Беларуская літаратура :: Тэзэй беларускага постмадэрнізму :: сайт творчасці Сяргея Балахонава
 КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ПРОЗА І ПУБЛІЦЫСТЫКА: ЭСЭ, НАТАТКІ, ЗАМАЛЁЎКІ, КАЗКІ

Рэальная ідэалёгія

Сяргей Балахонаў. Рэальная ідэалёгія

Аўральныя ласкі

Мабыць і вы неаднаразова былі сьведкамі рамонтных работ, прымеркаваных да “дня горада”, “дажынак” ці нейкіх іншых эпахальных падзеяў. Пачынаюцца яны, звычайна, за пару месяцаў да вызначанай зорнай даты і праходзяць збольшага нясьпешна. Ілюзія таропкасьці творыцца хіба што шматлікасьцю тэхнікі ды ўсюдыіснасьцю людзей у аранжавых ці сініх спэцкасьцюмах. Але сапраўдная пасьпешлівасьць пачынаецца адно тады, калі раптоўна высьвятляецца, што часіна Х ужо пасьлязаўтра, а яшчэ ня ўсё даведзена да ладу. Рамонтнікі вомільгам успамінаюць, што можна працаваць да позьняй ночы. Пачынаецца аўрал.

Спэцыфіка працы на розных прадпрыемствах ды ўстановах Беларусі можа, а почасту і павінна, істотна адрозьнівацца. Аднак аўральныя моманты прысутнічаюць бадай што паўсюль. Сотні тысяч беларусаў ня толькі зазнаюць, але і дабрахоць адтвараюць аўрал зноў а зноў. Кожная перанесеная на крайні тэрмін справа спараджае яго. Кожная паперка, што спазьняецца з-за бюракратычных перашкодаў творыць яго. Кожнае жаданьне пакрасавацца перад высокім і ультравысокім начальствам творыць яго. Аўрал рэч інтэрнацыянальная. Але чаму для беларусаў ён стаўся неад'емнай часткай жыцьця, ледзьве не мэнтальным фэноменам?

Калі зазірнуць у мінуўшчыну, то лёгка ўбачыць, што скрайнія праявы аўралу сталі замацоўвацца ў беларускай традыцыі недзе з другой паловы XVI ст. Зьвязана гэта найперш з пачаткам практыкі перабываньня пад акупацыяй. Полацкая вайна ці ня ўпершыню ў вялізных маштабах прадэманстравала цяжар акупацыі, калі вораг лічыў сябе за поўнага гаспадара і пад пагрозаю пакараньня прымушаў беларусаў розных станаў-саслоўяў тэрмінова выконваць свае прыхамаці. У наступныя дзесяцігодзьдзі сытуацыі тэрміновасьці пад прымусам паўтаралася ў розных кутках Беларусі, навязваючы жыхарству новы тып сьвядомасьці. Відавочна, што працэс гэты ня быў простым, і людзі імкнуліся супраціўляцца. Мо' адсюль іранічныя казкі пра капрызьлівых цароў-самадураў, што патрабуюць ад героя, як чуй дух, выканаць якую-небудзь немагчымую місію. Можа згэтуль беларускі выверт сэнсу стараславянскага слова “благо”. Усходні захопнік, ладзячы бясконцыя паборы і пастоі, што хутчэй, тлумачыў іх дзеяньнямі “во благо” аўтахтонаў. І аддаючы ў тысяча першы раз апошнюю крошку хлеба, гаротны аўтахтон ледзь чутно, але зь відавочнай іроніяй шаптаў: “Во, братка, як блага”. Можа б гэтая іронія і перамагла, а аўрал аж дасюль быў бы толькі спарадычнай нясталай зьявай нашага нацыянальнага побыту.

