жыцьцё-быцьцё і прадчуваньне чагосьці ад восені 2003 да вясны 2004 года
ПІВА, КАВА,
МЭНІНГІТ
***
Такіх нахабных халодных даждоў, што
апалі на нашы гомельскія галовы ў пачатку восені даволі цяжка
прыпомніць. Надвор’е шалее, народныя прыкметы ня спраўджваюцца,
мокнуць ногі, баліць галава. Ніхто ня цьвердзіць пэўна, якая ж
сапраўды сытуацыя з мэнінгітам. Міжволі адмаўляешся ад усіх
спосабаў ужывання вадкасьці, апроч мінэралкі, піва, кавы і
пярцоўкі. Знаёмцы наракаюць на лішкі хлёркі ў вадзе з-пад
крана.
***Чарговы гомельскі
манумэнтальны праект, што даў кагадзе пра сябе знаць, ладна-ткі
зьбянтэжыў. Скульптар Вячаслаў Далгоў прапануе паставіць на
Кіеўскім спуску помнік першаму гамяльчаніну. Добрая ідэя. Гомель і
так небагаты на ўласна гомельскія манумэнты. Аднак падаецца, што
выява чалавека на чоўне з рысьсю выглядае не зусім дарэчна. Ясна,
што аўтар мае на ўвеце гомельскі герб зь відарысам дзікай коткі.
Аднак жа герб той зьявіўся адно за часы расейскага панаваньня, і
ні першыя, ні сто сорак першыя гамяльчане да яго ніякага
дачыненьня ня маюць. Хіба мо’ спадар зь якіхсьці дужа рэдкасных
гістарычных крыніцаў дазнаўся, што рысь між нашых далёкіх продкаў
шанавалася як татэм. Помнік патрэбны, але мяноўна гэтая жывёла тут
абсалютова лішняя, нібы тая павышаная канцэнтрацыя хлёркі ў вадзе
з-пад крана.
***Ня знаю зь якой гэта такой аказіі,
але, як толькі ў Гомель завітваюць расейскія сьпевкі-сьпявачкі, то
мусова апынаюцца на арэне цырка. У прамым сэнсе. Во й зараз горад
аздобілі плякацікі “хвабрыкі зьвёзд” з запросінамі ў тое самае
месца. Я ўяўляю ідылічна-замілавальную карціну: маладыя маскоўскія
зьнічкі спрытненька пераскокваюць цераз радовішчы цёплага
вярблюжага лайна гастрольнага цырка “Magic”. Апроч “хвабрычных” у
Гомель наглянуў сапраўдны перасоўны расейскі зьвярынец.
Зіркнуў я на вагончыкі й мала не абамлеў: па бакох выявы
каранаваных дзьвюхгалвых птушак, а па сярэдзіне тлумачэньне
“ФЛАМИНГО”. “Дык вось яны якія гэныя флямінгі!” – падумалася
ўмільг. Аднак расейцы па-просту падманулі: усе жывацінкі ў
зьвярынцы толькі з адной галавою. Але ж рэкляма...
***Заснуўшы над “Советской
Белоруссией”, дзе колішні аўтар “Нашай Нівы” прыўкрасна распавядае
пра гомельскія преображения, прысьніў даволі вусьцішны сон.
Марфэй закінуў цябе зь сябрамі-аднадумцамі ў Ветку 20NN-га года,
дзе між іншага давялося разглядаць інтэр’еры нейкага Дома
культуры. Усіхную ўвагу там дастала тое, што надпісы усюдых
па-расейску. Адзін ты зь няўрымсьлівым дзівацтвам даводзіў ім, што
гэта беларуская мова будучыні, і хоць пішацца “спасибо”, аднак
чытаецца “дзякуй”.
***
Падчас службы ва ўнутраных войсках неаднакроць
даводзілася чуць нараканьні-крыўды камандзераў розных роўняў на
тое, што гетманамі (камандуючымі) нашымі прызначаюцца выслужэнцы
зь іншых радоў войск, напрыклад танкісты. Крыўды тыя паўставалі з
уласнае перакананасьці, што УВ – эліта. За тыдзень да
гарадзкога карнавала давялося назіраць, як сяржанцік з шаўронам
“Узброеныя Сілы РБ” на рукаве спарабаваў пашыхтаваць жаўнераў
унутраных войскаў, каторыя гэткімі Гулівэрамі крочылі па мірнаму
Гомелю, парушаючы, як толькі магчыма ўявіць, форму адзеньня.
Сяржанцік, быўшы ці то ў адпачынку, ці то ў звальненьні лагодна
размаўляў каля тэатру з сваякамі. А гэтыя парушальнікі
абсалютова не зважылі на ягоную таўсматую лычку старшога сяржанта.
