Пра кнігу Пра аўтара Розгалас Як прыдбаць? Банэры Чытачы Юзэрпікі Абмеркаваць







Puls.by - в ритме жизни!

Мая матэрыялізацыя ў Менску
Інфармацыйная падтрымка
Галерэя Б.
Сайт Сяргея Балахонава
Блог Сяргея Балахонава
Праект Litara.net
«Наша Ніва»
«Тузін Гітоў»
«Музыкальная газета»
Праект Vokrug.by
ЗБС «Бацькаўшчына»
Таварыства «Этна»
«Начная аБЛОГа» на РС
«Прыватны дзёньнік» на РС
Блог Ігара Бабкова
Блог Аксаны Бязлепкінай
Блог Тацяны Нядбай
Блог Мальвіны Някіслай
ЖЖ-кам'юніці «Менск.by»
Водгукі аб вечарыне
Блог Сяргея Балахонава
Блог Аксаны Бязлепкінай
Блог Яўгеніі Манцэвіч (+ фота)
Блог «Book Of Days» (+ фота)
Блог Марыйкі Мартысевіч
Блог Волі
Блог Slaver'а
Блог Янкі Zlobnaha
Блог Агніі
Блог Зімняй Сакуры
Блог Аляксея Мінчонка
Блог Мальвіны Някіслай
  Іншае
Рэфлексія Ігара Бабкова
Адкрыты ліст Югасі Каляды
як гэта было
15.07.2006. Сяргей Балахонаў
Аўтар «Імя грушы» Шухер пярэдадня
16 чэрвеня 2006 года, не зважаючы на сумневы некаторых людзей, я ўсё ж матэрыялізаваўся ў Менску, і прэзэнтацыя маёй кнігі «Імя грушы» адбылася. Малая (і сапраўды ж малая!) заля Дому літаратара была поўная. Пэўную ролю ў гэтым адыграў факт майго першага зьяўленьня як літаратара і блогера перад менскім гледачом. «Занадта доўга ён ад нас хаваўся», - казалі некаторыя менчукі і тым самым падагравалі інтарэс да імпрэзы. Дастаткова добрая інфармацыйная падтрымка з боку вэб-рэсурсаў і папяровых выданьняў (прыемна зьдзівіла ў гэным сэнсе "Музыкальная газета") таксама зрабіла свой пазітыўны ўнёсак. Таму зусім праўдападобнымі здаюцца словы Марыі Мартысевіч пра пярэдадзень вечарыны: "Ува ўсім калялітаратурным і інтэрнэтызаваным Менску шухер".

Нехта ёсьць, няма кагосьці
Прэзэнтацыя адбывалася ў задуманым фармаце літаратурна-тэатралізаванай вечарыны. Фактычна ўсе анансаваныя часткі праграмы былі прадстаўлены ўвазе гледачоў. Што праўда, адсутнічаў адзін зь меркаваных вядоўцаў філёзаф Валянцін Акудовіч (аўтар эпахальнай кнігі "Мяне няма", калі нехта ня помніць ці забыўся). Аднак сваё вітальнае слова спадар Валянцін перадаў мне па сродках мабільнае сувязі (хай жыве GSM!) троху пазьней. Вось жа адзіным вядоўцам вечарыны апынуўся гаспадар Галерэі Б. філёзаф і пісьменьнік Ігар Бабкоў (бацька культавага героя нашага бяссоньня Адама Клакоцкага). Цягам вечарыны спадар Ігар агучыў сваю рэфлексію з нагоды маёй творчасьці "Балахонаў - утопіі другога ўзроўню", зачытаў фрагмэнт адкрытага ліста Югасі Каляды да мяне, спрабаваў задаваць правакацыйныя пытаньні. Тэхнічныя праблемы вечарыны (ад ключоў і чырвонага пажарнага вядра з хрызантэмамі да CD-плэера і кампутарнай калёнкі) вырашаў пісьменьнік Анатоль Івашчанка (аўтар кнігі паэзіі "Вершnick").

