яны з тым Касьцюшкам — то пасадзяць у вязьніцу, то выпусьцяць. Але замкі шляхецкія ламаць не пераставалі, хоць яшчэ не зусім дбалі пра “русское лицо” краю. Тая расейская няпэўнасьць трохі нагадвала рашучасьць апошняга “польскага круля”. Для поўнай адпаведнасьці не ставала шляхецкіх войскаў, разагнаных тымі ж расейцамі. Таму атрымаць вайсковую падрыхтоўку ў пакуль яшчэ варожай арміі заганай не было.
Між тым, у Эўропе дзеялася штось цікавае, і трыюмф Расеі тут не здаваўся канчатковым. З тае прычыны ані на каліўца ня выдалася дзіўным пакінуць “по худой аттестации” расейскае войска й шмыгнуць да Напалеона. Змагацца за новы кірунак фартуннага ветру. Пазьней Булгарына будуць апраўдваць — маўляў, не ваяваў ён супраць Расеі, быў на іншых франтох. Ваяваў, не ваяваў — нам гэта неістотна. Істотна, што Беларусь ён пачаў забываць. Параза Напалеона змусіла Тадэя пераацаніць становішча. Расея, якую так не любілі бацькі і нелюбоў да якой прышчэплівалі яму, адужала так доўга шанаваную Францыю.

Беларусь сталася транзытным пунктам для 24-гадовага юнака пасьля палону. Як бы ня знаючы, куды прытуліцца, ён далучаецца да віленскіх шубраўцаў. Тадэй пераканаўся, што ўсе гэтыя паўадкрытыя масоны-шубраўцы — са сваімі бруковымі ведамасьцямі й памкненьнем удасканальвацца маральна ва ўмовах перамогі Расейскай імпэрыі — ня маюць для яго ніякае карысьці. Пагатоў што блізкім да шубраўцаў філяматам і філярэтам ужо дасталося на гарэхі… У Санкт-Пецярбургу Тадэй канчаткова преобразился ў Фадзея. У таго самага сівага, кароткага, тоўстага, як цурбан, плюгавага, дужа некрасівага пана, якім мы ведаем яго з нашага “Тараса”. Так, безумоўна, Булгарын быў зь сім-тым прагрэсіўным расейцам на короткой ноге. Але гэта не замінала яму пісаць, пісаць і яшчэ раз пісаць даносы ў ІІІ аддзяленьне (тагачаснае КГБ). “Северные пчёлы” бароняць беспрынцыпнасьць свая... Фадзей Булгарын — чалавек, які страціў Радзіму і нават у паэтычных лятунках не пажадаў вярнуцца да яе. Гіпэртрафаваны сарказм з краіны, кпіны зь беларускае мовы ў ягоных творах мала падобныя на вяртаньне да Беларусі. Яна ў ягоных вачох — разьменная манэта. Спачатку належала аднаму, пасьля прыяднаў у свой скарб іншы. Мова — няўцямная кавярда, жаргон адмоўных пэрсанажаў гісторыі й літаратуры.

Фадзей Булгарын цікавы нам сёньня як прыклад дэградацыі рэчпаспалітаўскага і краёвага патрыятызму. Гэта прыклад магчымага, пры пэўных акалічнасьцях, жыцьцёвага шляху Міцкевіча, Чачота, Баршчэўскага ды іншых пачынальнікаў беларускае думкі ў рэчышчы любові да зруйнаванай Рэчы Паспалітай і нялюбасьці да Расеі. Напяты кар’ерызм, вырачэньне Радзімы, флюгернасьць робяць постаць Булгарына непрывабнай як для нас — беларусаў, так і для іх — расейцаў. Ведама, ён быў аўтарам папулярных у свой час раманаў. Але гэтая папулярнасьць супастаўная з папулярнасьцю сёньня ў паспольстве кніг Марынінай ці мыльных опэраў. Можна караскацца на Парнас, але блуклівыя сьцежкі фартуны завядуць такога героя максымум на Лысую гару. Пэўна, ужо доля такая ў такіх.

2002 г.