О-о-оў!!! Як ішлі, так і пайшлі. Здавалася, яго на тым самым месцы
проста вырубіць ад абурэньня. А тыя ані шманалі. Толькі
пасьміхаліся міжсобку ня горш за мону Лізу дэ Джаконду. Гетманы
растуць?
***Ад гарадзкога ж сьвята вырашыў
трыразова адхрысьціцца. Гэткія імпрэзы спасярод памкнёнага на
рэляксацыю мяшчанства актывізуюць усялякіх бажаволкаў,
алькаголікаў ды прастытутак. Гэных з самой раніцы і давялося
абыкрок назіраць. Зь іншага боку даймае афіцыёз. Цудоўна бо
зразумела, што многія ўдзельнікі спачатна па разнарадцы. Шэсьце
псэўданародных строеў. Гульня пад прымусам немагчымая – цьвердзіў
мудры Ёган Хёйзінга. Быць мудрым гэткім днём – ня выяжджаць у
цэнтар, чытаць Булгарына ці Доўнар-Запольскага пад келіх
бурштыннага напою.
СЬМЕХ І ГРЭХ ПЛЯНЭТЫ ДОЖДЖ
Калі б да нас у дзясятых днях кастрычніка завіталі
іншаплянэтнікі, то мусова назвалі б аб’ект сваіх назіраньняў
плянэтай Дождж. Навальны, амаль несупынны дождж апанаваў Гомель.
Ён стаў найлепшым кантралёрам добраўпарадкаванасьці гарадзкіх
дарогаў і дамоў. Панаваньне вады.
Ня толькі ў калюгах і
выбоінах, але і проста на асфальце, які даўно кладуць у такі файны
спосаб, што зьнікнуць вільгаці зь яго бывае дужа складана. Пагатоў
колькасьць ліўнёвак неверагодна скарацілася. Вось і застаецца
спадзявацца на сонца.
А ў дамох, асабліва шматпавярховых,
апошнія дажджы наагул страху нарабілі. Цячэ практычна на любым
паверсе — з падваконьняў і сьценаў. Вада знаходзіць найменшыя
недаробкі нядбалых будаўнікоў. Зьяўляецца цьвіль, зь якой людзі
змагаюцца як могуць. Адны цьвердзяць, што супраць гэтага насланьня
дапамагае марганцоўка, іншыя прапануюць апрацоўваць зацьвілыя
сьцены фармалінам. Бросьню, можа, і пераможаш, але як перамагчы
расколіны, што йдуць праз цалюткі шаснаццаціпавярховік? Жанчыны
плачуць.
Між тым мас-мэдыя гавораць нам пра “Чыстае неба” на
суседняй Берасьцейшчыне. Вучэньні з удзелам звольненых у запас.
Практыка ўзаемадзеяньня цывільных і вайсковых органаў на выпадак
вайны. Прывядзеньне гарнізонаў у баявую гатовасьць. Слухаеш і
дзівуешся ўсёй гэнай бравадзе. Ты ў прынцыпе за моцную беларускую
армію, але навошта нам савецкі цырк? Адзін знаёмец, што нядаўна
прыйшоў на “дэмбэль”, увогуле зьбянтэжыў. Апошні год ім даўдонілі
пра зусім іншую тактыку вайны ў беларускіх умовах. Ніякіх
разгортваньняў вайсковых часьцей — у кожны раён гораду, як на той
восеньскі кірмаш, мусіць прыбыць колькі КамАЗаў, наладаваных
“калашамі” і боезапасамі да іх. Дабро гэта раздадуць на рукі
жыхарам. I ўсё. Як прыходзілі к нам партызаны...
Што да
берасьцейскіх манэўраў, дык вельмі цікавіць роля ў іх унутраных
войскаў. Галоўная іх задача ў выпадку ваенных дзеяньняў — вывад
зьняволеных у глыбокі тыл альбо расстрэл, калі магчымасьці для
вываду ня будзе. Вось такія вясёлыя карцінкі. Сьмяшнейшыя нават за
тое, што Дзень настаўніка сёлета лоб аб лоб сутыкнуўся з Днём
абароны жывёлаў.
