КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ЧЫРВОНАСЬЦЯЖНАЯ
 ПРОЗА: АПАВЯДАНЬНІ, САГІ, ЭСЭ, АРТЫКУЛЫ

Імя грушы

урывак з "рамана ў трох успамінах"

Внегда ўслышыш шум, а он ідзець па
верху грушэй, тагда пачнешы бой…
 Другая кніга Цароў.
Пераклад Францішка Скарыны

Мы ігрушу пысадзілі.
А я, мыладзенька, скачу, пляшу...

Народная песьня

A wszystko przespane jakby wstęgą miedzą
Zieloną na niej z rzadka ciche grusze siedzą

Adam Mickiewicz “Pan Tadeusz”

УСПАМІНЫ НАТАЛЬЛІ КЛЫКОЎСКАЙ
з расейскае

Ня лепшая я ад іншых апавядальнікаў пра старыя падзеі, пагатоў так многа часу прамінула з тых зыркіх дзянькоў маёй маладосьці. А перажыла я ўжо два вякі Хрыстовы і ніколі не ўзялася б за пяро, каб ня ўнучкі мае, каторыя так умільна пытаюць, ці не прыходзілася мне зазнаваць у сваім жыцьці рамантычныя або авантурныя прыгоды. Я подаўна зьбіралася расказаць пра тыя дзіўныя і незразумелыя аж дагэтуль здарэньні, якія адбыліся перад некалькімі гадамі да апошняга процірасейскага паўстаньня ў краі. Але ж палучыць усе патрэбныя дэталі ў суцэльнасьць было нялёгка. Між тым кожная драбязка мае тут сваю значнасьць для разуменьня перажытага. Цяжка было ўзяцца за пяро яшчэ і таму, што як раз ад тых летаў не практыкавалася я ў рэчах літаратурных, чаго вымагае мая цяперашняя задума. Хацела б таксама папярэдзіць кожнага імавернага чытальніка гэтых прыпамінкаў, што ён рызыкуе трапіць у палон маіх асабістых перажываньняў, якія спрычыніліся да такога ўспрыняцьця той эпохі, каторае разьмінаецца з поглядамі іншых людзей. У кожным разе, спадарове, мне хлусіць не выпадае. За гэтым рачце пачаць урэшце маю аповесьць аб часох зьмінулых.

 Маленства маё прайшло ў заштатным гарадочку Гомель, які толькі на мой чатырнаццаты год жыцьця стаў павятовым цэнтрам. Апошняе па вялікім рахунку нічога ў маім жыцьці не зьмяніла, бо яшчэ да гэтага найшчасьлівейшага для Гомеля моманту, я мела фартуну навучацца не абы-дзе, а ў інтэр'ерах княскага палаца. Князь Іван Фёдаравіч Паскевіч надта спагадаў нашай сям’і. На чым палягалі прычыны гэтае спагады, тут меркаваць не бяруся. Але дзякуючы князю я атрымала выдатную, як для Гомеля, дамовую адукацыю. А найлепш мне давалася музыка, на якой урэшце больш грунтоўна я і спынілася. Па сьмерці дабрадзея нявестка ягоная Ірына Іванаўна дазволіла мне давучыцца і атрымаць належныя паперы, што адукацыю маю пацьвярджалі. Далей я мусіла ісьці на свой хлеб. Спачатку жадала выехаць у Магілёў, але мама мая Аляксандра Феафілаўна рачыла знайсьці мне пратэкцыю й пасобіла, такім чынам, з работаю ў Менску.

