|
КЛУБОК АРЫЯДНЫ
ЧЫРВОНАСЬЦЯЖНАЯ
|
|
ПРОЗА: АПАВЯДАНЬНІ, САГІ, ЭСЭ, АРТЫКУЛЫ
Мой родны кіт
Многім з нас даводзілася
чуць у маленстве чарадзейныя казкі, дзе між іншых сюжэтных хадоў
выплывала “чудо-юдо рыба-кит” і паглынала якога-кольвек
“святорусского богатыря” – зазвычай галоўнага героя ўсяго
апавяданья. На першых часох апошняга мы вельмі а вельмі шкадавалі.
Але разам із сталеньнем і навяртаньнем у беларушчыну кожны з нас
адзначыў нечаканы парадокс: літасьці і шкадаванньня да “богатыря”
станавілася вобмаль, а вось чуласьці і прыязі да таямнічай істоты
“рыбы-кит” ставалася шторазу болей. Прычыну гэтага можна
патлумачыць адно зьвярнуўшыся да фэномэну рыбы-кіт у беларускім
гістарычным кантэксьце.
Наяўныя гістарычныя матар’ялы, нажаль,
не даюць магчымасьці сьцьвердзіць пэўна, які ж разнавід іхтыяфаўны
хаваецца пад эпічным “псэўдонімам” рыба-кіт. Рэшткаў гэтай рыбы
археолягі ніяк ня могуць выявіць, што й ня дзіўна, калі зірнуць на
народную традыцыю: беларускі народ цягам доўгіх вякоў шанаваў
рыбу-кіт, а ловы яе былі стродка забароненыя. Таму кіт-рыбы жылі й
паміралі ў сваіх вірох па рэках і азёрах зямлі беларускай, дзе і
пакояцца іх практычна няўлоўныя для пераважна сухапутных
дасьледнікаў парэшткі. Пры канцы 1980-х гг. у рэчышчы Сажа ля
вусьця ярыны Кіеўскі спуск, што падзяляе розныя часткі даўняга
Гомія (ХІІ-ХІІІ стст.), вяліся работы па паглыбленні дна ракі.
Поруч з тэхнічным грунтам на паверхню былі ўзьнятыя шматлікія рэчы
часоў Сярэднявечча. Пясок вывозіўся ў зону будоўлі ва ўрочышча
Мельнікаў Луг, скуль паспалітыя, незаангажаваныя ў археалягічную
навуку, месьцічы расьцёглі найцікавейшыя прадметы па хатах на
сувэніры. З апісаньняў тых знаходак вядомыя і тоўстыя рыбіны
косткі да 2-3 мэтраў у даўжыню. Відавочна, што ідзецца тутака пра
парэшткі “кит-рыбы грозной”, якая колькі стагодзьдзяў запар
бараніла ад вайсковых экспэдыцыяў рачны шлях да Гомія. Як
сьведчыць пратограф “Повести временных лет”, кіеўскі князь Алег у
сярэдзіне 80-х гг. ІХ ст. адправіў водна ў зямлю радзімічаў войска
на чале з ваяводам Свэнельдам Рыб’ім Пузыром. На баявых ладзьдзёх
воі паплылі ўверх па Дняпры, а потым завярнулі ў Сож. Падчас
плыцьця блізка таго месца, дзе ў Сож уліваецца рачулка Цюруха
кіеўскіх ваякоў прыпаткала неспадзеўка. “Но внезапу с реки
Турухань выпливше кит-рыба грозна и поглатише сейчас же всю рать,
не оставише ни весла, ни чресла,” – халаднакроўна паведаміў
летапісец. Гэты выпадак надоўга адпудзіў кіеўскіх агрэсараў ад
спробаў заваяваць радзімічаў. Таму нават праз стагодзьдзе пасьля
гэтага інцэдэнту новая вайсковая выправа была зладжаная ў
сухапутку. У паўзабытай сёньня рытарычнай паэме “Слово о плъку
Хвоста Влъчего” (ХІ ст.) падкрэсьліваецца зматываванасьць менавіта
пешага паходу, “убо у радимецей на реце Серюкан
кит-рыба злом булькает”.