Словам і сьпевам
Ваш найніжэйшы служка на вечарыне выступаў з адмысловым дайджэстам сваіх нашаніўскіх тэкстаў: як цэлыя эсэ ("Белае Балота", "Сівер", "Мама даруй"), так і выбраныя пасажы пад агульнай назвай "Кранічная кроніка". Таксама гучалі мае рыфмы (у т.л. "Гомельскія лімэрыкі") і фрагмэнт раману «Імя грушы» (сцэна апошняга бачаньня Натальлі Клыкоўскай і Вайніслава Баўта). Акром таго я яшчэ й тры разы сьпяваў. Першай прагучэла псэўданародная песьня "У канвойных вайсках" (выконвалася з завязанымі стужкай вачыма), у матывах якой многія ўлавілі падабенства са знакамітай "Надзенькай" (супольны праект "Narodny Albom"). Другі раз пад мінусовачку я бамбіў песьню "Сонца" (мой пераклад вядомага гіту RAMMSTEIN "Sonne") у рамках сцэнкі «Палескія мядзьведзікі». Ну і трэці сьпеў быў пад заслону і называўся ён "Уладзімірскі цэнтрал". Пісьменьніца Аксана Бязлепкіна з гэтай нагоды ў сваім блогу адзначыла: «"Уладзімірскі цэнтрал" па-беларуску не стаў нечаканасцю для жж-юзэраў, а вось рэакцыя іншых людзей была неверагоднай. Каляжанка сказала: "Я ў шоку, але яшчэ не ведаю, станоўчым ці адмоўным"». А ўвогуле ж некаторыя адзначылі мае вакальныя здольнасьці: «Голас у Балахонава густы, прыгожы, і сьпявае ён добра».

"Кранальныя пузікі"
І ўсё ж вярнуся да «Палескіх мядзьведзікаў». Песьня песьняй, але ж давялося пераапранацца — скідваць пінжак, кашулю, саколку і апранаць скураную куртку. Тое ж мусіў рабіць і мой гомельскі сябра, а цяпер асьпірант Слава Цацарын. Курткі нам ласкава пазычылі згаданы ўжо тут Ігар Бабкоў і рэдактар часопісу ARCHE Валер Булгакаў. Іх дапамога была вельмі дарэчнай, бо адзін наш гомельскі таварыш (цяпер ужо яўна былы), які мусіў браць удзел у сцэнцы і прывезьці ў сталіцу скураныя плашчы па-просту кідануў нас. Агаляючы торс у дворыку (?) Дома літаратра, давялося перакінуцца колькімі словамі з Ганнай Кісьліцынай, чыю кнігу "Новая літаратурная сітуацыя" я кагадзе прыдбаў і прачытаў пра сябе нештачкі новае. І вось з голымі пузамі, што тырчэлі з пад скуранак, я і Слава рушылі ў залю, дзе пасьпела павіснуць паўза. Музыка заіграла і адступаць не было куды:
Кожны прагны да сьвятла.
Вось ён МЁД. А вось – няма.
З маіх вачэй ліецца сонца.
Сягоньня сонцу не зайсьці.
Лічыць сьвет да дзесяці...