“Калі ўплывае ноч у дзень, ты пазнаеш, што не
адзін,” – сьпяваяюць нашы маладыя рок-музыкі. Міжволі мусіш
пагаджаца з гэтымі мудрошчамі, уціскаючыся ў нутро сьпісанага ў
Славаччыне, але так карыснага для Беларусі “ікаруса”. Кіроўца
сярэдняга веку, нібы сярэднявечны інквізітар, выпрабоўвае паяжджан
уключанай на ўвесь салён расейскай папсяцінай: “Танцуй без меня,
целуй не меня. Ля-ля-ля!”. Ён выяўна знаходзіцца ў мэдытацыйным
стане, пакліканым рэшткамі учорашняга ліхога хмеля ў галаве. Гэта
аднак не замінае шофэру пачувацца адзіным і цэлым із сваім
аўтобусам ды вытанцоўваць гэнакім тандэмам сама мала джыгу, калі
не лязьгінку зь лявоніхай. У такі спосаб ты яшчэ больш шчыльна
спазнаеш, што не адзін, а на месцы прыбыцьця старанна вывучаеш
колеравую гаму папулярных сёлета між паспалітых кабетаў памад,
сьляды ад якіх засталіся на тваёй курце. Цярэбіць мазгі пытаньне,
чаму яны – рэальныя спажыўцы расейскага маспопкульта ў Беларусі –
гатовыя адно адному глоткі перагрызьці? Вынікае, што гэты разнавід
культуры насамрэч у нас нікога не яднае. Наагул неяк дзіўна
пасьянс раскладаецца: твае вучні праз аднаго амтары то рэпа, то
панка, а ў краіне нямашака ніводнай адпаведнай радыёстанцыі.
Прыватнасьці?
Дзятва, зрэшты, ахвочая да эфэктаў, якія б
гарпунілі сьведамасьць дарослых. Аднак апошнім бывае зацяжка
зразумець тое, што чадзі спрабуюць іх уразіць або справакаваць.
Дарослыя, зірнеце, калі ласка, на шапкі сваіх сыноў і дачок. Гэтая
міленькая расьліна намаляваная на галаўных уборах зусім не
канадзкі кляновы лісточак. Гэта канапля. Бязь сьмеху. Ясна, што ня
ўсе зь іх будуць спажыўцамі такога прадукту, але сытуацыя
сымптаматычная. Вакол канаплі якімісьці загадкавымі коламі
(мафія?) апошнім часам нагнятаецца штучны ажыятаж. Апроч выяваў на
кепках льга пабачыць адмысловыя значыкі, завушніцы, аздобы на нос.
Пра траву гаворыць ці ня ўся моладзь. Даходзіць да таго, што ў
некаторых школах для старшаклясьнікаў няма пытаньня, што ўжыць для
рэляксацыі піва ці гарэлку. Пытаньне гарэлка ці каноплі урабілася
больш актуальным. Актыўнага інфармацыйнага супрацьстаяньня
неспадзеўнай “модзе” чамусьці невідно. Хаця, прыкладам, у
братоў-украінцаў ужо колькі год вядзецца адпаведная кампанія, і ў
асадах барацьбы з наркотыкамі выпускаюцца зусім сьцёбавыя рэчы.
Адно марозіва з макам ды канаплёю чагосьці вартае! У роднай
Беларусі паасобныя сацыяльныя ролікі аб шкодзе наркотыкаў
губляюцца ў плыні рэклямы пральных парашкоў, курыных кубікаў,
ультратонкіх пракладак і чупа-чупсаў на кожны дзень.
Ты не
ўжываеш ані канаплі, ані чупачупсаў. Апошнія выбухі на сонцы троху
зьбянтэжылі сваёй талерантнасьцю да цябе і агрэсіяй да
навакольных. Паўночнае зьзяньне ў нябёсах Гомельшчыны паклікала ў
народзе эсхаталягічныя забабоны. Колькі беларуса не вучы, колькі
не мадарнізуй ён усё адно будзе верыць у звышнатуральныя рэчы.
Нейкая таёмная сіла крыецца ў нас ад паганскіх часоў. Мы яе не
разумеем, але й парабіць зь ёй што-кольвек няздатныя. “Що ні
литвин, то чаровнік,” – цьвердзілі колісь тыясамыя ўкраінскія
браты. “Белорусы – чудесные люди!” – бесьперапынна паўтараюць
усходнія суедзікі. І грэшным дзелам думаецца, а што ж будзе, калі
мы раптам станем чараваць?
ВОСЕНЬ ДЛЯ ЛЮБОШЧАЎ
НЕСЭЗОН?Калі войскі халодных пачынаюць контрнаступ
супраць цёплых па ўсім атмасфэрным фронце, табе даводзіцца
апранаць адмысловаю для гэнай вайны форму. Сярод ейных атрыбутаў
ты вельмі любіш швэдры з каўнерыкам пад горла і вышэй. Ня толькі
таму, што яны абараняюць часьцінку твайго арганізму ад стыхіі і
кепскага вока, але й з тае прычыны, што гэтая апратка нагадвае
старавечную кальчугу, якую за дзесяць вякоў перад намі вязалі і ў
Гомелі. Справа за малым – узьдзець на вушы слухавачкі і рушыць
deadmarsh’ам на фронт. Жыцьцёвы фронт.
