###
Тым днём я, як
добрасумленны студыёз, крыпацеў над бясконцымі альбумамі
эўрапейскага жывапісу, а мае
баёвыя другіні бунтавалі кроў і, што
называецца, ад’ядалі душу. За вакном усчалася сьнежная кудаса,
нібыта старажытная Сарматыя вянулася ў наш край. Колькі разоў
бліснула белая маланка, падкрэсьліваючы неардынарнасьць сытуацыі.
Тым днём я дазнаўся, што над родным Гомлем кружлялі НЛА. Як казалі
людзі, НЛА бачылі над Сяльмашам, Прудком і 17-м мікрараёнам. Нехта
бажыўся, што «талеркі» праляталі ў яго над саменькім дахам, мала
не пазрываўшы шыфэр. Яшчэ нехта наагул ледзьве не ў кантакт зь
іншаплянэтнікамі ўваходзіў. Некаторыя ж людзі палічылі гэтую
нябесную праяву за знак перад новым выбухам на Чарнобылі. Я ж сам
так нічога й не пабачыў, а пішу з пагалосак.
###Стоячы ў чарзе да вакна № 6
пашпартнага стала, я пачуў наперадзе небеларускую вымову. Перада
мной стаяла сярэдняга веку пара — мужчына і жанчына. Ён, зьехаўшы
ў 80-х гадох у Расею і праслужыўшы тамака 12 гадоў на флёце, па
вяртаньні ў Беларусь займеў пэўныя праблемы з атрыманьнем
грамадзянства. З гэтае нагоды ён абураецца і лаецца сваім
картаватым, але «чекающим» голасам. Расчараваньне. Ён жа лічыў,
абпіўшыся прапагандысцкім кісялём, што ППРБ навёў у Беларусі
капітальны «вельмі жалезны» парадак, што ніякіх завадаў з
грамадзянства ў «союзной» дзяржаве паўстаць проста ня можа. Першая
ж цяжкасьць дала яму дзярнова-падзолістую глебу для расейскага
мату.
###
Провады зімы. Кожнае
агульнагарадзкое сьвята ператвараецца мала не ў вакханалію. «Нудна
ў горадзе. Не цікава, а млосна. Адна п’янота навокал», —
скардзілася знаёмая дзевяціклясьніца, хаця й сама была пад
малюсенькай чарачкай. На плошчах для «масавых гуляньняў»
зьбіраецца столькі народу... Сэнс старажытнага сьвята прафануецца.
Дзея нагадвае вялізную карчму-манапольку. «Тут п’юць і гуляюць, і
паляць цыгаркі», — гаварыў пра карчму Ўл.Сыракомля. Карчма ж у
мінулым стагодзьдзі служыла расейскаму ўраду сродкам занядбаньня
духовасьці беларусаў. Праз палітыку спойваньня імпэрскія ўлады
адвучалі нашых продкаў думаць аб сэнсе зямнога быцьця, аб
якіх-хаця памкненьнях да свабоды. Вось жа, канец ХХ ст., а
радасьцяй для многіх беларусаў стаецца калектыўнае спажываньне
водачкі і бліноў на цэнтральных вуліцах з санкцыі ўладаў. Я не
магу зразумець сваіх суайчыньнікаў, якія дзень выяжджалі з сваіх
«спальных мікрараёнаў» у цэнтар адно дзеля таго, каб пакаштаваць
той гарэлкі і тых яўна ня хатніх бліноў. Што гэта за сіла іх цягне
зьбірацца, салідарызавацца? Але сьвята мінае, застаецца сьмецьце,
балесныя галовы і жаданьне схавацца ад згадак пра ўчора. А ў
панядзелак беларусам ужо не да салідарнасьці.
###
Дні Мовы прамінаюць па-рознаму.
