КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ЧЫРВОНАСЬЦЯЖНАЯ
 МЫ РЭКЛЯМУЕМ
Імя грушы
  ПРОЗА: АРТЫКУЛЫ, АПАВЯДАНЬНІ, САГІ, ЭСЭ

Усе аквамарынавыя героі

J:МОРС. Аквамарин. Вестрекордс-плюс, 2009

J:МОРС Аквамарин
Не сакрэт, што гурт J:МОРС выдаў дзівосны альбом пад назвай "Аквамарин", які адразу прыцягнуў увагу ня толькі збоку грамады адданых прыхільнікаў, але і з боку размаітых крытыкаў, што прымроілі сябе носьбітамі ісьціны самай апошняй Канстанцыі інстанцыі. На тле магутнасьці інтэлектуальных стрэлаў апошніх нават няёмка брацца за пазітыўную крытыку гэтага альбома. Таму рэдакцыйная рада (дзьве розных вайны ў галаве) сайту "Тэзэй беларускага постмадэрнізму" вырашыла абраць іншы шлях. Праслухаўшы адзінаццаць асноўных песень і тры бонус-трэкі альбому "Аквамарин", мы пастанавілі тэрмінова адшукаць іх галоўных герояў. Справа гэта была не зусім простай, але вельмі цікавай.

"№1"
Галоўная гераіня песьні "№1" жыве ў адным зь беларускіх гарадоў і працуе ў філіяле аднаго з апэратараў мабільнай сувязі. Прынамсі, так яна нам паведаміла. Яна равесьніца саліста J:МОРС Уладзіміра Пугача.

Тэзэй. Раскрыйце, калі ласка, сакрэт, хто ці што хаваецца пад найменьнем "№1". Чаму ён то "не дает огня, просто режет глаза ярким светом", то "плачет, уходя"?

Гераіня. Якімі ж вы мужчыны бываеце някемлівымі! У гэтай песьні Валодзя вельмі добра апісаў сытуацыю разыходу зь першым каханьнем і выйсьцем на новы жыцьцёвы этап. Усё так і было. Амаль тысячу год таму. Мой каханы малады чалавек сыходзіў ад сваёй першай дзяўчыны. Яго мучылі згрызоты сумленьня, яна нейкі час мазоліла яму вочы, але мусіла зыйсьці. І я, і ён кахалі адно аднаго. Думалася, што гэтак будзе заўжды. Мы былі бязьмежна наіўнымі, "обнимая грозу, задыхаясь светом". Вельмі проста я магла яму "обещать, что у нас будут дети". Як вы разумееце, гэта ўсё было толькі вялікай юнацкай ілюзіяй... Мы даўно не разам. І агульных дзяцей у нас няма.

Тэзэй. А што азначае выраз "руны в твоей голове"?

Гераіня. Усё вельмі проста. Я ж па адукацыі - гісторык. У той час я вельмі апантана займалася вывучэньнем скандынаўскіх уплываў на беларускія землі раньняга сярэднявечча. Таксама думалася, што гэтае захапленьне назаўжды. Цяпер варта было б сьпяваць інакш - "конъюнктура рынка мобильных телефонов в твоей голове". Ніякай рамантыкі, на жаль.

"НЕВИДИМА И СВОБОДНА"/"НЕВИДИМА И СВОБОДНА" (ALT VERSION)
Галоўная гераіня гэтай песьні прыехала ў Мінск з правінцыі (зрэшты, камусь і Мінск правінцыя) і навучаецца ў адной з вышэйшых навучальных устаноў па спэцыяльнасьці, зьвязанай з культурай.

Гераіня. Спадар Балахонаў, я не разумею, навошта вам гэта патрэбна.

Тэзэй. Прабач, Юля, але краіна павінна ведаць сваіх герояў.

Гераіня. А што такога гераічнага зрабіла я? "С первой попытки красиво раздеться"? Дык гэтую праграму мінімум добра выконвае ці не палова нашай краіны.

Тэзэй. А як жа "злая наука делать из крыльев руки"?