Абыкла цьвердзяць, што
восень для любошчаў несэзон. Глядзіш вакол і думаеш: няпраўда.
Дома, калі ні заявіся, мусіш фіксаваць два-тры, а то і болей,
тэлефонныя званкі для малодшанькага брата. І спрэс – жаночае
шматгалосьсе. “Разьдяруць дзеўкі,” – гіранізуе мама. Твая гіронія
даўно завецца сарказмам: прыгадваеш бясслаўную сардэчную паразу
часоў апошняй прэзыдэнцкае кампаніі. Ад той пары на сэрцы панцыр –
каб толькі нічагусечкі спаважнага! Ведаеш бо, што многа бы ся зла
можа стаці з таго, іж ся мянуець міласнае піцьцё. Закадзіраваны
Трышчан. Таму сьмяшліва назіраеш, як з адчаем князя Ігара
Сьвятаславіча знаёмец-інжынер ідзе ў залёты да
знаёмкі-журналісткі, што з гэткай ласкі нэрвуецца, нібыта
Яраслаўна на руінах гандлёвага цэнтру ў Нью-Ёрку. Фрывольнасьцяў
яму не дазваляе, а калі той узгадвае яе гарэзіі з табой, яна з
катэгарычнасьцю мітрапаліта Сямашкі заяўляе: “Яму ўсё можна. Ён
пісьменьнік”. А чом ты шэпчаш, дарагая?
Іншым, як
высьвятляецца, шанцуе болей. Варта толькі ўключыць, калі няма са
страўнікам праблем, “Прускае радзіва” й пачуць, што сотні клёвых
дзяўчонак вітаюць сваіх вазьлюбленых клясных пацаноў. Усе пры
гэтым толькі самыя-самыя! Зайчыкі, слонікі і рыбкі. Іншым разам
жыўнасьць гэную ты можаш праназіраць навочна. Як што на вуліцы
даводзіцца змагацца з войскамі халодных, то бальшыня асеньніх
назіраньняў зьнітавна з грамадзкім транспартам. Пацешна бачыць, як
Джаконда ў фіялетавым палітоне сьсецца (цалуецца то бок) зь Юр’ем
Гагарыным у прыкідзе a la “чырвоны скінгед”, а незнаёмыя хлопцы
вобак зусім несьвядома коўтаюць сьліну ад таго відовішча. Выдаюць
кадыкі, неакрытыя шалікам ці швэдрам. Напружваюць кіношна плюгкія
прамовы двух юных дзядзечак “за трыццаць”, што кусяцца ўдыгаць за
даўгалыгаю чарнявай дваццацьдзявяткай, якая едзе “к сястрэ ў
Валатаву”. “Вы хоць не ў паліклініцы, дзевушка, работаеця?” – “Да
как-та, знаеце, ў другом, очань сякрэтным месьце, палучаецца. А ў
паліклініке разьве ня людзі?”. Чуханы напрошваюцца ў госьці,
маладуха дэманструе строеную рашучасьць (“не вапрос!”), каб не
здавацца поўнаю нядократкай (незачэпай). Аднак на патрэбным
прыпынку яна, як куля дум-дум вылятае з “рагатага” (тралейбуса),
пакідаючы памоўзьлівых мужчынкаў у ладным зьбянтэжаньні. Нават
шапанскага ўжыць не захацела, ня тое каб мілоснага піцьця...
А
во дзявулька, вельмі падобная на дыву Плава Лагуну зь “Пятага
элемэнта”, аскіразаецца з кандуктаркай. Кавалер ейны – гэткі
Гарганцюа пасьля кокакольна-кірыешкавае дыеты і леварукага
цырульніка – сядзіць моўчкі, нібы ў аскіразалкі навучаецца
нахабству. Якія яшчэ прадметы яна яму выкладае (танец жывата ці
гарляныя сьпевы) ты толькі можаш здагадвацца. Энэргію для здогадаў
сіляеш з адметных публікацый “пра канцы”, што апошнімі месяцамі
зьявіліся ў “СББС” ды “Абарзявацелі”. Няхісткія падваліны для
дзяржаўнай ідэалёгіі! Дзяўчына трымаецца за поруч і нейк міжволі ў
глыбакім інфармацыйна-прапагандысцкім задуменьні гладзіць
пальчыкам руку сваёй сяброўкі-спадарожніцы. Апошняя зьдзіўляецца.