 І вось я верасьнёўскім днём, адсьвяткаваўшы наконадні зь сям'ёй і дрyжкамі дзень майго анёла-заступніка й васемнаццаты год нараджэньня, мусіла адвітацца з бацькоўскімі мясьцінамі і выправілася ў той губэрскі горад. Менск (а так горад зваўся ў даўніх летапісах, так яго мянуе просты люд, такую назову ўжываў і галоўны герой маіх прыпамінкаў) сустрэў мяне туманам і брыдкаю імжою. Ня знаю ад чаго, але даймала такое адчуваньне, што то былі не драбнюткія дажджынкі, а кропелькі мёду ці яшчэ чагось ліпкага. Гэтая ліпкасьць якраз і тварыла ўражаньне брыды. Да ўсяго дадавалася прыгадка пра чуты мной у восем годзікаў расказ аб выпадку выпачлівасьці надвор'я ў далекаватай ад Гомеля Вільні. Там у часе красавіцкае навальніцы выпалі масы нейкага рэчыва шэрага колеру, якое складалася з камякоў памерам у гарэх. І было яно ці то смалістым, ці то сьцюдзяністым. Нічым ня пахла. Калі ж навучоныя дзядзечкі бралі гэта рэчыва паліць, яно распаўсюджвала саладжавы пах. А калі кідалі ў ваду яно разбухала, нібыта жэлацін, а пасьля рабілася надта падобным на дрыжэль. Мо' й ня вартым было б гэтую гісторыю тут прыгадваць, але  яна доўгі час пужала мяне. Дык нядзіва, што нават намёк на штось блізкае таму прычыняў мне дыскамфорт у значна сталейшым веку. Сапраўды, я баялася шэрага жэлаціну, а зусім не таго, што ў адрозьненьні ад браціка ня маю Wiwimacher, як спрабуюць цяпер давесьці некаторыя нямецкія дактары. Вось жа ўявеце мой душэўны стан, калі мне "пашчасьціла" трапіць у Менску пад клейкую імжу! Хоць можа яна й зусім не была клейкаю, а толькі маё хваляваньне на парозе новага жыцьця выдавала такога кшталту сымптомы. Да таго ж у горад я троху спазьнілася. З-за сялянскіх хваляваньняў паліцыя не прапусьціла наш экіпаж звычайнаю дарогай, і давялося рабіць досыць вялікі крук, каб лучыць у Менск па Барысаўскім тракце.

Не зважаючы ні на што, гэта было цудоўнае відовішча. Для вачэй разгарнулася прыгожая панарама колькіх гор, узгоркаў і стромкіх абрываў, высланых штучнымі і натуральнымі газонамі, аздобленыя  вялікімі садамі, памаранчнямі, шыкоўнымі кветнікамі. Рака Сьвіслач зьвівалася, быццам чорная гадзюка, якіх я ладна на глядзелася сваім часам дома асабліва за родным бацюхнам Сажом. Уражвала неаднастайнасьць сьвіслацкае плыні: то яна тулілася да пабярэжніцы, троху марудзячы, то быццам бы адхіналася ад сваіх берагоў, занікала ў даліне, каб потым з шумам і каскадам прабіцца на прастор і лянотна церабіць свой адвечны шлях далей праз камяністае ўзвышша. На гарах і ўзгорках красавалі будынкі: то высокія й шырокія, то вузкія й даўгаватыя, крытыя чарапіцаю (успамін пра Вялікае княства), то нарэшце чысьценькія, ахайныя зялёныя і жоўтыя дамкі з чырвонымі дахамі, узорыстымі стаўнямі й кратаванай агароджай. Далей былі гаі й алеі гарадзкога саду, размаітыя нязнаныя мне сьвецкія будынкі і царкоўныя спаруды. Мы мінулі застаўны дом ды шлягбаўм (так званую рагатку), і ўрэшце я магла сказаць сама сабе: "Вось ты , Наталечка, і ў Менску! Вітаю цябе, незнаёмае места!". Папраўдзе, што я там ведала пра Менск?! Так, безумоўна, я чытвала да тога нешта ў Карамзіна і памятала, што першы  ўспамінак летапісцаў пра Менск быў успамінкам пра ягонае зьнішчэньне паўднёварускімі князямі. У дзяцінстве мяне гэта надта дзівіла, бо тых малароскіх дзядзечак, каторыя ў Гомелі на Траецкім кірмашы прадавалі соль, я ніяк не магла ўявіць у ваярскіх рыцарскіх строях. То й мроіліся мне фурманкі, наладаваныя сольлю, вакол старажытнага града, і чумакі, якія бяз памяці сыпалі “сіль” на Менск. Але ў кніжках пісалі пра кроў ды пра косьці сыноў рускіх, і мне рабілася да напружаньня цікава – а з дочкамі што? Maman et papa нічога казаць не хацелі, зацікаўленьняў тутэйшай гісторыяй не ўхвалялі і засаджвалі мяне за фортэпіяна. І я іграла, зноў а зноў мучаючы сябе нуднымі спалучэньнямі нотаў. Дык жа атрымалася – няблага іграла…