Гераіня. Ну, быў такі досьвед. І што з таго? Каго толькі не абломвала "дерзкое, злое дыханье столицы"! І я не вынятак з правіла. Таму і ваша цікавасьць да маёй асобы, і ўвага спадара Пугача мяне пужае. Я хачу проста давучыцца, атрымаць спэцыяльнасьць і ўдала выйсьці замуж. Каб ніякіх "карнизов" і "контуров мелом"! Каб быць жывой, а ня толькі на "полотнах" тых-сіх мастакоў-авангардыстаў.

"ВАТЕРЛОО"
Герой гэтай песьні назваўся супрацоўнікам мінскага інстытуту часу. І хаця нам вядома, што такой установы ў Мінску няма, мы не прамінулі задаць гэтаму чалавеку колькі пытаньняў.

Тэзэй. Вы як спэцыяліст па часу мусіце добра ведаць: "Время - вода" ці "Время - стекло"?

Герой. І тое, і тое. Час хуткаплынны, як вада, і крохкі, быццам шкло.

Тэзэй. Але Ўладзімір Пугач сказаў, што "стекло" значыць ня "шкло", а "истекло" ("выцекла").

Герой. Здаецца, што ён проста какетнічае. Бо гэта зусім не галоўная журавінка песьні.

Тэзэй. А што тады? "Мох на камнях"? "Бастионы в тени"?

Герой. Гэта ўсё, безумоўна, па-напалеонаўску прыгожа. І "потускневший графит", і пацалункі "только в щеку и в лоб". Але на першым месцы, як я ведаю, прывітаньне Людвігу ван Бэтховэну.

Тэзэй. Што вы маеце на ўвазе?

Герой. Сорамна, малады чалавек, ня ведаць. Вы ж не які-небудзь запісны музычны крытык, чые спазнаньні ў музыцы сканчаюцца часамі Мэрылін Манро.

Тэзэй. Ды я, кагбэ і не крытык...

Герой. Але ж 5-тую сымфонію Бэтховена ведаеце. Я па вачах бачу, што "Алегра з агнём" вам вядома.

Тэзэй. Вядома. Але да чаго тут J:МОРС?

Герой. Пераслухайце пачатак сымфоніі, а потым прыпеў песьні "Ватерлоо", тады і будзем размаўляць больш дэталёва. А зараз прабачце, мне трэба рамантаваць машыну часу.

"МЫ СТАНЕМ"
Высьветлілася, што героямі гэтай песьні стала маладая пара: ён - праграміст, яна - фатограф.

Тэзэй. Ведаеце, а Ўладзімір Пугач на гомельскім канцэрце сказаў, што гэтая песьня пра іх, то бок пра гурт J:МОРС. Што вы скажаце з гэтай нагоды?

Герой. Па вялікім рахунку героем песьні "Мы станем" можа быць любы творчы чалавек з амбіцыямі, які, праўда, мае пэўную плянку самакрытычнасьці, здольны іранізаваць з самога сябе.

Гераіня (усьміхаючыся, глядзіць на героя). Але ў гэтай песьні гаворка пра нас з мужам. Магчыма, нас яшчэ ня ўсе пазнаюць сёньня на вуліцах Мінску, Вільні, Кіева, Варашавы. Але ў нас ёсьць здаровая ўпэўненасьць, што зусім хутка "Мы станем станем фото для стартовых страниц".

Герой (падтрымлівае ўсьмешку гераіні). "А что на ещё нужно?"

Тэзэй. Пытаньне сапраўды рытарычнае, пагатоў "планета качала ваш контент". А скажэце тады, што маецца на ўвазе ў радку пра "смешной язык для птиц"? Наколькі мне вядома, птушынай мовай ("птичьим языком") называюць незразумелыя словы, якія дзіўна гучаць.

Герой. Маецца на ўвазе адна зь вельмі складаных моваў праграмаваньня. Калі паспрабаваць на ёй размаўляць, дык у вас і не такія мэтафары ўзьнікнуць!

Тэзэй. А гэты радок: "Состоять из осколков, но сиять"?

Гераіня. Гаворка пра майстэрства апрацоўваць фотаздымкі ў Photoshop. Калі вы хоць аднойчы мелі справу з гэтай праграмай, то дастаткова проста зразумееце сэнс радка.

Тэзэй. Дзякуй. Ня буду адрываць вас ад далейшых творчых пошукаў. Зычу, каб вашы крылы "не зачехлялись к осени".