Першая тлумачыцца: “Ды ўчарашняе ўспамінаю”. “Але ж у тым я саўсім
непрычына,” – усьміхаецца таварышка зь яскравым напамінам пра
інтэграцыю з калькулятарам у рукох, дэманстраваную надоечы па
нацыянальных канавах. Machen Sie bitte keine Umstaende!
Распружцеся і атрымайце асалоду. Наперадзе – парнаграфічная
зіма.
МАЛПАЧКІ І ЛЯМПАЧКІ
Чародным разам
цябе хацелі зрабіць па-славянску шчасьлівым. Упорыста змушалі
верыць у звычайныя цуды рэальных уладаў ды па-дзяціннаму
ўсьміхацца малпачкам зь лямпачкаў, што абселі на гомельскіх елках,
слупох, будынках. Адсутнасьць сьнегу спараджала дзіўнае чуцьцё
ніякаватасьці, нібы адсутнічае галоўны герой. Гэта тое самае, каб
“Дзьве душы” без Ігната Абдзіраловіча ці “Каласы пад сярпом тваім”
без Алеся Загорскага. Дзед Мароз, Сьнягурка etc. – толькі пабочныя
пэрсанажы. Бязь іх можна абыйсьціся, а бязь сьнега – не. Ня
хочацца слухаць, што цяпер такія зімы ў нас будуць заўсёднымі.
Разам ізь зьмяненьнем клімата, як з той глябалізацыяй, наспрах
зыходзяць тысячагадовыя традыцыі нашага кутка эўрапейскай
Славяншчыны. Застаюцца кітайскія малпы і ўказ Пятра І радавацца і
ня біць адно адному морды, бо на гэта іншых дзён хапае...
Усё
гэта настолькі чужое праўдзіва беларускаму духу і гісторыі, што
міжволі праціраеш вочы: а можа насланьнё? Ды не, рэаліі. Гарадзкія
ўлады, чый сайт стаў фіналістам конкурсу “Золотой сайт России”,
тут зусім невінаватыя, як, прыкладам, невінаваты хворы,
якому нядбалыя лекары апэрацыю на апэндыксе пачынаюць з трэпанацыі
чэрапа. Уладцы сваю частку справы акурат добра зрабілі. Едзеш па
Гомелю і абсалютова ня можаш уявіць, што краіна па-ранейшаму
стаіць перад пагрозаю энэргетычнае крызы, а прадпрыемствы й
установы бязьлітасна штрафуюцца за найменшы перарасход
электрычнасьці. Ты й да розуму не павінен браць, што перамовы зь
любадайнаю Расеяй у шварнаццаты раз сканчаюца бясплённа.
Нічога непавінна бянтэжыць гушчы тваіх зрусіфікаваных землякоў,
асабліва беларуская мова. “С Новым годом!” – усюдых, куды б ні
кідалася вока. “С Новым годом!” – усюдых, куды б ні тачылася твае
беларускае вуха. Беларускія каналы гэтымі сьвяточнымі дзянькамі
пазбаўляюцца найменшых рэштачкаў сваёй беларускасьці. І толькі
ўсюдыісны гурт J_МОРС усім прысутных господам-товарищам нагадвае:
“Глядзі! Ты ужо не адчуваеш свой час!”. Слухаюць і ня чуюць.
Публіка губернскага Минска ды павятовага Гомеля разліву 1904-га,
што бавяць свае вечары на хутары блізу Дзіканькі.
Перад Новым
годам шмат хто жадае прыпадобніцца да Дзеда Мароза. Сьвяточнае
зьніжэньне цэнаў на шэраг тавараў паўсядзённага попыту мусіла б
быць якраз гэткім дзедмарозаўскім жэстам добрае волі. І сталася.
Ня кожны ж паспаліты беларус цяміць – у прынцыпе штодня кошты
шэрагу тавараў мусяць падаць на тыя самыя 15-25, а то і ўсе 50
адсоткаў, бо тавары, асабліва харчовыя, маюць кепскую звычку
псавацца. Чым болей дзён ад часу выпуску, тым меншым павінен
рабіцца кошт. Але ня робіцца, чакаючы камандна-калядна-навагодняе
нагоды. І радуюцца людцы! Ты таксама душыш лыбу, адно зь іншае
прычыны. Успамінаеш кінакроніку сталінскіх часоў, калі народныя
масы шчыльна-густа абступалі слупы з рэпрадуктарамі, што абвяшчалі
пра зьніжэньне цэнаў ці адмену прадуктовых картачак. Уяўляеш, што
за сёньняшнім часам пра гэты цэнавы падрунак улада паведаміла ня
толькі праз радыё й ТV, але й праз пэйджынг, SMS, “мыла” й
схаваныя бонус-трэкі на дысках популярных белорусских
исполнителей. Праўда, алканаўты пра ўсё дазнаюцца ад ветлівых
дыктатарак прылаўкаў. Хто зь іх (алканаўтаў), цэнтральны, той
выпраўляецца шчасьлівы ад ашчаджанай грашыскі ў парк культуры і
адпачынку, каб дажэрці цельпукаватых лебядзей ды замініраваць па
тэлефоне які-кольвек рынак...