Рыба-кіт вялася ў водах па ўсёй
Беларусі, і часьцяком уяўлялася іншаземцамі за ліха. Нездарма
ладны адцінак часу кіеўскім і ноўгарадзкім хрысьціянскім
прапаведнікам місія ў беларускія землі ўяўлялася немагчымай, ці
прынамсі занадта небясьпечнай для здароўя. У адным з кіеўскіх
“Изборников” (ХІІ ст.) захавалася наступная даволі злосная рэмарка
нейкага Лявона Келара з гэтай нагоды: “Народ их хотя крещен бысть,
но опять, аки псы живяху. Кромь же обитаху в водех их пакость
непреходящя, а кит-рыба наипаче в сим, ибо благостников приходящих
емлет зело”. Страх той быў зусім небеспадстаўным. На пачатку ХІХ
ст. у глухой безназоўнай палескай вёсачцы, жыхары якой палічылі
зьбіральніка фальклёра Антона Надзеждзіна за “лазутчика князей
киевских”, быў занатаваны дужа архаічны верш (песьня), што
імаверна сягае яшчэ яцьвяскіх часоў. У вершы апавядаецца пра
“бэсстужу дэтыну Міну”, які пагарджаў паганскімі звычаямі,
асабліва не шанаваўшы вадаёмы. Унівэрсальны для эўрапейскіх
народаў кастрацыйны сюжэт набыў тут нечаканае зьместавае
ўвасабленьне:
Міна в езеро сюсяты взявся, Враз в водэ
колэмут начався – Княжэ Кіт-рыба рaка послав, Кеб ен в того
Міны сюсель отняв…
Магчыма, што гэткія выпадкі не былі
адзінкавымі, і прыхадні (а напару і тутэйшыя здраднікі) у гарачцы
кастрацыйнага комплексу набылі сталую фобію да беларускае
кіт-рыбы. Паводле Зыгмунта Фройда гэты ж комплекс спрычыняецца да
ўзьніку антысэмітызму. Гэта істотна зьясьняе, чаму ў расейскім
фальклёры кіт-рыба атрымала прыдомак “чудо-юдо”. У беларускай
традыцыі падобнага не назіралася. Рыба-кіт станаўко супрацьстаяла
агрэсіўным праявам. Царкоўны дзяяч ВКЛ Рыгор Цамблак (ХІV ст.)
падкрэсьліваў гэтую асаблівасьць: “Кит-рыбе не токма Землю
тримати, а и зломыслячих всих велми вряжати”. Нажаль гістарычныя
крыніцы данесьлі да нас толькі невялічкую частку зьвестак пра
гэткія “вразы” зламысьнікам з боку валадара беларускіх вод.
У
1433 г. канкурэнты князя Сьвідрыгайлы ў чародны раз паспрабавалі
прыбраць яго з палітычнае арэны. Найманыя забойцы рушылі ў лягер
няўгоднага палітыка, які месьціўся блізу сутокаў Бярэзіны і Ольсы.
Сьвідрыгайла па сваёй даўняй завядзёнцы начаваў у намёце, каторы
ладзіўся пасярод ракі на адмысловым плыце з прыспушчаным у ваду
цяжарам (каб ня ўплысьці!). Найміты чорнымі сьценьмі
неўпрыкмет абмінулі ахову на беразе і плыўмака рушылі да
княскага намёту. “A byla u kniazia Szwitrygajly kit-ryba, w
kotoroj welmi sia kochal, – гаворыцца ў т.зв. «Кроніцы
Бышыка», – a onaja barzo pilnowala bezpeczenstwo jeho, i
hetych zbrodnew dwoch prokoltnula w czrewo swoje, aby za kawednosc
skarac srogo”. Значную ролю рыба-кіт адыграла і ў знакамітай бітве
на рацэ Крапіўне 1514 г. між войскамі ВКЛ і Масковіі. У летапіснай
“Аповесьці пра Канстанціна Астроскага”, не прымяншаючы мілітарнага
геніюша вялікалітоўскага гетмана, аддаецца належнае і
кіт-рыбе. “И як пришел славный а великий гетман… к реке Днепр, под
Оршу – город каменный, и обачил, иж нелегко будеть переити путь
водный – Крапивну-речку, – паведамляе летапісец,
– то як муж богобоязный…ся примчал до церкви и, опавши на
колени, молитву Богу вчинил. А прислал Бог на знак зычливости ку
Ойчине нашей рыбу-кит великую (была бо симболем Христа), и
загатила она речулку тую телом своим, по нему вои юж яко по броде