"ЖАРКОЕ ЛЕТО"
Гераіня песьні "Жаркое лето" сустрэла мяне ў сваёй кватэры, апранутая ў лёгкі чырвоны халацік. Выпрабаваньне для змагара зь мінатаўрамі атрымалася ня самым лёгкім.

Тэзэй. Праўда, што ў вашай "ванной Амстердам"?

Гераіня (хітра ўсьміхаецца). Калі хочаш, магу паказаць. Зрэшты, Амстэрдам у мяне паўсюль - і на тахце, і на сэкрэтэры, і нават на кухонным стале. Верыш ці праверыш?

Тэзэй (ацірае лоб ад буйных кропляў поту). Дзякуй, веру.

Гераіня. Ну, і тэзэі сёньня пайшлі. Такія пужлівыя. Чаго ты калоцішся? Баішся "безумных ядов моих ядов"? Дык ня бойся, ад лішняй порцыі маёй "клубнички" яшчэ ніхто не памёр.

Тэзэй. Давайце, ня будзем лепш пра гэта.

Гераіня. Як ня будзем? Вы ж хацелі пра песьню J:МОРС "Жаркое лето" пагаварыць. А як жа ж мы будзем пра яе гаварыць, не згадваючы гэта. Уся ж песьня пабудавана на гэтым!

Тэзэй. Э, не! У песьні яшчэ "Шенген на год" узгадаецца. Крытыкі цьвердзяць пра сацыяльны падтэкст!

Гераіня. Людзям проста няма чаго рабіць. Насамрэч, "Шенген на год" у дачыненьнях са мной не зьяўляецца вялікай праблемай. Вось калі б ты са мной падачыняўся цэлы год, то сам бы змог сказаць, ці многа гэта. Я заўсёды рада працягнуць візу на большы тэрмін. Але мала хто з маіх мужчын вытрымліваў дванаццаць месяцаў унутранага бязьвізавага рэжыму. Во дзе сапраўдная сацыяльшчына хаваецца!

"ПАДАЙ"
Героем песьні "Падай" зьяўляецца малады беларускі касманаўт. Ён пагадзіўся адказаць літаральна на пару пытаньняў пры ўмове, што яны ня будуць тычыцца дзяржаўных таямніц.

Тэзэй. Што такое "негасимый свет новых Че Гевар"?

Герой. Новыя Чэ Гевары - гэта сузор'е, якое нядаўна адкрылі нашы навукоўцы. Менавіта, туды я і мая каманда неўзабаве паляцім.

Тэзэй. У такім разе сэнс песьні надта добра праясьняецца. "Падай ко мне наугад, в этот ад, в это шоу" - гэта яўны заклік да вашай каханай дзяўчыны. Ці ня так?

Герой. Абсалютна дакладна. Яна вельмі доўга вагалася. Даводзілася яе ўгаворваць і пераконваць. Урэшце, перамагло каханьне. Мы разам ляцім да зор.

"СЕРЕБРОМ"
Герой песьні "Серебром" апынуўся яшчэ адным маладым беларускім касманаўтам. Ад размовы ён ухіліўся. Вядома, што ў адрозьненьні ад свайго калегі зь песьні "Падай" ён так і ня здолеў пераканаць сваю каханую дзяўчыну ўвайсьці ў склад каманды для палёту ў космас. Колькі ён ні паўтараў, як заклён "а ты всё решай сама, длиною в Млечный путь медленная зима", дзяўчына засталася пры сваім меркаваньні - застацца на Зямлі. Добра, што хоць J:МОРС пра гэта песьню напісаў.

"МЕТАЛАСЬ"
З журналісткай, гераіняй песьні "Металась", мне давялося гутарыць пры дапамозе мабільнае сувязі. Спачатку, яна пяць разоў кідала трубку і крычэла: "Калі ж ты, казёл, мне званіць перастанеш?!" На шосты раз яна трохі ачомалася і стала пачувацца вінаватай.

Гераіня. Прабачце мяне, калі ласка, ненармальную дуру. У мяне тут лямпа настольная выбухнула. У каторы ўжо раз!

Тэзэй. Усё дакладна, як у песьні.

Гераіня. Якой яшчэ песьні?

Тэзэй. "Металась" з новага альбома гурту J:МОРС.