Выйшаўшы з экіпажа я была троху разгубленай, зьбянтэжанай. Ведала, што вуліца Койданаўская, дзе мяне павінны былі прыняць хросная з мужам ляжала недзе паблізу. Але я не магла акілзаць спакусы хоць адным вокам глянуць на менскія вуліцы, балазе паклажу я мела нецяжкую. Стаяла я гэтак між Петрапаўлаўскім саборам і бэрнардынскімі мурамі, ня знаючы куды падацца. Увагу маю прыцягнула трохпавярховая спаруда, як падалося цыкляпічных памераў. То мусіў быць гасьцінны двор, пра які  ўжо чула ад сваіх сроднікаў. Я подаўга разглядала сёе-тое з галянтэрэйных ды парфумных тавараў, пра што даводзілася чытаць у пецярбурскіх magazines для дамаў. Ды яно ўсё мне было не па кішэні. Ля крамак з садавінаю, аднак, не ўстрымалася й набыла колькі грушак. Менавіта грушак, бо яблыкі выклікалі непрыемныя асацыяцыі ды ўяўленьне, што імі абавязкова трэба кагосьці  частаваць. Я ж да вакольнага люду прыглядалася з насьцярожанасьцю й недаверам. Запрыкмеціўшы, што на другім паверсе гандлююць чаем, ядвабам, сукном ды наагул усякім красным таварам, скеміла, што рабіць там мне таксама няма чаго. Ішла я, як памятаю, раз-пораз чырванеючы, бо была пераканана, што гляджуся сьмешнай правінцыялкай у месьце, якое некаторыя не збаяліся ахрысьціць беларускай сталіцай.

Хросная Сэрафіма Паўлаўна й яе сужонак Міхаіл Фёдаравіч прынялі мяне прыветна, справодзілі ў адведзены мне ўтульны пакойчык зь нейкім падобствам пісьмовага стала і сапраўднай пуховай пярынай на ложку. Было зусім някепска. Даўшы магчымасьць прывесьці сябе пасьля паездкі да ладу, цётачка запрасіла да стала. На стале чакаў курыны булён, сьвежыя пшанічныя булкі і яшчэ штось дужа смачненькае. Есьці хацелася, але я адчула раптоўную стому, якая прынучала заплюшчваць вочы й пазяхаць, хаця і тое, і другое было абсалютова непрыстойным. Сэрафіма Паўлаўна, аднак, усё цудоўна разумела і сама казала мне ісьці да сну. Падзякаваўшы, я гэта й зрабіла, пагатоў наступным днём мяне чакала гутарка з маёй будучай гаспадыняй – утрымальніцай пансыёна, дзе я мелася працаваць, спадарыняй Шрэйдар.

 Сьніла ж я той ночкаю чыстую нісянеціцу. Ні Гомель, ні дарогу, ні Менск, ні нават будучую сустрэчу. Сьніла я жанчыну, якая нараджала, а вакол яе завіхаліся дзеўкі, і толькі павітуха была спакойная й суцяшала парадзіху добрым словам: "Не хвалюйцеся, усё гэта вам толькі сьніцца". Малюнак расплываўся ў агнях ці то сьвечак, ці то паходняў. З вуліцы ў той пакой несьліся невыразныя сьпевы ці то пра ваўкоў, ці то пра валхвоў. Потым быў дзіцячы крык і словы павітухі, скіраваныя чамусьці мне: "А дзіцёнак жа ў сарочцы нарадзіўся…".