Ты – ні той, ні гэны. Яшчэ адзін
год і гэтае сьвята памрэ для цябе. Дык жа, апроч калядаў,
сьвяткуйма разам дзень першага вялікага сьнегу. Сьнегу нашых
вялікіх продкаў, што маглі гучным чынам мовіць заезным Дзедам
Марозам: “Не!”.
САЛЁНАЯ ЗІМАШтораніцы
даводзіцца да звыклых завядзёнак дадаваць яшчэ адзін акт: глядзець
ніжнюю частку тыльнага бока калашынаў сваіх дзяжурных
порткаў. Там, во ліха ліхое, абярняся ўтвараюцца непрыемнага
бледага колеру хвалепадобныя разводы, быццам ты па самыя лыткі
блукаў чортвед дзе або рабіў халера распазнае што. Народныя
мудрацы адказваюць з разуменьнем проста: “Соль праступае”. Ты
гэтую байку чуеш з малых гадкоў, і аніхто ня хоча яе карэгаваць.
Дапраўды, нашы камунальнікі цяперака нагэтулькі ўвішныя а
ўсюдыісныя, што сваю саляна-пескавую мяшанку раскідваюць паўсюль,
дзе шляхі твае йдуць і куды. Аднак, выпадкам адкрыўшы рот падчас
чароднага сьнегападу, займеў станаўкое падозраньне на тое, што
солька падае зь небейка разам ізь сьнегам. А ўсё астатняе – пэўны
блізір, каб не пужаліся.
Камунальнікі ж, так і не навучыўшыся
працаваць уначы ці хоць бы на досьвітку, паўстаюць із сваімі
сьнегзборкавымі махінамі ў самых нечаканых месцах: каля
ўнівэрмагу, блізу прамбудбанку, поперак ходніку. Спаткаўшы гэткі
самаскід ці трактар з граблёю перад сабой, ня ведаеш, як
паводзіцца. Узьнікае даймо, што не кіроўца кантралюе цяжкавік, а
цяжкавік кантралюе кіроўцу. А псыхалёгію аўтамабіляў нажаль у нас
ніхто не выкладае. Рызыка быць прыбраным разам ізь сьнегам
узрастае неймаверна. Зрэшты сьнег вывозіцца зь месцаў ачышчэньня
незаўсёды, дзеля чаго сьнежныя горы там-сям па Гомелі даводзіцца
назіраць. Прынакрытыя бялюткім сьвежачком яны выглядаюць досыць
сымпатычна, асабліва каля Прудкоўскага рынку. Ажно даводзіцца
шкадаваць, што прападае гэткая натура для беларусьфільмаў пра
Арктыку, Антарктыку ды іншае вечнае мерзьлёцьце. Дзесяць оскараў
бы панялі!
Кіно, аднак, не здымаюць. Як і не прыбіраюць сумёты,
дзе гэта трэба, сьпіхваючы работку на паважаных грамадзян. “Зірні,
сынку, якая хвэльетонная бамажка”, – кажа табе матуля
і паказвае ДАІшнае прыдпісаніе, згодна з каторым гаспадар дому
(дом жа ў вас свой) мусіць арганізоўваць у разе патрэбы ачыстку
прылеглай да падворку тэрыторыі улучна з праезнай часткай. А іначы
– санкцыі. О як гарна! Цікава, ці парушым мы, ня выканаўшы ўсёй
гэнай благаты, якія-кольвек правілы дарожнага руху? І ўрэшце, ці
сваёю працаю тутака займаецца road-police? Па-ранейшаму невядома,
як можна, напрыклад, абараніць сябе ад глузданутых гоншчыкаў, што
мала зважаюць на датрыманьне тых самых rules of the road і абдаюць
цябе ад галавы да пятак учарнелым вадзяністым салёным сьнегам.