Нешта атрымліваецца, нешта не атрымліваецца. За тое, што не
атрымліваецца, бяру рэванш у звычайныя дні. Сапраўды, вельмі многа
залежыць ад нутранога настрою. Іншы раз наагул ні з кім ня хочацца
размаўляць. Ні па-беларуску, ні па-расейску, ні па-нямецку. Проста
хочацца маўчаць. Іншым разам ахінае такі гарэзьлівы настрой, што
шчабечаш толькі па-беларуску. Ня стану хаваць, што хацеў бы
размаўляць па-беларуску заўжды, але чамусьці ніяк гэта зрабіць не
магу. Адна мая сяброўка, ня вельмі блізкая да беларушчыны, нават
ушчувала мяне з гэтай нагоды. Калі б жа ўсе гэтак
ушчувалі!
###Дзелавіты дзед-адстаўнік гучна
наракае на тое, што сёньняшняе пакаленьне ня ведае тых цяжнотаў,
якія зазналі ён і больш старыя людзі, прайшоўшы празь некалькі
войнаў. Ён лічыць, што з-за нястачы цяжнотаў — разбэшчанасьць
моладзі; жаночую палову ён агулам абвінаваціў у прастытуцыі.
Міжволі мне прыгадаўся стары лясьнік зь верша Адама Гурыновіча
«Месца нячыстае». Даведаўшыся пра тое, што яго любімая дачушка
стала ў горадзе жыць з распусты, лясьнік павесіўся. Ня лаяўся, ня
біўся. Проста пайшоў і ўдавіўся, зразумеўшы частку сваёй віны ў
лёсе дачкі. Дзед жа адстаўнік ні ў якія петлі лезьці не
зьбіраецца, бо вінаватымі заўсёды лічыў дый працягвае лічыць
іншых.
###Работнікі культуры на сустрэчы з
мэрам між іншым выдалі «сьмелую прапанову» — перанесьці бюст
А.Грамыкі на праспэкт Леніна, а на ранейшым месцы паставіць помнік
А.Пушкіну. Ня ведаю дакладна іхных матывацыяў, але думаю, што не
бракавала фразэалёгіі славянскай еднасьці. Нашыя культурнікі
ўважаюць акурат вялікага афраславянскага паэта за сымбаль еднасьці
гэнай. Ня знаю. Як на мой правакансэрватыўны глузд, калі ўжо
хочацца неяк ушанаваць славянскую ідэю, дык варта б было паставіць
помнік Зарыяну Даленгу-Хадакоўскаму. Дасьледнік славянскіх
старажытнасьцяў, ён жыў нейкі час у Гомелі, чакаючы «грантаў» ад
графа Румянцава.
###Ну, нарэшце, хаця б адзін з маіх
сяброў дзяцінства з нашае пралетарскае пясочніцы выбіўся ў
прадпрымальнікі. Зарабляе дзесьці 50 млн. рублёў штомесяц.
Даводзіць да ладу атрыманы ў спадчыну дом. Усё было б добра, каб
на полі яго сьвядомасьці не закрасавалі плыгкія порхаўкі
квазібуржуазнасьці. Калі ўлічыць, што ў яго і раней была схілка да
выхвальства, цяперашнія паводзіны глядзяцца проста камічна.
Нагеленыя валасы, залаты сыгнэт, фанабэрыя рухаў, прыпылены
пагляд. Гэткі бык буфэрны, як сказаў бы мой брацік. Сустрэўшы мяне
нядаўна, заміж звычайных выведаў пра жыцьцё ці сытуацыю на полавым
фронце квазібуржуа прамовіў у мой бок: «Ох, як мы ўчора
накурыліся». Поўны постмадэрн!
###Ужо амаль два з паловаю гады ў
кожную цяжкую хвіліну ці часіну якой-любя няпэўнасьці я бяру ў
рукі зборнічак вершаў Славаміра Адамовіча «Каханьне пад акупацыяй»
і гучна дэклямую:
Зайшла. Расказала пра мужа,
Аптэку,
праблемы дачкі...
Цяжкасьці і няпэўнасьці не зьнікаюць,
але набываюць нейкія непраўдападобна цацачныя абрысы, якімі
хочацца пагрэбаваць ды схаваць у кардонную скрыню ад эгіпэцкіх
апэльсынаў.
вясна, 1999 г.