Аднак у сярэдзіне 17 ст. яе, іронію, разам з паўтара мільёна чалавек “благодетели” ператварылі ў прах. Гэта, як кажуць адмыслоўцы, палова тагачасных беларусаў. І што жа другая палова? А яна, неаднародная ў сацыяльным сэнсе, перастала сьмяяцца з аўралу, зрабіўшы яго паўсядзённым. Мацнеў прыгон. “Гвалты” і “згоны” былі павіннасьцямі чыста аўральнага кшталту. Дый паншчына зь яе няпэўнымі нормамі недалёка ад іх ўцякла. І калі прыходзіў чарговы акупант прыгонны селянін адно мог параўнаць, хто больш дзярэ: пан ці прыхадзень. І нават, калі апошні драў больш, хапацца за зброю многія ня бачылі рэзону. Было цяжка, але звыкла. А звычка, яна і ў Беларусі, як другая натура. Цярпі Зося, так прыйшлося. І цярпелі, бо іншага выйсьця не маглі надумаць. Нават пасьля скасаваньня прыгону многія сяляне не маглі сябе знайсьці ў новай сыстэме паводзінных каардынат. Гэта добра адлюстравана ў вершы Фэлікса Тапчэўскага “Саўсім ня тое, што было”. Ранейшае жыцьцё “ў падданстве” (чытай – у пастаянным прымусе і аўрале) былому прыгоннаму здавалася больш аптымальным, чым свабоднае выкананьне амаль таго самага комплексу справаў. Капіталізм раздражняў, бо варушыцца трэ' было самохаць, а не пад узьдзеяньнем вонкавых чыньнікаў. Можа быць таму савецкая таталітарная ідэалёгія і змагла грунтоўна ўкараніцца ў Беларусі. Поўны кантроль над асобай зь безумоўным кіраваньнем (маніпуляваньнем) ёй – чаго яшчэ жадаць носьбіту аўральнае сьвядомасьці?! Што праўда, прага павіснуць марыянэткай на нечых нітках не гарантавала ратунку ад сьмерці. Але магла адтэрміноўваць яе, што ўжо ня так мала, калі хочаш жыць, ня ведаючы дзеля чаго жывеш.
Ці ўсё так фатальна? Мабыць не. Сучасныя беларусы ў змозе спакойна працаваць для сябе і пад уласным кантролем над сабою. Многія гэта робяць ці, прынамсі, спрабуюць рабіць. Дзяржава ж па-ранейшаму імкнецца пранікаць ва ўсе сфэры жыцьця. Дзяржава па-ранейшаму жадае прысьпешыць беларуса, і ператварыць абыдзённую працу ў надзвычайшчыну, злаўжываючы патрабаваньнем тэрміновасьці. Ад празьмернай тэрміновасьці і коні дохнуць. Будзьма спакойнымі. Як удавы на паляваньні.
2005 г.

Street style "Беларусі трэба"

Аднойчы, выехаўшы з сваёй ускраіны рабочай гарадзкой у цэнтар, я троху агаломшыўся: кагадзе адрамантаваныя фасады будынкаў па вуліцы Савецкай былі спляжаныя бязглуздымі графіці. Аўтары, мабыць, паспрачаліся б са мной што да асэнсаванасьці сваёй наскальнай творчасьці. Безумоўна, усе тыя манаграмы, чэрты і рэзі, завіткі з кропкамі для іх уяўляюць пэўны сэнс. Сэнс самасьцьвярджэньня. Ня менш. Акурат прага самасьцьвярджэньня прымушае падлетка рызыкаваць, выходзіць з балёнчыкам фарбы ўначы на галоўную вуліцу горада, каб пакінуць там усяго толькі свае аўтографы. Удала зьдзейсьненая апэрацыя гарантуе пагалоску ва ўсім тусовачным абозе, то бок той часткі грамадзтва, чыя думка зьяўляецца на гэты час для падлетка ці ня самай важнай. Бацькам ведаць пра начную героіку неабавязкова, міліцыі – непажадана. Пагатоў, некаторыя зь юных падпольшчыкаў прымудраюцца поруч зь іншымі аб'ектамі разграфіціць, напрыклад, пастарунак. Чыстая рызыка. Чысты падпольны сьверб. Паліткарэктныя какі-малякі. Міліцыянты, засьпеўшы тынэйджэраў на гарчым, натуральна могуць напісаць дубінальна-пратакольную рэцэнзію на іх творы. Аднак большага алярму здатныя нарабіць толькі асэнсаваныя надпісы.