Абцякаючы, ты прыкмячаеш, як імкліва разархівоўваюцца і
рэактуалізуюцца ўсякія-розныя словы твайго залатога лексычнага
запасу. Аднак, будучы філянтропам ня горшым за Альфрэда Гічкока,
прыходзіш да ўсепрашчэньня і дзякуеш Богу за тое, што левай
нутраной кішэні маеш ружовы кампакт Вайцюшкевіча, а ня чорны
пісталет Макарава. Прыватнасьці салёнай зімы.
СЬМЕРЦЬ І
ЯЕ ВАКОЛІЦЫМаэстра Гайдэгер раіў успомніць пра
сьмерць. Пры чым не пра нейкую абстрактную, але заразом і не пра
канкрэтную сьмерць, якую нам давялося бачыць. А раіў ён уздумаць
на тое, што ты сам мусіш калі-кольвек памерці. Гэткі
спомін-усьведамленьне павінен, нібыта, спавадаваць у чалавеку
экзыстэнцыйны страх, што спрычыніўся б да яго споўнага духовага
пераўтварэньня, да ўзьніку жаданьня жыць ня так, як раней,
перастаць быць драпежнікам-супэранімалам. Ці гэта мізэрная эпоха
такая, і людцы спрэс нятога гатунку, ці проста Гайдэгерава схема
не спрацоўвае ані капкі. Мэдыі штодзень тыражуюць тысячы сьмерцяў.
Штодня мы чуем пра сьмерць, бачым яе на экране. Гэтак сьмерць
траціць сваю сакральнасьць. Досьледы сьведчаць, што бальшыня
людзей баіцца ня столькі загібнуць у катастрофе ці падчас тэракту,
колькі рэакцыі крэўных на сваю сьмерць. Дык жа, калі раптам на
вока ў тваіх гарадзкіх блукальнях трапляецца срогі надпіс
“Рытуальныя паслугі”, агортвае непрыемнае моташнае пачуцьцё. Але
яно нагадвае больш сум, журбу, але ніяк не паўнавартасны страх.
Сумуеш гэтак колькі хвілінаў, а потымака й думаеш, а ці не
зьвязаны твой гэны дыскамфорт зь дзяціннымі фобіямі, пакліканымі
страшылкамі пра размаітыя труны на калёсіках і чорныя-чорныя пакоі
ў чорных-чорных дамох. Імкнешся адагнаць падобную
крамоліну-граховіну, згадваючы, што сяголетняя паводка ізноў
падтапіла беліцкія могліцы, а колькі год перад тым вялікая вада
нават агаліла закапаныя на ўскрайках дамавіны.
Калі думкі пра
сьмерць мала ўплываюць на чалавека, дык ці многа на яго ўплываюць
самі памерлыя? Расейскія ўфолягі, здаецца з Саратава, проста-ткі
перакананы, што іх места стаіць на касьцёх нябошчыкаў. Дзеля таго
агульная гарадзкая аўра надта ж не спрыяе, як фізычнаму, гэтак і
маральнаму здароўю жыхароў. Можна згаджацца альбо не згаджацца.
Але рука чамусь бярэцца за плян Гомеля 1910 года, каб позірк
адшукаў тагачасныя могілкі, а глузд дапяў, якія ж аб’екты стаяць
сёньнячы на тых мясьцінах. Цікава. Заміж “нового православного
кладбища” – няпэўны сквэр, дзе грамадзяне выгульваюць сваіх
чацьвераножын, а ты з ласкі на пацеху рызыкуеш уквэцацца ў
прадукты жыцьцядзейнасьці апошніх. На колішнім габрэйскім
кладзішчы – першы інтэрнат унівэрсытэта й унівэрсытэцкі стадыён.
Вышэй! Хутчэй! Мацней! Трохкутнік пры Ірынінскай і Замкавай на
пляне таксама ўсыпаны “православными” крыжыкамі. Цяпер на гэтым
пятачку, нібы наўмысным прыцягненьнем, банк, школа, спартовы
комплекс, дамы ўлучна з т.зв. “рыбным” (праспэкт Леніна, 31).
Апошні быў апеты ў адным з эсэяў Зьмітра Бартосіка, які дзіцячаю
парою паблізу гуляўся зь сябрам у шэрлакхолмсаўскі Лёндан. Гэты
дом даўненька вядомы кепскай рэпутацыяй пэўных сваіх насельнікаў,
прынамсі, сталапрапісаных: махлярства, п’янства, бандытызм,
прастытуцыя. І дзеткі такія ж растуць, калі выжываюць (адзін малы
па недаглядзе нядбальцаў-бацькоў патануў у бочцы). У паўсутарэньні
будынка за савецкім часам была рыбная, а цяпер проста харчовая
крама, але пад ранейшым іхтыялягічным брэндам. Разумеш цяпер, чаму
ў маленстве было страшнавата спускацца туды. Усё адно, як у
царства сьмерці.