 У раньні я ня стала даваць рады для тлумачэньня свайго сна і проста пайшла ў пансыён. Ніхто ня ведаў, ці была спадарыня Шрэйдар насамрэч немкай, як імкнулася падацца. Гэтае імкненьне выглядала дзіўным, бо ў размове яна ўжывала нейкую няподумную мешаніну эўрапейскіх моваў, каторую на беларускі манэр можна  было б назваць трасянкай , як кажуць нашыя сяляне пра сумесь сена, саломы і яшчэ чагось для корму каровы (а не для ўласнае, спадзяюся, спажывы). Дык жа вялікім выпрабаваньнем для мяне сталася ня столькі музыцыраваньне на фортэпіяна, колькі кавырсаньне ў сэнсах фразаў утрымальніцы. Я добра ўмела па-француску. Нямецкую й ангельскую практычна ня знала. То як можна было мне рэагаваць, прыкладам, на такую фразу: “During white night des Nichts der Angst be renewed sans faut annuncio vivace как таковое: it putting, lecz nie nic”  . Зрэшты, я надзіва добра спраўлялася з раптоўнымі шарадамі, зусім не крытыкуючы чыстага розуму спадарыні Шрэйдар. А зайграўшы "Райнскія хвалі", так яе злагодзіла, што пытаньне быць альбо ня быць мне настаўніцай у пансыёне па-просту ўзьнікнуць не магло.

Вераемна, я занадта падрабязна спынілася на першых момантах майго пабыцьця ў Менску, таму далей пастараюся спыняцца толькі на галоўным. Зрэшты, хто яго ведае, дзе там падзея больш галоўная, а дзе – менш, калі пэўны спамін для самае робіцца свайго кшталту новаадкрыцьцём, зь якім ахвота падзяліцца. Аднак просты люд небеспадстаўна кажа: "На кождую хоцьку бываюць разахвоцькі".

 Пансыянаркі сустрэлі маладую настаўніцу бязь лішніх варушэньняў, спакойна, чаго мне й было трэба. Я хутка асвойталася, пазнаёмілася зь Менскам. Знайшоўся добры праваднік, ці як кажуць іншаземцы – guide (апошняе слаўцо мне нядужа падабаецца, бо добра ведаю значаньні тутэйшых сугуччаў – гідкі, гідзіцца, агіда). Павадзіў мяне па месьце мой калега па пансыёну выкладчык прыродазнаўства Павал Аляксандравіч Аляксандраў. Ён ці ня цалкам паказаў мне і Стары горад, і Высокі рынак, і нават Татарскі канец. Хаця можа мне хацелася іншага. Я неадразу гэта скеміла, бо была чыста недасьведчанай у справах любосьці. Павал жа недзе празь месяц у цяністых прысадах таполяў, што на бульвары ля ратушы, прызнаўся мне каханьні. Я зьбянтэжылася, бо ніколі да тога ў жыцьці не кахала, а па-сапраўднаму цалавалася толькі аднойчы, дый то зь сяброўкай Марыяй, гуляючы ў Сапфо. Зьбянтэжанасьць, што праўда, борзьдзенька прапала, і я змагла занатаваць у дзёньнік  шмат новых уражаньняў, аб каторых тутака прымоўкну, стуліўшы вусны. Ясна, што, адказаўшы ўзаемнасьцю, я не жадала каціцца ў бязодню разбэшчанасьці. Дык жа неўзабаве пра Паўла ведала (без дадатковых падрабязнасьцяў) хросная, а сьледам за ёй і мае бацькі. Не было ладных турботаў ды клопатаў з нашымі заручынамі, на што атрымалі ад усіх сваіх крэўных дазвол і блаславеньне. А ўжо сам стан заручонасьці даваў нам законную магчымасьць для часьцейшых спатканьняў і супыніў ханжавітыя балаканьні, якія пачаліся былі да таго. Можа даўней, як пісалі некаторыя, у Беларусі, зьяднанай уніяй з Польшчай, і была паўнюткая любоўная талеранцыя: усе ведалі, што якаясьці там парачка сустракаецца, але плявалі на мараль і зусім не асуджалі каханкаў, бо ж лічылі, што тыя не распусьнічаюць, а romansujuc. У часе майго менскага побыту такіх узвычаеньняў ані знаку не было. Таму сусьпешныя плёткі мы парвалі на самым уздыме.

