Беларуская літаратура :: Тэзэй беларускага постмадэрнізму :: сайт творчасці Сяргея Балахонава
 КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ПРОЗА І ПУБЛІЦЫСТЫКА: АГЛЯДЫ, ЭСЭ, НАТАТКІ, ЗАМАЛЁЎКІ

Час вяртацца дамоў

Сяргей Балахонаў. Час вяртацца дамоў | J:МОРС. Адлегласць. West Records, 2007

J:МОРС. Адлегласць. West Records, 2007

Насустрач лявіне
Гэта мабыць першая кружэлка групы J:МОРС, якая так хутка апынулася ў маіх руках. 20 лістапада – у дзень афіцыйнага выйсьця – альбом зьявіўся ў Менску, а ўжо праз тры дні я меў магчмасьць набыць яго ў Гомелі. Зайздросная апэратыўнасьць, нічога ня скажаш. І рэклямная кампанія, што папярэднічала рэлізу, уражвае ня менш. Калі азірнуцца назад і прасачыць яе ад самага пачатку, то можна ўбачыць, што яна была збудавана паводле прынцыпу сьнежнага кому: ад прэм'еры песьні "Беларускае золата" на "Pre-Party MTV RMA 2007" да выданьня ненумарнога альбому "Адлегласць" у суправодзе шматлікіх інтэрвію лідэра групы Уладзіміра Пугача розным выданьням і дабіўным цьвіком у выглядзе эксклюзыўнага плэера iPod, аздобленага гравіроўкай лягатыпу J:МОРС. Не патрапіць пад выніковую лявіну мог толькі той гарадзкі беларус сярэдняга веку, які цікавіцца адно фрэзіровачнымі станкамі, віном ружовым моцным ардынарным і праграмай "Субботний вечер" на канале "Россия". Зрэшты, дапускаю наяўнасьць выключэньняў. Асабіста мне было прыемна засьпець у адной дыскарні тэлефонную размову прадаўца з пастаўшчыком, калі прагучэла канкрэтнае пытаньне: "Ты когда беларускамоўны диск J:МОРС привезёшь?"

Мінус лета
Адзінаццаць песьняў і адзін кароткамэтражны фільм (пра яго асобна трошкі далей) – вось зьмест дыску "Адлегласьць". Усе кампазыцыі на беларускай мове. Гэта канцэпцыя. І гэта канцэпцыя цешыць, ня гледзячы на тое, што даводзіцца мець справу з кактэйлем, які складаецца і з новых, і з раней вядомых песьняў. Слова "кактэйль" я тут ужыў па сваёй старой звычцы. Насамрэч дыск лепей параўнаць зь піцай, якую можна было б назваць "Паравіны года мінус лета". У песьнях альбому "Адлегласьць" восень зноў гайдае ліхтары, а амаль новы вязаны шаль, на жаль, зусім, ня грэе, і мы чамусьці ведаем, што хутка пойдзе сьнег. Той самы сьнег, каторы ўсьцеліць сабою гербарыі, якія вялі нас дамоў. Той самы сьнег, што пакрые сабой дахі аэрапортаў, дзе мы ні ў якім разе непавінны пакідаць сваіх сьлядоў. Той самы сьнег, што растане ўвесну, ператвараючыся ў талыя ручаі, зь якімі сплыве чыёсьці каханьне. Лета няма. Лету тут ня месца. Лету дазволена толькі паступова зыходзіць ці быць добрым успамінам у кантэксьце восеньскага паветра.

Шеучда ыт
Адсутнасьць лета, як і ілюзорная прысутнасьць вясны, у песьнях новага альбому J:МОРС дыктуе адпаведную настраёвую зададзенасьць. Нельга сказаць, што гэта татальная журба ці паўнюткая дэпрэсія. Мне падаецца, што лепшым азначэньнем тут будзе словаспалучэньне шчымлівы сум, але з агаворкаю на самаіронію. Бо акурат самаіронія, нібыта вострая небясьпечная брытва, карэктуе лішкі папсовага патасу. Хіба гэта не яна ў песьні "Беларускае золата" вырынаецца з восеньскай лістоты і жаночых валасоў?

І я не адкрыў, як цяжка чакаць,
Стаяць і глытаць пыл...

