КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ЧЫРВОНАСЬЦЯЖНАЯ
 ПРОЗА: АПАВЯДАНЬНІ, САГІ, ЭСЭ, АРТЫКУЛЫ

Буралом у фармаце 3-d

КАСЦЫ ІЛЮЗІЯЎ
Лес стэрэатыпаў
Не сакрэт, што кожнаму з нас даводзіцца ісьці празь лес стэрэатыпаў. Мы самі гэты лес гадуем, а потым ня можам выблытацца з трох хваінак. Стэрэатып — гэта тое, да чаго прызвычаіліся ў няздольнасьці ўбачыць ці зразумець іншае, зваротнае. "У нас все гаварат па-русскі", — канформнае заплюшчваньне вачэй на існую ў грамадзтве праблему. Стэрэатып — гэта і чарада прыватнасьцяў, часьцяком выпадковых, зь якіх лепіцца вобраз агульнага. "Усе мужыкі казлы" / "Усе бабы сучкі", — досьвед уласнага нешанцаваньня ў стасунках з супрацьлеглым полам. Самае сьмешнае палягае ў тым, што перамагчы стэрэатып без стварэньня новага немагчыма. Таму наш стэрэатыпавы лес нагадвае пэрманэнтны буралом у перамешку з маладзенькімі дрэўцамі. Ой, бярозы ды сосны... Чуцен сьпеў стэрэатыпных партызан.

Красуня і "Каста"
КастаКалекцыянуючы стэрэатыпы, я назіраў за адной мімалётнай парачкай падлеткаў. Дзяўчына, што і казаць, прыгожая. І з стану, і з твару. Кроў са згушчаным малаком. Хлопец жа вызначаўся прынамсі дзьвюма надта сумнеўнымі цнотамі: губа накшталт заечай і сталы пах фабрыкі па перапрацоўцы другаснай сыравіны. Дзеля гэтага выяўнага кантрасту падумалася: "Вось ён сусьветны фальклёр, нібыта на далоні. Красуня і пачвара! Дайце бінокль, можа ўпільную наяву пунсовай кветачкі!" Але мускулісты анёл халоднай развагі цьвердзіў, што сустракаліся яны, влекомыя страстями одменными. Дык жа стала пераймаць адвечнае мужыцкае пытаньне: адкуля ўсё і што яно? Адказ знайшоўся выпадкова. Убачыўшыўшы аднойчы вялікую афішу расейскага рэп-гурта "Каста", я ня даў веры сваім вачом: адзін з трох чувакоў на здымку выглядаў рыхтык, як той грыбаты Казанова. Старайся разьбірацца ў тварах. Красуня надта любіць расейскі рэп.

Цяга да зорнага падабенства не такая і рэдкая зьява. Адна любіць актора, што сыграў Гары Потэра, другая багоміць саліста дуэта "Smash", трэцяй падабаецца колішняя каханка фокусьніка Дэвіда Купэрфільда. І што зробіш, калі двайнікі і двайніцы жывуць побач? Бяры і ўпадай.

Кінг адпачывае
"Ідуць касцы, зьвіняць іх косы", — яшчэ са школы запомніліся словы клясыка. І як што ў сенакосе мне ўдзельнічаць ніколі не выпадала, гэты звонкі паэтычны вобраз трывала замацаваўся ў сьвядомасьці. КасцыІдуць касцы, зьвіняць іх косы і tertium non datur. Нядзіўна, што аднойчы давялося перажыць своеасаблівы культурны шок: косы не зьвінелі. Здарылася гэта недалёка ад Мельніцкага моста, дзе паміж гаражамі, шматпавярхоўкамі і дарогай захаваўся добры кавалак пусткі. Узімку людцы з бліжэйшых дамоў, зазвычай, выносяць туды выбіваць на сьнягу кілімы. Улетку там буяе разнатраўе, якое бэсьціць вока камунальным службам. Камунальных касцоў і пашэнціла агледзіць. Радоўка мужчынаў у засьцерагальных акулярах мерна крочыла, трымаючы ў рукох здабытак цывілізацыі — мэханічную касілку. Карціна была гіпнатычная. Амаль што ў стылі Стывэна Кінга. Зблытаныя думкі нарадзілі толькі адну фразу: "Ідуць касцы, гудуць іх косы..." "Гомель — горад будучыні", — пішуць на аўтобусах кінгі дзяржаўнай ідэалёгіі. Гэта зусім не азначае, што ўсе раптам закінулі дзядоўскія літоўкі. Напамінам пра тое, што наша сялянская старасьветчына парадаксальна ўпісваецца ў сучаснасьць, для мяне стала іншая гарадзкая карціна. Стыльны дзяцюк у чырвонай майцы з надпісам "Дякуй богу, що я нє москаль" і разабранай касою ў правіцы крочыў напару зь дзяўчынай, апранутай у вельмі лёгкую саколку і кароткую спаднічку. Яна паберагла мае нэрвы і граблі з сабой не ўзяла.