 Адразу варта адцеміць, што Паўлуша быў добрым прыхільнікам тагачаснага беларускага руху. Беларускі рух мае цяжкасьцяў і сёньня, трэба толькі глянуць у іхнюю газэту з рысункамі "Нашу Ніву". А што ўжо прамаўляць пра тыя часы, калі ні нашых, ні вашых ніваў не бывала?! Між тым Павал на столькі прыстойна ведаў беларускі дыялект, што іншым разам неўпрыкмет у гутарках пераходзіў на яго, чым дужа мяне здумляў. Мой мілы (так я звала яго тым часам, а ён мяне "мая мілая" клікаў) цікавіўся ўсякай простанароднаю творчасьцю, перапісваў у зялёны Grossbuch кожны новы верш у беларускай мове, што немавед скуль зьяўляліся ў Менску. Я сама, што праўда з ладнай доляй скепсысу, прасякнулася беларускім духам. Тады чэсьнікі беларушчыны гуртаваліся вакол пана Дуніна-Марцінкевіча – паэта й пісьменьніка, які жыў дзесь пад Менскам, але быў заўсёдным госьцем у горадзе. Гаварылі, што між сваіх продкаў ён меў якогась дацкага прынца, з той прычыны у прозьвішчы ягоным і красаваў прыдомак Дунін, то бок Датчанін, калі перакладаць із старасьветчыны. Мы з Паўлам наведвалі той круг вельмі рэдка, бо пачуваліся няёмка сярод тутэйшых знакамітасьцяў. Вераемна з гэтае аказіі мой мілы заклаў свой уласны беларускі гурток, куды ўчашчалі аматары й цікаўнікі вылучна зь ліку моладзі. Аднак, калі хтосьці з Вас, мае шаноўныя магчымыя чытачы, падумаў сабе, што галоўным героем гэтага мэмуару будзе "мой Адам" Павал Аляксандраў, то ён жорстка абмыляецца.

 Адной лістападаўскай пятніцай, калі наведнікаў у Паўла амаль што не было па прычыне нудотнага хлябістага надвор'я, што трымала мянчан у сваіх дамах, нібы ў бабілёнскім палоне, да нас завітаў незнаёмы малады спадар. Спаслаўшыся на запросіны агульнага з Паўлам таварыша, госьць адрэкамэндаваўся як пісар апякунскае рады (попечительского совета) Вайніслаў Боўт. Па-беларуску ён гаварыў чысьцей ды лепей ад Паўла, які нават не разумеў (!) некаторых момантаў і часьцяком перапытваў у госьця. Вайніслаў выявіўся чалавекам шырока адукаваным, чые зацікаўленьні сягалі ў пытаньні гісторыі і матэматыкі, археалёгіі і літаратуры, багаслоўя і фізыкі.

