Тако ж полепшалъ бы грети конець всегда.
“Аристотелевы врата” (XVI ст.)
Петрака ўжо не было, кудысьці сышоў, і яна падумала:
мабыць, у Выселкі, трэба ж прасіць у каго каня, даць рады
той выспе. Іншыя ўжо адсеяліся, а яны не маглі яшчэ ўзараць.
Васіль Быкаў “Знак бяды”
Сіры цаніла беззаганнасьць – тую, якую можна было памераць.
Стыў Айлет “Пісталет Сіры”
Ну, вось і выйшаў “Канец словаў” – каляндар з выявамі сучасных беларускіх літаратараў
,

якіх Марыя Мартысевіч, Дар’я Сітнікава, Максім Жбанкоў і яшчэ нехта спакусілі скінуць зь сябе вопратку і паўстаць перад фотааб’ектывам. Спакушэньне адбылося не дзеля абы чаго, а дзеля стварэньня “комплекснай прамоцыі беларускай літаратуры праз аранжыроўку актуальных тэкстаў гламурным візуальным шэрагам”. Ініцыятары арт-праекту змаглі ў сваіх нататніках паставіць плюсікі насупраць такіх прозьвішчаў, як Віктар Шалкевіч, Віталь Рыжкоў, Юрась Барысевіч, Севярын Квяткоўскі, Анатоль Івашчанка, Андрэй Такінданг, Андрэй Хадановіч, Сяргей Прылуцкі, Андрэй Адамовіч, Усевалад Сьцебурака, Ільля Сін, Лявон Вольскі, а тлустым падкрэсьліваньнем вылучыць прозьвішча Валянціна Акудовіча.
Увогуле
дочкі-мацеркі календара дзейнічаюць вельмі пісьменна. Інфармацыйны розгалас вакол “Канца словаў” і зьвязаных зь ім мерапрыемстваў уражвае. Ці ня з усіх навіновых стужак белнэту вытыркаюцца гэтыя самыя канцы. Ці не бальшыня саміх мадэляў адзначылася допісамі адпаведнага зьместу ў сваіх блогах. Паціху напаўняецца збраёўня крытычных водгукаў. Адным словам не стае толькі ўдзелу
канцаслоўнай грамады ў “Контурах” Аляксандра Аверкава на канале ОНТ.
Калі праект знаходзіўся ў стадыі абмеркваньня задумы, а літаратараў толькі-толькі пачалі спакушаць загаліць сорам, я выступіў з троху экстравагантнай, але па вялікім рахунку суворай адмовай удзельнічаць у ім як мадэль. Між тым я тады не выказаўся супраць самой ідэі выданьня падобнага кшталту календара. Аднак за сваю упорыстасьць я атрымаў ва ўзнагароду кошык піражкоў з мыш’яком у выглядзе беспрэцэндэтнага для майго ранейшага сеціўнага жыцьця цкаваньня.

На яго мне давялося адказаць тэкстам “Пракляцьце Вешчага Баяна?”.
Калі жарсьцёвы напал трохі аціх, ініцыятары праекту яшчэ раз прапанавалі мне зьняцца голым ці хаця б дазволіць надрукваць “Пракляцьце” у якасьці прадмовы. Ясна, што я пагадзіўся толькі на другую частку прапановы. Мне было важным данесьці свой апрычоны пункт гледжаньня да імавернага спажыўца выніковага арт-прадукту. Акурат таму мой тэкст і можна знайсьці пад вокладкай календара “Канца словаў”.
Так, я мушу апраўдвацца і дыстанцыявацца ад астатняга зьместу выданьня. Мне яшчэ не давялося гартаць яго, што называецца ў жывую. Але пераважная большасьць здымкаў, што ад пачатку афіцыйнай прэзэнтацыі была абнародавана ў сеціве, дае досыць выразнае ўяўленьне пра стылістыку, абраную фотамастакамі Андрэем Шчукіным і Дзянісам Нядзельскім. Дзякуючы гэтай стылістыцы, бальшыня літаратараў-мадэляў выглядаюць бясполымі істотамі. А ад некаторых здымкаў за сем вёрстаў вялікалітоўскіх цягне
гееўшчынай. Гэта што ж выходзіць? Каб парушыць “саўкова-школьны імідж беларускай літаратуры”, давялося выставіць сучасных пісьменьнікаў у выглядзе гееў?

Ведаеце, сэрца зьнібее ад такой “нетрывіяльнай прамоцыі”. Усе мы любім цырк. Але тут з цыркацтвам выяўны перабор. Дый яшчэ і прэзэнтацыя календара адбудзецца ў клюбе для сэксмяншыняў. Магчыма, я рэтраград, абскурант, цемрашал і г.д. Аднак не магу я зразумець усёй гэтай актыўнай чыннасьці па маніпуляцыі грамадзкай сьвядомасьці з мэтай залучыць у адзін асацыятыўны шэраг беларускую літаратуру і гомасэксуалізм. І як вы падпісаліся на гэта, мужыкі?..
Наша культура ці ня ўвесь час спрабуе гнацца за эўрапейскай. Гонкі шторазу набываюць драматычны характар, бо многім актарам беларускай культуры нясьцерпна хочацца абмінуць тыя пункты, празь якія даўно прайшлі эўрапейскія калегі. У выніку атрымліваецца, што застаецца груд нявырашальных для беларускай культуры праблем, але пры гэтым у ёй прысутнічаюць найсучасныя эўрапейскія тэндэнцыі. Таму почасту рэальная сытуацыя ў нас падобна да калёс, якія ставяць паперад каня, каторага папросту няма. Праекты накшталт “Канца словаў” у ідэале павінны быць ня сродкамі папулярызацыі літаратуры, а ўсяго толькі адным з дапаўненьняў да ўжо існага і пазнавальнага ў грамадзтве вобраза таго ці іншага пісьменьніка.
І пад канец – яшчэ троху асабістага. Я ўсё-такі ўсьцешаны, што ідэя арт-календара са здымкамі аголеных беларускіх пісьменьнікаў была агучана ня зараз, а дзевяць месяцаў таму. Інакш бы я заставаўся ў палоне ілюзіяў дачынна да асобы адной з ініцыятарак праекта. Я здолеў на ўласнай шкуры зразумець, што колькігадовая прыязнасьць і сяброўскасьць могуць быць усяго толькі маскамі з тэатральнага набору д’ябла, якія скідваюцца значна лягчэй, чым апранахі зь беларускіх літаратараў. Я здолеў яшчэ раз на практыцы пераканацца ў тым, што адметны пісьменьніцкі талент можа зусім спакойна суіснаваць у чалавеку з крывадушшам і здрадлівасьцю. Дзякуй, спадарыня Мартысевіч, за гэтыя ўрокі.
ЛітаратураБалахонаў Сяргей. Пракляцьце Вешчага Баяна?Будкін Сяргей. Словам – канец: літаратары агалілісяДубавец Адэля. Акудовіч без кашулі, Хадановіч без штаноў
Ілюстрацыіmelancholydaydream.deviantart.com,
pfors.deviantart.com,
no-sign-of-sanity.deviantart.com.
19.06.2009 г.