Сапраўдным запаведнікам палітычных графіці зьяўляецца мікрараён Стары Аэрадром, які ляжыць не зусім у цэнтры, але яшчэ не на пэрыфэрыі Гомеля. Крочыш па ягоных цяністых вуліцах, дзівішся на сьцены і толькі раскрываеш рот, каб вохкаць-ахкаць. Значная колькасьць графіці захавалася там з эпохі выбараў-2001. Гэта ня значыць, што іх не выдалялі, не зафарбоўвалі, не сашкрабалі. Якраз такі ўсе магчымыя ачышчальныя захады рабілася досыць старанна. Але надпісы ўсё адно аднаўляліся і аднаўляюцца. Ёсьць там і пра жыве, і пра бароў нашых славу, і пра панскае здароўечка. За такое, як спаймаюць, будуць доўга мазгі паласкаць. Нават з БРСМ выгнаць могуць.

Яшчэ адна праява тынэйджарскага вулічнага стылю – хіп-хоп. Гомель мае дастаткова шмат хіп-хопавых і рэпавых камандаў. Але яны ўнікаюць беларушчыны, дый па вялікім рахунку цураюцца ў сваіх тэкстах сапраўднай “сацыялкі”, а пагатоў “палітыкі”. Пра што можна весьціся ў тутэйшым рэпе з назвай “Перемены”? Калі падумаеце, што пра рэформы-рэвалюцыі, дык памыліцеся. Падлеткі з гурту “Наглядное пособие” пад гітарны пройгрыш разьвітваюцца зь дзяцінствам ды варожаць, якім будзе дарослае жыцьцё. Яны не выяўляюць ані каліўца юнацкага максімалізму ці нон-канфармізму, загадзя капітулюючы перад соцыюмам. У намаляванай імі карціне ўсё досыць проста: забыць кепскае, думаць пра лепшае, аддаць належанае бацькам, “окончить срок” зь любімай дзеўчынай і галоўнае закінуць барацьбу. Паліткарэктныя какі-малякі ды бойкі з апанэнтнымі тусамі – вось іх яйцашчымлівая, смаркатазялёная барацьба. На гэтым кісельным тле надта ўражвае беларускамоўны наіўнячок “Гомель на сувязі” каманды “Рухавік рэпу”. Юныя рэпэры цешацца з таго, што прарвалі абалонку стэрэатыпаў зрусіфікаванага грамадзтва і здолелі сказаць іншым мовам “стоп”. “А калі ты беларус і не прызнаеш роднай мовы, // Вось тады ты забываеш, што ляжала ў тваёй аснове”, – годна начытваюць яны. Вельмі сымпатычна. Канечне, збольшага падобна на дэклярацыю аб намерах, але адчуваецца і выразнае жаданьне зрабіць выклік “дурацкай цемры”. Тым часам іх старэйшыя калегі з “Городской тоски” цьвердзяць, што “от Калининграда до Кавказа – зона русскоязычного рэпа”.

Нашыя падлеткі – недасканалая мадэль беларускага грамадзтва. Недзе разьяднаныя. У чымсьці дэзарыентваныя. Месцамі гатовыя да рашучых дзеяньняў. Такая на сёньня раскладка. А што яны напішуць нітрафарбай на сьценах ці прачытаюць рэчытатывам са сцэны заўтра? Гэта пытаньне. Пераадолець размытасьць сацыяльнай сьвядомасьці, невыразнасьць этнічнай тоеснасьці юнаму беларускаму гараджаніну вельмі а вельмі няпроста. Але ўсё ж магчыма. Як казаў адзін кніжны доктар, патрэбен штуршок. Іншая рэч, якім гэты штуршок мусіць быць і ад каго зыходзіць. Трэба бо атрымаць добры лекавы эфэкт. Беларусі трэба.
лета 2005 г.

