
Даўным-даўно, мабыць, яшчэ да гэтага свету, бегла лісічка з усходу на захад, несла залатога пеўня ад усходняга цара цару заходняму. А дарога яе ішла акурат праз нашыя мясціны. Дык сустрэла лісічка сустрэла трох аратых за працай. Спытала яна ў першага аратага:
– Араты, араты, а што ты робіш?
– Хіба не бачыш, рудая, зямельку ару, – адказаў той.
Спытала потым у другога:
– Араты, араты, а што ты робіш?
– Хіба не бачыш, рудая, духам узвышаюся, – адказаў той.
Спытала тады і ў трэцяга:
– Араты, араты, а што ты робіш?
– Хіба не бачыш, рудая, раблюся чалавекам, – адказаў той.
Здзівілася лісічка іх розным адказам і пабегла далей на захад, бо не мела дастаткова часу, каб болей з кожным аратым паразмаўляць. Адклала размову на апасля, на зваротную дарогу.
Здаецца, і няшмат часу мінула, і во ўжо бегла лісічка з захаду на ўсход, несла залатую курыцу ад заходняга цара цару ўсходняму. Не прамінула нашыя мясціны, але не застала тут ні аратых, ні раллі. Заспела затое пяць падворкаў, а на іх – па адным мудрацу.
Забегла лісічка на падворак да першага мудраца, які корпаўся ў гноі.
– Што ты робіш? – спыталася лісічка.
– Дыяменты збіраю, – адказаў той.
Рудая здзівілася і забегла на падворак да другога мудраца, які ўзважваў гной на шалях.
– Што ты робіш? – спыталася лісічка.
– Меру шукаю, – адказаў той.
Рудая здзівілася і забегла на падворак да трэцяга мудраца, які кідаў у гной пірагі.
– Што ты робіш? – спыталася лісічка.
– Нязлучнае злучаю, – адказаў той.
Рудая здзівілася і забегла на падворак да чацвёртага мудраца, які з гною коніка ляпіў.
– Што ты робіш? – спыталася лісічка.
– Пра вечнае дбаю, – адказаў той.
Рудая здзівілася і забегла да падворку да пятага мудраца, які выпацкаў вароты гноем, зачыніў, прымкнуў іх і паглядаў вонкі праз дзірачку.
– Што ты робіш? – спыталася лісічка.
– Тваю цікавасць спакушаю, – адказаў той.
У вялікім здзіўленні пабегла лісічка далей на ўсход, бо не мела дастаткова часу, каб болей з кожным мудрацом паразмаўляць. Адклала размову на потым, на зваротны шлях.
Здаецца, і нямнога часу сплыло, і во ўжо зноўку бегла лісічка з усходу на захад, несла залатога індыка ад усходняга цара цару заходняму. Не збочыла міма нашых мясцінаў, але не ўбачыла тут ні мудрацоў, ні іх падворкаў. Угледзела затое трох волатаў з сваімі забавамі маладзецкімі.
Падбегла яна да першага волата і папытала:
– Што ты робіш?
– Дуброву ссек, дубы паабчэсваў і цяпер адзін на другі стаўлю, каб да Месяца яснага вежу паставіць, – адказаў той.
Уражаная лісічка пабегла да другога волата і папытала:
– Што ты робіш?
– Бярэзнік ссек, бярозы паабчэсваў і цяпер іх так прыгожа стаўлю, каб дзяўчатам з-за Дунаю спадабалася, – адказаў той.
Уражаная лісічка пабегла да трэцяга волата і папытала:
– Што ты робіш?
– Ельнік ссек, елкі паабчэсваў і цяпер з іх такую хітрую камору стаўлю, каб лісічку, што ад усходняга да заходняга цара бегае, паланіць, – адказаў той, схапіў руду за хвост і закінуў у пастку разам з залатым індыком.
Што стала потым, ніхто толкам не ведае. Але самыя старыя дзяды казалі, што з-за гэтага і ўсходні цар усходзіўся, і заходні захадзіўся, дый пайшлі яны вайной у нашыя мясціны за індыка залатога, за лісічку цікаўную. Пайшлі, ды заблукалі, крыку паднялі, цмока нявіннага разбудзілі. А нявінны цмок доўга не разбіраўся за падбіты сон з абодвума царамі паквітаўся і хвост на нашы мясціны палажыў. Добра, што тое яшчэ да нашага свету было, і мне гэтага бачыць не давялося. А то б не мёд і піва піў, а буйную галовачку б злажыў пад ракітавым кустом, пад калінавым мастом, паміж Сожам і Гайнай з-за лісічкі цікаўнай.
люты 2011 г.
Фота:
alaarch