ЛІЦЬВІН З БАРАДОЮ МАРКСА
Бавячы ў дзяцінстве лета ў вёсцы Рудня-Гулева на Веткаўшчыне, аднаго разу я трапіў у прышкольную качагарку. Там, поруч з крошкаю торфу, ляжала купа ўсялякіх кніг. Сярод шматлікіх “Deutsch’аў”, “фізыкаў” ды “пачатковай ваеннай падрыхтоўкі” я раскапаў вокладку і франтысьпіс з выявай барадатага чалавека. Самі старонкі былі некім вырваныя. Тады па тэлевізіі, акурат як цяпер мыльныя опэры, бяз памяці круцілі шматсэрыйны фільм “Карл Маркс. Маладыя гады”. Дык мне падумалася, што бачу якраз ягоны партрэт. Зірнуў на вокладку і зьдзівіўся: “Вінцэсь Каратынскі?! Хто гэта?” Пошукі тэксту кніжкі былі марныя...

Вінцэсь Каратынскі нарадзіўся 15 чэрвеня 1831 г., калі яшчэ не пасьпела астыць зброя вызвольнага антырасейскага паўстаньня. Як шмат хто з таго пакаленьня, Вінцэсь усё жыцьцё балюча вагаўся душою й сэрцам, шукаючы адказу на пытаньне: “Хто я такі?” Бацька, што рана сышоў у лепшы сьвет, нічога растлумачыць не пасьпеў. Вясковы арганіста, які навучаў па-польску, з бабамі сварыўся па-беларуску, а жыду мог сказаць колькі слоўцаў на ідыш, спрабаваў, верагодна, выхаваць хлопца палякам. Але паэтычная сузіральнасьць выкрывала супярэчнасьці, ад якіх іншым разам не бывала спакою: чаму на адной зямлі суіснуюць пальшчызна й беларушчына? Чаму людзі адначасова завуць сябе і палякамі, і ліцьвінамі, а часам і русінамі? Урэшце, што ж такое Літва сама сабою?

Знаёмства з Уладзіславам Сыракомлем пераканала ў слушнасьці развагаў, але нават знаны “вясковы лірнік” ня мог разьвеяць сумневаў Каратынскага, маючы ў сабе той самы быцьцёвы клопат. Абодва разумелі, што беларуская (крывіцкая, русінская) мова “такая ж людзкая і панская”, як і іншыя, і нават пісалі на ёй вершы. Аднак, збольшага ў шуфляду. А першы паэтычны зборнік Каратынскага “Чым хата багата” (1857) складаецца з польскіх вершаў. Здаецца, тады не было заганай выказаць па-польску любасьць да роднага краю. Але ці ня мучылі паэта згрызоты й душэўная мулкасьць пасьля ўсіх гэтых польскамоўных услаўленьняў радзімы? Хоць для заспакаеньня такіх пачуцьцяў можна было пачытаць Георга Самуіла Бандткэ, які сьцьвярджаў, што польская мова ў ВКЛ ладна пашырылася яшчэ за часы Жыгімонта Старога. Дзеля заспакаеньня можна было й проста пісаць пра народ, што Каратынскі й рабіў, зьвяртаючыся, хай сабе па-польску, да тых, “хто ў шкарлупе сядзеў сутулы”.

А падпіўшы ў пачэсным таварыстве, льга было ў адзін альбом пісаць аб “сардэчных палях” ды аб “мужыцкіх панах” (“Альбом Арцёма Вярыгі-Дарэўскага”, 1858 г.), а ў іншы — пра лунаньне польскага духу (“Альбом Цэліны Кіркор”, 1860 г.). Акрамя таго, Каратынскі “паклонна вітае “сонечнага” расейскага імпэратара Аляксандра ІІ (1858) зь легальнае нагоды на паўзабароненай мове, кідаючы ў вершаванае вітаньне мноства двухсэнсоўных выразаў і мэтафар. Як разумець покліч “братцы, да дзела, да дзела!”, калі слова “дзела” пазначала ня толькі справу, працу, але яшчэ й зброю? А “жаўценькі пясочак” у падарунак імпэратару? Гэта табе ня хыхі, як казаў калісьці Мялешка. Зрэшты — была б ахвота — мэтафары й цьмянасьць разьлятаюцца ў бакі, а рука выводзіць на паперы:

Чы Бог ня зьмілуецца над намі
І дасьць пагінуць пад Маскалямі?...


