КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ЧЫРВОНАСЬЦЯЖНАЯ
 ПРОЗА: АПАВЯДАНЬНІ, САГІ, ЭСЭ, АРТЫКУЛЫ

Кат лета

Гарачае — не сырое
Даўнейшым беларусам дажджы перашкаджалі ваяваць. «Праліўныя дажджы ішлі празь некалькі дзён. Дажджы вельмі перашкаджалі перавозу гарматаў і іншай цяжкай зброі, і так моцна, што кароль нe адзін раз загадваў адпрагаць коні ад сваіх собскіх вазоў, каб паскорыць пераправу», — пакінуў нам спамінак сакратар Сьцяпана Батуры. Сягоньня ж сакратары і маляры наракаюць на тое, што зачастае раскрываньне продухаў нябесных замінае ісьцінна-летнім формам баўленьня часу. Бітва за ўраджай для гараджан ня ўлік. I як толькі сонца пачынае ходаць хмары і перамагаць слупкі тэрмомэтраў, белыя целы імкнуцца выканаць колькі рытуалаў. Апячы сябе натуральным ультрафіялетам, выпіць гарэлкі ды нырнуць у трохі зьзелянелы Сож. Але апёкі — гэта не загар. Гэта чырвоныя палосы на руках, нагах і лбах дзяўчынак, што з задаволенаю стомай сустракаюць вечаровы халадок.

Чэргі-качэргі
Летнія чэргі ў чыгуначныя касы доўгія, як зімовыя ночы. Хуткасьць пасоўваньня наперад роўная паўкроку за пятнаццаць хвілін. Людзі бяруць плойму квіткоў. Касіркі стукаюць па клявіятуры адным пальцам. Людзі патрабуюць зручных месцаў і прыдатных датаў. Касіркі прапануюць, што ёсьць + кансэнсус. За шклом касаў прыкмячаю каляндарык з сацыял-дэмакратаўскай ружай. Бянтэжуся дызайнэрскаму рашэньню — белай неахайнай палосцы зьверху. Зірнуўшы пільней, цямлю, што дызайнэр сацдэкаў невінаваты: белаю паперкай заклеены «крамольны» лёзунг «Беларусь в единую Европу!». Піцерскія бабы ды бабёнкі, што стаяць у дзьвюх чэргах адразу, абменьваюцца ўражаньнямі ад стаяньня ды наагул ад побыту ў нашай краіне: «Милый мальчик и говорит чисто. Совсем без белорусского акцента. Здесь это редкость всё же». Як і варта было чакаць, касы перад насамі палюбоўніц «медного всадника» зачыняюцца на перапынак.

Мае быць
Цягнік прыцягваецца ў сталіцу на дасьвецьці. Патрэбны пункт гораду яшчэ не зусім даступны. Сквэрык між Ленінградзкай, Кірава і Сьвярдлова, як паглядзець, служыць каму-нікаму бясплатным матэлем. Ля скульптуры дамы, што сядзіць на лаўцы, адпачывае бомж. На іншай лаве — прыстойна апрануты хлопец. «Мабыць, капітальна пагудзеў», — мяркуе сябар. Сапраўды, навакольле проста ўсеяна знакамі нядаўняй хмяльной раскошы — парожнімі пляшкамі і плястыкавым посудам. Міліцыянты, што крочаць непадалёк, нікога не заўважаюць. Стаміліся за час ночнага дзяжурства. Дзяўчына з чыста гомельскім бляскам уваччу сядае на вольную лаву (да фальклёрнай Станіславы ейнай дупці вельмі далёка!) і павольна, як стрыптызэрка скідвае апратку, разгортвае мапу гораду-героя Менску. Ёй мае быць цікава.