BACK IN BIEŁAJE BAŁOTA

Як грэшніка да сваіх грахоў, гэтак мяне часам цягне ў мясьціны колішніх творчых хуліганстваў. Бывае, гатовы кінуць усё, сесьці на цягнік і выправіцца ў вёску Белае Балота, куды быў некалі закінуты сьцюдзёнымі вятрамі ўнівэрсытэцкага разьмеркаваньня. Цікава паглядзець на калегаў і былых вучняў. Але прывідныя павукі пачынаюць цьвеліць мне сумленьне махнатымі лапкамі: пачуваю перад Белым Балотам пэўную віну.

Мінула шэсьць гадоў. Наймалодшыя з тагачасных маіх вучняў скончылі школу. Саму школу перарабляюць у базавую. Дэмаграфічная сытуацыя — абы-што, хоць дзьве белабалоцкія жанчыны атрымалі ад прэзыдэнта ордэн Маці за выхаваньне пяцярых дзяцей. Чарнобыльскае кляймо «зона пражываньня» не надае аптымізму, колькі б там ні было кюры на квадратны кілямэтар. Хто здатны, бяжыць ад такога шчасьця.

Былых вучняў-балацян выпадала сустракаць у Гомелі. Сваім часам яны былі best of the best сярод раўналеткаў. Дзеці вясковай эліты. Ніхто зь іх пры цяперашніх сустрэчах не пасьмеў мяне ўпікнуць за мае ўцёкі зь іхняга балота. «Правільна зьдзелалі», — апраўдваюць яны ня столькі мяне, колькі саміх сябе і ўласны намер не вяртацца дадому. Яны кажуць, што вёска перажывае глыбокі заняпад, пра які пісалі і ў сачыненьнях. «Зусім цяжка жыць, таму людзі не маральныя, а напроціў агрэсіўныя, злыя, не дапамагаюць адзін аднаму», — канстатаваў тады нехта. І як тут не дасі веры таму, калі іхнія ўчорашнія аднаклясьнікі ўжо маюць за плячыма судзімасьці?

У крымінальных зводках мне трапляліся паведамленьні пра злачынствы, учыненыя ў Белым Балоце зусім маладымі людзьмі. Выходзіць, я калісь апавядаў будучым злачынцам пра паўстаньне Каліноўскага і абвяшчэньне БНР. Дрэнна слухалі, захопленыя расейскай папсой, амэрыканскімі баевікамі і тутэйшым жаданьнем жыць на дурніцу. І вось дваццацігадовы дзяцюк прабіраецца празь цемру зімовай ночы да крамы, каб вырубіць сыгналізацыю і ўрэшце скрасьці нешта з харчаваньня. І вось малады балацянін напару з бацькам гвалтам забіраюць у аднавяскоўца на ягоным падворку 20 баксаў, а потым прыходзяць яшчэ раз, каб у якасьці «даважку» прыхапіць пляшку віна «Маладзецкае». Ды што там суседзтва, калі брат, спрачаючыся з братам, не знаходзіць іншага аргумэнта, апроч удару нажом у жывот?! Бандыцкі сьверб — зьява, якую можна разгледзець яшчэ ў дзяцінстве. І відавочна, усе гэта бачаць, але нічога з тым ня робяць. Не дапамагае і царква.

Паніжэньне ўзроўню культуры цягне за сабой і праблемы са здароўем. Белае Балота ўмудрылася пры канцы мінулага году апынуцца ў пераліку населеных пунктаў Рэчыцкага раёну, дзе былі выпадкі захворваньня на каросту. Можна было б усё сьпіхнуць на прыроду, але дактары катэгарычна заяўляюць, што адна з галоўных прычын хваробы — незахаваньне асабістай гігіены. Мыцца ня мыюцца людзі. Вось і пакрываюцца вяскоўцы каростай — своеасаблівым культурным слоем сучаснасьці. Сучаснасьці супярэчлівай, сучаснасьці падманлівай. А хто там ідзе? Балацяне.