 У той вечар гаворка ўзьбілася на аднаго зь легендарных песьняроў – Баяна. Каб завязаць яе, Павал спытаўся ў Вайніслава:
– А ці чулі вы, спадару, пра такую домнеўку, што вешчы Баян, згаданы ў "Слове пра паход Ігараў", быў жыхаром старадаўняга Менску?
– Вядома, Паўле, я чуў гэта колькі разоў. Пацеха зь меха. Ведаеце, як сяляне называюць шматковую цібо лапіковую коўдру?
– Здаецца, шкуцянка. Але ад чаго вы прыгадалі коўдру?
– Ня так коўдру, як ейную шкуцянасьць, сшытасьць з паасобных шкутоў, фрагмэнтаў. Дык "Слова пра паход Ігараў" і ёсьць такою шкуцянкай.
– Але ж, спадару Вайніславе, гэта ж прыўкрасны мастацкі твор усходнеславянскага літаратурнага генія, – стаў пярэчыць мой мілы.
– Безумоўна генія, толькі ня "ўсходнеславянскага літаратурнага", а "расейскага містыфікацыйнага", – прамовіў спадар Боўт з інтрыгоўнаю урочыстасьцю ў голасе. – Уявеце сабе манастырскае кнігасховішча. Там, акром больш-менш ацалелых фаліянтаў колькісотгадовае даўніны, ёсьць збор кніжных парэшткаў: дзе аркуш, дзе пару аркушоў, а дзе бязьзьвязныя шкуткі самых размаітых рукапісаў. І вось зьяўляецца абазнаны ў гісторыі і літаратуры чалавек, які пільна разьбірае тыя пыльныя парэшткі, і адкрывае пару-другую ўрыўкаў, што выдаюць  на невядомы мастацкі твор сама мала ХІІ стагодзьдзя. Але заміж таго, каб абнародаваць наяўнае, адкрывальнік спакушаецца стварыць сваё ўласнае Слова. Да выяўленых фрагмэнтаў ён дадае сёе-тое зь летапісаў, даўніх перакладных твораў, з народных песьняў і былін. Пра твор дазнаюцца некаторыя арыстакраты – аматары памятак даўніны. Адзін такі вяльможны пан, усьцешаны творам, просіць яго крыху скарэгаваць, каб Слова прамянілася ідэяй адзінства славян. Наш аўтар пагаджаецца з прапановай, скрашанай грашыма за стараньні і далейшае маўчаньне пра генэалёгію твора. І пачынаюць у вялікасьвецкай грамадзе хадзіць чуткі аб выдатнай старажытнарускай паэме, што апявае саюз непарушны народаў славянскіх. Згадзецеся, вельмі своечасовае зьяўленьне – Расея забірае сабе ладныя абсягі Рэчы Паспалітай. У 1800 годзе Слова друкуюць з наўмыснымі і выпадковымі сумбурамі ды недакладнасьцямі. У выніку сэнс твору настолькі зацямняецца, што дасьледнікі надаюць яму ледзьве не магічнае значэньне. Аднак шмат хто сумняецца ў сапраўднасьці твора, патрабуючы прад'явіць арыгінал. Напалеон прыходзіць у слушны час. Адсутнасьць арыгінала стала магчымым спакойна патлумачыць пагібельлю ў полымі маскоўскага пажару.
– Няможа быць! – зьдзіўлена зірнуў на мяне мой мілы, нібыта шукаў падтрымкі свайму зьдзіўленьню. Я сама добра ведала тую "Ігараву песьню", але была ў захапленьні толькі ад паасобных пасажаў, бо пры чытаньні яе цалкам у мяне часьценька ўзьнікала мігрэнь. Пераклад пана Жукоўскага мала ў чым паўплываў на маё стаўленьне да гэтага твора.

– Спадару Вайніславе, – пачала я, – а ці ня будзеце так ласкавым сказаць нам, якія ж фрагмэнты на вашу думку ў Слове арыгінальныя, несфальсыфікаваныя?
Ён узьняў свае ясныя вочы і зірнуў на мяне з чароўнай усьмешкаю годнай сапраўднага рыцара.

– Шаноўная спадарыня Натальля, – працягваў іскрыцца Вайніслаў, – магчыма гэта адно мая (і нічыя больш) праўда.