переишли. И так спешливо на поли великим оршанским противко
московитов сшиковалися”. Варыянт знанай народнай песьні
пацьвярджае зьвесткі летапісца: масква, уцякаючы, праклінае
Крапіўну –
Бадай ты рэчка сто лет высыхала, Як нашу
славу кіт-рыба
скусала…
Маскавітам неаднакроць даводзілася трываць падобныя напады
падчас чарговых войнаў з ВКЛ. У вусны мужнай беларускай жанчыны з
т. зв. “Размовы літвінкі а маскаля” (1589 г.) невядомы аўтар
уклаў катэгарычныя словы: “Не при, москале, яко жаба на корч до
нас, а погатовю до вод наших, бо вынерне кит, то ест велерыб
великий а страшный, на згубу твою, губою шевелячы”. Між тым з
маскоўскімі акупантамі надараліся і троху неардынарныя выпадкі, як
прыкладам 11 верасьня 1655 г. пад Слуцкам. Як паведамляе расейскі
ваявода Аляксей Трубяцкой, адзін з маскоўскіх вояў “поглощен был
неведомой рыбищей литовской, коя исчезла неизловимо в водах
премутных, а чрез осьм годин виленских (!? – С.Б.) возвернулась на
гладь водную и мерзопакастно изрыгнула оного Ивашку на
твердь брежную. И преобразился сей весьма нежданно, ибо, сабель
бросил оземь да принял, не мешкая, предательскую веру унитскую,
облачился в литовский жупан бесовский да стал белорусския похабныя
словесы глаголить:«Я нарядился тут, чтоб вас москалей руками
голыми душити»”.
Ня ўсе, аднак, іншаземцы наракалі на рыбу-кіт.
Прыкладам, немец Эрнст Вільгельм Тэадор фон Катцэнямэр, які
вандраваў па Беларусі ў 1596 г. апісаў наступны казус: “28-га
ліпеня выехалі з Мастоў; паўзь Нёман рушылі; ад сьпёкі ў вадзе
ратаваўся, не здымаючы вопраткі; талер цэлы згубіў, дык мусіў
потым галяком ныраць пад сьмех, што дзеўкі ў полі пачалі.
Праважатыя ліцьвіны моўчкі сядзелі на конях нерухома ў сваіх гэтых
жупанах і футравых шапках,якія носяць ад сьвітаньня да зьмярканьня
круглы год. Я нырцаваў аж покуль ня згледзілася мне ў вадзе морда
вялікая лыпатая. Ледзьве не захлынуўся. На бераг уцёк. А была то
кіт-рыба, якая вярнула мне талер мой у пенязі літоўскія
разьменены”.
Як ужо згадвалася вышэй, паспаліты люд
забараняў сабе лавецтва кіт-рыбы. Шляхта ж, а адметна магнаты,
наагул пагардліва ставіліся да рыбалкі як да “нізкага занятку” і
аддавалі перавагу паляваньню. У часы ж позьняга барока, калі
магнатэрыя стала навыперадкі міжсобку пахваляцца цікавосткамі
сваіх палацаў, рыба-кіт сталася аб’ектам іхных хцівых інтарэсаў.
Князь Міхал Мацкевіч, пераймаючы Караля Радзівіла ўсталяваў у
адной з заляў свайго палаца (на Полаччыне) заміж прывыклай усім
столі акварыюмы, куды між іншым памясьціў і паланёную рыбу-кіт. Як
апавядае ў сваім “Аксамітным Дыярыюшы” нехта Стэфан Сьпелаборак,
22 чэрвеня 1771 г. падчас “рэдуты” (баль-маскарад) выдарылася
трагедыя: “Маючы кансаляцыю ў танцах і гульнях, ніхто ня меў
прэтэкстаў да апрахензіі. Таму жадны чалавек не зьвізыяваў, што
столя дэтэрмінаваныя трэшчыны трыбутавала, а посьле саўсім
дэструктуравалася. Аскалепкі і рыбная жыўнасьць з magna aqua
хлынулі на галовы ўсяе рэдуты. Мо абышлося б малым
неўкантэнтаваньнем, каб ня велярыб, які многіх вагою цела
спрэсаваў, а шчэ сьлізгацеў у агульным тумульце ды хапаў зяпай
кажнага, ня знаючы дыфэрэнцыі. Спэктаваць гэтую карціну дызграцыі
і крывавага рэсантымэнту ня можна было без авэрсіі і ўвадначас
кумпасіі да бедных афяраў”.