Калі хто не зразумеў, дык акурат з гэтым глытаньнем пылу і адбываецца рэзкае заніжэньне патасу. Здагадайцеся самі чаму. "Ты адчуеш позірк на сабе", – суцяшае і абнадзейвае сьпявак лірычную гераіню песьні "Няпраўда", якая сканчаецца ні чым-небудзь, а дзіўнай на першае вуха і вытлумачальнай пры наступных прасухоўваньнях тарабаршчынай: "Шеучда ыт". Здагадайцеся самі навошта. Чым, як не самаіроніяй, ёсьць "твае дэманы" з "Зоркі Венеры" ці "абадраныя калені, муха на акне" з "Адлегласці"? Хаця я падазраю, што зацятыя крытыкі творчасьці групы, паставяцца да гэтых і многіх іншых песенных фрагмэнтаў альбому вельмі просталінейна і будуць казаць пра очиньниочинь. Маюць права мець іншую праўду.

Моўная гульня
Стварыўшы беларускамоўную праграму, J:МОРС падараваў і рэальнаму, і патэнцыйнаму слухачу магчымасьць засвоіць ці актуалізаваць шэраг цікавых лексічных адзінак. Я думаю, што мала хто з расейскамоўных прыхільнікаў групы ведаў значэньне слова "зрэшты", якое сталася безумоўнай фішкай беларускай вэрсіі песьні "Маё сонца". Але я ўпэўнены, што цяпер яно будзе часьцяком усплываць у гаворцы морсаманаў. Тэксты песень будуць, а некаторыя ўжо зараз, расьцягнутыя на цытаты. Як на мой розум, зусім някепска, калі некалькі тысячаў прыхільнікаў творчасьці J:МОРС, займеюць у сваім слоўнікавым багажу дзесятак трапных беларускіх выразаў пад розныя жыцьцёвыя сытуацыі. Вось некаторыя зь іх, найбольш упадабаныя мною:

  • Прабач, каханая, наўрад ці я змагу цябе здзівць ("Маё сонца").
  • Цяжка чакаць, стаяць і глытаць пыл ("Беларускае золата").
  • Хто яны твае дэманы? ("Зорка Венера").
  • Жыві і не ведай, мне так будзе лягчэй трываць ("Жыві").
  • Азірніся навокал паветра не тое ("Паветра").
  • Гэта няпраўда – усё, што навокал, праўда толькі ўнутры ("Няпраўда").
  • Нерухомая у шпаркай хадзе ("Глядзі").
  • Асьцярожна ужываеш запазычаныя словы ("Так-цік-так").
  • Гэты горад мае тысячы прычын пераблытаць карты ў тваім лёсе ("Горад").
  • Ты адзін на авансцэне ў незнаёмым шоў ("Адлегласць").

    Цікава, што нават народная песьня "Вярба" загучэла ў выкананьні Уладзіміра Пугача зусім адмыслова і прывабна. Ня менш цікава было б даведацца, чаму акурат гэты брыльянт беларускага фальклёру выбраны для альбому.

    Заўважыць мінуўшчыну
    Прысутны на дыску фільм уражвае сваёй ідэяй. Жыхары сталіцы (мы іх ня бачым, але здагадваемся, што гэта музыкі J:МОРС) сядаюць на аўто і чатыры разы імчаць зь Менску/Мінску на чатыры кірунку сьвету. І шторазу яны вандруюць на скрай Беларусі, здымаючы выбітныя, але малазнаёмыя нашаму грамадзтву, помнікі страсьвеччыны. Гэта пераважна культавыя пабудовы розных канфэсій, а дакладней тое, што ад іх засталося ў змаганьні зь віхурай часу. Рэзкія восеньскія фарбы. Аблокі, што шпарка лятуць у сьвінцовым небе. Несьціханы вецер. Пэйзажы, якія ўзрушваюць і схіляюць да роздуму. Глядач знаёміцца толькі з дванаццацьцю помнікамі архітэктуры, якія знаходзяцца на мяжы нашай краіны. А іх, гэтых помнікаў, насамрэч амаль тысяча, і бальшыня зь іх месьціцца значна бліжэй да сталіцы. Трэба іх толькі заўважыць. Такім выніковым пасланьнем агаломшваюць аўтары фільма, і зь імі цяжка не пагадзіцца. Многім з нас у пагоні за лепшымі ўмовамі продажу сваёй душы бывае цяжка ды нават немагчыма зразумець, якія скарбы маюцца зусім побач. Многія з нас згубілі зрок і розум ад зьзяньня крамлёўскіх зорак ці агнёў нью-ёркскіх храмачосаў. А наша беларускае золата мадзее ў паўзабыцьці. Час вяртацца дамоў. Нават, калі шлях будзе ісьці па лязу небясьпечнае брытвы.

    26-27.11.2007 г.

    Фота: jmors.by