Дзе тут сапраўдны Вінцэсь Каратынскі? Ён адначасова і паўсюль і нідзе. Паўстаньне 1863—64 г. сталася мяжою, кардонам, які адцяў ранейшую эпоху, калі можна было вагацца з уласным этнакультурным вызначэньнем. У 1864 г. Каратынскі напісаў элегію “Туга па чужой старане”, якая сталася шэдэўрам нацыянальнай патрыятычнай лірыкі ХІХ ст. “Я ж зямліцу меў радную...” Здаецца, яшчэ адзін крок — і адбылося б пераадоленьне душэўнага вэрхалу, і ён назваў бы сябе беларусам, крывічом, русінам. Але ён застаецца ліцьвінам паводле нараджэньня і палякам паводле зьбегу абставінаў. У 1866 г. Каратынскі зьяжджае ў Варшаву, уцякаючы ад сябе й расейскага абвалу на Беларусі. Толькі ж ад сябе не ўцячэш. Прывід “роднай зямелькі” не пакідаў Каратынскага да скону. Варшаўскія палякі не забываліся на ягонае паходжаньне, называлі “барадатым ліцьвіном”. Магчыма, нават барада выконвала ролю свайго кшталту маскі. Як казаў адзін з герояў Умбэрта Эка, кожнае пакаленьне мае сваё адчуваньне несвоечасовасьці зьяўленьня на гэты сьвет. І трэба змагчы гэтую несвоечасовасьць, каб вокладкі тваіх кніг не валяліся ў істопках пад тарфяною крошкай.

2001 г.

ДОЎГІ ТОСТ ЗА КРАШЭЎСКАГА
Узіраючыся ў шэрае ХІХ стагодзьдзе, пастойна брытаеш сябе дакучліваю думкай аб няспраўджанасьці. ХІХ век – час зацяжных народзінаў беларускае нацыі. Этнічны масыў, распылены між Вільняй і Гомлем, Смаленскам і Беластокам, Веліжам і Пінскам, вельмі марудна даходзіў да цяму свайго адзінства. Маруда невыпадковая, бо маторамі нацыягенэзы мусілі быць альбо ўласная буржуазія, альбо собскія інтэлектуалы. Аднак першых бракавала, другіх, каб цалком свае, не ставала. Дык жа мала было нарадзіцца тут, трэба было тутэйшае паходжаньне сваё лічыць касьмічным гонарам, боскаю шанаю ды несьці гэнае пачуцьцё праз завалы гістарычных катаклізмаў далей за Прыпяць і Дняпро, Вяльлю й нашу Дзьвіну. Выяўлялася гэта цяжкім выпрабаваньнем, жорсткім іспытам, бо традыцыя, у якой дзіцё гадавалі, гаварыла пра Польшчу, што нібыта ад прадзедаў спакон вякоў была й для тутэйшых маткай. Яшчэ цяжэй было дапяць свайго, радзімага, нарадзіўшыся воляю лёса ў Варшаве. Так сталася і зь Юзафам Крашэўскім – пісьменьнікам, якога адмыслоўцы называюць ці ня самым плённым за ўсю гісторыю сусьветнае літаратуры.