Васемнаццатае стагодзьдзе для
Беларусі сканчалася плачоўна – даўнія супастаты па кавалачку
далучалі беларускія землі да сваёй імпэрыі. Ішло паўстаньне пад
зьверхнасьцю Тадэя Касьцюшкі. Расейскія войскі, наступаючы
паўстанцам на пяты, элемэнтарна помсьцілі за ўсе свае старыя
крыўды, атрыманыя ў нашай краіне. Француская газэта “Le Grande
Bleu” ад 25 жніўня 1794 г. распавядала сваім чытачом пра падзеі
лета таго ж года на Беларусі: “Расейскія барбары працягваюць
уціхамірваць прасьветленых літоўскіх дзікуноў. Ля мястэчка
Смаргоні адбыўся жахлівы, як для здаровага эўрапейскага глузда,
інцыдэнт. Расейскія жаўнеры перакрылі рэчку Вілія грубымі сеткамі,
каб вылавіць у такі спосаб нейкую тутэйшую агромністую рыбу, якой
яшчэ даўнейшыя літоўскія паганцы пакланяліся і за сьвятарную
шанавалі. Рыба была жорстка сеткаю спутаная. Цэлы гарнізон вывалак
яе на ўзьбярэжжа, дзе без прамаруды быў зачытаны сьмяротны прысуд,
і рыбу расстралялі за пасабленьне мяцежнікам”. Імаверна, што
падобныя дзеі адбываліся па ўсёй Беларусі, бо згадак пра рыбу-кіт
у ХІХ ст. мы спатыкаем усяго з жабіны прыгаршчы. Як і раней
кіт-рыбы дапамагалі свайму народу. У чэраве кіт-рыбы на
Беларусь дастаўляліся забароненыя ўрадам Расейскай імпэрыі
выданьні твораў нашага слыннага земляка Адама Міцкевіча. У
чарнавых накідах паэта да верша “Exegi munimentum” пра гэта ёсьць
наўпростая згадка:
Mimo carskich grozb, na zlosc straznikom
cel Przemyca w Litwe kit tomiki moich
dziel…
Паводле досыць няпэўных зьвестак (згадка у паперах Вацлава
Ластоўскага успамінаў паўстанца Якуба Мікалаёнка) у чэраве
нёманскай кіт-рыбы беларускія рэвалюцыйныя дэмакраты на чале з
Канстанцінам Каліноўскім таілі нелегальную друкарню, моцамі
каторай выдавалася “Muzyckaja Prauda” (1862-1863 гг.). Гэтыя факты
не маглі застацца нязнанымі для расейскіх уладаў. Пасьля
задушэньня паўстаньня 1863-1864 гг. было вырашана дашчэнту
зьніштожыць валадара беларускіх рэк і азёр, карыстаючы з варункаў
ваеннага становішча. Усе тутэйшыя губэрнатары атрымалі адпаведнага
кшталту цыркулярныя рэскрыпты. Аднак, баючыся народных
хваляваньняў з тае нагоды, расейскія ўлады маскавалі акцыі
зьнішчэньня пад дрэнажныя работы, выстраненьне каменных парогаў і
г.д. і да т.п. Відавочна, што на пачатак ХХ ст. усе кіт-рыбы
Беларусі былі зьніштожаныя. Прынамсі пэўных зьвестак пра тое мы
сёньня ня маем. У рукапісе альбомнага верша з элемэнтамі
аўтабіяграфічнасьці Францішка Багушэвіча пра рачную прагулку зь
Вільні ў Коўню (20 ліпеня 1897 г.) адзначаецца:
Сабраўшыся
на тры чоўна, Веславалі мы да Коўна, Праз тры дні і праз тры
ночы Дождж мачыў, а вецер ў вочы! Кіта-рыбу не чапалі –
Звычай даўні паважалі…
Гэта ці не апошняя пісьмовая
прыгадка пра валадара беларускіх водаў. Відавочна, мы ня маем тут
справу адно з паэтычным прыймом. Баржджэй за ўсё Ф. Багушэвіч
традыцыйным для сваёй творчасьці спосабам, намякаючы, прыбівае
іржавымі цьвікамі да ганебнае дошкі праваднікоў імпэрскае палітыкі
ў Беларусі.
Гомель, 2003 г.
Выказацца з нагоды прачытанага (прэмадэрацыя)
|
| 


|