Я амаль нікога ня бачыў, я імправізаваў, я адрываўся напоўніцу. Відавочна гэта быў адзін з гітовых нумароў праграмы. Але гледачы ў бачылі ў ім нешта сваё асбістае. «Рамштайн па-беларуску — гэта ўражвае!» - адцеміў адзін зь сьветлапісцаў вечарыны жж-юзэр Gwendelin. Аксана Бязлепкіна ўспрыняла выступ па-іншаму: «Калі выйшлі "палескія мядзведзікі", маёй першай думкай было: "Як гэта ўспрыме публіка?" Таму я нават не скажу, што там была за песня (ясна, што "Рамштайн", але словы я не слухала). Пасля невялікага (і, магчыма, нерэпрэзентататыўнага) апытання высветлілася, што менавіта ўразіла паненак у гэтым нумары - аголеныя жывоцікі!!!
Зрэшты, у гэтым ёсць логіка: ці ж мы не чулі спеваў? Ці ж мы ніколі не слухалі эсэ і вершаў? Ці ж мы не бачылі голых хлапечых торсаў ва ўсялякіх перфомансах? А вось такіх кранальных пузікаў у беларускай літаратуры канца ХХ ст. не было... ».

Марыйчыны тэзісы
Пасьля "мядзьведзікаў" Марыйка Мартысевіч не дазволіла мне зыйсьці пераадзявацца ў гражданскае. І я мусіў яшчэ колькі часу стаяць перад усёй заляй з аголеным торсам, апрануты ў касуху, каб выслухаць ейнае шчыра правакацыйнае пасланьне. Гэта яно анансавалася на litara.net як Марыйчын сюрпрыз. Марыйка зь вельмі сур'ёзным выразам твару, амаль не зазіраючы ў нататнік, абвяшачала мне і ўсёй залі свае сюрпрызныя тэзісы (асьцярожна пераказ!):
1) што пра Балахонава і яго творчасьць ні напішы - станоўчае ці адмоўнае - усё адно ён будзе рады, таму буду выкажуся вусна;
2) Сяргей Балахонаў ня ёсьць постмадэрністам, бо постмадэрністы чэсныя людзі і паведамляюць, адкуль бяруць свае тэксты, а Балахонаў выдае чужыя тэксты за свае;
3) крыніцай творчасьці Балахонава ёсьць знойдзеныя ім рукапісы графамана Балахона Сяргеева, што жыў у міжваеннай Беларусі;
4) мы чыталі адны і тыя ж самыя падручнікі па постмадэрнізму;
5) «Імя грушы» - кніга №0 у творчасьці Балахонава;
6) корпус тэкстаў балахонаўскай кнігі №1 мусіць гуртавацца вакол тэксту "Зямля пад крыламі Фэнікса".
Было, здаецца, яшчэ нешта, але ж яно падзабылася, на што і быў разьлік. Марыйка меркавала падняць ува мне буру і гнев праведный. А я стаяў і ўсьміхаўся. Цікава будзе прытачыць пару пасьлейшых нэт-дыялёгаў з гэтае нагоды. Першы:
— Марыйка, ты забыла сказаць, што сама травіла Балахонава:)
— Я не травіла! Я абылгівала... А калі нават і травіла, твар у Балахонава пры гэтым быў вельмі задаволены:)
Другі:
— Да-да, Марыйка. Ты казала, што падложыш сьвіньню Балахонцу. Ці атрымалася што?
— Неа:)
Аднак нельга сказаць дакладна, якое ўзьдзеяньне зрабілі Марыйчыны словы на прысутных людзей.