Пляцформа сораму
Неяк на прыпынку, гэтым сапраўдным востраве марначасься, адна паненка мусіла перабываць у таварыстве мамы і бабулі. А гвалтачкі мае! Яна была гатовая праваліцца ў царства Жыжаля, абы толькі ня чуць сваіх спадарожніц. ПляцформаКабеты, як ні дзіўна, не пераказвалі зьмест 325-й сэрыі чарговай лацінаамэрыканскай мыльнай опэры. Яны абмяркоўвалі сваю родную крывіначку: як яна вырасла, як яна пахарашэла, зь якой высознай пляцформай носіць абутак. Незагарэлая дзяўчына літаральна ўмомант рабілася цалком чырвонай. Яна драматычна закатвала вочы і паказвала белыя, як першы сьняжок, зубы ці то ва ўсьмешцы, ці то ў зласьлівым ашчэры. Безумоўна, увесь сьвет — тэатр, а ўсе мужчыны і жанчыны — там акторы. Але гэтай акторцы з стужкі пра лёс яшчэ давядзецца многа рэпетаваць, каб навучыцца ігнараваць ня столькі навязьліва-знарочыстую любоў родзічаў, колькі прысутнасьць падчас праяваў гэтай любові трэціх асобаў, накшталт мяне. Як прыйшлі, так і разьмінуліся. А пляцформа ейнага абутку сапраўды высозная.

Бабця-п'янця і дзеўка са свабодай
Ёсьць у гомельскім паноптыкуме адзін выбітны экзэмпляр: невысокая бабулька з вострым савіным носам. Твар яе ў любую паравіну года чырвоны, бо не зважаючы на свой век і здрадлівыя ногі, бабця надта любіць на корак наступіць. Ці то папросту набухацца. "Бабушка выпіла", — з годнасьцю, нібыта ў Радзівіла, рэклямуе сваё п'янства яна, чапляючыся да мінакоў. Ехаў я кагадзе тралейбусам, месца хапіла, каб сесьці. Побач прыладкавалася цікавая дзевачка з плэерам. І акурат у гэты час у салён уплішчылася тая самая бабця-п'янця, распрасьцерла руку і хрыпла прастагнала, быццам адзін з герояў "Resident Evil": "Ну, вот уселася". Рэпліка прызначалася дзяўчынцы. Тая, дарма што ў навушніках, адразу ўсё зьмікіціла і паднялася, саступаючы месца пожилому пассажиру, як любяць выслаўляцца нашыя праз лад ветлівыя транспартныя робаты. "Бабушка села". Я паморшчыўся і міжволі чмыхнуў. Бабуля зьнячэўку стала цікавіцца: "Ета ваша дзевушка?" Ага, мая. Пятнаццаць гадоў розьніцы — драбяза якая! Старая паднялася і перасела. Было ж куды! Малая вярнулася, як ніколі нічога, на месца, цярэбячы свой mp3-player і зазіраючы ў жоўты каляндарык з лягатыпам вядомай падрыўной радыёстанцыі. За ўвесь час яна ня вымавіла ні слова. Спакойны той, хто ў сабе нясе Бога. Бабульчын жа бог шкляны, і гэта ісьціна яе ня тычыцца. Даўно.

лета-восень 2005 г.

Выказацца з нагоды прачытанага (прэмадэрацыя)

Імя

Паведамленьне








Puls.by - в ритме жизни! Rating All.BY Каталог EXE.BY Каталог+поисковая система Каталог TUT.BY Белорусский рейтинг MyMinsk.com Яндекс цитирования
Асноўны зьмест © Сяргей Балахонаў | Дызайн © Ad Minataurus
Разьмяшчэньне любых матар'ялаў на іншых вэб-праектах дазваляецца з пазнакай аўтарства і спасылкай на гэты сайт.
Іншыя формы публікацыі дапускаюцца па ўзгадненьні з аўтарам.