Улетку 1812 года, калі падзеі ў Беларусі, абнятай войскамі Напалеона, вызначалася пошлай двохсэнсоўнасьцю, цяжарная шляхцянка Зося Крашэўская падаецца да бацькоў на Падляшша, а стуль і ў Варшаву. Падалей ад ваенных грымот. Тамака ў сьценах заезнага дому і нарадзіўся будучы пісьменьнік, мастак, мысьляр Юзаф Ігнацы Крашэўскі. Народзіны сымбалічныя, бо ўсё жыцьцё Юзафа сталася вялікім раздарожжам. Сталець выпала на беларуска-польска-літоўскім памежжы, навочна сутыкаючыся з артэфактамі размытай сьвядомасьці вакольных людзей. Бадай толькі спрыродная геніяльнасьць запазволіла яму адэкватна зрэагаваць на мультыкультуральную разнастайнасьць жыхарства былое Рэчы Паспалітай. Аднак той самай геніяльнасьці не хапіла для ўразуменьня сваёй няпольскасьці. Часавую зададзенасьць не пераплюнеш. Крашэўскі ня мог быць сьвядомым беларусам, бо не былі такімі Міцкевіч і Чачот, Сыракомля і Каратынскі, а нават і Баршчэўскі з Дуніным-Марцінкевічам. Аднак і краёвым патрыётам Юзафа льга назваць толькі з нацяжкай. Безумоўна мы сустракаем у яго творчым даробку многа сугучнага Шпілеўскаму, Кіркору, Тышкевічу ці таму ж Сыракомлі ("Успаміны пра Палесьсе, Валынь і Літву", "Пінск і Піншчына", "Друскенікі"). Аднак фактар раздарожжа не даваў станаўкой эмацыйнай прывязанасьці да пэўнай мясьціны з апрычоным наборам нейкіх лякальных міталягемаў. У дзяцінстве Юзік не пасьпяваў прызвычаецца да аднаго месца, як мусіў пераяждджаць на іншае: Варшава, Раманава, Люблін, Сьвіслач, Доўгае. Гэткія няспынныя арэлі. Таму ні "Litwo! Ojczyzna moja!", ні "Беларусь радзона!" ні атрымала ў ягонай сьвядомасьці выразнай эмацыйнай дамінанты. Да таго ж ужо ў сталым веку на ім моцна адбіўся украінскі побыт канца 1830-х – пачатку 1860-х гадоў. Matka Polska была яму найперш. Толькі ж Польшчай да самага скону Крашэўскі лічыў усю былую Рэч  Паспалітую. Пісьменьнік ніколі не дазваляў сабе шавіністычных скрайнасьцяў, мяркуючы, што кожны народ роўны прад Богам і адказуе паводле сваіх быцьцёвых учынкаў, а не паводле этнічнага ці сацыяльнага паходжаньня. Гэта прыкмячаеца ў яго творчасьці й грамадзкай чыннасьці. Як толькі скрайнасьці бралі гору ў тых людзях, з каторымі Юзаф Ігнацы супрацоўнічаў (асяродкі пэрыёдыкаў "Tygodnik Peterburski", "Athenaemum", жытомірскае дваранства ды інш.), пісьменьнік без ваганьня разрываў зь імі, не баючыся застацца ў невыгодным становішчы.

Між тым творы Крашэўскага – раманы, аповесьці, вершы, дарожныя нататкі, гістарычныя нарысы і актуальныя артыкулы – вабілі тагачасных чытачоў зь неймавернай сілай. Бывала зласьліўцы закідвалі яму згушчэньне фарбаў і залішняе славянафільства. Аднак літаратар быў з тае кагорты новых людзей Сярэдняе Эўропы, якія што ёсьць моцы імкнуліся называць рэчы сваімі імёнамі. І калі нейкае грамадзкае зьявішча (прыгон ці шлюб па разьліку, арыстакратычная пыха ці сямейны дэспатызм) зеўрыла заганнасьцю, ён толькі трапна адзначаў гэта. Славянафільства ж Крашэўскага чыста разьміналася з аднайменным расейскім прадуктам. Расейцы гэта цудоўна разумелі і ні на каліва не давалі яму папусткі.  Хапіўшы аднойчы пісьменьніка ў свае капцюры за "неблагонадежность" (на пачатку 1830-х Юзаф удзельнічаў у тайных моладзевы арганізацыях Вільні), надалей толькі й рабілі тое, што заміналі складваньню пазалітаратурнай кар'еры. Напрыклад не даваўся дазвол на на выкладчыцкую працу ў Кіеўскім унівэрсытэце, дарма што конкурсная праца Крашэўскага была сярод спаборных найлепшай. Але пісьменьнік немінуча станавіўся аўтарытэтам для многіх і многіх інтэлектуалаў. Зь ім знаюцца публіцыст і крытык Р. Падбярэскі, "бацька" нашай навуковай археалёгіі З. Даленга-Хадакоўскі, паэт і выдавец Адам Плуг, жывапісец Януар Сухадольскі. Уладыслаў Сыракомля ў 1850 г. наўмысьля прыехаў на Валынь у вёску Губін, каб паціснуць руку мэтру. Эліза Ажэшка (яснавяльможная пані Арэшчыха) значна пазьней адзначала пра калясальнейшы ўплыў Крашэўскага: "Як галінкі ад дрэва, так і мы ад яго бярэм пачатак". Нават Янка Купала сярод літаратараў, што мелі ўплыў на яго творчае сталеньне неапошнім называў менавіта Юзафа Ігнацыя.