Бэкан на дапросе
Па адной з завядзёнак Галерэі Б. надалей мусіла разгарнуцца жывая дыскусія, якую павінны распачынаць экспэрты. Сярод экспэртаў былі гаспадар Галерэі Б. І.Бабкоў, дырэктар выдавецкага праекту "Імя грушы" Аўген Касьцюшка, літаратуразнавец Ганна Кісьліцына, пісьменьнік Уладзімір Арлоў, рэдактар часопісу ARCHE Валер Булгакаў.
Пачаў сп. Касьцюшка, які быў прадстаўлены аўдыторыі І.Бабковым з тытулятурай "жалезны дрывасек беларускага Адраджэньня". Ён распавёў пра ўзьнікненьне ідэі выданьня кнігі і яе рэалізацыю. Не прамінуў ён і заглыбіцца ў блізкую гісторыю — тыя часы, калі толькі-толькі вызначаліся мае творчыя прыярытэты і зьявіліся першыя публікацыі на старонках "Нашай Нівы". Вострых пытаньняў Аўген не ўздымаў. А вось Ігар Бабкоў патрабаваў ад мяне выдаць ваенную таямніцу (асьцярожна цытацыя прыблізная!): "Столькі часу хаваючыся ад народу ў сеціве, як жа ты наважыўся ўрэшце матэрыялізавацца ў Менску? Мы не былі да канца ўпэўненыя, што ты зьявішся тут". Седзячы на крэсельцы леваруч ад экспэртаў, я адказаў моднай у гэтым сэзоне фразай: "Час прыйшоў!", якая гаспадара Галерэі Б. не задаволіла, але па-іншаму я адказаць не патрапіў. Мо' ў тым ліку з-за гэтага Марыя Мартысевіч потым напісала, што я ў «асабістым сумоўі быў падобны да Ўільяма Шэксьпіра, творы якога напісаў Фрэнсыс Бэкан».

Blonde-attack "За Балахонава"
Ганна Кісьліцына наўпрост заявіла, што сымпатызуе мне, як аўтару. Дзялілася станоўчымі ўражаньнямі ад чытаньня "Імя грушы" і неўразуменьнем ад рэзкіх крытычных водгукаў аб ёй (прынамсі, быў згаданы артыкул Зьмітра Вішнёва "Катаракта пані Грушы"). Спадарыня Ганна заявіла, што змагаецца і будзе яшчэ пэўны час змагацца "за Балахонава", распавядаючы пра фэномэн маёй творчасьці ўсюдых, дзе гэта наагул магчыма (радыё "Культура", настаўніцкія выданьні). Мячык з пытаньнем пра адносіны да крытыкі перапасавалі мне. Я адказаў, што нічога аж занадта зласьлівага, зьедлівага ці абражальнага я не знайшоў ні ў артыкуле Данілы Жукоўскага, ні ў тэксьце Зьм.Вішнёва, што ўсё было дастаткова прадказальным, калі ўспамінаць іх водгукіна іншыя творы сучаснае беларускае літаратуры. Аднак датычна да Вішнёва мае словы прагучэлі мабыць троху рэзкавата, ажно апасьля бард Андрэй Мельнікаў папікнуў мяне ў дробнаснасьці.

Пачварныя старонкі Булак-Балахонава
Шаноўны Ўладзімер Арлоў, равесьнік майго бацькі, спачатку праехаўся па маім прозьвішчы, сказаўшы, што так і хочацца назваць мяне не Балахонаў, а Булак-Балахонаў (асацыяцыі зь ведамай постацьцю генэрала Станіслава Булак-Балаховіча). Сьледам было сказана пра найбольш упадабаны ім фрагмэнт з маёй кнігі, і аўдыторыя, ледзьве не затаіўшы дыханьне чакала немінучага цытаваньня. "Вось мой любімы ўрывак з апавяданьня «Паляваньне на пачварнага парсюка», - сказаў спадар Уладзімер. - Гэта старонкі 140-141". Па залі пранесься сьмяшок. А тыя гледачы, што мелі пры сабе кніжку сталі хуценька вышукваць "запаветную цытату". Пазьней яна прагучала з вуснаў самога Ўладзімера Арлова зь вельмі іранічнай інтанацыяй: "Гукалі, дзей яна яшчэ ня быўшы ўдавіцаю, чыніла любы з Данілам, але ж ня толькі зь ім, а яшчэ з цэлым рэестрам віленскіх мяшчанаў, жаўнераў ды нават, даруй Божа, сьвятароў трох канфэсій хрысьціянскіх. А адна сьпісковая цнатліўка, праз рот каторай віднеўся муражок, на якім стаяла, цьвердзіла, што да Альжбэты захаджваў сам ягамосьць Жыгімонт Аўгуст". Калі ж ён стаў гаварыць пра агульных пэрсанажаў у яго і маёй творчасьці (той самы пачварны парсюк, "какадрылы", лепельскі азёрны цмок), сёй-той з аўдыторыі засумняваўся, ці не ў Арлова я тых пэрсанажаў злапсьціў. Адкажу зараз: пра ўсе гэтыя паўмітычныя стварэньні я даведаўся незалежна ад спадара Арлова, але знаёмы з онымі таксама і па ягоных творах.

