КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ЧЫРВОНАСЬЦЯЖНАЯ


 ПРОЗА: ЭСЭ, АПАВЯДАННІ, САГІ, АРТЫКУЛЫ

Звышнатуральнае пачуццё

У сям’і не было нейкага адмысловага выхавання любові да беларускага. Але, зрэшты, ні ад таты, ні ад мамы – выхадцаў з вёскі – нельга было пачуць абразлівых словаў на адрас беларускае мовы. Мне не давялося наўмысна станавіцца беларусам. Колькі сябе памятаю, я заўсёды прыязна ставіўся да беларушчыны. Мне з дзяцінства падабалася беларуская мова. Чаму так сталася, я дагэтуль не магу патлумачыць рацыянальным чынам. У доме былі кнігі беларускіх і рускіх народных казак на беларускай мове – мае ўлюбёныя чытанкі з таго моманту, як я ўвогуле навучыўся чытаць. Яшчэ да школы мне было вядома, што я беларус. Што праўда, спачатку вымаўлялася мной гэтае слова няправільна – бералус. Не зважаючы на такую акалічнасць, я ганарыўся і нават быў у пэўнай ступені шчаслівы ад таго, што з’яўляўся бералусам. У вёсцы любіў гартаць беларускамоўны буквар Анатоля Клышкі. Мабыць, з яго я ўпершыню даведаўся пра Францішка Скарыну. Рускамоўныя буквары і азбукі, з якімі даводзілася засвойваць грамату ў школе, такой магчымасці не давалі.

Як непапраўны ідэаліст я часцяком выгледжваю вытокі ўласнае беларускасці ў нечым звышнатуральным. Іншым разам я проста перакананы, што ўва мне праявіўся невядомы навуцы ген беларушчыны. Бывае, я тлумачу сваю беларускасць тым, што ў маленстве быў уджалены роем крывых пчол, якія, баронячы вуллі свая, не зрабілі мне смерць, а прышчапілі любоў да тутэйшае зямлі і яе мовы. Зусім нядаўна мне расказалі, што зноў жа ў маленстве мяне вельмі злякаў сабака – злякаў так моцна, што мая звычайная бойкасць некуды прапала, замяніўшыся невытлумачальнай бояззю ўсіх і ўсяго. Адзіным чалавекам, да каго пайшоў без боязі, была бацькава бабуля – носьбітка сакральнай народнай веды. Я не памятаю ні яе, ні ўсёй гэтай гісторыі. Але, кажуць, пасля яе шэпту маё насланнё знікла. А можа, у шэпце была не толькі сіла, здольная выратаваць ад злякання?..

Зрэшты, маё звышнатуральнае навяртанне ў беларушчыну кампенсавана тым, што я ніяк не магу перайсці на беларускую мову як асноўную мову паўсядзённай камунікацыі. Не атрымалася гэтага зрабіць ні ў 1990-я гады, ні ў пачатку новага тысячагоддзя. Цяпер я нават не рызыкую марыць пра тое, што такі пераход для мяне магчымы. Хаця думаю пераважна па-беларуску. Творы таксама пішу па-беларуску. Беларускія прыказкі і прымаўкі першымі прыходзяць у галаву і ў разе патрэбы агучваюцца нават у рускамоўным коле. Ужываць беларускую мову шчасціць па родзе заняткаў (пакуль выкладанне гісторыі Беларусі цалкам не пераведзенае на рускую мову), у вузкай сяброўскай кампаніі, у сеціве… Безумоўна, гэта вельмі мала. У гэтым мая жыццёвая драма. Я па-ранейшаму ганаруся тым, што з’яўляюся беларусам. У цяперашнім адчуванні гонару няма колішняй дзіцячай наіўнасці, няма і былога юнацкага пафасу. Мне проста хочацца быць беларусам. Быць і нікому не тлумачыць, навошта мне тое патрэбна. Мяркую, што гэта вельмі беларускае жаданне.

Тэкст напісаны для праекту «Як я стаў беларусам?» кампаніі «Будзьма». Упершыню апублікаваны на сайце кампаніі 24 лiстапада 2009 г.



Выказацца з нагоды прачытанага (прэмадэрацыя)

Імя

Паведамленьне










Puls.by - в ритме жизни! Rating All.BY Каталог EXE.BY Каталог+поисковая система Каталог TUT.BY Белорусский рейтинг MyMinsk.com Яндекс цитирования
Асноўны зьмест © Сяргей Балахонаў | Дызайн © Ad Minataurus
Разьмяшчэньне любых матар'ялаў на іншых вэб-праектах дазваляецца з пазнакай аўтарства і спасылкай на гэты сайт.
Іншыя формы публікацыі дапускаюцца па ўзгадненьні з аўтарам.