На Нямізе снапы сьцелюць галавамі,
Малоцяць чэпі харалужнымі,
На тацэ жывот кладуць,
Веюць душу ад цела.
Нямізі крывавыя брэзі
Ня болагам бяхуць пасеяны,
Пасеяны косьцьмі крыўскіх сыноў…

– Прашу прабачэньня, – азваўся Павал. – Ня "крыўскіх", а "рускіх", як памятаецца.
– Мяркую, што ў арыгінале было ўсё-ткі "крыўскіх". Спалучэньне ў адным сказе прыметнікаў "крывавы" і "крыўскі" яўна ўзмацняе паэтычны эфэкт. Да таго ж у няміскай бітве мянчан-крывічоў разьбілі.

 Падобныя адкрыцьці мяне тады ўразілі, але ня так багата, як майго мілага. Ён увогуле падаваўся зачараваным вандроўнікам па мысьленаму дрэву, і гледзячы на госьця, толькі паціскаў плячыма ды разводзіў рукамі.
– Дзіва, што ў караля жонка прыгожая, – адкамэнтараваў сытуацыю Вайніслаў, і я сьцяміла, што ён меў звычку почасту паслугоўвацца народнымі прыказкамі й прымаўкамі. Калі пазьней, я сказала пра гэта Паўлу, ён параіў мне прачытаць "Ідылію" пана Марцінкевіча.

 Размова з нашым госьцем, inter alias, у той вечар гэтым ня скончылася. Павал, ачуняўшы троху ад нязвыклага погляду на "Ігараву песьню", вярнуўся зноўку да так і няўспомненага Вайніславам Баяна:

– А што тады ў сьвятле вашых сьмелых думак застаецца зь вешчым песьняром? Ён таксама прыдуманы манастырскім містыфікатарам?

Вайніслаў у чарговы раз усьміхнуўся, зрабіў заўвагу наконт асабліасьцяў успрыняцьця прамоўленага ды толькі тады адказаў на пастаўленыя запыты.

– Баян – мітычная істасьць. Я не паўзяўся б казаць пра ягоную менскую аселасьць, але зь землямі крывічоў яго вобраз безумоўна зьнітаваны. Гэта толькі шляхецкія надуцькі з ХVІ стагодзьдзя свае радаводы сталі весьці ад фараонаў ды палямонаў, а то навет і ад часоў усясьветнае паводкі. Вось жа век дзевятнаццаты, і чорт рогі паламае – хто мы такія насамрэч ёсьць? Палякі, ліцьвіны, беларусы, крывічы, рускія… Напрыклад нейкі пан тутэйшы заве сябе палякам. Хто тады яму ягоныя сяляне? Палякі? Не! Ён назаве іх як заўгодна, але ня гэтак, як мянуе сябе. Ён паранейшаму адасоблены. Ён усё яшчэ плёскаецца ў рымскіх хвалях ці коціцца сармацкай каляінай. Хаця зрэдку бывае запіша якую chłopsku piosenku дый носіцца зь ёю, як Піліпка з пантоплямі: "Глядзеце, я ж таксама дасьледнік!".
– Вайніславе, але ці можна пра Баяна? – нецярпліва настойваў мой мілы.
– Ну дык вось, сяляне лічаць, што продкам усяго людзтва нашага краю быў чалавек па імені Бай або Бой. Пра яго аж дасюль ходзяць легенды. А гутарнікі, накшталт Піліпа Смурага, цэлае радаводнае дрэва ад Бая вымалёўваюць. Сугучча з Баянам відавочнае. У Слове Баян названы ўнукам Сварога, то можна яго залічыць у пантэон язычніцкіх багоў гэтага краю. Бог слова, сьпеваў, паэзіі. Мы яшчэ будзем дзьве сотні год запісваць народныя творы, а потым яшчэ год  трыста будзем іх асэнсоўваць. Калі, канечне, людцы не вынайдуць якіх- кольвек штучных мазгоў, якія будуць думаць і вырашаць у 366 і болей разоў хутчэй за нас нягеглых.