Станкевіч, Якубовіч і сэксуальны шквал
Валер Булгакаў спамянуў пачатак майго публічнага творчага шляху, паведаміўшы, што ў 1998-1999 гг. я быў дапішчыкам газэты "Наша слова". Сам Валер у той час быў пэўна ж чытачом названага выданьня, бо заўважыў такі між іншых артыкулаў маю публіцыстыку, зь якой ірвалася лексіка слоўніка Янкі Станкевіча. Хочу раскрыць сакрэт. У канцы мінула стагодзьдзя ў мяне не было вялікага слоўніка Я.Станкевіча ню-ёркскага выданьня 1990 г., і бальшыня лексікі мною чэрпалася з тэкстаў, што друкаваліся ў альманаху "Фрагмэнты". Да многіх з гэтых тэкстаў меў дачыненьне акурат спадар Булгакаў як перакладчык і як аматар "станкевіцы".
Таксама Валер патлумачыў, што мае творы ARCHE раней друкаваў часта, а зараз друкуе радзей, бо памянялася агульная скіравансьць часопіса, які стаў больш навуковым і навукова-папулярным выданьнем. Прагучала пытаньне, ці добра адбіліся на продажах маёй кнігі згадкі пра яе ў газэце адміністрацыі беларускага прэзыдэнта "Советская Белоруссия" і ці пагадзіўся б я ўзяць удзел у круглым стале, які зьбіраў бы рэдактар "СБ" Павал Якубовіч. На першую частку таямніча адказаў Аўген Касьцюшка: "Хутчэй так, чым не" і склаў падзяку тым людзям, якія спрычыніліся да публікацыяў у "СБ". Мелася на ўвазе спадараня Людміла Рублеўская, а таксама адна дзяўчына, якая сядзела ў зале і пры словах падзякі ўсьміхалася. На другую частку пытаньняя адказаў сам: "Пагадзіўся бы, калі б меў час". Удакладненьне на конт нястачы часу зусім не какецтва, а канстатацыя факту: выехаць буднім днём з Гомеля ў Менск для мяне вельмі праблематычна цягам амаль цэлага года, бо маю шасьцідзённы працоўны тыдзень, а адгуламі асабліва не параскашуеш... Гэтая я да таго, што даводзілася колькі разоў адмаўляцца да удзелу ў круглых сталах, якія зьбірала рэдакцыя ARCHE.
Ці то ўзмацняючы напал правакатыўнасьці, ці то выступаючы ў ролі ганаровага свата, Валер Булгакаў сказаў: "У многіх вашых творах, а пагатоў сяньняшнім выступу аж зашкальвае сэксуальная энэргетыка. Пытаньне з гэтай нагоды: які ваш сямейны статус?" Я не адчуў сябе ніякавата, бо хаваць жа няма чаго, і многа хто з маіх чытачоў ведаюць, што я халасты. Гэта я і агучыў для ўсёй аўдыторыі. Тым часам з залі прагучала ці ня самая зачотная рэпліка на конт майго сямейнага становішча: "Клясны кіраўнік". Прыемна, што нехта ўважліва чытае мой інтэрнэт-дзёньнік.