Гераіня. А-а-а, ясна. Яна валяецца ў мяне ў айподзе, але я толкам яшчэ ня слухала. Я больш Ляпіс Трубяцкой люблю.

Тэзэй. Паслухайце. Але зараз скажэце, ці вы сапраўды захапляецеся арыгамі?

Гераіня. Быў такі грэх. Я запоем складала папяровых жураўлікаў, а яны ўсе пыхалі агнём і гарэлі сінім полымем. Такая анамалія...

Тэзэй. Мяркуючы па ўсім, гэта не адзіная анамалія, якая здараецца ў вас. Ужо ж было, што "куда-то пропала с последней надеждой чужая одежда"?

Гераіня. Так. Дзіўна, што вам гэта вядома. Ня знаю, хто ўжо мяне так любіць, што выдае ўсе мае таямніцы. Умешваецца ў маё асабістае жыцьцё. Іншым разам нават "пьяное танго на сутки в квартире" спакойна не арганізуеш. Заўсёды гэтыя дэбільныя "звонки ниоткуда"... Нават "киви в мундире" не дапамагае пераадолець горыч ад усяго гэтага. Пакуль апамятаешся, дык ні "чужой одежды", ні яе носьбіта не з днём з агнём адшукаеш. А я ж "свечи жгла"...

Тэзэй. Але ж вы пішаце геніяльныя артыкулы на музычную тэматыку!

Гераіня. Ведаеце, калі ў жыцьці "секс, как открытка, и рейв, как микстура", то volens nevolens даводзіцца іншым разам пісаць нешта геніяльнае.

"НЕ ЗДАВАЙСЯ"/"НЕ СДАВАЙСЯ"
Як аўтару дасьледваньня "Зямля пад крыламі фэнікса" мне было вельмі цікава знайсьці героя песьні "Не здавайся". Той самай, дзе згадваецца стомлены фэнікс. Высьветлілася, што герой працуе на адным буйным беларускім партале, дзе спэцыялізуецца на тэмах навукі і культуры.

Тэзэй. Напэўна, і сапраўды вельмі цяжка прапускаць празь сябе вялікія інфармацыйныя плыні. Ці часта "гучыць у халодных скронях: усё нельга запомніць"?

Герой. Дастаткова часта. Але я стараюся не здавацца, не зважаючы ні на што. Хай ува мне "затоены без мэты бэкап сусвету", але гэта шчэ ня значыць канец. Я займаюся самаўдасканаленьнем, загартоўкай. Нават, калі халодна, я "азяблы і босы ў кароткім паліто наросхрыст" шпацырую па начных вуліцах.

Тэзэй. І ніхто не чапляецца да вас? Не пытаюць пра гэткі выгляд?

Герой. Не забывайце, што я фэнікс-пярэварацень. Мае шпацыраваньні адбываюцца, зазвычай, у паралельнай рэчаіснасьці "паміж радкоў, па-за этэрам".

Тэзэй. Я так і думаў. Дык а што там за станцыі, паміж якімі, "хто хоча сыходзіць у начы"?

Герой. Вам лепш пра гэтыя акалічнасьці ня ведаць. Скажу толькі, што станцыя наўпрост зьвязаныя зь пераходам між рэчаіснасьцямі. Шмат ахвочых зьдзейсьніць такі пераход, ды мала, каму гэта ўдаецца. "Усім нельга дапамагчы". Толькі выбраным. Для большасьці ж, як зорка, што сьвеціць у жудаснай цемры словы: "Толькі ты не здавайся". Вы зразумелі?

Тэзэй. Не зусім. Здаецца, што ўва мне "сидит и плавит клемы бэкап вселенной". Так і павінна быць?

Герой. Пабочны эфэкт. Спадзяюся, што нашу гутарку вы не забудзеце. Бо ўжо і без таго "згублена досыць".

"ВОЛКИ"
Пасьля фэнікса-пярэваратня я быў маральна падрыхтаваны да таго, што героі песьні "Волки" насамрэч выявяцца не ваўкамі, а ваўкалакамі. Так яно і атрымалася. Праўда, пашчасьціла мне паразмаўляць толькі з галоўнай гераіняй - актывісткай адной дабрачыннай грамадзкай арганізацыі.

Тэзэй. Мне і многім прыхільнікам J:МОРС песьня "Волки" здаецца зусім незвычайнай. Можаце даць свой камэнтар з гэтай нагоды?