Калі мы разьвітваліся, Павал горача падзякаваў Вайніславу, запрашаючы не прамінаць наступных сустрэчаў. Той ізноўку чароўна ўсьміхнуўся й паабяцаў прынесьці узор сучаснага крыўскага верша. Зыходзячы, ён неўпрыцям прамовіў: "Я думаю, што, акром уяўленьняў пра Бая існавалі ўяўленьні і аб ягоным антыподзе, якога называлі Бабаем. Цяпер гэтым імем пужаюць малых". Гэтая рэмарка ўканец дабіла Паўлушу, і пасьля зыходу госьця, мой мілы прызнаўся, што даўно ў яго сьвядомасьці не адбывалася столькі многа зьмен за такі кароткі час. Але гэта быў клопат майго нарачэнага. Мне ж не давалі спакою ўсьмешка спадара Вайніслава і ягоны адметны позірк, перад якім я пачувалася яшчэ больш скаванаю, чым перад камэрай Дагера. Толькі ж я гнала таковыя думкі ў самыя далёкія закуточкі майго розуму.

 Мой менскі быт цягнуўся далей. Для сваіх пансыянарак я сталася сапраўднаю любімкаю, і не адна зь іх прыходзіла да мяне за нейкай жыцьцёвай парадай, якую мне было даваць зусім няпроста. Я ж сама ня так даўно была дзяўчынкай, бачыўшы сьвет ружовым і бесклапотным, хаця часамі чытала нештачкі нявельмі вясёлкавае. Дык жа даводзілася зазвычай прасіць у арупленых навучэнак часу на роздум, а самой гутарыць дома з Сэрафімай Паўлаўнай. Хросная, як ніхто, зналася ўва многіх нюансах жыцьцёвых сьцежак-дарожак і выдавала такія рэцэпты, якія ўяўляліся бездакорнымі. Пансыянаркі былі ад тых парад у захапленьні і дзячылі, як толькі ўмелі. Вось толькі спадарыня Шрэйдар, каторая канечне ўчула пра мае кансультацыі, троху ўзвар'явалася. Я нават мусіла зьясьняцца зь ёй крыху на гэты конт. На дзіва мне пашчасьціла пераканаць гаспадыню ў карыснасьці сумоўяў з навучэнкамі. З хітраю ўсьмешкаю яна пахітала галавою ды ў сваёй звыклай манэры спытала: "Когда juz Fraulen hat свой свадьба?".

 Шлюб мы вырашылі перанесьці на лета. Бацька Паўла ўфундаваў пабудову дома для нас на Ляхаўскай Слабодцы. Дом наш меўся быць выгодным і прыгожым, але на status палаца не прэтэндаваў. Я кахала Паўлушу. Але ніяк не магла даўмецца, чаму ён такі таварыскі і вясёлы ў грамадзе, із мной сам-насам неаднакроць гуляў у маўчанку. Балазе, што хоць ня піў багата. Алькаголю, апроч хіба champagne ці дабрэннага віна, я не цярпела. Зрэшты, які ж мужчына ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя стаў бы слухаць ушчуваньні жанкі? Павал слухаў. Незаўсёды. А гэта "незаўсёды" было нярэдкім. Частым...

Гомель, варыянт 2001-2003 гг.

Прачытаць раман цалкам магчыма, набыўшы кнігу прозы "Імя грушы".

Выказацца з нагоды прачытанага (прэмадэрацыя)

Імя

Паведамленьне








Puls.by - в ритме жизни! Rating All.BY Каталог EXE.BY Каталог+поисковая система Каталог TUT.BY Белорусский рейтинг MyMinsk.com Яндекс цитирования
Асноўны зьмест © Сяргей Балахонаў | Дызайн © Ad Minataurus
Разьмяшчэньне любых матар'ялаў на іншых вэб-праектах дазваляецца з пазнакай аўтарства і спасылкай на гэты сайт.
Іншыя формы публікацыі дапускаюцца па ўзгадненьні з аўтарам.