Мельнікаў forever
Важным удзельнікам сэансу маёй матэрыялізацыі быў бард Андрэй Мельнікаў. У розных частках вечарыны ён выканаў свае вядомыя і малавядоыя песьні. Прагучалі "Вядзьмарка", "Падары мне, дзядзя...", "Ясна панна", "Лодка «Курск»", "Пакроў". Андрэй вельмі творча падыйшоў да свайго ўдзелу ў вечарыне і пачатак практычна кожнага сьпеву суправаджаўся своеасаблівым эпіграфам – пэўнай трапнай цытатай з раману "Імя грушы". Вайсковая тэматыка, якая раз-пораз узьнікала цягам прэзэнтацыі, прабіла спадара Мельнікава на настальгію і ён натхнёна з экспрэсіяй зацытаваў верш пра железных чэкістаў, чым нямала ўзрушыў аўдыторыю. Пры канцы ж імпрэзы ён пажадаў мне кідаць постмадэрнізм і кшталтаваць сваю творчасьць далей, становячыся больш сур'ёзным у стаўленьні, як да сваіх талентаў, гэтак і да чытача. Некаторыя чытачы з гэтым не пагадзіліся. "Вось напрыканцы імпрэзы Мельнікаў, здаецца, сказаў, што творы ў Балахонава добрыя, але чакаем на больш сур'ёзныя. Дык ня трэба! Кожны незалежны беларускі пісьменьнік імкнецца напісаць чаго-небудзь звышпатрыятычнага, на злобу дня. А празрыстых, не запэцканых палітыкай твораў амаль і няма. Няхай хаця б Балахонаў будзе працягваць пасьпяхова рухацца ў гэтым накірунку!" – рэфлексуючы над вынікамі вечарыны, адцеміў блогер Slaver_Be.

Застацца смольлю на губах...
І ўсё ж самым кранальным момантам усёй вечарыны я лічу заключны ейны акорд. Аб'яўляючы апошні нумар, Ігар Бакоў троху сумеўся, бо ў прапанаваным яму аркушыку са сцэнарам красаваў наступны запіс: "3) песьня ад гледачоў (?)". Акурат пытальнік і зьбянтэжыў, але глядач, а дакладней глядачка, усё ж выйшла. Вольга Афіцэрава чароўна выканала песьню "Останусь" расейскага гурту "Горад 312" у маім беларускім перакладзе:
Застацца смольлю на губах,
Застацца полымем ў вачах,
Ў руках тваіх уздыхам ветру...
Застацца сьнегам на шчацэ,
Смугою сьветлай на рацэ,
Дзеля цябе застацца – сьветлай.

Гэта было, безь перабольшваньня, казачнае адчуваньне. Пераклад на той момант быў вядомы многім менскім блогерам, і ня дзіва, што некаторыя зь іх (асабліва дзяўчыны) спадзяваліся, што беларускі варыянт песьні прагучыць. "Я сапраўды марыла, каб хто-небудзь там яе заспяваў..." – занатавала пазьней у сваім віртуальным дзёньніку адна зь юных блогерак.

Аўтограф-сэсія
Калі вечарына скончылася, а я ўжо добра матэрыялізаваўся, многа гледачоў-чытачоў засталіся, каб узяць у мяне аўтограф. Што і казаць, гэта была мая першая ў жыцьці аўтограф-сэсія, калі даводзілася падпісваць маю кнігу дзесяткам чалавек, спрабуючы намудрагеліць (зарыгінальнічаць) з тэкстам. Зрэшты, чытачы і самі былі хвацкія да арыгінальшчыны і патрабавалі паставіць аўтограф то ў канцы кнігі, то на слаўнапамятных старонках 140-141. Што праўда, самы скандалёзны аўтограф так і ня быў пастаўлены, бо дзеўчына пасаромелася нават назваць тое запаветнае месца, дзе я мусіў бы па ейнай папярэдняй задуме расьпісацца. Але, як той казаў, усё яшчэ наперадзе. Спадзяюся, што сустрэч з чытачамі будзе яшчэ багата, і ўсе яны будуць узаемна шчодрымі на станоўчыя ўражаньні.