лета 2005 г.

Не магу я знайсьці тое слова...

3 усіх БССРаўскіх кінафільмаў у сьвядомасьць проста-такі ўрэзаўся «Гадзіньнік спыніўся апоўначы», зьняты пры канцы 1950-х гадоў. Ні «Міколка-паравоз», ні «Прыгоды Бураціны» не зрабілі такога моцнага ўражаньня, як ён.

Марыне Коля кажа ўцякаць, і яна натрапляе ў руінах на жонку гаўляйтэра фон Каўніца, ратуе яе і гэткім парадкам лучыць да іх у дом за чалядку. Немцы тым часам за забітага Колем афіцэра ўзялі ў закладнікі дзяцей зь сіроцкага прытулку. Дзееў не вытрымлівае і рушыць да фашыстаў, спадзеючыся, што тыя адпусьцяць закладнікаў. Гэтага не адбываецца: гінуць і дзеці, і падпольшчык.

Марына, якая стала выпадковаю сьведкаю катаваньняў свайго каханага, агортваецца прагаю помсты і шукае выхады на падпольле. Сымулюючы зубны боль, яна ідзе да Колевага бацькі-стаматоляга і просіць зьвязаць яе з падпольлем. Сама ж у доме фон Каўніца імкнецца выведаць што-небудзь важнае для камуністаў і праз гэта трапляе пад падазрэньне немцаў.

Памочнік гаўляйтэра Рыдэль выдае сябе за антыфашыста і спрабуе праз даверлівасьць Марыны выйсьці на Ганну Іванаўну. Стрэча з кіраўнічкай адбываецца, і для большага даверу да сябе Рыдэль здае свайго агента ў падпольных структурах. Ганна Чорная ўсё ж давярае яму мала і пра галоўнае ня кажа. Марына праносіць у дом гадзіньнікавыя міны і падкладвае гаўляйтэру пад падушкі. Уцёкі ледзьве не зрываюцца, бо Рыдэль раскрывае карты і пагражае катаваньнямі. Але простая кабета, кухарка Варвара Іванаўна ратуе Марыну, пакідаючы сякеру ў карку нямецкага афіцэра. Зьдзяйсьняльнікі і арганізатары зьнішчэньня фон Каўніца пакідаюць Менск.

Просты сюжэт, перасыпаны супярэчлівасьцямі, нестасоўкамі й ідэалягічнымі штампамі, быў закліканы аддаліць гледача ад праўды фашыстоўскай акупацыі Беларусі, спрыяць гранічнай містыфікацыі тых падзеяў. Калі сёньнячы многія адмыслоўцы сьмяюцца праглядаючы “Анастасію Слуцкую”, то льга толькі здагадвацца, як шчымелі падчас прагляду “Гадзіньніка” сэрцы тых гледачоў, хто на сваёй скуры зазнаў усё акупацыйнае жахоцьце. Абсалютова немагчыма нават на крок наблізіцца да тых пачуцьцяў, што віравалі ў Алене Мазанік, якая сталася прататыпам галоўнай гераіні фільма. Усё жыцьцё яна трымалася афіцыйнай вэрсіі падзеяў, зьвязаных з забойствам Вільгельма Кубэ (у фільме – фон Каўніц).

