
Днямі
Валеры Гапееў стаў шукаць беларускі пераклад песні
"Город" ("Под небом голубым..."), якая найбольш вядомая ў выкананні гурта Аквариум. У каментарах да ягонага допіса міжволі ўзніклі здагадкі, што такі пераклад можа зрабіць Сяргей Балахонаў, то бок я, калі хто не ведае. Гэта была праўда. Але пераклад быў зроблены мною яшчэ ў 2000 ці, хутчэй, 2001 годзе, а ў 2005-м я аднавіў яго па памяці, каб вывесіць на сваім сайце сярод перакладаў іншых песень. Пераклад даволі спецыфічны:
ЗЛАТ-МЕСТАДзе неба найсіней,
Пад ім злат-места ё
З празрыстай вострай брамаю
І зорнай яскрынёй.
А ў месьце гэным сад.
Там зёлак не зьлічыць.
Зьвяры там ходзяць статныя,
Што нельга і ўявіць.
Адзін – агністы кучаравы леў,
Другі – бушлівы шматвачысты вол.
А яшчэ арол там – бож’я пціца –
Златакрылая і яснавокая.
Дзе неба найсіней,
Ё зорачка адна.
Яна з табой, анёле, мой.
З табой заўжды яна.
Хто любіць, той і люб.
Хто сьвеціца, той сьвят.
І ты за гэнай зоркаю
Ў дзівосны крочыш сад.
Цябе сустрэнуць кучаравы леў,
Бушлівы шэры шматвачысты вол
І яшчэ арол там – бож’я пціца –
Златакрылая і яснавокая.
У свой час ён прымусіў палахаць
Марыйку Мартысевіч і ўсю каралеўскую раць, якая
прафесійна займалася перакладамі з творчасці БГ. Ясна, што з вышыні палёту прафесійных перакладчыкаў мой варыянт глядзеўся смешна і ўбога. Кароткая зноска з тлумчэннем, якой я суправодзіў яго публікацыю на сайце, нічога не змяніла. "Пераклад з выкарыстаньнем знакаў беларускай традыцыйнай культуры", – так выглядае тая зноска. Але, як я зразумеў, з каментароў у вышэй памянёным допісе Гапеева, гэтае тлумачэнне-намёк не дае некаторым чытачам ключа да разумення, як мой пераклад быў зроблены. Рэдкаснай лухтой яго назвала
rasichka, не цямячы, што тая
лухта не ёсць спараджэннем маёй дураслівай сваволі, а мае пад сабой гістарычна-этнаграфічны грунт.
Калі б у перакладзе "Города" быў адно мой разгул фантазіі, я зараз і не ўзяўся б за яго абарону. Але ж мушу сцвярджаць, што любога кшталту кепікі, шкелікі, кпіны ці проста смешачкі з яго выглядаюць з'яваю аднаго парадку, як кепікі, шкелікі, кпіны і смешачкі з твораў беларускага фальклору ці старабеларускіх тэкстаў. У 2000 годзе я толькі падбіраўся да перакладу, будучы ў войску. Я хацеў перакласці, але мяне не задавальняла даслоўнасць. Падсвядома я разумеў, што на кожны з вобразаў ў тэксце "Города" ёсць
беларуская паралель. Ведаў мне не ставала, а праверыць свае здагадкі ў армейскіх шчамлётках я не мог. Таму пераклад рабіўся пасля войска ў 2001 годзе, калі быў дасяг да тых-сіх крыніц. Канцэпцую перакладу тады падтрымаў адзін з удзельнікаў гомельскай "Талакі" Дзяніс Міхасёў. І мы разам шукалі/успаміналі сярод фальклорных запісаў песні, дзе б узгадваліся леў, арол, вол ды іншыя вобразы з песні "Город". На конт арла і вала ў нас вялікіх ваганняў не было, бо акурат на талакоўскіх спеўках актуалізаваліся народныя песні, дзе і тая, і другая істоты ўзгадваліся:
Арол бож'я пціца,
бож'я пціца.
Высока лятаець,
высока лятаець.
У Бога бываець,
у Бога вываець.і
Вол бушуе,
вясну чуе.Ільва мы так нідзе не адшукалі, і я палез ці то ў "Гістарычны слоўнік беларускай мовы", ці то ў "Слоўнік мовы Скарыны", дзе
кучерявый лев і знайшоўся.
"Город золотой" ператварыўся ў "злат-места" таксама невыпадкова. Быў пераасэнсаваны тапонім "Віль-места", які сутракаецца ў народнай песні "Мела мамка тры сыночкі" (вядомая аматарам NRM). "Места" – старасвецкі адпаведнік слову "горад".
Форма "злат(а)" замест "золат(а)" была выбрана не толькі дзеля захавання рытму, а найперш з аглядкай на яе пашыранасць у фальклорнай традыцыі. Тое сама можна сказаць і пра кароткія формы "люб" і "свят" замест "любы" і "святы".
"Прозрачные ворота", натуральна, сталі не проста "празрыстай брамаю", а "празрыстай вострай брамаю". Ці трэба, тлумачыць чаму?
"Сад" мне хацелася замяніць на "вертаград", як у Сімяона Полацкага, але я ўстрымаўся.
У радку "Звяры там ходзяць" утрымліваецца адсылка да вядомых словаў Францішка Скарыны: "звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя".
Шкада, што ў той час я не быў знаёмы з дыялектным словам "янгал". Калі б ведаў, то не ўжыў бы слова "анёл". Хаця яно ў клічным склоне цалкам адпаведным народнай традыцыі.
Нехта скажа, што такая вольніца ў абыходжанні з тэкстам недапушчальная. Але ці ж насамрэч яна настолькі вялікая? Няўжо спачатны сэнс расійскамоўнага тэксту дашчэнту сцьмянеў за перакладам і страціў свой першасны пафас? Не, не і яшчэ раз не.
20.04.2010 г.
Фота:
Mel