Гераіня. Калі вы пра зьмест, дык нічога незвычайнага там няма. Гэта фрагмэнт гісторыі каханьня паміж мной і супрацоўнікам пэўнай беларускай спэцслужбы. Здараюцца іншым разам такія парадаксальныя раманы. Ён спрабаваў мяне завэрбаваць. Месцам нашых агентурных сустрэч ад самага пачатку быў "пустынный северный пляж". Але ўсе гэтыя сустрэчы ў сапраўднасьці ператварыліся ў рамантычныя любоўныя спатканьні. Але так было толькі да некаторага часу. Ён ня здолеў доўга спалучаць каханьне з патрэбай выконваць службовыя абавязкі. Я не змагла доўга спалучаць каханьне з мусовасьцю быць інфарматарам спэцслужбы. Па сутнасьці, і ён, і я былі пярэваратнямі, ваўкалакамі - спачатку для сваіх звычайных асяродзьдзяў, а потым і адно да аднаго. Вось і пачаліся катастрафічныя беды. Каб вы толькі ведалі, наколькі гэта "больно, сердцами наружу"! Мы спрабавалі неяк выкруціцца з сытуацыі, але гэта быў узаемападман. Так, так, "мы выбрали сами обман и рвали друг друга, рыча, от полученных ран, проверяя на прочность свои оболочки"...

Тэзэй. Вельмі ўражвае. Але хацелася б удакладніць, што значаць фразы песьні : "самый последний этаж далеко под ногами" і "Привет твоей маме"?

Гераіня. Самае апошняе наша спатканьне адбывалася на даху шматпавярховага дома. Туды прыляцеў верталёт, і калегі майго каханага тэрмінова забралі яго з сабой. Я стаяла з "глазами лишенными дна" і ліла сьлёзы пад магутнымі парываньнямі ветра ад верталётных вінтоў. Менавіта тады ён і кінуў мне на разьвітаньне ключавую фразу-пароль, якая сьведчыла пра далейшую немагчымасьць сустракацца. Я стаяла заплаканая і думала: "Так хочется сдаться". Але ніхто на мяне ўвагі не зьвяртаў...

"АКВАМАРИН"
Вызначыць, ці ёсьць у песьні "Аквамарин" галоўны герой, было дужа няпроста. Рэдакцыйная рада падказвала, што гэта мог быць і "пресный бензин", і "сирень", і сам "аквамарин". "Даўно марыў паразмаўляць з прэсным бэнзынам сярод "контуров необскребов", " тающего в лужах барбариса" і іншых прыгажосьцяў беларускага мястэчка!" - усклікнуў я і зразумеў, што галоўнымі героямі песьні зьяўляюцца адданыя сябры ("Ну, как ты без них?") каманды J:МОРС. А іх жа (насуперак бурклівасьці крытыкаў) столькі многа, што ўсіх апытаць па-просту немагчыма. Хіба што варта пайсьці на афіцыйны інтэрнэт-форум J:МОРС і стварыць там новую галінку адпаведнай тэматыкі. Гэта значна прасьцей, чым сэрца "собрать по крупицам".

"АДЛІГА"
За героем песьні "Адліга" далёка хадзіць не спатрэбілася. Бо гэта. У самога сябе нічога пытаць прынцыпова ня буду. Калі хочаце, дык задавайце пытаньні Вы, шаноўныя чытачы. Толькі будзьце ўважнымі, бо маё "сэрца жыве, і сэрца хварэе, у сэрцы яшчэ завеі".

10-13.05.2009 г.


Глядзі таксама:

Выказацца з нагоды прачытанага (прэмадэрацыя)

Імя

Паведамленьне








Puls.by - в ритме жизни! Rating All.BY Каталог EXE.BY Каталог+поисковая система Каталог TUT.BY Белорусский рейтинг MyMinsk.com Яндекс цитирования
Асноўны зьмест © Сяргей Балахонаў | Дызайн © Ad Minataurus
Разьмяшчэньне любых матар'ялаў на іншых вэб-праектах дазваляецца з пазнакай аўтарства і спасылкай на гэты сайт.
Іншыя формы публікацыі дапускаюцца па ўзгадненьні з аўтарам.