Усё болей часу міналася, і ў “Гадзіньніка” зьяўляліся новыя гледачы, якія ня ведалі з собскага досьведу, якой была вайна. Мабыць на іх, юных савецкіх беларусаў, і быў нацэлены ўвесь ідэалягічны патас фільма. І вось тут даводзіцца канстатаваць парадокс: каменьні ідэалягічнага муру ў “Гадзіньніку” былі змацаваныя зусім ня той глінай ці цэмэнтавым растворам. Занадта шмат дробных дэталяў штурхалі да адваротнага, то бок несавецкага ўспрыйма фільма. Зроблена гэта было наўмысьля ці выпадкова, ня ведаю. У кожным разе крамолу не заўважыла нават звышпільная цэнзура. Колькі сябе помню, а помню я сябе гадкоў з трох, у дзяцінстве штогод па колькі разоў даводзілася глядзець гэты фільм зь несьціханым напружаньнем. Па малому сэрцайку шпарчэй прабягала кроў, калі дарослыя праглядальнікі ў чародны раз гучна прачытвалі надпіс на шлягбаўму, які зьяўляўся на экране: “МЕНСК”. Дзіўнае ператварэньне назвы сталіцы БССР зь Мінска ў Менск узрушвала і патрабавала ўдакладненьняў. Бацькі і крэўныя толкам нічога патлумачыць не маглі, а можа й не хацелі. Увесь адказ звычайна выліваўся ў фразу: “Так горад раней называўся”, якая спараджала толькі новыя пытаньні без дарослых адказаў.

Я ніколі ня бачыў гэтага фільму па-беларуску. Але нават расейскамоўны варыянт (арыгінал?) спакваля сфармаваў дзіўнютка шчымлівае стаўленьне да беларускае мовы. Найперш паспрыяла гэтаму “Песьня Марыны” на словы Адама Русака. Па сюжэту немцы у сваім гэтым цалкам абстрактным доме, дзе суседзяць спальні, ядальні і катавальні, прычапіліся да дзяўчыны прасьпяваць ім нештачкі. “Не магу я знайсьці тое слова”, – грубаваты надрыўны жаночы голас пераварочваў унутрыне ўсё чыста: і Аляксандра Неўскага, і Леніна, і дружбы народов надёжный оплот. Да таго ж гэная песьня вельмі часта гучэла па беларускім радыё ў праграме “Жадаю Вам”, чаго цяпер і блізка няма сярод маскоўскіх белых хрызантэм і зяленавокіх вядзьмарак... Стрэмкаю заселі ў галаве і іншыя фразы герояў “Гадзіньніка”, зьвязаныя зь беларускай. Нямецкі афіцэр, што суправаджаў Марыну да зубніка, сядаючы на крэсла, раптоўна падхопліваўся і пытаўся ў пацыентаў: “Клоп няма?”. Апрануты ў цывільнае Рыдэль, нэрвова чакае Ганну Іванаўну. Побач віецца даўгалыгі тыпус у чорнай форме SS. Рыдэль пытае ў яго, колькі часу, на што “эсэсавец” чыста па-беларуску адказвае: “А вы трошкі пачакайце”. Для мяне гэтыя рэчы не мінулі бясьсьледна. Яны былі першымі, а ўжо пасьлей да іх далучыліся веды пра бел-чырвона-белы сьцяг і “Пагоню”.

Немцы ў “Гадзіньніку” збольшага карыкатурныя. Аднак той афіцэр, якога на пачатку фільма зарэзаў Коля Дзееў, абсалютова не глядзеўся ашавуркам (мо’ таму, што па сцэнару ня быў надзелены словамі?). Наадварот ён выглядаў так эфэктна і быў такім у параўнаньні з Колем прыгожым, што міжволі закрадалася пытаньнейка: “Што за вайна?”. “Што за вайна?” – пытаюся я сёньня ў сябе. Пытаюся ў сваіх вучняў, што болей ведаюць пра Пёрл-Харбар, чым пра ваенныя Менск і Гомель. Пытаюся зрэшты ўсіх тых, хто лічыць сябе афіцыйным захавальнікам БССРаўскіх традыцый. У выніку я пішу “Сьмерць лютністы” і “Пятнаццаць лішніх хвілін”. Малыя ўпарта вучаць пра Хатынь. Дарослыя дзядзькі пераапранаюцца ў чырвонаармейскую форму, экранізуючы “Песни войны”, дзе няма ні БССР, ні проста Беларусі, спляжанай той незразуметай вайной. Што гэта? Не магу я знайсьці тое слова...

лета 2004 г.

Фота: кадр з фільма Мікалая Фігуроўскага "Гадзіннік спыніўся апоўначы" (1958 г.)