КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ЧЫРВОНАСЬЦЯЖНАЯ
 НАВІНЫ: ПАДЗЕІ, ЛЮДЗІ, РОЗГАЛАС

А «Чароўны трусік» на 10!

Інтэрнэт-партал «Тузін Гітоў» і грамадзкая кампанія «Будзьма беларусамі» прадстаўляюць апошняга, 12-га ўдзельніка праекту «Тузін. Перазагрузка». Адзін з галоўных прэтэндэнтаў на ўдзел ад Беларусі ў «Дзіцячай Эўравізіі» Юры Дземідовіч перасьпявае сваю песьню «Волшебный кролик» па-беларуску. Маладому сьпеваку вельмі спадабалася ідэя зрабіць беларускамоўны варыянт свайго твору, які ўсяго за некалькі дзён стаў сапраўдным інтэрнэт-гітом.

Юра Дземідовіч
Юра Дземідовіч засьпяваў ужо ў тры гады. Ён добра памятае сваю першую песьню, якую выканаў на публіцы — гэта быў раманс «Белеет парус одинокий». У дзевяць гадоў ён трапіў у «Капэлю хлопчыкаў» — хор пры Рэспубліканскім музычным коледжы. Капэля гэтая мае ўжо 50-гадовую гісторыю. Адсюль выйшлі салісты беларускай Опэры, камэрнага аркестру, харавой капэлі, хору «Унія» ды групы «Камэрата». Кіраўнік хору Ўладзімер Глушакоў лічыць, што і ў Юры Дземідовіча — вялікая будучыня. Хлопец цяперака — вядучы саліст хору. Некалі ён нават сьпяваў на сьвяточным канцэрце з нагоды візыту маскоўскага патрыярха Алексія ІІ. Самыя ўдалыя яго нумары — «Санта Лучыя», «O sole mio», а зь беларускіх — «Радзіма, мая дарагая». Юра называе сярод сваіх улюбёных выканаўцаў Павароці, Каруза ды Ларэці.

Песьня «Волшебный кролик» зусім нетыповая, як для рэпэртуару Капэлі, дзе сьпявае Дземідовіч. Словы і музыку выканаўца напісаў да яе сам пад уплывам твору «Аліса ў краіне цудаў». Адразу пасьля выкананьня твору на паўфінале адбору на «Дзіцячую Эўравізію» 1 чэрвеня, ён займеў ашаламляльны посьпех. Цяпер колькасьць праглядаў відэа на гэту песьню на youtube.com набліжаецца да 290 000. У сацыяльных сетках арганізаваліся фэн-клюбы Юры, зьявіліся разнастайныя інтэрпрэтацыі сьпеву, прапануюцца майкі з выявамі «трусіка» і шырыцца дыскусія наконт патаемных сэнсаў гэтай песьні. Сам Юра з сваім кіраўніком Уладзімерам Глушаковым ставяцца да гэтага спакойна: «Галоўнае, што ў нашай песьні шмат слухачоў!» — заяўляюць яны.

Сяргей Балахонаў
Юра з задавальненьнем пагадзіўся зрабіць з «кроліка» — «трусіка» і пахваліўся, што беларускую мову вучыць старанна. Мае па гэтым прадмеце ў школе васьмёрку, а па беларускай літаратуры — дык наогул дзявятку. Хлопчык разам з сваім настаўнікам прынялі прапанову «Тузіна Гітоў» узяць пераклад літаратара Сяргея Балахонава. Праца над «Чароўным трусікам» пачнецца ўжо на наступным тыдні.

Даведка: У праекце «Тузін. Перазагрузка» інтэрнэт-парталу «Тузін Гітоў» і грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі» бяруць удзел 12 самых цікавых айчынных небеларускамоўных выканаўцаў розных стыляў, якіх лучыць арыгінальнасьць матэрыялу, прафэсійнасьць у музычным падыходзе і жаданьне экспэрымэнтаваць. Кожны зь іх перазапіша адзін са сваіх гітоў у беларускамоўным варыянце, выкананым прафэсійным перакладчыкам. Усе песьні будуць прэзэнтаваныя на старонках music.fromby.net і www.budzma.org.

Паводле інфармацыі партала "Тузін гітоў", 19.06.2009 г.

Выказацца з нагоды прачытанага (прэмадэрацыя)

Імя

Паведамленьне








Puls.by - в ритме жизни! Rating All.BY Каталог EXE.BY Каталог+поисковая система Каталог TUT.BY Белорусский рейтинг MyMinsk.com Яндекс цитирования
Асноўны зьмест © Сяргей Балахонаў | Дызайн © Ad Minataurus
Разьмяшчэньне любых матар'ялаў на іншых вэб-праектах дазваляецца з пазнакай аўтарства і спасылкай на гэты сайт.
Іншыя формы публікацыі дапускаюцца па ўзгадненьні з аўтарам.