J:МОРС. Беларускае золата. Інтэрэнт-сынгл, 2007

Вы пэўна будзеце сьмяяцца, але J:МОРС выпусьціў чарговы інтэрнэт-сынгл.
"Беларускае золата" завецца. Сьціпленькі такі (дзьве вэрсіі аднае песьні), але нельга сказаць, што безгустоўны. Да таго ж па-беларуску. Прыгажосьць! Нават не спрабуйце мне даводзіць адваротнае – я свайго меркаваньня не зьмяню.
Я ведаю, што многім J:МОРС ні пад якой поліўкай не падабаецца. Калі група выконвае песьні на расейскай мове, то чуваць крык, чаму не па-беларуску (я і сам бывае пакрыкваю, што, аднак, не замінае мне па сто разоў на тыдзень слухаць "Вислоухую принцессу" ці "Босиком по мостовой"). Калі група бывае расстараецца зь песьнямі на беларускай мове, то крык зьмяняецца ў кірунку абвінавачаньняў, што ўсё гэта глямур і глянец, замяшаны на фальшы і крывадушшы. Карацей, выпадак клінічны. Як той казаў,
беднаму Іваньку і ў пізьдзе каменьні. Не дагодзіш.
Між тым, як мне здаецца, удзельнікі групы вельмі пільна сачылі за ўсімі нэгатыўнымі рэакцымі з боку снобаў, што пазыцыянуюць сябе беларускімі а) нацыяналістамі, б) патрыётамі, в) свой варыянт адказу. Песьня "Беларускае золата" ёсьць адказам на мноства іх закідаў і нараканьняў. Казалі, што зь беларускай мовай туга? Дык вось вам цудоўны беларускі тэкст без памылак, на якія так багатыя тэксты многіх
альтэрнтатыўных гуртоў, што пасьпелі прыкрозіць сябе хэдляйнэрамі тутэйшага рок-падпольля. Цьвердзілі, што беларуская музыка ня можа быць залішне пазітыўнай? Дык вазьмеце ж хутчэй, пакуль іншыя не разабралі, порцыю восеньскае дэпрэсіўнасьці, што праўда, вельмі кранальнай. Балакалі, што J:МОРС ня думае пра Беларусь і саромеецца гэтага слова? Дык паслухайце ўважліва, адкінуўшы граблі ўласнае зашоранасьці:
Разляталася па дварах
І дрыжэла ад холаду
Напалоханае дажджом
Беларускае золата
Дашукацца і назаўжды
Разам вырвацца з гораду
І кранаць валасоў тваіх
Беларускае золата...
Гэта хіба пра Нігерыю ці Інданэзію якую? Гэта сваё. Гэта роднае. Гэта шчырае. Расейскамоўны беларускі слухач добра адчувае гэта і горача вітае беларускамоўныя песьні J:МОРС. А яны (песьні) працягваюць зьяўляцца. І інтэрнэт-сынгл "Беларускае золата" – вястун беларускамоўнае кружэлкі групы, якая павінна зьявіцца неўзабаве.
22.10.2007
Фота:
jmors.by