Жыла на сьвеце адна дзяўчынка. Прыгажосьцю не вылучалася, але і пачваркаю не была. Розумам не блішчэла, але гэтага ў казках і не патрабуецца. Вучылася яна ў школе чараўнікоў. Вучылася безь яўнай мэты. Школа бо толькі па назьве павінна была рыхтаваць чараўнікоў. Але з прычны чысьленных рэформаў ейныя выпускнікі макісмум маглі правільна напісаць “трэкс-пэкс-фэкс” і пасаліць.
Калі дзяўчынка была яшчэ ў восьмай клясе і старанна вывучала правапіс першай часткі касмапалітычнага заклёна, ёй глянуўся настаўнік. Гэты вясёлы вядзьмак нават не заўважыў, што на яго скіравалася адмысловая ўвага. Яму было не да таго. За вонкавай весялосьцю ішла страшная вайна пачуцьцяў. Сэрца ведзьмака кідалася ад Брунхільды да Васілісы Прыўкраснай, ад Васілісы Прыўкраснай да Анджліны Джолі. Але ўсюдых яго чараўніцтва апыналася нядзейсным.
Дзяўчынка гэтага ня ведала. Яна проста глядзела на ведзьмака, спадзеючыся на раптоўны ўздым сваіх сукрытых магічных сілаў. Нічога не атрымлівалася. Тады яна пераапранался ў цмока і цёгала ў руках факсіміле “Перажыткаў древняго міросозерцанія белоруссов”. Толькі б кніуцца ў вочы настаўніку. Ён па школе крочыць – яна міма праляціць, аганьком пыхне, слоўцам архаічным кіне. Настаўнік другі раз спыніцца, разглядзіцца па бакох, заўважыць вучаніцу ў дзіўных строях дый паматляе галавой з ушчуваньнем:
– Што гэта за зьмяёныш пад нагамі ўецца?
– Калі я зьмяёныш, то ты Бармалейчык, – скажа тая зь дзяціннай любоснай крыўдай.
– Хоць Гітлерам называй, толькі ў печ не стаўляй, – прамовіць вядзьмак і пойдзе далей сваёй сьцежкай-дарожкай.
Вядзьмак на такія выпадкі даволі хутка забываўся. А ў беднай вучаніцы ад таго пачыналіся доўгатрывалыя сьлёзкі, сапелькі ды іншая вільгаць, што не прадугледжвалася статутам школы чараўнікоў. Зрэшты, яна нашла сабе спосаб цешыцца. Дзяўчынка стала ўяўляць, што настаўнік знаходзіцца ў палоне чараў, і проста няздольны тут і зараз заўважыць ейных пачуцьцяў. Таму яна проста радавалася, калі вядзьмак казаў ёй “прывітаньне” ці жартаваў.
Аднойчы па доўгу службы настаўнік нават выратаваў яе ад сьвінцовага дажджу, учасна падасьпеўшы з каменнай шкурай аднаго драпежніка. Яна зьзяла ад шчасьця і другім днём казала мала не на ўсю школу:
– Вядзьмак Вядзьмакавіч, а мне спадабалася быць з вамі пад адной шкурай.
– У цябе вельмі квяцістая фантазія і задужа непрадказальны артыкуляцыйны апарат, – не разьдзяліў яе радасьці настаўнік, губляючыся над безданьню ў жыце.
Становішча увадначас зьмянілася. Дзяўчынка зьнікла з вачэй настаўніка, хаця і нікуды не зыходзіла. Зрэдзьчасу яна праяўлялася. Яна сталела. Яна выяжджала на палігоны за Калінаў мост і нават далей. Яна хадзіла ўабдымку са старшаклясьнікам і нават дзялілася з тым суніцамі сваіх вуснаў, якія ніколі не фарбавала. Здавалася, што звароту да ранейшага ня будзе.
Аднак, калі да выпуска заставалася меней за два гады, вучаніца зноў перамянілася. Тралейбус, які вёз яе да дому, застраў у вірах на калах каля сухога лесу. Яна бяз роздумаў схапілася за мабільны целяхончык і за сваю новую падручную магічную кнігу “Изборник SMS для девочек”. Дзесятак чароўных пасланьняў прабілі абароннае поле ведзьмака, які сядзеў дома ў анабіёзе і лічыў віртуальных варонаў. Цяжка было абароне выстаяць, калі гаворка зайшла пра боршч з жабіных лапкаў і пацучыных хвастоў.
Дзяўчына атрымала тое, што хацела.
Вядзьмак атрымаў боль галавы.
Замнога жыцьця, замала казкі.
Яна ўсё часьцей і надаўжэй вяжджала на палігоны. Яна трымала сувязь з настаўнікам нібы па інэрцыі. Перад апошнім годам вучобы дзяўчынка зьнікла. Клапатлівыя бацькі пасадзілі яе на кілім-самалёт і адправілі ў трыдзесятае царства трыдзесятае гасударства атрымліваць якасную магічную адукацыю. Яна рэгулярна рабіла наезды дадому. Яна не забывала званіць свайм настаўніку. Але за шэсьць месяцаў і шэсьць дзён яны бачылі толькі два разы. Мелькам. Дзяўчынка завітвала ў школу. Сустракалася са сваімі былымі аднаклясьнікамі, кідала настаўніку “прывітаньне” і зьбягала прэч. Яна вельмі добра навучалася магіі, каб стаць цалкам незалежнай ад колішніх пачуцьцяў і кінуцца ў абдоймы першага лепшага зеленахвостага. А вядзьмак і зараз сядзіць у сваім звычайным анабіёзе, лічачы чарговых віртуальных варон.
І я там быў. Мёд-піва піў. Добра, што мяне ніхто зь іх ня бачыў.
14.02.2009 г.