Так ці іначы, пераяжджаючы на пачатку 1860-х гадоў у Варшаву пісьменьнік быў ужо асобаю больш, чым культавай на абшарах былой Рэчы  Паспалітай, а таксама ў Эўропе сярод эмігрантаў. Дый ня толькі эмігрантаў! Напрыклад толькі адзін ягоны раман "Паэт і сьвет", напісаны ўсяго за 10 дзён (прыраўнай: Стэндаль свой раман "Пармскі манастыр" стварыў за 53 дні), быў імгненна перакладзены на дзевяць эўрапейскіх моваў. Падобна справа стаяла і зь іншымі творамі. Зусім нядзіўна, што варшаўская "Gazeta Codzienna" (пасьлейшая назва – "Gazeta Polska") за яго рэдактарства ўзьняла лік падпісчыкаў зь пяці сотняў чалавек да сямі тысячаў. Вось жа й думаецца: калі б хоць трошку іншымі, больш спрыяльнымі, выдаліся тады палітычныя абставіны, Юзаф Ігнацы Крашэўскі спаўне мог бы стаць прэзыдэнтам Новай Рэчы  Паспалітай. Ён не падтрымліваў курс на ўзброенае паўстаньне. Але для расейскіх держиморд не ставала клёку разьбірацца – любая значная асоба нерасейскага паходжаньня выклікала падозраньні. Таму разам з пачаткам паўстаньня 1863 года пісьменьнік мусіў выехаць (безь сям'і) у Дрэздан, каб навек застацца на чужыне.

Шасьцісоттамовая спадчына Юзафа Крашэўскага беларусамі не засвоена і на 0,5%. Сьціплы тамок "Хата за вёскай" (пераклаў Пятро Бітэль) і скарочаны варыянт "Апошнія хвіліны князя-ваяводы" (пераклад Васіля Сёмухі) – здаецца адзіныя, прынамсі апублікаваныя, беларускія ператлумачэньні твораў знанага пісьменьніка. Таму прыходзіцца карыстацца з расейскіх, незаўсёды адэкватных перакладаў. А хацелася б, пабачыць па-беларуску насамперш тую частку яго творчага даробку, што тычыцца Беларусі. І калі мы зараз кволенька спрабуем спрачацца за спадчыну Адама Міцкевіча, то Крашэўскі бяз бою пакінуты палякам. Нават наша эміграцыя сярэдзіны мінулага стагодзьдзя (напрыклад, Вітаўт Тумаш), папулізуючы беларускі міт Міцкевіча, да Крашэўскага ставілася ў пэўным сэнсе з прахалодцай, бачыла ў ім вылучна польскага творцу. Каму ж сёньня ў Беларусі патрэбныя яго 232 раманы і аповесьці? Нават ня кожнаму, хто лічыць сябе беларускім нацыяналістам. Эфэкт няспраўджанасьці б'е па наскіх галовах. Таму так цяжка 28 ліпеня ўзьняць кілішак палыноўкі за Юзафа Ігнацыя Крашэўскага, які ня стаў беларускім пісьменьнікам, бо нарадзіўся ў ХІХ веку. Але што мы ведаем пра Беларусь ХІХ стагодзьдзя? Збольшага гэта бязладны субор ідэалягічных і літатурных стэрэатыпаў, спароджаных нацыянальнай і савецкай традыцыямі стагодзьдзя дваццатага. І калі мы хочам пабачыць золак народзінаў нашае нацыі, то мусова трэба зьвяртацца да кнігаў Юзафа Крашэўскага. Каб убачыць той вэрхал і тую няпэўнасьць, што валадарыла ў душах тутэйшых, што працягвалі сябе зваць палякамі. Гэта можа дапамагчы зірнуць на нашую мінуўшчыну дый цяпершчыну іншым вокам. За Крашэўскага, спадарове!

2003 г.

Выказацца з нагоды прачытанага (прэмадэрацыя)

Імя

Паведамленьне








Puls.by - в ритме жизни! Rating All.BY Каталог EXE.BY Каталог+поисковая система Каталог TUT.BY Белорусский рейтинг MyMinsk.com Яндекс цитирования
Асноўны зьмест © Сяргей Балахонаў | Дызайн © Ad Minataurus
Разьмяшчэньне любых матар'ялаў на іншых вэб-праектах дазваляецца з пазнакай аўтарства і спасылкай на гэты сайт.
Іншыя формы публікацыі дапускаюцца па ўзгадненьні з аўтарам.