
Бегла аднойчы лісічка. Ці то з бору, ці то з дубровы. Ці то з панства кітайскага, ці то з вёскі суседняй. Бегла яна, бегла, дый сустрэла асілка Мікулу Бабакулу Пакацігарошка. Асілак каціў перад сабой не гарошыну, а камень-аграмень велічынёю з тры гаспадарскія палацы.
– А чаго ты, Мікула Бабакула Пакацігарошак, камень-аграмень коціш і свету белага не бачыш? – запыталася лісічка.
– Эх, лісічка-сястрычка, выпала мне доля такая ад злых чараў Кашча Бяссмертнага, Югі-Бабы ды Чорнага Цмока – пажыральніка жалезнага бобу, – паскардзіўся асілак і працягваў каціць камень-аграмень.
– А за што табе такая доля выпала? – пытала лісічка, ідучы побач з ім.
– Ды ўжо ж было за што! У Кашча Васілісу, Марфу, Аграпену і Біруту звёў. У Югі-Бабы хатку на курыных лапках без дазволу запазычыў. Чорнага Цмока без жалезнага бобу пакінуў, а гарошак зялёны звычайны падкінуў. Вось яны ўсе разам і пастанавілі адпомсціцца на мне. Апутаны іх чарамі, я павінен каціць камень-аграмень праз лясы дрымучыя, балоты цягучыя, палі шырокія, каб на горы высокія ўзняць і на вышэйшую з вяршынь усталяваць. А да гор тых, можа, тысячу вёрст вялікалітоўскіх.
Паглядзела на яго лісічка, за вухам сабе пачухала, дый кажа:
– А ці не ты некалі кідаў у неба булаву аж на сем тысяч пудоў, а яна потым адзін год, тры месяцы і два з паловай дні адтуль вярталася?
– Я! Чаго толькі не было па маладосці, поўнай дурносці! – крыкнуў Мікула Бабакула Пакацігарошак ці то ў радасці, ці то ў засмучэнні, кацячы няспынна камень.
– А ці не ты гару ледзяную ад вытокаў трох рэк бурлівых за тры тысячы вярсты на мора, на кіян, на востраў, на Буян закінуў?
– Я! Чаго толькі не было ў юнацтве, поўным забіяцтва! – крыкнуў Мікула Бабакула Пакацігарошак ці то з уцехай, ці то з журбою, кацячы няспынна аграмень.
– І што цяпер з тваёй сілай магутнай? Хіба прапала? – спыталася лісічка.
– Не! – адказаў Мікула.
– І што цяпер з тваёй трапнасцю выдатнай? Хіба знікла? – спыталася лісічка.
– Не! – адказаў Мікула.
– Дык навошта ты тады коціш камень-аграмень? Узяў бы яго ды адным поштурхам маладзецкім на вышэйшую вяршыню тых гораў высокіх закінуў, – параіла рудзенькая.
Асілак здзівіўся і запярэчыў:
– Але ж я табе сказаў, што на мне чары!
– І дзе ж тыя чары? – не сунімалася хвастаценькая.
Асілак здзівіўся шчэ больш:
– Але Кашч Бяссмертны, Юга-Баба і Чорны Цмок мне так сказалі!
– І дзе ўсё-ткі чары? – налягала лісічка.
Асілак зусім збянтэжыўся:
– Няўжо іх няма?
– Я толькі здагадваюся, а вырашаеш ты сам, – прамовіла лісічка і пабегла далей па сваіх лісічкавых справах.
А Мікула Бабакула Пакацігарошак спыніўся, падняў камень-аграмень і шпурнуў яго за тысячу вёрст вялікалітоўскіх над лясамі дрымучымі, балотамі цягучымі, палямі шырокімі, на горы высокія і іх вышэйшую вяршыню. Шпурнуў, развярнуўся і пашыбаваў прэч. Можа, да паповай дачкі ў Кіеў, а можа, да млынаровай сястры ў Менск.
студзень 2011 г.
Фота:
ozanimals.com