Казытлівае пытаньне
Абшар дому адпачынку «На ростанях» падзелены на дзьве ўмоўныя часткі. У адной частцы — мы беларусы, у другой — дзеці беларускіх габрэяў. Перамяшчэньні і для нас, і для іх стродка рэглямэнтаваныя.
Адміністрацыя д.а. хоча зьвесьці ўсе кантакты да мінімуму. Так нібыта патрабуюць фундатары. Агромністы сьцяг з зоркаю Давіда захінае сьцяну аднога з карпусоў. Абедаць мы крочым у абмін парадных парталаў, праз чорны ход і кухонныя памяшканьні. У гэтай далікатнай сытуацыі паўстае заканамернае пытаньне: нягож мы — колькісотгадовыя суседзі — перашкаджаем адно аднаму людзьмі звацца? Пэрсанал д.а. хваравіта рэагуе на кожныя падобныя пытаньнейкі. Azoj vi di cajtn, azoj di lajtn — якія часы, такія й людзі.

Прывід Якуба Коласа
У гэтым драўляным двухпавярховіку апошнія гады жыцьця прабавіў Якуб Колас. Сканчаў трылёгію, адпраўляючы свайго Лабановіча ў камуністы.
Клясык блукаў між гэтых (ці ня гэтых?) хвояў, усьведамляючы, што сказаць больш важкага за «Мой родны кут... » ужо ня здолее.колькі не спрабую, не магу не магу адчуць прысутнасьці ягонага духу. Няма тут ніякага духу. Марнымі і сьмешнымі выглядаюць патугі дзяўчат зладзіць сьпірытычны сэанс. Прывід Якуба Коласа блукае зусім у іншых мясьцінах. А сьпірытычныя сэансы ў дамох адпачынку часьцяком ператвараюцца ў сьпіртусовыя. Паскудзтва, брат, і не пытайся. «Ты самы разумны, — кажа гарадзенец Вітаўт. — Дакладна ведаеш, калі трэба зысьці, не баючыся нікога пакрыўдзіць».

Прыдумай сабе раман
«Няма нічагуські прыямнейшага, як выдумваць новыя сьветы. Забываеш, наколькі бляклым ёсьць той, у якім мы ўсе жывём... Не разумеў я тады, што выдумваньне новых сьветаў прыводзіць урэшце да зьмены нашага», — цьвердзіць галоўны герой апошняга па часе раману Умбэрта Эка “Баўдаліна”. Вельмі проста напісаць на аркушы фармату А4: «Люблю атрымліваць ад жыцьця асалоду», — прыдумваючы такім парадкам сабе свой сьвет. А. і Д. робяць гэта амаль прафэсійна і з зайздросным імпэтам. Аднак у адрозьненьні ад Экавых пэрсанажаў, паненкі насяляюць выдуманныя прасторы не фантастычнымі фінсэрэтамі ці мэтацыпленарыямі, а канкрэтнымі дзядзькамі, якіх яны лічаць грубаватымі негабляванымі боўдзіламі і таму бяруцца іх перавыхоўваць. Каб прынамсі палюбіць. Забаўка — замест курортных раманаў. Сапраўдны раман у малых групах і вузкіх рамках можа быць чараватым. А. і Д. у душ ходзяць разам. Мабыць, так больш бясьпечна.

У Гомелі цот, а ў Менску лішка
Сябар цьвердзіць, нібы ў Менску прыгожых дзяўчат многа з тае прычыны, што красуні зьяжджаюцца сюды з усёй Беларусі. Можа, і так. Але выпіндосаў з вопраткай, фрызурамі, макіяжам сталічныя пані прэзэнтуюць значна болей, чымся нашыя «правінцыялкі». Чыста не ўяўляю, каб у якім-кольвек гомельскім тралейбусе дзяўчына ўзялася падфарбоўваць сабе вусны або прыпудрываць носік. У менскім мэтро гэта, як відаць, мажліва.

«Дождж вялікі спаў на зямлю...»
«Дзесяць год у палоне — гэта круглая дата», — сьпявае Лявон Вольскі. Самы час нябеснай акадэміі прадэманстраваць электарату, хто насамрэч распараджаецца надвор’ем, хто «дажджыць на справядлівыя і на несправядлівыя». І што ж? «Даў Гасподзь громабіцьцё і дождж». Вада ліецца шчодра. Электрыка вырубаецца паступова. Узьнікаюць макраватыя подумы — калі не аб усясьветнай паводцы, дык пра паўгадовыя залевы з жыцьцяпісу неўміручага беларуса палкоўніка Аўрэліяна Буэндзія. Люда і Андрусь вяртаюцца самаходам зь Менску (у Люды, уражанай бясконцымі навальнічнымі сполахамі, круглыя вочы). Прывезьлі на наш адпачынкавы востраў сёе-тое для сьвяткаваньня яшчэ адной даты з найноўшай гісторыі. Нязбыты Дзень Незалежнасьці. Сьвечак няма. Імправізаваны стол рыхтуецца пры сьывятле запальнічак і мабільных тэлефонаў. П’ецца, есца і пяецца ў цемрадзі. Эх, каб цёмны ня быў...