Міталёгія ці ня ўсіх народаў сьвету нясе ў
сабе сюжэты зьвязаныя зь дзёрзкімі і вялымі выцечкамі (вылазкамі)
герояў на той сьвет. Як ведама, фальклёр многае прадказаў:
аўтамабілі, самалёты, тэлевізія... Ці ё прароцтвам, апісаныя
падарожжы ў сьмерць? Яшчэ колькі гадоў таму гэта падалося б
абсурдным спытаньнем. Калі і адбываліся вяртаньні, перажыўшых
клінічную сьмерць, зь нейкага тамака тунэлю, дык такія “экскурсіі”
нікім не плянаваліся, штучна не правакаваліся. Прырода давала
эксклюзыную мажлівасьць. Цяперашнім часам у некаторых заходніх
краінах з дапамогаю дабраахвотнікаў вядуцца адпаведныя досьледы.
Ці стане хтось з такіх во мортанаўтаў (сьмерцеплаўцаў) некалі
знакамітым на ўвесь сьвет? Як Юры Гагарын? Як Ісус Хрыстос? У
гэтых спробах прыкмячаецца даўно знаёмыя “эпічныя” жаданьні:
пабачыць той сьвет, зразумець, дзе ён месьціцца і што ён наагул
такое. “Кіне зямля без падмогі, неба ўспамогі ня дасьць”, –
цьвердзіў у сваёй змрочнай барочнай паэме “Пэнтатэўгум” беларускі
паэт канца XVII ст. Андрэй Белаблоцкі.
Практычная карысьць ад
асваеньня сьмерці покуль не паддаецца аніякай ацэнцы. У космас
хаця б спадарожнікі ўсялякія карысныя запускаем. А што запусьцім у
сьмерць? Няясна. Між тым чародныя разумнікі праракуюць хуткі
надыход новае эры чалавецтва з магчымасьцю няўміручасьці. Ужо не
вядзецца пра маладзільныя яблычкі ці каторыя-кольвек пігулкі, як
тое было ў чарадзейных казках ды фантастычных творах. Бурны развой
тэхналёгіяў будуе новае бачаньне фэномэна несьмяротнасьці:
мяркуецца, што яна будзе дасягацца за кошт перамяшчэньня чалавечай
сьведамасьці на кампутарны носьбіт. Гэткім парадкам усіх сваіх
продкаў можна будзе трымаць на палічцы з кампакт-дыскамі або на
пэрсанальнай вэб-бачыне ў сеціве. Вось цікава, як тая сьціжма
сьвядомасьцяў будзе паспалітаваць (общаться) з кампутарнымі
вірусамі? Зрэшты, сёньняшняе няподумнае – заўтрашняя абыдзёншчына.
Але ўсё адно пытаньні. Што зь біяабалонкаю? Куды дзявацьмуць целы
безь сьвядомасьці? “Каб ня мёрлі, дык неба падпёрлі б” – яшчэ
задоўга да першага кампутара заўважылі нашы дасьціпныя продкі. Што
скажуць нашчадкі? Пахаваньне ў звыклым для нас разуменьні страціць
свой сэнс, а значыць і канчаткова зьнікне адчуваньне радзімы як
магілы бацькоў. Целы барждэй за ўсё будуць спальвацца, а прах
рассыпацца на ўзьвей-вецер. Ад могілак адмовяцца адназначна. Ужо
зараз у некаторых гарадох Эўропы фіксуюцца выпадкі таго, што целы
пахаваных 30 гадоў таму не разлагаюцца. Прычыны гэтага
высьвятляюць, рабочая вэрсія – зашмат эўрапейцы ўжывалі прадуктаў
з кансэрвантамі. Закансэрваваліся.
Суботнім ранкам мерна
шыбуеш на працу, што будзе дзеяцца па панядзелкавым рэжыме.
Спасіба парціі радной за наш трохднеўны выхадной! Улучна з
радаўніцай. Ты крочыш праз золкі халадок акурат у бок Ірынінскай і
думаеш пра жыцьцё. Перад табой павольна праяжджае нямецкі цяжкавік
з будкай, на каторай – не даеш веры вачам! – вялізнымі літарамі
напісана: “Помнікі і надмагільлі зробім і ўсталюем”. Каржакаваты
кіроўца ў куртцы напаўвайсковага крою з каўнерам вакол шыі кідае
на цябе спытальны позірк. Сьцепануўшы плячыма, ты ўспамінаеш
сьмерць.
восень 2000 - вясна 2004 г.