Беражэце беларускі лес! Палеце расейскі газ!
Мікола наўмысьля ўдае зь сябе клёўна. Рапсавядае показкі і прыказкі (пераважна вельмі сальныя) апошніх гадоў дваццаці пяці. Гэта не замінае яму няблага валодаць паняткавым апаратам сацыяльна-палітычных дысцыплін і быць пацыфістам. У прыватных размовах усё гэта вытанчана пераплятаецца: анэкдотавыя тампаксы ды загіпнатызаваныя карэйцы-пагранічнікі мірна суседзяць з грамадазнаўчымі біфуркацыямі, абдыкацыямі, агрэгацыямі групавых інтарэсаў. Пытаюся, ці не займаецца літаратарствам. Кажа, што спрабаваў у юнацтве, але не пакаціла. Вышэйшую адукацыю ён атрымаў у самым пачатку незалежнасьці. Год служыў у войску. Прыгадвае, наколькі ганарыліся хлапцы, якім перападала шчасьце атрымаць новыя несавецкія шаўроны ці цэшкі з «Пагоняй» бел-чырвона-белым сьцягам. Прыпамінае афіцэраў, якім занадта радыкальнай здавалася беларуская каманда «Крокам руш!»: «Это как?». Пасьля службы Мікола амальвыпаў зь беларускага кантэксту, і далейшыя гістарычныя падзеі праходзілі паўзбоч яго яго ўвагі. Не пытаю, з чым гэта зьвязана. Мусіць жа быць у чалавека таямніца. «Беражэце беларускі лес! Палеце расейскі газ!» — павесіў Мікола прывабны заклік у экалягічным кутку сваёй школы.

Дамоўкі
Да ад’езду ў Гомель пасьпяваю пабачыць хаўрус суданскіх і эРБэшных сьцягоў, пачуць ёканьне спэцсырэнаў, спрыкмеціць галоўны «мэрс» краіны. Неўпрыцям успамінаюцца аўтамабілі зь мясам для партнамэнклятуры з «Малога апакаліпсысу» Тадэвуша Канвіцкага. Сонца пячэ. Ад гэтага сквару ўлегцы кружыцца галава, а перад вачыма мігцяць фіёлкі. У цягніку зь сябрам п’ем халоднае піва і лузаем фісташкі. Наракаю, што не купілі сьвежага нумару «НН», і ўвадначас заўважаю, што хлапец на наступнай бакавушцы чытае акурат яго. Сябар ветліва просіць пазычыць на пэўны час газэту. Гаспадар без ваганьняў згаджаецца. Усё добра, што ў час. Адлегласьць да Гомелю ў развагах над актуаліямі добра скарачаецца. Сюды-туды па вагоне шлындае з мабільнікам у рукох дзевяціклясьніца, якую я неўзабаве буду вучыць любові да нашае мілае Бацькаўшчыны. Але пакуль я выходжу на пэрон, апускаюся на калені і цалую родны горад. Ня верыце, спытайце гамельчукоў...

жнівень 2004г.

Выказацца з нагоды прачытанага (прэмадэрацыя)

Імя

Паведамленьне








Puls.by - в ритме жизни! Rating All.BY Каталог EXE.BY Каталог+поисковая система Каталог TUT.BY Белорусский рейтинг MyMinsk.com Яндекс цитирования
Асноўны зьмест © Сяргей Балахонаў | Дызайн © Ad Minataurus
Разьмяшчэньне любых матар'ялаў на іншых вэб-праектах дазваляецца з пазнакай аўтарства і спасылкай на гэты сайт.
Іншыя формы публікацыі дапускаюцца па ўзгадненьні з аўтарам.